Абрасьлі зімою мілыя прасторы,
Мілыя прасторы абрасьлі зімою,
І на лапах елак ў сіняй гушчы бору
Села ноч-цыганка дзікаю савою.
І цябе люблю я, край ты мой азёрны
З ціхаю журбою соен ля дарог.
Месяц за гарою ў поплаў сіня-зорны
Пастухом сярмяжным затрубіў у рог.
Белая дарога ў даль віецца йстужкай,
Па дарозе бомы ўсё губляюць медзь.
Ды ў начлезе месяц з ночкаю-цыганкай
Пасьвілі у небе стада зор-авец.
Запрагуцца ветры ў кованыя сані
І пад сьвіст халодны панясуць мяне!
Замігаюць вёскі ціхімі агнямі,
Будзе радасьць віцца ў сьнежным саяне.
Ўсьлед завыюць воўкі нам з палёў мізэрных
Затрасуцца зоры і зьляцяць на сьнег,
І падорыць месяц ночцы зораў зерне
Ды з-за лесу золак дзень у твар лізьне.
Абрасьлі зімою мілыя прасторы,
Ў мілыя прасторы золак кіне медзь.
І ля стромкіх елак ля стозвону бору
Кінуць мае сані ветры й скажуць: едзь!
І пайду дарогай я пад хрып марозны
Ў край бяроз і елак, дзе калісь узрос,
Дзе на дол халодны тонкі сьпеў бярозы
Інеем пялёсткаў сыплюць у мароз.
Я прыду у вёску, дзе радная хата,
Ля парога ціха страсану свой сум.
Дзьверы мне адчыняць мілыя дзяўчаты,
Радасьцю рассыплюць чорную касу.
Пад акном пасадзяць і сьмяяцца будуць,
Што забыў я звычай іх зусім прасты…
І пачнуцца байкі, што гавораць людзі,
Толькі сыплюць словы, як з бяроз лісты.
„Кажуць тут у вёсцы, ты — поэт закляты —
Вельмі мала пішаш вершаў пра сяло“.
Што-ж сказаць вам, ціхія і худыя хаты,
Што з бакоў па пояс сьнегам замяло?!
А у вечар чорны, моладзь на вячоркі
Пад гармонік сіплы ды праводзіць дзень,
Колькі будзе песень, а колькі гаворак,
Скажуць, што прыехаў з гораду студэнт.
Блізка мне да сэрца сосен шапаценьне,
Радасьць мая дзікая, ці то сон зьвінеў?!
Толькі на азёрах ловіць месяц цені,
І пяюць завеі песьні аб зіме.
|