Перайсці да зместу

З палёў Заходняй Беларусі (1927)/IV/Зьмярканьне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ Нашы тайны і жаданьні, як рэчы, як кветы… Зьмярканьне
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1927 год
⁂ Зацьвілі твае вочы між тлуму…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зьмярканьне (Жылка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗЬМЯРКАНЬНЕ

Апошнія косы,
Халодны — „бывай!“
Пасеялі росы
І зьніклі за гай.

Як сум бяз імені.
Па твары зямлі
Пабеглі паўцені
І смугай ляглі.

А ноч чараўніца,
За днём па сьляду.
Далёкай зарніцай
Мільгнула — „іду“.

Ад сонца цалункаў
Зямелька п‘яна.
І змрок падарункам
Прыняла яна.

І радая ночы,
Што паліць агні,
Ледзь чутна шапоча:
„Вазьмі, палані!“

І тайнасьць прасторы
Завесіць імглой,
І дальнія зоры
Засьвецяць над ёй…

Ў прыродзе так сьветлы
Зьмярканьне й расьсьвіт,
Так просты, так ветлы
Спатканьне й разьвіт.

А нам з табой смутна
Ў каханьні сваім
І радасьць магутна
Ня ўзьлеціць над ім.

Палючы і хмуры
Агонь нас апёк,
І палкасьць пануры
Хавае наш зрок.

„Умерці,“ — мы тоім
Ў глыбі нашых воч:
„Умерці абоім
У гэтую ноч“.

І моцы жаданьня
Асіліць ня нам;
Ахвяру зьмярканьню
Людзкую аддам.

Хоць спуджаным будзе
Крык з вуснаў тваіх,
Як любае грудзі
Прытуліць жаніх.

Зашэпча прастача
Шаўкоў тваіх бель,
І будзе гарачай
І душнай пасьцель.

А белая рожа
У пасмах валос
Самоты ня зможа
І зьвяне бяз сьлёз.