Зноў у дарогу
← Учора на хутары | Зноў у дарогу Абразок Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч 1924 год Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 16, 24 жніўня 1924 году, б. 2 |
У Дзяніса → |
Добра пасьнедаўшы, я падзякаваў усім сябром за добрыя, прыхільныя адносіны і пачаў зьбірацца далей у дарогу.
— А то пабылі-б у нас які дзянёк! — запрашаў Супрон.
— Вельмі дзякую, сябру, але бачыце часу мала, а аб‘ехаць шмат абшару трэба, — казаў я.
— Гэта праўда, — згадзіўся ён, — ну, дык як назад будзеце ехаць, калі ласка, прашу не запамятавайце адведаць.
— Янка! — пазваў ён. хлапца, — ось што, браток, адвязём ось сябру пад возера Князь да хутара Дзяніса… Ну, жыва, запрагай!
Праз мінют пяць, я сядзеў у возе, Цяжка было раставацца з сябрамі, а асабліва з Карабой і Ганчаром. Але што зробіш — доля наша такая!
— Но! — крыкнуў Янка на каня і крануліся.
— Шчасьліва! — казалі Супрон, Ганчар і Караба.
— Да пабачаньня! — грымела грамада, якая зноў пачала гуляць.
— Гэта вам ужо на дарожку! — сказала, падбегшы да воза, пачырванеўшая маладая і палажыла мне ў воз сыр, хлеб і кілбасу.
— А гэта, каб ехаць было добра! — сказаў Пётра, кладучы мне на калены бутэльку з самагонам.
Я падзякаваў. Воз крануўся.
— Бывайце здаровы! — крыкнуў я ўсім, зьняўшы шапку. — Не памінайце ліхам!
— Чакаем! чакаем!. — грымела мне ў адказ.
Уехалі ў лес.
Усё жыло ў ім, цешылася з сонца, а мне было сумна на душы, цяжка на сэрцы…
— Хто п’е, таму налівайце! — данёсься да мяне нечы голас з гуляўшых хлопцаў на хутары…
Пеце хлопцы! Гуляйце пад шум лесу і гоман ціхі хваляў роднае рэчкі! Гуляйце!
Пакуль не пакліча вас доля старонкі роднай!
Цягнецца лес сьцяною, птушкі пяюць, весела сонца сьмяецца…
Дзяргач.