Перайсці да зместу

Звон вясны (1926)/І. Плаўнік/Штрыхі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Машыннае раньне Штрыхі
Верш
Аўтар: Ізраіль Плаўнік
1926 год
Толькі ноч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШТРЫХІ…

(11 ліпню — дню вызваленьня Беларусі
ад палякаў прысьвячаю).

I

Ахапіла жудасьць вёскі:
Ой, пажар, пажар прадчулі!
Блізка, блізка „польска войска“ —
Б‘юць гарматы, сьвішчуць кулі…
Гнецца, плача лес сасновы:
Загуляе кат нанова…

II

То ня бура стогне ў лесе,
То ня плача так зязюля…
Гэта ў вёсцы у Залесьсі
Енчыць дзеўчына Гануля…
Ой, памяты русы косы,
Акрываўленыя грудзі…
Матка жудасна галосіць:
Ой, ратуйце, добры людзі!..
Ці-ж я дочку гадавала,
Калыхала на узьмежку,
Закруціла каб навалай?!
Пан з шалёнаю усьмешкай
Падбягае… трах прыкладам!
Маці з дочкай ляглі радам.

III

Затрашчалі рэбры вёскі,
Певень загуляў чырвоны
І прыціхлі на‘т палоскі,
Замаўчалі ў страху гоні…
Шмат крыві мужычай льлецца,
Сонца — чорнае ад дыму,
Чырванеюць хвалі ў рэчцы
Але Шаблон:Абмлыка уздымам!

IV

Гэй, балюй, гуляй, мой „пане“
Пі віно крыві і сьлёз…
Эх, занадта паляць раны…
Не маркоцься, вербалозьзе!..
Расступіся, бор сасновы,
Да сябе вазьмі хлапцоў, —
Вырвем долю мы нанова…
Стройся армія ў лапцёх!..

V

Гойсаюць жаўнеры,
Гойсаюць па вёсках,
Нібы тыя зьверы,
Мужыкоў палосяць…
Рэчка, рэчка сьлёзаў…
Дзе сыны?
Псякрэвы!..
Маўчыць вербалозьзе, —
Эх, ня скажуць дрэвы.

VI

Гэй!.. пранёсься гром у лесе:
Абвясьціў паўстаньне вецер.
Пан дрыготны бровы зьвесіў…
Эх, „псякрэв“, ліпнёвы вечар!..
Зашумелі сосны гулка,
Кулі кружаць ў карагодзе…
То паўстанец ды з завулку
На паноў абрэз наводзіць…

VII

Стук, грук, грохат,
Стрэльбаў рогат
Разбудзілі гоні:
З вёсак шэрых
Катаў-зьвераў
Хлопцы ў сьвітках гоняць…
Крык, пракляцьці
Чорнай раці
На сасонках віснуць…
Апынуўся
З Белай Русі
Пан ля самай Віслы…

VIII

Заблішчэлі гоні,
З сонцам ткуць узоры;
Полымем чырвоным
Сыплюць іскры зоры…
Засьпявалі птахі
Разам з борам песьні…
Пад агністым сьцягам
Хлопцы йшлі ў Залесьсе,
Глупства, — кроў і сьлёзы:
Волю мы здабылі!
Шумі, вербалозьзе,
Аб вялікай былі!
Паляком ўздагонку
Мчы пракляцьці, вецер!..
Доўга будуць помніць
Наш ліпнёвы вечар.