Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Думы маркотныя…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З маркотных думак… Думы маркотныя…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Замаўчэце, думы…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Думы маркотныя…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДУМЫ МАРКОТНЫЯ…

Думы маркотныя,
Думы гаротныя,
Труціце быт мой сірочы,
Сьмех стогнам крыецца
І ў сэрцы ныецца
І плачуць жаласна вочы.

Сны неспакойныя,
Нядолі поўныя,
Спаць не даюць мне начамі:
Зданьні спужаныя,
Зданьні загнаныя
Цэлымі бачу палкамі.

Там працавітыя,
Хлебам ня сытыя,
Снуюцца людзкія цені,
На кій усьпёртыя.
Босы, абдзёртыя,
Трасуцца рукі, калені.

Адно з іх жаліцца,
Адно з іх хваліцца,
А тое дзіка сьмяецца,
І неадзетыя,
Нелюдзі гэтыя.
Стаяць жывымі здаецца.

А далей гляну я —
Там закаваныя
Такія-ж сходзяцца мары, —
Звоняць кайданамі.
Сталяй каванымі,
Рана на целе, на твары

Ланцуг ім колецца,
Галосяць, моляцца,
Вырваць іх з путаў, з няволі
І так здаваецца —
Стогн падымаецца,
Як-бы ня змоўкне ніколі.

І глянуць смутненька
І жыці трудненька,
Здаецца-б згінуў з душою,
Бачу бяздольнае,
Бачу бязвольнае
Над сваёй беднай зямлёю.

У сэрцы ныецца,
Сьмех стогнам крыецца,
І плачуць жаласна вочы…
Думы маркотныя,
Думы гаротныя,
Труціце быт мой сірочы.

1905 г.