З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/III
← II. Паведамленне старшыні Барбікена | III. Як адгукнуліся амерыканцы на праект Барбікена Раман Аўтар: Жуль Верн 1865 (пераклад 1940) |
IV. Адказ Кембрыджскай абсерваторыі → |
РАЗДЗЕЛ ІІІ
Як адгукнуліся амерыканцы на праект Барбікена
Немагчыма апісаць уплыву апошніх слоў прэзідэнта Барбікена на аудыторыю Пушачнага клуба. Крычалі «Гіп-гіп-гіп! Ура!» Галасілі, рыкалі, вішчэлі ад захаплення. Што сілы крычалі, пляскалі, тупалі нагамі, страсаючы падлогу ўсіх залаў! Страшэнная мітусня, неапісальны шум! Залп са ўсіх гармат Пушачнага клуба не пахіснуў-бы паветра з такой працяглай сілай.
Сярод гэтага шуму Барбікен захаваў сваю дзіўную спакойнасць. Некалькі разоў ён спрабаваў загаварыць, але дарэмна патраціў усе зарады старшынскага званка: іх і не чуваць было. Барбікена схапілі з крэсла, урачыста панеслі на руках спачатку яго прыяцелі-сачлены; затым яго адабраў натоўп і пайшоў урачыстым шэсцем па ўсяму гораду.
Нішто не можа здзівіць амерыканца. Кажуць, што слова «немагчыма» для французаў не існуе, але гэта сказана не па таму адрасу. Толькі ў Амерыцы ўсё можа здавацца простым і лёгкім. Ні адзін сапраўдны янкі не дазволіў-бы сабе ўгледзець якую-небудзь розніцу паміж праектам Барбікена і яго ажыццяўленнем. Сказана — зроблена.
Увесь вечар працягвалася трыумфальнае шэсце пры святле безлічных паходняў, пад радасна ўзбуджаныя крыкі шматтысячнага натоўпу, — рознастайныя, як рознастайна насельніцтва Балтыморы і штата Мерыленд, — ірландцаў, немцаў, французаў, шатландцаў; усе «віваты», «ура», «брава» на розных мовах зліліся ў агульным захапленні.
І якраз — нібы разумеючы, што аб ёй гавораць — Луна свяціла поўным сваім бляскам, зацмяваючы ўсе агні зямлі. Вочы ўсіх былі накіраваны на яе бліскучы дыск; адны віталі яе рукамі; другія ласкава называлі яе самымі пяшчотнымі імёнамі; трэція нібы мералі яе позіркам; былі і такія, што пагражалі ёй кулаком. За час ад дзесяці гадзін да паўночы адзін з оптыкаў цэнтральнай вуліцы Джонс-Фол-стрыт стаў багатым, распрадаўшы ўвесь запас сваіх акуляраў і бінокляў. Луну ларніравалі, нібы даму вышэйшага кола; многія ўжо бесцырамонна называлі начное свяціла сваёй уласнасцю ці, прынамсі, уласнасцю Злучаных Штатаў, састаўною часткаю іх тэрыторыі. Між тым размова ішла пакуль што толькі аб тым, каб пусціць ядро на Луну — сродак для ўстанаўлення зносін з планетай-спадарожнікам даволі грубы, але вельмі распаўсюджаны ў цывілізаваных дзяржавах.
Гарадскі гадзіннік паказваў поўнач, а захапленне натоўпу не сунімалася; вучоныя, суддзі, буйныя камерсанты, дробныя гандляры, насільшчыкі, адукаваныя развітыя людзі не менш, чым усякія прастакі, адчувалі сябе ўзрушанымі да глыбіні душы: гутарка ішла аб усенароднай, нацыянальнай справе! Таму і ў «верхнім» горадзе, і ў «ніжнім», і на ўзбярэжжы ракі, і на караблях, каля прыстані, натоўп п’янеў ад радасці, джыну і віскі. Усе гаварылі прамовы, абмяркоўвалі, спрачаліся і, вядома, выхвалялі Барбікена і яго праект, пачынаючы з джэнтльменаў, што разваліліся на канапах раскошных бар-румаў і пілі са сваіх кубкаў шэры-коблер, і канчаючы матросамі, чорнарабочымі, ап’янеўшымі ад страшнага пітва ў цёмных тавернах Фелс-Пойнта!
Толькі к двум гадзінам ночы ўляглося хваляванне ў горадзе. Барбікену ўдалося вярнуцца дамоў. Ён адчуваў сябе разбітым, нібы паламаным; сам Геркулес знямог-бы ад такога гора.
Вулічны натоўп хутка радзеў. Начныя паязды з чатырох ліній — Огайо, Сускеганы, Філадэльфіі і Вашынгтона — якія скрыжоўваюцца ў Балтыморы, хутка разабралі іншагародніх гасцей, і ў горадзе настаў, урэшце, параўнальны спакой.
