Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/III/Тутэйшыя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раскіданае гняздо Тутэйшыя
Трагікамэдыя
Аўтар: Янка Купала
1927 год
Паўлінка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Тутэйшыя (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТУТЭЙШЫЯ

ТРАГІЧНА-СЬМЯШЛІВЫЯ СЦЭНЫ Ў 4-х ДЗЕЯХ

АСОБЫ:

МІКІТА ЗНОСАК (Нікіцій Зносілов) — колежскі рэгістратар, 25—28 г., у першых трох дзеях барада выгалена, у 4-ай крыху барадаты.

ГАНУЛЯ ЗНОШЧЫХА — яго маці, у вольны час робіць панчоху.

ЯНКА ЗДОЛЬНІК — настаўнік, 25—28 г.

ЛЯВОН ГАРОШКА — паважны селянін, заўсёды з люлькай, агонь да яе крэсіць крэсівам.

АЛЕНКА — яго дачка, 17—19 г., крыху жвавая і вясёлая дзяўчына, адзяецца чысьценька і скромна.

НАСTА ПАБЯГУНСКАЯ — дзяўчына няведамых заняткаў. 23—25 г.; стараецца адзявацца з шыкам, але бяз густу.

ГЭНРЫХ МОТАВІЧ СЬПІЧЫНІ — Мікітавы настаўнік, сярэдняга веку, бараду і вусы голіць.

УСХОДНІ ВУЧОНЫ — носіць вялікарускую вопратку — „падзёўку“, „касаваротку“ і доўгія боты, барада калматая.

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ — носіць польскі строй — кунтуш і „конфэдэратку“, барада голеная, вусы завесістыя.

ДАМА

ПОП

СПРАЎНІК

ПАН

НЕМЕЦ

ЧЫРВОНААРМЕЕЦ у ваднэй асобе.
НАЧАЛЬНІК ПАТРУЛЯ

АБАРВАНЕЦ

Немец, двух патрульных, грамадзяне, грамадзянкі і інш.


Усё дзеецца ў Менску. 1-ая дзея адбываецца ў лютым 1918 г., 2-ая — у сьнежні 1918 г., 3-яя — у ліпні 1919 г., 4-ая — у чэрвені 1920 г.

1-ая, 3-яя і 4-ая дзеі адбываюцца ў Мікітавай хаце, 2-ая дзея — на Катэдральным пляцы, называным мянчанамі „Брахалка“.


Дзея першая

[правіць]

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Час вячэрні. Даволі абшырны пакой, беднаваты, падробнамяшчанску абстаўлены. З правага боку — бліжэй да рампы — адны дзьверы, з левага — двое. Напроць два вакны на вуліцу. Справа ў належным месцы стол, у іншых мясцох — пара малых столікаў, на адным з іх грамафон, крэслы венскія і мяккія плюшавыя. У кутку зьлева вялікае люстра (трумо). На сьценах у рамах колькі тандэтных абразоў — портрэтаў высока-пастаўленых асоб, балалайка, пажарніцкая куртка і каска.

ЗЬЯВА І

ГАНУЛЯ — ЯНКА

ГАНУЛЯ

(сядзіць і робіць панчоху; чуваць стук у дзьверы з левага боку, што далей ад рампы)

Калі ласка! заходзьце!

ЯНКА

(уваходзіць)

Выбачайце, цётачка, што так часта назаляюся вам, але, бачыце, неяк моташна зрабілася аднаму сядзець, дык вось і прышоў да вас у госьці.

ГАНУЛЯ

Ды што за цэрамоніі! Можаце гасьціць у мяне хоць кожны дзень ад раньня да вечара — мне самой весялей, бо хоць вы ў нас нядаўна закватаравалі, а ўжо лічу вас, як свайго чалавека. Толькі ня стукайце там папанску ў дзьверы, а проста ўваходзьце і ўсё тут.

ЯНКА

Дзякую вам за шчырасьць і ласку, хоць і сам ня ведаю, чым я на ўсё гэта заслужыў. (Пауза). Дзе-ж гэта гаспадар ваш малады?

