Перайсці да зместу

Звон вясны (1926)/С. Дарожны/Не шумяць табуны калосься

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Рытмы вясковай працы ⁂ (Не шумяць табуны калосься)
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1926 год
Абрасьлі зімою

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Ня шумяць табуны калосься,
На азёры ляціць лісьцё…
Мне сягоньня чамусьці здалося,
Што шуміць на азёрах трысьцё.

На азёры ляціць лісьцё
Ў залатой верасьнёвай завеі,
Што шуміць на азёрах трысьцё?
Мне ня скажуць асіны, — сівеюць…

Ў залатой верасьнёвай завеі,
Мне здалося і мараць азёры…
І ня скажуць асіны, — сівеюць,
Уміраюць пад звон бомаў-зор.


∗     ∗

У сутоньні касою каравай
Золак выкасіў дзень уначы,
І туманам у шызыя травы
Вечар сьлёзы расой атачыў…

Золак выкасіў дзень уначы
Іржавее у хмарах недзе…
Вечар сьлёзы расой атачыў,
Ўсплыло сонца — чырвоны лебедзь.

Іржавее у хмарах недзе
Скарга верасьня доўгай разорай.
Ўсплыло сонца — чырвоны лебедзь
З берагоў на блакітны азёры.


∗     ∗

І чамусьці у гэты час
Мне здалося — кругом пажар!..
І што корчыўся сіні папас,
Бы зямля ад удараў нажа…

Мне здалося — кругом пажар!
Дым блакітны зямлю апавіў,
Бы зямля ад удараў нажа —
Ў травы ссыпала кроплі крыві

Дым блакітны зямлю апавіў
У вазёрах туманам тонкім.
Ў травы ссыпала кроплі крыві
Тая восень кастрычнікам звонкім.