Годзе брахні ўжо, падкупленых зводаў!
Годзе таптаньня праўд вечных сьвятых!
Сьцежку свабоднаму духу народу,
Сьцежку да сонца і зор залатых!
З году у год мы жылі як жывёла,
З году да году чакалі сьвятла…
Што-ж нажылі мы, як глянуць наўкола,
Што нам апека тут наша дала?
Тыя, ў дагонцы за блескам часовым;
Брацьцяў запрэглі ў нявольнічы плуг,
Тыя, таргуючы імем хрыстовым,
Цемру і здраду спладзілі ўвакруг.
*
Годзе заходняй ці ўсходняй культуры!
Для беларуса цана ім адна,
Ўсе вы, панове, аднакай натуры:
З сэрца чужога кроў сасалі-б да дна.
Вашу карысьць нам і вашы заслугі
Добра ўжо скеміў таптаны народ;
Добра вядомы і путы і пугі,
Песьціў якімі ваш Захад і Ўсход.
Мы не пакінем свае папялішчы,
З сьцежкі — наперад, ня пойдзем назад.
Сьмела здрузгочам старыя бажышчы,
Новым законам збудуем пасад.
*
Годзе нам сілу прыблудаў вялічыць
Дзецьмі, багацьцем радзімай зямлі!
Нашы загоны даўно ўжо нас клічуць,
Нашы загоны, што зельлем зрасьлі.
Досыць ішлі на чужым павадку мы
Доўгія векі бяз веры ў сябе;
Мы ўжо ня тыя, — інакшыя думы
Вырасьлі з намі, завуць к барацьбе.
Станем к змаганьню мы з ведзьмаю-крыўдай
Дружна, адважна, плячо у плячо;
Рухне старое, хоць крэпкае з віду;
Яснае, вольнае створым жыцьцё.
*
Годзе нам есьці аб‘едкі і косьці,
Злыбядзе ўсякай паклоны дарыць!
Гаспадары мы ў сябе, а ня госьці,
Час к панаваньню нам сьлед церабіць!
Тое, што ўзята маною дачэсьне,
Вечна ня будзе душыць, як прыгон;
Наша вярнуцца к нам мусіць канечне,
Гэткі ўжо быту народаў закон.
Гібне памрока душыўша ад векаў,
Сонца і зоры к сабе сьвет завуць…
Сьцежку свабоднай душы чалавека!
К вольным дням вольныя людзі ідуць!
26-XI—1919 г.
|