Зь песень аб сваёй старонцы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Зь песень аб сваёй старонцы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1905—1907
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/663



Невясёлая старонка
      Наша Беларусь:
Людзі — Янка ды Сымонка,
      Птушкі — дрозд ды гусь.

Поле — горы ды каменьне,
      Потам зьліта ўсё,
Сенажаць — адно карэньне,
      Сівец ды куп’ё.

Родзе шнур несамавіта,
      Колькі б працы ўнёс, —
Ячмень з сажай, з званцом жыта,
      Зь сьвірэпкай авёс.

Небагатыя і вёскі,
      Садоў ў іх ня знаць,
Толькі часам дзе бярозкі,
      Як тычкі, стаяць.

А па вёсках люд убогі,
      Век бяда ў крук гне,
Вечна ў лапцях гное ногі,
      Зрэб’е сьпіну тне.

Цёмны, цёмны народ гэты,
      Трудна і сказаць,
Абарваны, неадзеты,
      Ня ўмее чытаць.

Зь яго кожны насьмяецца,
      Назаве дурным…
Бедны люд… так бы, здаецца,
      Плакаў разам зь ім.

Так няміла, як магілай,
      Неяк выдае
Беларусь, мая старонка,
      Дый люблю ж яе.

Я, калі б зь ёй разлучыўся,
      Плакаў з усіх сіл…
Эй, бо дзе воўк урадзіўся,
      Яму куст той міл!

Дома голаду дазнаю, —
      Зьем хлеба, вады…
Горай жыці ў чужым краю,
      Болей сьлёз, нуды.

Там ня знойдзеш братніх сэрцаў,
      Там кожны чужым,
Будзеш жыць з нудой у спрэчцы
      Ды адзін-адным.

Песьню родную зацягнеш,
      Хто пачуе, хто?
Там любіць свой край прысягнеш
      Лепей, як жыцьцё.

(1905—1907)