Прышоў ка мне той, раскрыжованы, здань,
Што сном несьмяротнасьці мучыць стагодзьдзі,
Быў твар яго ясны, як летняя рань,
І йшоў ён, як дзень сьветлакосы прыходзе.
Пастукаў: „Каханьнем сваім надары!“
Ды толькі стрывожыў у сэрцы дакуку.
Штурхнуў я праклёнам яго па твары
І высыпаў лаянку ў руку.
„Ізноў ты гукаеш? Манюка, ізноў?!
Ды маем тваіх абяцанак даволі.
Збавеньне суліў ты, збавеньне людзёў,
А ў нас, як ад веку, пакута і болі.
Пакінь, не дратуй мяне! ў чорнай душы
Нянавісьці келіх хвалюе няўпынны.
Ты зло — дабрадзейнасьць маю ня глушы!
Хвалюся — я дрэнны, я злосны, злачынны!
Высокае праўды й збавеньня твайго
Дарожай зямля мне з грахом і аблудай.
І шчасьней ад раю і ўцехаў яго
Мне ночы з апошняй паскудай.
Мой востры за працай ня хібіць штылет,
І славай крывавай, разбойствам вядомы,
Я ўсенькае нішчу, дзе толькі твой сьлед
І чыну свайго я сьвядомы.
Паслухай! сьвятое у справах тваіх
Даводзіць мой сум, маë гора к адчаю.
Дарэмныя рожы ад ранаў сьвятых,
Дарэмны твой шлях крыжавы пагарджаю.
Якая пацеха другое жыцьцё?
Пацеха нябескай заплатай даброты?
Як сьмерць, неадгучна маё пачуцьцё,
Мой рогат з авечае цноты.
Ня хочу нябёсаў… Людзкога ты — кат.
Ў цябе мая ярасьць і злосьці каменьні,
Я — багна, смырод; я поўзаю — гад, —
Цябе-ж праклінаю ў маім паніжэньні.
А можа блюзьнерства даруеш? А мо‘?..
Ты поўны пакоры, каханьня бяз зыску.
Ды толькі нашто мне здалося. Дармо!
Плюю табе ў ціхую пыску!“
1925 г.
|