Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/I/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
15. Падвей 16. З песьняў беларускага мужыка
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
17. Над магілай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зь песьняў беларускага мужыка (Багдановіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




16.

З ПЕСЬНЯЎ БЕЛАРУСКАГА МУЖЫКА.

I

Гнусь, працую, пакуль не парвецца
Мне жыцьцё, як сагніўшая ніць;
А каб ведаў, што столькі пральлецца
Майго поту, ня стаў-бы і жыць.

Адтаптаў сотні вёрст пехатом я,
Будаваў я дарожкі, масты;
Ліўся пот мой, як рэзаў на ком’я
Плугам глебы сухія пласты.

Працаваў над пяском, над дрыгвою
І ня мала там выцерпеў мук,
І ня прыдзецца мне пад зямлёю
Гэтых чорных сароміцца рук.

А канаць ужо час: пот і сьлёзы
Мне жыцьцё, нібы мышы, грызуць;
Гора гне, як мяцеліца лозы,
Цэлы век не дае мне дыхнуць.

Шчасьце-ж гляне і ў даль пранясецца,
І магу я аб ім толькі сьніць…
Дык няхай-жа, няхай сабе рвецца
Мне жыцьцё, як сагніўшая ніць.

II

Я хлеба ў багатых прасіў і маліў, —
Яны-ж мне каменьні давалі;
І тыя каменьні між імі і мной
Сьцяною вялізнаю ўсталі.

Яна усё вышай і вышай расьце,
І шмат каго дужа лякае.
Што-ж будзе, як дрогне, як рухне яна?
Каго пад сабой пахавае?

1909.

Увагі[правіць]

16. З песьняў Беларускага мужыка. Верш выдаецца з „Нашае Нівы“ 1909 г. № 39.

У 1-ым радку амест „гнуся“ Літ. Камісіяй унесена папраўка „гнусь“ для таго, каб вытрымаць разьмер вершу — анапэст.

У 9-ым — для рытму Літ. Камісіяй выпраўлена „дрыгвою“ зам. „дрыгвой“.