Села пад пушчаю Восень,
Вочы ўтаропіўшы ўдаль;
Жаль ёй павяўшых дакосін,
Сьпетых дажынак ёй жаль.
Пацеры шчыра шапоча,
Нудную шэпча мальбу;
Творыць паціху уночы
Сьвету сваю варажбу.
Склікала вецер і хмары,
Кожнаму дзела дала:
Вецер завыў на папары,
З хмары павісла імгла.
Вецер, убраўшыся ў сілы,
Лесам, як вехцем, трасе,
Крыж вырывае з магілы,
Круціць салому ў страсе.
Хмара, упіўшыся морам,
Хвошча і хвошча дажджом,
Плача нязьмераным горам,
Жаліць душу, як нажом.
Вецер і хмара да хаты
Просяцца, лезуць смалой:
Вецер дзьме ў комін заўзята,
Хмара льле ў вокны залой.
Ў шчылінах сьвіст ня сьціхае.
Мусіць, варожыць, кляне,
Як-бы жывы хто ўздыхае
Ў сьлёзнай паўяве, паўсьне.
Мокрыя каплі па шыбах
Плюскаюць, хлюпчуць, бубняць,
Быццам людцоў у сялібах
Мецяць патопай даняць.
— Скуль вы? Што трэба вам, госьці,
Зваў вас які гаспадар? —
З хаты пытаецца хтосьці
Буйнага ветру і хмар.
— Восень сюды вам за кару
Выгнала нас на папас! —
Гэтакі вецер і хмара
Кідаюць хаце адказ.
І ўзноў завыў вецер жудка,
Дождж пачаў сьцёбаць сільней…
А там пад пушчай ціхутка
Моліцца Восень далей.
Зьнізвае пацеры Восень,
Вочы ўтаропіўшы ўдаль;
Жаль ёй павяўшых дакосін,
Сьпетых дажынак ёй жаль.
24-VIII 1919 г.
|