Як дуброваў шумы
Узімку ды ў марозы, —
Замаўчэце, думы,
Не наводзьце сьлёзаў.
Хоць так горка жыці —
Рэчкай гора льецца, —
Кінь, сэрца, тужыці,
Над чым сьвет сьмяецца.
Ня ўслухайся, сэрца,
Ня ўзірайцесь, вочы,
Што у паняверцы
Даць жыцьцё захоча.
Няпраўдай вялікай,
Душа, ня смуціся, —
За агульным гікам,
Хоць і страшна, прыся,
Сэрцам к сэрцу пылка
Рынеш небарака,
Дый цярпі — памылка; —
Там лёд ці вужака.
Ой, хоць так балесьне,
Гаротнік, крапіся,
К канцу з думкай-песьняй,
Як птушка, ня рвіся.
Замрэ з жалю голас,
Вораг паб‘е крыльле,
Будзеш, як той колас
Пасярод бадыляў.
Колас зломіць бура,
З зямлёю зьмяшае,
Табе жыцьцё збура
Нянавісьць людзкая.
Дык замрэце, думы,
Сэрца ня труцеце,
Куды ветраў шумы —
Туды ў даль ляцеце.
А далей ад сьвету,
Ад людзей найдалей,
І нясеце гэту
Песьню майго жалю.
Там хоць вецер можа,
Што гуляе ў полі,
Вас не патрывожа,
Пойме маю долю.
1907 г.
|