Перайсці да зместу

Звон вясны (1926)/С. Дарожны/Я мінуўшчыны не шкадую

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Залатая россып Я мінуўшчыны не шкадую
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1926 год
Рытмы вясковай працы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я МІНУЎШЧЫНЫ НЕ ШКАДУЮ

I

Сьціхлі песьні, і вечар кволы
Цемнатою завіс у гальлі.
Вецер зыбіць дрымотны волуй
На азёры, што месяц праліў.
Сосны пахам смаловым набраклі,
І паўзуць туманы ад ракі.
Многа бед, ой, гракі панакракалі,
І паснулі вятры ля ракіт.
Беларусь мая — сьлёзаў зьлітак!
Мы ўцяклі ад цябе так далёка,
Дзе, казалі, ня будзеш біты,
І жыцьцё будзе надта лёгкім.
Так казалі… было іначай.
Вось таму й мая памяць ў крыві!
Быў малы, а жыцьця ня бачыў…
........
Нехта сьцежкі мае пакрывіў.

II

Я ды брат і старая маці
Апынуліся там… ой, далёка…
Дый нашто? Слоў ня хопіць сьпяваці,
Як бізун па сьпіне галёкаў.

Ўспамінаю — сьціскаюцца грудзі,
І ў вачох мітусіцца імжа,
Ой, навошта-ж чужыя людзі
Не далі з поля роднага жаць?!

Скавычы, скавычы, прыткі вецер,
Няхай зыбіцца зноў сівізна!
.......
На чужыне і зоры сьвецяць
Ня так, як калісьці знаў.

Не забыць мне! Азёр аблічча
Сьніцца мне і на гэтай пожні,
Толькі тут… Ня гэткі звычай,
І ня так сустракае кожны.

Не забыць мне, о не, не забыць!
Дзе узрос у курчавай лазе,
Толькі там… зараз гнуцца дубы,
На палі дым пажараў асеў.

Думкі, думкі! Нашто павісьлі
Вы ў прадоньні маіх вачэй?
Ці ня чутны вам рокаты Віслы,
Ці-ж яны гэтых слоў не званчэй?!

Знаю я, вецер ціш ня здуе:
На кусты селі сьлёзы рос;
І здаецца — зялёныя думы
Пацяклі у валосьсі бяроз.

III

Ніклі дні — як у жвір на дне;
І жыцьцё, як званіла, звоніць,
Толькі там, на роднай старане
Зноў пажары курчавяць гоні.
Ад бяды гэтай белы іней
Восень сее ў пажоўклы дол…
— Не, ня веру, каб вольнай краіне
Росы сьлёз высяваць у прыпол!
Ой, ня веру!.. — разносяць ветры;
Так ня будзе!.. — гудуць лясы,
Разьвітаецца й пойдзе ў нетры
Заўтра вёскі апошні сын.
Хмурыць Дон, вада б‘ецца кольцамі,
Кожны мускул кіпіць серабром.
— Дык бывай, брат, іду дабравольцам:
Ў Беларусі грыміць, чую, гром!
На растаньні мы многа казалі
Пра мінулы і цяжкі час…
Ну, а ўвечар правёў да вакзалу
І разьвітаўся ў апошні раз.
Вось таму і пяю я аб ім,
Што ня ўспомніў пра гэта ніхто, —
Лістападам пяюць вераб‘і,
Сьпевы віснуць журбой у лістох.
На мяжы раптам ўскрылілі ветры
І памчалі на поплаў зьімшалы…
Піша вестку мне мілы Петра,
Што з Будзённым ідуць на Варшаву.
Піша мне, што пабеда за імі
І што воля ня схіліцца ніц.
Прыяжджай, працаваць будзеш зіму.
Ну, а я, як раней — бараніць!
Сам ты знаеш, што край наш змучаны,
Пасьля буры такой заняпаў:
Вось таму і пішу я рашуча
Сэрца працы аддай і запал!
Я чытаю слоў гэтых восень,
Што спляліся ў радкох, як лаза,
І шкадую, што не давялося
Быць у лесе — ў гурце партызан.

IV

Эх, люблю я Дон сіні увечар,
У далі ціха прасьцёр свае вочы:
Мне здалося, дзе зор плывуць сьвечы,
Я туды па калені ускочыў.
Эх, люблю заплятаць сонца воласы
Ў залатыя чупрыны поэм,
І люблю, як зьвініць жыта коласам,
Бо і я-ж таксама ем!
А цяпер, калі дні прастылі
І пажар паўстаньняў сьціх,
Зноў я тут у краіне мілай
Чую шэпты вятроў у трысьці.
Быў забітым ты, край мой родны,
Што крывёю палі імжыў,
Але веру — над Вільняй і Гародняй
Шчэ штандар волі будзе кружыць!
Трасяцё што так грываю, ветры?
Шум даліна зьбірае ў прыпол…
.......
Сёньня Пётра, мілы Пётра,
Залічыўся ў комсамол…
Што было, больш таго ня будзе:
Яно быльлём у палёх парасло.
Сэрца прайнікам б‘е ў песень грудзі,
Але песьням ня хопіць слоў.
Я мінуўшчыны тэй не шкадую:
Не сабраць вёсцы ягадай сьлёз.
Чую — ветры ў худую даліну
Сыплюць жоўтыя песьні бяроз.
Тыя песьні восень рыжая
Гольлем зьвесіла ў самыя пяты.
Беларусь больш ня стане крыжам
Пры дарозе з хрыстом расьпятым!
Вось таму і радасьць сьпелая
З сінім агнём у ваччу,
Ад таго і песьні сьмелыя
Сёньня ў полі аратага чуць!
Ўсё прашло й галавой кучаравай
Мне ўсьміхаецца кожны дзень!
— Беларусь — комсамольскай аравай
Маладзіцай з сярпочкам ідзе,
Я мінуўшчыны тэй не шкадую:
Не сабраць было вёсцы сьлёз!
Толькі ветры ў даліну худую
Сыплюць звонкія песьні бяроз.