Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/III/Нядзеля

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На Палесьсі Нядзеля
Верш
Аўтар: Уладзіслаў Сыракомля
1932 год
Арыгінальная назва: Niedziela (1861)
Пераклад: Янка Купала
Ці ты знаеш старонку?
Іншыя публікацыі гэтага твора: Нядзеля (Сыракомля/Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НЯДЗЕЛЯ

З польскага — Л. Кандратовіча

Маеце з нядзелі
Песьні тут чатыры —
Часам сьніць ня сьмеліў,
Што ліецца з ліры.

Як грымне нудою,
Уцякаў-бы недзе! —
Пісьне, як пілою,
Сэрца пераедзе.

Ліра адпявае:
Дзе-ж душу схаваці?
Аб чым доля грае, —
Мушу падцінаці.

I. РАНІЦА

На поўнае гора
Людзкое прысельле
Спусьцілася з гораў
Сьвятая нядзеля.

З-за хмар плыве сонца,
Шуміць ніваў колас —
Па ціхай старонцы
Разносіцца голас.

Далінам, дзе кветкі,
Іграе, вяселіць…
Гэй, цешцеся, дзеткі:
Сягоньня нядзеля!

*

Расіста травінка
Чакае на стада,
Рыкае скацінка
Насыціцца рада.

Вялік луг — ні слова! —
Траву з мохам родзіць;
Труба пастырова
На чым сьвет заводзіць.

За вёскай пад грушкай
Відаць крыж між зельля,
На ім пяе птушка:
Сягоньня нядзеля!

*

Пры Янкавай хаце
Скрыпнулі калёсы,
Дзяцей крык чуваці,
Ён сам снуе босы.

Адпер свой сьвіронак,
І на торг з усімі,
Што меў застаронак,
У мех усё вымеў.

Час блізкіх дажынак
Яго так асьмеліў
Сабрацца на рынак
Вось гэтай нядзеляй.

*

Жыцьцё ў гаспадарцы, —
Гняце во патрэба, —
Ня кінуў і гарца
На лусьціну хлеба.

Няма ў жонкі солі,
Чытаць хочуць дзеці,
Яму-ж трэба болей —
На ўсё трэба меці.

Гасьцінцамі з крамы
Усіх ён надзеліць…
Эх, дзеці, бог з вамі!
Сягоньня нядзеля!

*

Сеў, выехаў Янка,
Махаючы пугай,
Ад самага ганку
Бяжыць дзятва кругам.

Вот зьехаў між гоняў
Абсеяных ніваў,
Дзятва ўсьлед гамоніць:
Едзь, бацька, шчасьліва!

Трушком чапурыцца
Кабылка да цэлі,
Ёй таксама сьніцца
Сягоньня нядзеля.

*

Як скінуці вокам,
Знаць сьвята ў сьвятліцах,
Звон гулам далёкім
Нясецца з бажніцаў.

Як звон грыміць сьвету
Нудлівым выразам, —
Сава ў хвілю гэту
Заводзіць з ім разам.

Хто ёй пазваляе
Так выць над прысельлем?
Вясёлка гуляе,
Сягоньня нядзеля.

II. ЗВАРОТ ЯНКІ З КІРМАШУ

Я сягоньня падпілы:
Адна чарка для сілы,
З рукі свата другая —
Ці-ж ня ўзяць выпадае?
Пайшле далей ня жартам:
Ня было ліку квартам, —
Аж сьвет замарачыла!
Гэй, імчыся, кабыла!

На бок, пан, бо я п‘яны!
Табе стыд даматканай
Сьвіткі беднага хама…
Эй, няма на ёй плямаў!
Во, ў сваёй ты саеце,
Глядзі, каб на тым сьвеце
Пекла брам не адкрыла.
Гэй, імчыся, кабыла!

Тыц, карчма пры дарозе, —
Ці-ж уседзіш на возе?
Пыкнуць люльку ўбягаю,
Жару ў копцы шукаю,
А чорт вабіць з-за печы:
Запі жаль, чалавеча!
Зьвяла чортава сіла…
Гэй, імчыся, кабыла!

Крычы, лайся, Марыся,
Есьць бяз солі бярыся,
Ўтаргаваў небагата
А соль дорага надта.
Выяжджаў, думаў гэтак
Купіць кніжку для дзетак…
Бяды кніжка ня змыла.
Гэй, імчыся, кабыла!

