Не, ня мне серабрыстаю хваляй
Усхліпваць у зарасьлях слоў!
Звонкія песьні у далі
Новым нясуцца паслом.
Там… сонцавей дзе на жыта
Выліў свой палкі пыл,
Сьпелая радасьць імжыцца:
Сонца зьвязалі ў снапы!
Эх, і жніво залацістае!..
Гольлем трасе маладняк, —
Песьні у поплаў батыставы
Мчаць на чырвоных канях.
Слоў залацістую россып
Звонам пасею ў лісты…
Радасьці ў першыя росы
Нам перакінуць масты!
Адзьвінелі і дні па жніўню…
Дрэмлюць гімны зялёныя сосен;
Сьняцца ім песьні дзіўныя —
І пажаўцелая восень.
.......
Не, не дадуць ветры хвалям
Ўсхліпваць у зарасьлях слоў!..
Звонкія песьні у далі
Новым нясуцца паслом.
|