Зімой у лесе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Зімой у лесе
Верш
Аўтар: Янка Купала
1906—1910
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/2123



І лягла ж цішына
У бары за гарой, —
Каб дравінка адна
Хоць кіўнула сабой.

Сьнег пушаны залёг
На галінах сасон,
І чарнобель, і мох
Атуліў сабой ён.

Сокат птушак замёр,
Як бы поўнач была,
Адно сьвісьне тапор
Ды зазвоне піла.

Гэта сілу сваю
Так прабуе мужык;
Рухнуў дуб на зямлю,
Як магуч і вялік…

Далей — глуш, цішына
У бары за гарой, —
Каб дравінка адна
Хоць кіўнула сабой.

(1906—1910)