Грыміць. Блыснула ў далі, —
Пярун хвойку, знаць, паліць;
Чаму-ж карчмаў ня ўмора,
З якіх грэх наш і гора?
Эх, бо іх напладзілі
Чуць ня дзесяць на мілі!
Кроў іх наша ўзрасьціла.
Гэй, імчыся, кабыла!

Вось і вёска, знаць — наша, —
Рве кабыла за пашай,
Падцяла мне снасьціну,
Глядзь, і ў роў нейкі рынуў, —
Ня ўстаць за цемнатою,
А чорт стаў нада мною.
Зубы шчырыць няміла,
Адна мчыцца кабыла.

III. НАРАКАНЬНЕ ШЫНКАРА

Янка сьпіўся, як Бэля,
Сьпіць, як мёртвы, дый годзе!
Праўда, часам нядзеляй
Чарку выпіць ня шкодзіць.
Ты будзь весел часінку,
Грош прыбудзе мне ў хаце…
А ты-ж сьпіўся на рынку,
Мне ня даў таргаваці, —
Ты мне ўкраў, як з кішэні.
Гвалт, ратуйце, згубленьне!

Ці ж ня злодзей — скажэце?
Як, з чаго пражыву я?
За шынк трэба-ж, вашэці,
Плату выбраць такую:
Рублёў дзьвесьце гатоўкі,
На якіх пяць „прыпеўкаў“,
Расход хатні-кароўкі,
Жонка, дзеці і дзеўка…
Ці ж прадам я сумленьне?
Гвалт, ратуйце, згубленьне!

Чым і як прахаваю
Коні, козы, авечкі? —
Кантракт сьпісаны-ж маю
Ясьней полымя сьвечкі,
І ён піша бяз зносак,
Вузлавата, каротка:
„Мужыкі з маіх вёсак
Усе ўп‘юцца тут водкай“.
Янка-ж п‘ян, вып‘е меней.
Гвалт, ратуйце, згубленьне!

Піша далей так, строга:
„Хай усе знаюць хаты,
Ня мінуўшы нікога —
Бабы, хлопцы, дзяўчаты —
Піць гарэлку крый, божа,
У чужой дзе карчомцы, —
Хай п‘е кожны, хто можа,
У сваёй толькі вёсцы,
Бо плаціць будзе пені“…
Гвалт, ратуйце, згубленьне!

Чытай, што піша гэта!
Ці-ж мужык прачытае?
Хоць далёка йшчэ лета,
На торг рэшткі зьбірае;
Аўса, жыта па чвэрці —
Злотых з дваццаць мо‘ варта…
Мог ты піць да паўсьмерці, —
Што-ж? Якая там кварта!
Іцка торбы не надзене,
Хоць тут гвалты, згубленьне.

Ну, вось рэшты, мой браце,
Я табе не дарую, —
Памагу з рову ўстаці
І ў карчомку скірую.
Гэй, устань! да кішэнькі
Глянуць дай, мой харошы!
Што, лайдак? Ні капейкі?
Нехта выцягнуў грошы!
Я-ж к ім меў так хаценьне.
Гвалт, ратуйце, згубленьне!

Што-ж рабіць? ну, прыгода!
От, зьмірым гэту справу;
Мне цябе ўжо і шкода, —
Хадзі, дам на заставу.
Янка, Янка, ты слабы!
Выпі з кварту і квіта;
Не сьпяшыся да бабы —
Яна дужа сярдзіта.
А ты выйдзеш з цярпеньня —
Будуць гвалты, згубленьне.

IV. ВЕЧАР

Папіўшы расінкі,
Кветкі прыснулі, —
Вясёлай дзянінкі
Кончацца гулі.

Пакуль апыніцца
За лесам сонца,
Як золатам льсьніцца
Дзіўна ў ваконцах.

Агонь блыснуў з хатак,
Ўсплыў дым кудзеляй…
Такі во канчатак
Нашай нядзелі.

*

Жывёла пужліва
З поля пляцецца,
Пастыр жаласьліва
Дзьме на жалейцы.

Канькоў у пракосе
Чутна пагудка,
Кабета галосе
Пад крыжам жудка.

На жаль не папрасны
Людзі глядзелі;
Балесны няшчаснай
Вечар нядзелі.

*

А ўцеха ня сходзіць,
Граюць на скрыпцы;
Па некім заводзяць
Звон у капліцы,

Сягоньня — мне можа,
Заўтра — табе мо‘…
Гуляў ты, нябожа,
З раньня з усема. —

Пад вечар-жа людзі
„Вечны“ запелі.
Згадай, хто жыць будзе
Ў тую нядзелю?..

1906 г.