ГАНУЛЯ

Паляцеў у горад таго-сяго купіць. Сягоньня імяніны яго, дык мо‘ той ці сёй здарыцца ў хату.

ЯНКА

Шкада, што я раней аб гэтым ня ведаў. То-ж належала і аб падарунку якім падумаць.

ГАНУЛЯ

Э, мой сынок! Ня тыя цяпер часы на падарункі. Гэтая вайна ды бязладзьдзе, ці як там кажуць, рэволюцыя, пахавалі тыя хвіліны, калі людзі маглі думаць і аб падарунках.

ЯНКА

А во, сын ваш не забыўся, аднак, аб імянінах?

ГАНУЛЯ

Не забыўся, бо малады яшчэ і ў галаве пуста. Падумайце, скасавалі чыноўніцтва, застаўся бяз службы і хоць-бы што, ні на грош таей сталасьці. Адно маракуе ўсё аб тым, як ізноў вернуцца нейкія там яго рангі і клясы і ўсялякае дабро само пасыпецца з неба.

ЯНКА

А што ж ён, павашаму, павінен рабіць у гэтае чыноўніцкае безрабоцьце?

ГАНУЛЯ

Што? Хоць-бы ўзяў, як іншыя, ды падвучыўся боты шыць, або хоць латаць. Ну латаў-бы, і капейка жывая была-б у хаце, а так… (Махнула рукамі).

ЯНКА

Трудна такому далікатнаму панічу за гэтакую чорную работу ўзяцца.

ГАНУЛЯ

Які там ён далікатны! Я сама з ягоным бацькам — людзі вясковыя. Мой нябожчык гаспадар жыў пры бацькох на маленькім надзеле. Адзін яшчэ сяк-так мясьціўся ў сям‘і, а як жаніўся, дык і не хапіла абаім месца. Тады мы ўзялі і пайшлі сюды ў Менск шукаць службы. Спачатку было вельмі цяжка, а пасьля нічога сабе. Я мыла людзям бялізну, а ён прыстроіўся ў акружным судзе: быў там пры вешалках і кур‘ерам. А вядома, у судзе: народу ўсялякага прыходзіць шмат, ды пакуль там хто дойдзе да вышэйшага начальства, пачынаць мусіў сьпярша ад ніжэйшага. Гэткім ладам недастачы вялікай не цярпелі, ды нават хлопца свайго праз усялякія там навукі да чыноўніцтва давялі. Пасьля мой памёр, вечны яму пакой, а я засталася адна са сваім Мікіткай. Так што, як бачыце, ніякай далікатнасьці нямашака.

ЯНКА

А я спачатку меркаваў іначай. Бо дзе-ж там! Ён гэтак заўсёды хоча сябе паказаць, як-бы сам губарнатар.

ГАНУЛЯ

Гэта, мабыць, ён наглядзеўся, бо служыў у губарнатарскай канцэлярыі за нейкага там рэгістратара.

ЯНКА

Ах, вось яно што! Але гэта не бяда. Калі ён вышаў родам з сялян, то ніякай працы не павінен чурацца, асабліва павінна яго пацягнуць туды, адкуль прышоў, на вёску, дзе столькі поля някратанага ляжыць. І мне здаецца, што яго туды пацягне.

ГАНУЛЯ

Ня цягне яго і туды, мой саколік, ой, ня цягне! Стары згарусьціў быў лішнюю сотню, маніўся кусочак зямлі з хатай купіць, але ня ўсьпеў. А яму, свайму Мікітку, што я наталкавалася, каб зьісьціў бацькаву думку, — не паслухаў. Цяпер ні зямелькі з хатай, ні грошай… А мне ўжо старасьць на носе. Як падумаю, што бяда зноў прыцісьне, што зноў прыдзецца людзям бялізну мыць, дык аж рукі вянуць ад нейкага жалю горкага.

ЯНКА

Э, цётачка! Ня так ужо дрэнна, як вам здаецца. Устаткуецца ваш Мікітка з часам і пойдзе па розум да галавы. А цяпер ён-жа яшчэ малады ў вас.

