Як сон маркотны, нежаданы,
Зыходзіш, вёска, з яснай явы,
А твой народ вернападданы
Імкнецца, скінуўшы кайданы,
Да новай долі, новай славы.
У поле выйдуць твае людзі
З інакшым складам і прыладай:
У грамадзе сяўба іх будзе,
Смактаць ня будзе вызыск грудзі,
Адна верх возьме думка-рада.
З жабрацкай торбай твой патомак
Ня пойдзе па сібірным шляху
Шукаць прытулку, як бяздомак:
Жудкі гісторыі абломак
Пад сказ дзён бурных згібне прахам.
Гарбы тваіх нямых курганаў,
Дзе сьпяць нявольнікі і князі,
Парэжа сталь, як нож баранаў,
І спражыць полымя буянаў,
Каб цьвет зацьвіў на гразкай гразі.
Дзе за пасёлкам лёг пасёлак,
Гіганты ўзьнімуць сьцяг бунтарны,
І ў блысках квецістых вясёлак,
Дым гасячы лучын і смолак,
Зайскрыць электрыка ўладарна,
Тваіх жалеек сьпеў гаротны
Патопча трактарнае кола,
А сейбіт твой, дасюль самотны,
Абцёршы сонцам воблік потны,
Пад крыж ня пойдзе енчыць квола.
Твае трухлявыя калёсы
Аўто бэнзынаю спапеліць,
А твой касец праставалосы
Мазольныя паломіць косы,
Гнуць плеч ня будзе ля аселіц.
Твая дзяўчына пры кудзелі
Сьляпіць ня будзе ясных вочак:
З жалеза прасьніца надзеліць
Сукном і шоўкавым кужэлем
Сваіх сялян, сваіх рабочых.
Твае сівыя забабоны
Усьмерціць радыёвы гоман,
І ў тон зайграюць зорнатонны,
Забыўшы крыўды і прыгоны.
Адвечны бор, адвечны Нёман.
Лясун з русалкаю пакіне
Палохаць сонныя сялібы
І вадзянік загіне ў ціне,
Спадзе з хацінай павуціньне,
Заскача сонца ў срыбных шыбах.
Над вежамі тваіх бажніцаў
Фабрычны комін возьме ўладу.
А звон зьбянтэжаных званьніцаў
Гудку жывучая крыніца
Заглушыць гулкім гудам-ладам.
І будуць ладзіцца год кожны
На новы лад, на новы звычай
Дзяды Кастрычнікавы збожна,
А кожны год больш пераможна
Для сьвята волі бунтаўнічай.
Так зыйдзеш, вёска, з яснай явы,
Як сон маркотны, нежаданы,
Бо твой народ вернападданы
Ідзе ўжо, скінуўшы кайданы,
Да лепшай долі, лепшай славы.
Менск, лістапад 1929 г.
|