На магілах ваякаў,
Што ляглі за саветы,
Ты, Рэспубліка, ўстала
І ўсяму сьвеціш сьвету.
.........
Былі годы няволі,
Былі жудкія годы,
Людзі ў ёрмах марнелі
Без шчасьлівай прыгоды.
Вораг польскі і рускі
Шчыра множыў курганы, —
Ня было Беларусі,
Толькі быў „край забраны“.
Расіяне, палякі,
Ды французы і швэды
Беларускай крывёю
Палівалі край гэты.
Былі жудкія годы,
Яшчэ горшых даждалі,
Як вайны усясьветнай
Пракаціліся хвалі
Бітву ўзьнялі цараты
За таляры і троны,
Безьліч кінуўшы люду
Ў прадсьмяротныя стогны.
І пакрылі руінай
Нашы землі і хаты,
А народ зрабавалі,
Як разбойнікі каты,
…Што за хмара такая
Пхнецца, як вокам кінуць?
Беларускі люд бедны
Пабрыў „бежанцамі“ гінуць.
Рэволюцыя! Воля!
Верх узяў пролетары…
Беларусь, як жабрачка,
Брыдзе з „бежанства“ хмарай.
Сьцяг чырвоны над Менскам,
А з ім — гімн міжнародны…
Абвяшчэньне саветаў:
БССР быць свабоднай!..
А паляку ня сьпіцца —
З боем прэцца, як змора —
Яму панскую Польшчу
Дай „ад мора да мора“.
Арол белы над Менскам,
А з ім польскія дары:
Катаваньні, пагромы,
Шыбяніцы, пажары.
Адступіў урэшце вораг.
Але ў спадках пакінуў
Папялішчы ў сталіцы
І руіны, руіны…
А далей, як-бы мала
Усіх гэтых няшчасьцяў Рыскі мір перарэзаў
Беларусь на дзьве часьці.
За слупамі з арламі
Беларусы пад панам,
Далей ёрмы валочуць,
Звоняць гулка ў кайданы.
..........
На магілах ваякаў,
Што ляглі за саветы,
Ты, Рэспубліка, ўстала
І ўсяму сьвеціш сьвету.
..........
Беларусь, маё сэрца,
Залатая краіна,
Як нявольнік з няволі,
Паўстаеш ты з руінаў.
За будынкам будынак
Як той лес узрастае.
І замежны панадак,
Як лазою хістаеш,
Ты прывабіш сабою,
Сваім ладам зарнічным,
Беларусь з-пад прыгону,
З-за слупоў пагранічных.
Безаглядна, няспынна,
З маладняцкім разгонам
Думкі новыя й долю
Нясеш нашым загонам.
Зарунеюць палеткі
Руньню буйнай, сачыстай,
Людзі працу ўшануюць
Бяcпрыгонна, ўрачыста
Нацыянальная сварка
Ужо ў нас месца ня знайдзе, —
Чалавек чалавеку
Будзе братам папраўдзе.
А гудкі і жалейкі
Тваіх местаў і сёлаў
Запяюць адназгодна,
Пераможна, вясёла.
І ніхто ўжо ня зможа
Ані ў якай прыгодзе
Налажыць табе путы,
Беларускі народзе!
.........
На магілах ваякаў,
Што ляглі за саветы,
Ты, Рэспубліка, ўстала
І ўсяму сьвеціш сьвету.