Між іншым, было-б памылкай думаць, што ў гэты памятны вечар хвалявалася адна Балтымора. Усе буйныя гарады Злучаных Штатаў: Н’ю-Йорк, Бастон, Вашынгтон, Рычмонд, Крэшэнт-Сіці, Сан-Францыско, Чарльстоун, Мобіль, — усе вялікія паселішчы, ад Техаса да Масачузетса і ад Мічыгана да Фларыды, прынялі ўдзел у агульнай гарачцы; ды гэта зразумела, таму што трыццаць тысяч іншагародніх членаў-карэспандэнтаў Пушачнага клуба своечасова атрымалі позву прэзідэнта і з нецярплівасцю чакалі тэлеграфных вестак аб змесце даклада 5 кастрычніка. У той-жа вечар, як толькі словы Барбікена сходзілі з яго вуснаў, яны зараз-жа стэнаграфаваліся і безадкладна перадаваліся па тэлеграфу па ўсіх Штатах. І можна сказаць, што не толькі ў той вечар, але ў тую-ж гадзіну па ўсёй велізарнай тэрыторыі Злучаных Штатаў раздалося аднадушнае «ура», і адначасова забіліся сэрцы дваццаці пяці мільёнаў жыхароў[1], ахопленых адным і тым-жа пачуццём нацыянальнай гордасці.
Назаўтра раніцой праект Барбікена падхапілі ўжо газеты — паўтары тысячы тагочасных перыядычных выданняў; штодзённых, тыднёвых, двухтыднёвых і месячных. Яны разгледзелі і абмеркавалі паведамленне старшыні Пушачнага клуба з усіх бакоў: фізічнага, метэаралагічнага, эканамічнага і маральнага, з пункту гледжання дзяржаўнай палітыкі і агульначалавечай цывілізацыі.
Затым прэса адразу паставіла мноства карэнных пытанняў: ці прадстаўляе сабою Луна закончаны свет ці на ёй адбываюцца яшчэ буйныя перамены? Ці падобна яна на Зямлю той эпохі, калі наша планета не мела яшчэ атмасферы? Што адбываецца на тым баку Луны, які ніколі не відаць з Зямлі?[2]
І хаця першы дослед з Луной, г. зн. праект Барбікена, быў толькі намечан, але яшчэ не зроблен, праз друк прапаноўваліся ўжо іншыя, не менш грандыёзныя доследы.
Ніхто, здаецца, не сумняваўся, што іменна Амерыцы, г. зн. Злучаным Штатам, выпаў гонар раскрыць апошнія таямніцы спадарожніка Зямлі. Калі і былі сумненні ці баязнь, дык зусім іншага парадку, і то толькі ў вельмі нямногіх палітыканаў (яны ёсць нават у Злучаных Штатах): гэтых вельмі празорлівых паноў ужо трывожылі вынікі заваёвы Луны — іх уплыў на палітычную роўнавагу Еўропы і Злучаных Штатаў.
Але ні адзін газетны лісток не сумняваўся ў магчымасці здзяйснення «вялікага пачыну» Барбікена. Зборнікі, брашуры, «агляды» ўсіх таварыстваў — навуковых, літаратурных і нават рэлігійных — гаварылі з упэўненасцю аб яго поспеху. Бастонскае таварыства прыродазнаўства, Ольбенскі амерыканскі саюз навук і мастацтваў, Н’ю-йоркскае геаграфічнае і статыстычнае таварыства, Філадэльфійскае філасофскае таварыства, Смітсаніянскі інстытут у Вашынгтоне, — адным словам, усе выдатныя навуковыя ўстановы Злучаных Штатаў паслалі Пушачнаму клубу не толькі віншаванні, але і прапановы грошай і ўсялякай дапамогі.
Ніколі вучоны праект не меў столькі прыхільнікаў, як барбікенаўскі. Ён не сустрэў ні сумненняў, ні баязні, ні хістанняў; у Злучаных Штатах ён не быў абсмеяны ні ў карыкатурах, ні ў вершаваных пародыях, якія пасыпаліся-б градам на такі праект — пусціць ядро на Луну, — калі-б яго прапанавалі ў Ёўропе і, асабліва, ва Францыі. У Амерыцы здзекі такога роду сустрэлі-б усеагульнае абурэнне, і не здабраваць-бы іх аўтарам: ёсць рэчы, з якіх у Амерыцы нельга смяяцца. Таму Імпі Барбікен адразу стаў адным з найвялікшых грамадзян Злучаных Штатаў. Вось адзін з прыкладаў яго папулярнасці.
Праз некалькі дзён пасля славутага паседжання Пушачнага клуба антрэпрэнёр адной англійскай драматычнай трупы аб’явіў у сваім балтыморскім рэпертуары спектакль шэкспіраўскай камедыі «Многа шуму з-за глупства». Насельніцтва Балтыморы заўважыла ў гэтым злосны намёк на праект Барбікена, уварвалася ў тэатр, пабіла люстры і лаўкі і прымусіла небараку антрэпрэнёра знішчыць афішы. Антрэпрэнёр, як чалавек вельмі разумны, адразу ўступіў народнай волі, а на другі дзень аб’явіў аб пастаноўцы другой шэкспіраўскай п’есы: «Як вам угодна!» Балтыморская публіка прышла ў захапленне, і некалькі тыдняў падрад дасціпны антрэпрэнёр меў нечуваныя зборы.