Перайсці да зместу

З жыцьця і дзейнасьці Казімера Сваяка (1936)/IV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
III. „Хаўрус Сваякоў“ IV. На літаратурнай ніве
Публіцыстыка
Аўтар: Адам Станкевіч
1936 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




IV.
На літаратурнай ніве.

Урэшце трэба адцеміць, што Каз. Сваяк, як ведама, праз увесь дасьпелы час свайго жыцьця, апрача працы беларускай грамадзка-народнай, працаваў на ніве беларускай літаратуры, якая сапраўды была галоўным прадметам яго працы і ў якой ён пакінуў цалком паважныя сьляды.

Пасьмертная літаратурная спадчына Сваяка агулам даволі значная. Многія з твораў ягоных ужо выйшлі друкам і сталіся ўласнасьцяй беларускага грамадзянства і народу агулам, а многія яшчэ ляжаць спакойна ў рукапісах і чакаюць на свайго выдаўца.

Да друкаваных ўжо твораў Сваяка належаць: "Мая Ліра" (зборнік вершаў), „Голас душы" (малітаўнік для беларусаў каталікоў), "Чарку дай, браце..." (філёзофічна - этычнае апавяданьне вершам у дусе хрысьціянскім), "Янка Канцавы" (вясковая драма ў пяцёх дзеях), "Алькаголь" (нарысы аб шкоднасьці алькаголю), „Купальле" (фантазія містэрыя, аснутая на беларускай мітолёгіі), "Дзея маей мысьлі, сэрца і волі", многа вершаў, твораў поэтыцкіх прозай, афорызмаў, артыкулаў, разважаньняў і г. д. друкаваных ў "Беларусе", "Крыніцы", у календарох і інш.

Да недрукаваных дагэтуль твораў Сваяка належаць наступныя: аб релігійнай уніі на Беларусі (філёзофічныя і гістарычныя нарысы), вершы, філёзофічна-рэлігійныя разважаньні, праекты і спробы вершаў і г. д. Урэшце корэспондэнцыя ў польскай мове з паняй Ядвігай Банцэр на тэмы філёзофічныя і рэлігійныя.

Жадаючых бліжэй пазнацца з характарам літаратурнага творства Сваяка, адсылаю да сваей кніжыцы: "Каз. Сваяк".

Тут жа, як аб дзейнасьці Каз. Сваяка агулам, так і аб яго паэтычным і літаратурным творстве, прыгледзімся толькі збольшага і агульна.

Форма паэзіі Каз. Сваяка даволі рознародная і багатая. Карыстаецца ён рознымі спосабамі вершаваньня і карыстаецца імі зручна і гібка, хоць вершы яго бываюць часта нявыканчаныя і шурпатыя, што адчасьці тлумачыцца ягонай цяжкай і доўгатрывалай хваробай. Аднак спосабы гэныя, у параўнаньні да сяньняшніх, усё пераважна старыя, клясычныя. І гэта ўсё ў Сваяка цалком ёсьць рэчай зразумелай. Ён не тварыў згодна з прынцыпам „мастацтва для мастацтва", як гэта часта і пераважна бывае ў перасычаных людзей і грамадзянстваў, а праз мастацкую форму, праз пачуцьцё красы, праводзіу сусім канкрэтныя, філёзофічна грамадзкія ідэалы.

Шуканьне і апяваньне ў паэзіі сутнасьці жыцьця агулам і сутнасьці беларускага нацыянальнага жыцьця — вось галоўная мэта і галоўныя матывы творства Каз. Сваяка. Усё жыцьцё, што нас акружае і бурліць навокал нас - гэта ў сваяковай паэтыцкай уяве толькі зьверхнія праявы, гэта толькі лупіна, за якою знаходзіцца запраўднае жыцьцё, жыцьцёвая праўда, да якой ён усьцяж імкнецца і аб якой складае свае песьні.

Гэткі прынцыповы склад душы, гэткі аснаўны настрой ліры Сваяка бачым і ў адносінах яго да беларускага народу. Не шліфаваньне беларускай мовы, не вырабляньне яе ў рожнародных формах вершу, не апяваньне красы беларускай прыроды, ня лірычна-асабістыя ўрэшце песьні займаюць творчую душу Каз. Сваяка, а прадусім беларуская нацыянаньная ідэолёгічная праблема. Ня вонкавыя праявы жыцьця беларускага народу займаюць яго, a а сутнасьць гэтага жыцьця.

Гэткае сваё заінтэрасаваньне беларускім жыцьцём Казімер Сваяк праявіў у сваім паэтыцкім творстве на трох галоўных адцінках жыцьця беларускага народу: на рэлігійным, нацыянальным і соцыяльным.

Чужынцы, карыстаючыся для сваіх утылітарных мэтаў хрысьціянствам, увялі глыбокі грозны разьдзел у беларускім народзе.

