З жыцьця і дзейнасьці Казімера Сваяка (1936)/II
← I. Пачаткі | II. У Гарадзкой школе й Духоўнай Сэмінарыі Публіцыстыка Аўтар: Адам Станкевіч 1936 год |
III. „Хаўрус Сваякоў“ → |
У Гарадзкой школе й Духоўнай Сэмінарыі.
У 1900 годзе Казімер Сваяк паступіў у гарадзкую школу ў Сьвянцянах, якую скончыў у 1905 г. І гэты час успамінае ён у тэй-жа сваей "Дзеі":
„Гразка было ехаць да павятовага места, дзе меў я зачаць свае навукі па скончанай людовай школцы. Конь ледзь цягнуу воз, у каторым сядзеў пахмурны бацька і я маўклівы, задуманы. „От, дарога цяжкая, адазваўся ўрэшце бацька глядзі, каб не пашлі намарна гэты труды і захады". Я маўчаў. Баязьлівы мой характар быў прычынай цяжкіх мысьляў, поўных неспакою і прачуцьця нявыясьненага ..
Эх ты сьветазарная дарога навукі! Сьвеціш ты маладой душы, як ясны месяц сярод майскай ночкі. А ўвойдзеш у тваю краіну, адкрываюцца штораз новыя сьветы, новыя зоры, неразгаданыя, недаступныя! Вось-вось ухваціш адзін праменчык, нацешысься ім, раз'ясьніш цемру быту, аж зьяўляецца другі, трэці... і сілы ападаюць, аж маркоціцца твая істота і малее, разумеючы, што кароткае жыцьцё Бог даў для пазнаньня, або што пэўна ня тут нам угадаць усе тайніцы быту, — трэба адмены цэлай істоты"[1].
1905 год - гэта год першай расейскай рэвалюцыі. Чуткая душа Сваяка ужо шмат што бачыла недарэчным у грамадзка палітычным жыцьці Беларусі пад панаваньнем расейскай імпэрыі, а гэта рэвалюцыя яшчэ больш адкрыла яму вочы. Рваўся ў сьвет, да навукі.
"Ідэалам добрых маіх бацькоў — кажа Сваяк — было відзець мяне ў духоўным стане. І я пайшоў па лініі жыцьця, якая мне здавалася найпрасьцейшай і якая была здаўна ў матчыных снох"[2]
У 1906 і 7 г. Сваяк прыбывае ў Вільню і рыхтуецца ў Духоўную Сэмінарыю.
"Помню дзіўны мамэнт. Я прыехаў у Вільню з дарагім сваім айцом. Зайшліся ў катэдру, бацька дзеля Бога, а я сам ня ведаю дзеля чаго: маліцца я ня мог...
Бацька апусьціўся на каленкі і пачаў свае малітвы. Сэрца маё забіла трывогай. Прад вачамі стаяла будучыня неразгаданая, тайнічная. Здалося мне, што лёс мой нятолькі ад мяне залежны. Агляд Прадвечны Бога мусіць быць над кожным. Чаго Ён ад мяне жадае?.. Ці Ягоная помач мне не патрэбна?.. Я хацеў высокага зразуменьня і вялікіх учынкаў. Мысьль мая аднак спакарнела, відзячы сваю слабасьць і зьменнасьць... Я маліўся".[3].
Тут першы раз пазнаецца ён з беларускім адраджэнскім рухам, спаткаўшыся з „Нашай Нівай".
Урэшце ў восені 1908 г. і ў наступных спатыкаем Сваяка у Духоўнай Сэмінарыі ў Вільні. Вось што ён аб гэтым піша:
„Праз тры гады сэмінарскіх студыяў я працаваў ня помнячы аб Божым сьвеце, аж на чацьвертым цяжкі сэмінарскі сыстэм зламіў мяне: я мусіў выехаць у горы, каб ратаваць сваё здароўе. У гэтым часе аддаў я ў рэдакцыю „Беларуса" першыя свае творы "Прад Богам“ („Беларус" № 28, 1913 году) і пачаў адтуль працу ў разьвітку беларускай народнай ідэолёгіі. Прабыў зіму 1912 і 1913 г. у Закапаным і з гэтай прычыны толькі вясной 1915 г. высьвяціўся на ксяндза ў Петраградзе"[4].
