Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Маладым на вясельлі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зыйду… Маладым на вясельлі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
У зялёным садочку
Іншыя публікацыі гэтага твора: Маладым на вяселлі (Не дубок пры ніўцы ў гаі…)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЛАДЫМ НА ВЯСЕЛЬЛІ.

Ня дубок пры ніўцы ў гаі,
Ня ў лузе лілейка, —
Малады тут засядае
З сваёй дабрадзейкай.

Хто уцеху ўсю іх пойме,
Што ў душу ім льлецца,
Хто спазнае, хто пяройме
Думкі наважэнцаў?

Зышла радасьць на абое,
Бачыць сэрца сэрца,
Міла шчасьце залатое
Сьцеліцца каберцам.

З госьцяў кожны віншаваньне
Гладкім слоўцам кіне,
Маё простае жаданьне
Так-жа хай ня згіне.

Жычу меці, як нікому,
Жычу я ахвоча,
Маладой і маладому
Ўсё што толькі хочуць.

Згоду ў хатцы, спор у хатцы,
Гонар між людзямі
І ў які год дачакацца
Забавы з кумамі.

У салодкім у каханьні
Вечна варкаваці
І ня знаць, чым ёсьць расстаньне,
Злых прыгод ня знаці.

Няхай век вам ня ўбывае
Ў жыцьці сонца, кветак…
Малады і маладая,
Жывеце сто летак!

Я так жычу, так віншую,
І ня лгу здаецца, —
Хто мілуе, хто цалуе,
Ўсяго спадзяецца.

Вільня, 11-VII—1909 г.