Сваяк бача гэта і моліць Хрыста, каб народ гэты знайшоў сябе самога ў гэтым развале і каб ён „пачуў“ душу сваю.

Сьвятар-чужак жалезную
Руку падняў:
Сьвятыню нам належную
Сілком заняў.

Расьселіся, раз'еліся
Нябес купцы,
У пёрыны адзеліся
Маўляў глушцы.

Народны жаль, народны боль
Ня кране іх:
Вядуць на зьдзек, вядуць на боль
Сьляпых, крывых.

Прыдзі, Хрысьце, нам веру дай Моц Божую:
Няхай пачуе родны край
Душу сваю.
(Прыдзі, Хрысьце)[1].

Вызваленьне з гэтай грозьбы народу паэт бача ў агульна-хрысьціянскай і агульна-беларускай сынтэзе.

Хочаш ты знаць, якую веру
Сам прызнаю і песьняй апяваю?
Скажу няшмат, бо знаць тут трэба меру,
Апроч таго ня ўсё кажу, што знаю.

Я веру ў нейкае вяліка' Аб'яднаньне,
Ці як завуць яго з лаціны — Уніонізм
І ў пяруна крывіцкага прызнаньне
І ў хрысьціянскі зноў сьвяты натуралізм.
(Веру нярозуму проціў)[2].

Бача ясна так-жа Сваяк і беларускае нацыянальнае паняволеньне і адначасна бача вызваленьне з яго.

Думка аб бяздольнай Беларусі нігдзе не пакідае паэта і выклікае ў сэрцы ягоным дзіўна чулы, дзіўна глыбокі і трывалы агонь любові:

Айчыны мілай зор на сабе чую,
Куды ня пойду з самлелай душою.
Айчыны сьлёзнай праклёны лічу я:
Ратунку кліча - "ратуйце з разбою!"
(Айчыны мілай).

Надмагільны памятнік Казімера Сваяка ў Вільні

О край мой родны! Куды я ні гляну,
Гдзе лёс мой дзіўны мяне не закіне,
Штоколеч думкай сваей не закрану:
Са мной ты ўсюды у кожнай гадзіне.
(О край мой родны).

Думкай Сваяк вечна там, дзе яго плача маці", дзе яго "брат з бяды марнее", дзе "пануюць шчэ чужынцы“.

У натхненьні паэт бача ўжо народныя натугі дзеля яго волі, бача лепшую, узыходзячую над Беларусяй, зару ейнай будучыны:

Ідзе вось ясная пара,
Правіду сьвеціць нам зара,
Айчына - Маці - Беларусь
Гарой, жыва!
(Гымн роднай зямлі)[3].

Найбольш гора дазнаў народ беларускі ў цяжкой сваей гістарычнай падарожы ад суседзяў усходніх і заходніх. З іхняга-ж боку і надалей найвялікшая небясьпека для нашага народу. Але вось паўстаючы да сьведамага, адроджанага нацыянальнага жыцьця, народ беларускі спраўляецца і з гэтай небясьпекай. Грозныя ворагі Беларусі ў творчай думцы паэта адыходзяць на бок і ўжо перастаюць быць ворагамі:

А во страпянуўся род той гругановы!
Быў здалёку чутны гоман нейкай мовы.
Дзівам зьдзівавалісь няпрошаныя госьці,
Бо з зямлі паўсталі беларускія косьці...
(Ой на Русь ды Белу).
Груган з усходу, а крук з заходу
Дарма там жыру шукае
Бо зерне спорна, у волю прасторна,
Хутка пад неба ўзрастае.
(Загляне сонца)[4].

Прасякнуты-ж праводнай сваей філёзофічна - хрысьціянскай думкай, Сваяк у сваім творстве адроджанага свайго народу ня кідае бяз зносінаў з суседзямі, якіх народ гэты апекі толькі што пазбыўся. Не, ён шукае з імі сужыцьця на асновах брацтва, як роўных з роўнымі і вольных з вольнымі, што, ведама, магчыма толькі пры поўнай самастойнасьці кожнага з гэтых народаў і пры тым кожнага на сваей уласнай тэрыторыі, кожнага на падставах Вышэйшай Справядлівасьці.

І ў гэта Сваяк сьвята вера:

Дасьць Бог калісь будзе люд народу братам,
А Русьняк Маскоўцу да Лехіткі сватам!..
(Ой на Русь ды Белу)[5].

Урэшце, ня гледзячы на гэны, так здаецца ад зямлі і яе спраў аддалены, мэтафізычны тон ліры Сваяка, удзяляе ён шмат і прынцыповага месца беларускім соцыяльным справам.

Сваяк, як сын працоўнай Беларусі, мучыцца душой, бачачы багацьце, ад якога часта вее крыўдай людзкой, а ўспакайваецца, выабражаючы сябе селянінам пры працы, які "З плугом ідзе", прыпамінаючы, што ён "корміць сьвет":

Як бачу хараство харомаў,
Жудосна мне,
Бо з іх тэй штукі, тых заломаў,
Крывёй пахне ..

