З песняў беларускага мужыка (Багдановіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку

З песняў беларускага мужыка

Аўтар: Максім Багдановіч (1909)


І

Гнусь, працую, пакуль не парвецца
Мне жыццё, як сагніўшая ніць;
А каб ведаў, што столькі пральецца
Майго поту, не стаў бы і жыць.

Адтаптаў сотні вёрст пехатом я,
Будаваў я дарогі, масты;
Ліўся пот мой, як рэзаў на ком’я
Плугам глебы сухія пласты.

Працаваў пад пяском, пад дрыгвою
І не мала там выцерпеў мук,
І не прыдзецца мне пад зямлёю
Гэтых чорных саромецца рук.

А канаць ужо час: пот і слёзы
Мне жыццё, нібы мышы, грызуць;
Гора гне, як мяцеліца лозы,
Цэлы век не дае мне дыхнуць.

Шчасце ж гляне і ў даль пранясецца,
І магу я аб ім толькі сніць…
Дык няхай жа, няхай сабе рвецца
Мне жыццё, як сагніўшая ніць.

ІІ

Я хлеба ў багатых прасіў і маліў, —
Яны ж мне каменні давалі;
І тыя каменні між імі і мной
Сцяною вялізнаю ўсталі.

Яна усё вышай і вышай расце
І шмат каго дужа лякае.
Што ж будзе, як дрогне, як рухне яна?
Каго пад сабой пахавае?