Ідэолёгічныя Сваяка заінтарэсаваньні ў гэтым часе відзім з наступнага яго ліста да брата з 1. IV:
„Рух палітычны ці наагул грамадзкі мае падклад этычны, дык у такіх перасіленьнях, якія мы перажываем, ці-ж можа быць душа чалавека спакойнай? Адраджэньне мовы нашае і то мае сувязь з справамі этыкі, бо ці-ж падклад яго ня вяжыцца з пытаньнем: "можна, нельга?" Соцыялізм ня можа ня ўмешывацца ў справы натуры рэлігійнай, бо этыка і рэлігія дзьве сёстры неразлучныя і абедзьве ў натуры чалавека. Мы павінны дайсьці да выснаву, што калі адкінем хрысьціянства з руху нашага народнага, то ён, гэты рух, расплывецца ў золкай міжнароднасьці і этычнай развязласьці. "Не пакідайма мовы роднай, каб ня ўмерлі". Не пакідайма рэлігіі глыбокай нашай, каб не загавець душой..."[5].
Беларуская сьведамасьць і беларуская ідэолёгія ў Сваяка разьвіваецца далей. У 1913 г., вярнуўшыся з Закапанага гэтак ён піша:
"Жнівень-1913. Ад даўнага часу чую да цябе, маці Беларусь, асаблівую прывязнасьць — і болей чым прывязнасьць: надта гэта адчуцьцё глыбока зарылася ў сэрцы пэўна гэта міласьць, каханьне 3 сэрца. Люблю я цябе і сільна люблю. Аб'ехаў я нямала ўжо сьвету, шукаючы красы і праўды, а найбольш бачу тэй і другой у сваім родным краі, у сваей мілай зямельцы. Стройны горы і даліны ў Татрах, прыемны малюнкі ў зямлі Кракаўскай, а ўсё ж цуднейшы наш бор вяльможны, пякнейшыя роўні і гаі нашы: страйнейшыя, бо гавораць проста да душы тваей, а мова іх пранікае цябе цэлага, лечыць раны сэрца твайго. О, хараство тут неапісанае, бо роднае, простае - як душа русьняка. Ты, браце, беларусе, выдаесься мне лепшым ад другіх народаў. Ты пакрыўджаны і нешчасьлівы, пакінены праз многа сваіх родных сыноў і дочкаў, аддадзены на зьдзек чужынцаў - і то здаўна - ты бедны, гаротны. І тут пэўна ляжыць прычына, чаму ты так блізкі сэрцу і душы маей. Цябе не сказіў фалш, не ляжыць на тваіх плячах крыўда чужая: свая толькі ўрэзалася крывава на іх і хіліць цябе да зямлі. Праўда і шчырасьць жыве йшчэ ў душы тваей недарма-ж называюць цябе "простым", даючы спазнаць, што другія народы здаўна ўжо скрывіліся. Пазнай толькі добра, хто ты, гарніся да прасьветы, а станеш сільным: а гэта сіла дасьць волю духу твайму, так цяжка загнанаму і пакрыўджанаму...
Не хачу я пакінуць цябе, маці Беларусь, хоць тутка мус скажа ізноў разьвітацца з табой. Хачу служыць табе, хачу аддаць сябе для дабра душы тваей. А яна — душа твая — чакае афяраў. Патрэбны афяры, калі мае прыйсьці выбаўленьне. Я не пайду шырокім разгонам людзкога рахунку. Я хачу толькі служыць тваім патрэбам, беларусе. А яны аграмадны. Сапраўды сказаць трэба: "Жніво вялізнае, а працаўнікоў мала". Божа, дай мне зразумець і ўпэўніцца, якой жадаеш ад мяне службы? Аддаючыся найбліжэйшым братом маім, я хачу споўніць Волю Тваю, шукаць праўды і нясьці знайдзеную другім.
13 жніўня. Сягоньня, слухаючы звон наш цудны касьцельны, раблю пробу аддаць уражаньне вершам. Папольску пішуць усе. Беларус — сірата: сьмяюцца з яго мовы. Я люблю бедных, апушчаных... Буду пісаць пабеларуску. Мова беларуская ёсьць гладкай і згучнай: можа служыць і да паэзіі (але сам сябе я да паэтаў залічыць ня важуся). Пастараюся выгладзіць стыль свой беларускі. Згодзіцца ў будучыне"[6].