Адну пацеху ў жыцьці маю,
Адкуль буду,
Калі зямельку урабляю,
З плугом іду.

І хоць мне цяжка і гаротна,
Спакою нет,
Але ў душы ўжо немаркотна
Я кормлю сьвет.
(Мне сумна)[6].

Сваяк, пад уплывам, відаць, рэвалюцыі заахвочвае беларусаў да новай працы на ніве соцыяльнай, але з яўнай іроніяй дадае, што цёмныя людцы нашы так у гэтым кірунку разагналіся, што

Нават добрыя будынкі
Пачалі ўжо руйнаваць
"Годзе кажуць ужо спачынку,
Трэба ўсё наноў складаць".
(Гэй будуйце).

Вось-жа Сваяк прад гэткай рэвалюцыяй соцыяльнай, прад гэткім спосабам шуканьня выхаду з соцыяльных беларускіх злыбедаў, гэтак прасьцерагае народ свой у тым-жа вершы:

Добра людцы, абы сьмела,
Толькі помніце адно:
Хто будуе ня умела,
З працы будзе мець драньнё.

Сваяк радзіць беларусу ў гэтай справе гэтак:

Разваж-жа перш чым зробіш,
Адлічы — рахунак здай —
А чаго не утаропіш —
Разумнейшага спытай.

Здабыць трэба перш зямельку,
Бо краіна - матка ўсім:
Хлябок родзіць і кудзельку
Дзецям родным, ня чужым.

Што у нас зямлі ня стала
То ня дзіва ані цуд —
Чужыня нам панавала,
Дзёрла скуру, як той бруд.

Далей Сваяк у тым жа самым вершы радзіць, каб беларус прадусім працу сваю аддаў свайму краю, каб асьвячаў свой розум і ведай прымушаў зямлю радзіць, каб таго вучыўся, што трэба, а не якой пусьцячыны і каб пазнаў такім чынам добра сваіх ворагаў:

Каб ня даці ім заесьці
Свайго духа і свой труд
І твой край ня даць абсесьці:
Зробіш гэта — будзе цуд.

Будзеш мець зямелькі доваль,
Школы зробяцца з двароў
І авечкай і каровай
Зможаш панскіх шляхтуноў

Гэй будуйце, мае людзцы,
Жыцьцё новае наўкруг,
Нават сонкі хай прачнуцца —
Хто ня вораг — будзе друг[7].

* * *

Гэтак больш менш выглядае духовы воблік Казімера Сваяка ў ягоным жыцьці, у грамадзкай дзейнасьці і ў літаратурным творстве. Гэткім гэны ягоны воблік астаўся і ў апошнія дні жыцьця яго на гэтай зямлі.

Красавік 1926 г. Каз. Сваяк — у сталіцы сухотнікаў, як сам казаў. Да аўтара гэтых радкоў надыходзе адтуль ад беларускага дагараючага паэта сьпярша пісьмо за пісьмом, а пасьля і тэлеграма за тэлеграмай з грозным алярмам аб няўхільнай катастрофе і з гарачай просьбай прыбыць да яго і забраць на бацькаўшчыну, каб паміж сваіх мог дажыць кароткі свой дзянёк" і каб над İM ,ня было дзярно чужое“. „Мне цяжка тут, я сярод чужых, а там, у родных Клюшчанах я напэўна папраўлюся, я там паздаравею" — казаў мне Сваяк ажыўлены і разрадаваны як дзіця з майго прыезду.

Нажаль грудзі паэта былі ўжо сточаны мікробамі дазваньня і ня было ані магчымасьці вязьці яго ў Клюшчанскія сасоньнікі, ані так-жа ніякай надзеі на выздараўленьне.

У Вільні дагараў паэт у Літоўскай Клініцы. Часта траціў прытомнасьць. У ясных проблесках сьведамасьці маячыў нешта аб Беларусі, аб сваім народзе, аб крыўдзе ягонай, прасіў урэшце апякавацца ягонымі творамі, ягонымі рукапісамі, якія ўдалося выдабыць з пад арышту польскай пракуратуры, бо, казаў - "а можа і будзе з гэтай усей маей пісаніны якая карысьць для народу"?!..

Раніцай 6 траўня 1926 году Казімер Сваяк разстаўся з намі, адышоўшы ў тую краіну, у тое лепшае жыцьцё, дзе царства Праўды, Дабра й красы, з каторага чэрпаў сваё натхненьне і ў чэсьць каторага складаў свае песьні і шчасьлівай часткай каторага бачыў сваю Айчыну - Беларусь.


  1. Казімер Сваяк — "Мая Ліра".
  2. Там-жа.
  3. Казімер Сваяк - "Мая Ліра".
  4. Там-жа.
  5. Казімер Сваяк - Мая Ліра".
  6. Казімер Сваяк - "Мая Ліра".
  7. Казімер Сваяк - "Мая Ліра".