Учора на хутары
← Магіла Касінскага | Учора на хутары Абразок Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч 1924 год Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 15, 21 жніўня 1924 году, б. 3, № 16, 24 жніўня 1924 году, б. 2 |
Зноў у дарогу → |
Ось мінулі апошні курган Ізноў пачалася грэбля, ізноў мы йшлі сярод лесу.
Тутака недалёка, — загаманіў Караба, — ось толькі мінём гэты лясок — ізноў будзе бераг рэчкі Случ, ведаеце, робіць вельмі шмат выкрутасаў.
Здалёку пачуліся нейкія галасы і два стрэлы.
Мы застанавіліся і пачалі прыслухвацца да галасоў, якія даляталі да нас аднекуль з правага боку.
— Га! Ось яно што! — раптам весела загаманіў Ганчар, — гэта мусіць наш стары Супрон альбо сына жэне, альбо хрэсьбіны спраўляе, — зарагатаў ён.
— Добрая фізыка! — памахаў галавою Караба, — альбо хрэсьбіны, альбо вясельле…
І мы ўсе разам зарагаталі.
Мусі сьмех наш пачулі, бо галасы змоўклі і відаць было цяпер, што людзі, якіх мы ня бачылі, прыслухваюцца да нас.
— Пільнуй! раптам пачуўся ў начным паветры нечы моўны воклік. Лес адказаў лёгкім рэхам,
— Ага! — зарагатаў Караба, — стары Супрон спужаўся дый крычыць, каб коняў пільнавалі… А ну, Ганчар, Мы яго запытаем — „Каго“?
І яны разам у адзін голас закрычалі:
— Ці сына, ці дачку?
— У-у-у! — паплыло рэха па лесе.
Здаволеныя Ганчар з Карабой зарагаталі.
— Ага-га-га! — пачуўся нейкі крык.
— Хто там? — пытаў нечы голас з лесу.
— Тры дубы! — закрычаў Караба ў адказ, і не пасьпелі мы прайсьці і шагоў з дваццаць, як нас акружыла грамада людзей.
Гэта былі хлопцы, дзяўчаты і мусі сярод іх быў і сам гаспадар. — Стой! што за людзі? — запытаў нас пярэдні.
Мы застанавіліся.
— Добра спатыкаеш сяброў, Супрон! — сказаў Караба.
— Караба! — вырваўся з гурвы людзей чалавек у белай сьвітцы і кінуўся абнімаць Карабу.
— Ось неспадзеўка, дык неспадзеўка! Га, а гэта здаецца Ганчар і Дзяргач з вамі?—весела гаманіў ён, цалуючы нас. — Ось дык добра, дык добра!
Хутка мы прывіталіся з усей грамадой і пайшлі па хутар.
Праз мінют пяць уся грамада сядзела за сталамі ў садку пры сьвятле смалякоў, якія гарэлі на ўкопаных у зямлю калох. Ганчар не абмыліўся: стары Супрон жаніў сына Пётру, і мы трапілі якраз на вясельле, калі яно з хаты маладой пераехала да хаты маладога.
Гулянка йшла вялікая. Самагон ліўся ракой.
Але мы былі добра змучаныя паходам і я, глянуўшы на Ганчара, шапнуў яму, што добра было-б, каб дзе заснуць.
Той падняўся, прападаў недзе мінют з пяць, пасьля вярнуўся і, нахіліўшыся да мяне, шапнуў: — ёсь, хадзем!
Я ўстаў, да нас яшчэ прыстаў Караба і мы ўсе ўтрох няпрыкметна выбраліся з-за стала і пайшлі за Ганчаром.
Той завёў нас у гумно.
— Ось тутака ёсь драбіна, лезьце за мной! — парадзіў ён.
Хутка мы адзін за адным апыніліся сярод сена, дзе смачна заснулі.
Доўга я праз сон чуў сьмех і крыкі гуляўшых сяброў, але пасьля так моцна заснуў, што нават ня чуў, як ужо раніцай Ганчар з Карабой будзілі мяне і ніяк не маглі дабудзіцца.
Так прайшла ночка на хутары.
— Ну, і сьпіцё вы моцна! — казаў Караба.
— Я ўжо меркаваў, ці не памёрлі вы ад учарашняга самагону?! Ну, хадзем, пойдзем у хату, паглядзім маладую, — весела гаманіў ён, падміргіваючы: мне, — па дарозе ля студні памыемся, — скончыў ён і мы выйшлі з гумна.
Хутка памыліся і ўвайшлі ў хату. Нас сустрэў Супрон словамі:
— А вось яны дзе, ўцекачы! А я ўчора шукаў, шукаў, дзе яны падзеліся, але ось дзе… Ну, ну, сядайце, сядайце! — весела гаманіў ён…
Дзяргач.