Апратка проста і будзённа,
Сабраны ў косу валасы,
Снуе задума звольна, сонна
Узор звычайнае красы,
Нібы ў гадзіньніку пясковым,
Плыве цурок драбніц-клапот,
Жаданьні цюцькаю вартовым
Не адбягуцца ад варот.
Бяздум'е броваў ня прывабна
І на твары спакой цяжкі,
Пастава пруткая нязграбна,
Нязграбны рух яе рукі.
Імя, як ноч, глухое — Марта
Не зачаруе чулы слух,
Пагляд прыцішаны, упарты
Лятункамі ня ўскрыліць дух.
Вось гэткую, Хрысьце, у Бэтане
Ты знаў, як я, ў сваю пару
Марыі ўзвышанай каханьнем
Затурбаваную сястру.
І ты, калі ад воч Марыі
На Марце супыняў свой зрок,
Ты сілы знаў яе зямныя,
Няўдалы, цяжкі бачыў крок.
І ты пад лёгкаю тканінай
Грудзей заўважваючы сьпель,
Ты чуў, як кроў стае няўпыннай,
Як захмяляе цела бель.
І дума здрадная самоты
Ўзьнікала іскрай між другіx:
Ці гэткім аддаюць пяшчоты?
Ці льга кахаць такіх брыдкіх?..
Прайшлі вякі… Яна-ж адвечна
Ўсё тою-ж буднасьцю цьвіце,
І я на думцы недарэчнай
Лаўлю сябе, як ты, Хрысьце.
1923 г.
|