Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/II/Навука

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Аб мужыцкай долі Навука
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Думка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Навука (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАВУКА

Знаем мы навуку,
Знаем не адну:
Дзедаў дзед праўнуку
Перадаў свайму…

Ўстаці рана-рана,
Позна легчы спаць,
Працаваць да п‘яна,
Ў поце працаваць.

Што было учора,
Мець ва ўсім гаду,
Сеяць зерне-гора,
Жаць жніво-бяду.

Абіваць парогі
Сыценькім людзям,
Кланяцца у ногі
Злыдням і трутням.

Бяспрыпыннай здавьню
Мераці зямлю,
Віць па прыказаньню
Сам сабе пятлю.

Ў брэдняў верыць кучы,
Ў што ня верыць той,
Хто нас верыць вуча
Летам і зімой.

Ў родным краю, ў хаце
Быці чужаком,
Праўданькі шукаці
Ў брата кулаком.

І душу і сэрца
Весяліць карчмой,
А як ліха ўпрэцца,
Падружыць з турмой.

З боскага суджэньня
Без пары сканаць,
За ўсе тут мучэньні
Ў пекле мук чакаць.

Гэткую навуку
Знаем не адну,
Дзедаў дзед праўнуку
Перадаў свайму.

4-VII—13 г.