Час склікаці ўжо грамаду
На вялікую нараду,
На вялікі сход!
Хай рассудзіць, хай разважаць,
Слова цьвёрдае хай скажаць,
Скажаць сам народ!
Як жыць мае, пажываці
Ў родным краю, ў роднай хаце,
Як заводзіць лад:
Ці жыць далей у няволі,
Ці разжыцца новай доляй,
Новы ўзьнесьць пасад.
Доўга людзі ўдзень блудзілі
Крыўду, сьлёзы, кроў пладзілі,
Ўсё ня ўмелі жыць, —
А сягоньня ўжо ня тое, —
Ўсходзе сонца залатое
Роўна ўсім сьвяціць.
Ходзіць ходырам сьвет цэлы,
Сьмела ў бітву йдзе нясьмелы,
Ў бой за лепшы час.
Дык і нам цапы і косы
Час браць з вышак, покі росы
Воч ня згрызьлі ў нас.
Хай званы зазвоняць з жарам,
Хай музыка ў струны ўдара!
Гэй, паўстань, народ!
За сябе сам пастаяці
І за Бацькаўшчыну-маці
Йдзі народ, на сход!
30-X—18 г.
|