ГАНУЛЯ

Ды разумеецца малады, яшчэ зусім малады! Яно-ж і наракаць на яго роднай маці гэтак не выпадае, але падчас, як прыдзе нешта нейкае, дык і гаворыш, і гаворыш; спачатку палягчае на сэрцы, а пасьля і шкадуеш. Ён-жа маё родненькае дзіцё, ды адзін, як той васілёк у жыце.

ЯНКА

(на бок)

О, гэтакіх адных у нас многа, толькі-ж яны не васількі, а праклятае зельле на нашай беднай зямлі! (Ходзіць па пакоі).

ЗЬЯВА ІІ

ГАНУЛЯ — ЯНКА — МІКІТА

МІКІТА

(уваходзіць з пакупкамі)

О, меджду протчым і профэсар у нас! Здрасьціце!

ЯНКА

Майму кватэрнаму гаспадару нізка кланяюся! Апрача гэтага пазвольце, пане рэгістратар, павіншаваць вас з імянінамі. Жычу вам надзець шліфы калежскага асэсара.

МІКІТА

Дзякую, меджду протчым, дзякую! Шчыра мяне цешыць, што вы аб гэтым не забыліся. Жадаю, каб і праз год мы ў гэтай кватэры віншаваліся.

ЯНКА

Аб гэтым трудна загадзя варажыць, бо я ў скорасьці зусім выяжджаю з Менску на вёску.

ГАНУЛЯ

Як-жа гэта, пане настаўнік? Мы ўжо да вас прывыклі, што мне здавалася, ніколі не разлучымся.

ЯНКА

Там, на вёсцы, я патрабней, чымся тут, а да таго — ня люблю я гораду: вельмі ўжо ў ім цяжкае паветра.

МІКІТА

(да Ганулі)

Меджду протчым, мамаша, прышыкуйце закуску, бо незадоўга і госьці зьбяруцца. (Стаўляе на бок пляшку).

ЯНКА

Эгэ! І пляшку бачу. А кажуць, што няможна дастаць…

МІКІТА

Усё можна, толькі асьцярожна. (ГАНУЛЯ зьбірае пакупкі). Вось тут селядцы, во, цыбуля да іх, а вот сала, а тут… меджду протчым — кілечкі… пальцы госьцікі абліжуць. (ГАНУЛЯ з пакупкамі выходзіць).

ЗЬЯВА III

ЯНКА — МІКІТА

ЯНКА

Гучны, як уважаю, баль у вас будзе.

МІКІТА

О, так! У нашым чыноўніцкім становішчы іначай няможна. Як чуць што зблышыў, дык і пачнуцца ўсялякія суды ды перасуды: адзін будзе казаць, што па службе атрымаў паніжэньне, другі — што ў карты прагуляўся, а трэці — што скнэра, а гэта — найгорш, і так пайшла пісаць губэрня, — не адцярэбішся. Становішча, меджду протчым, пане мой, абавязвае.


ЯНКА

А вы плюнулі-б на тое, хто што кажа, ды жылі сваім адумам. Пры тым, якое тут чорта чыноўніцкае становішча, калі яно ўжо не стаіць, а ляжыць, ды як яшчэ ляжыць — як трухлявая калода!

МІКІТА

Меджду протчым, гэта яно ляжыць так сабе — да часу, а потым зварухнецца і падымецца.

ЯНКА

Чакай, бабка, Пятра!.. Пакуль ваша гэта становішча ўстане, то вас саміх чэрві паточаць. Ды скажэце, калі ласка, каму і нашто патрэбна гэта ваша з мёртвых паўстаньне? Ды каму, якую тут карысьць вы прыносілі, як яшчэ стаялі?

МІКІТА

Мы цьвёрда стаялі на варце сьвятога расійскага самаўладзтва і баранілі тутэйшую рускую народнасьць ад „інародчаскага засільля“. Во яно што, меджду протчым!

ЯНКА

Няма чаго казаць — баранілі! У лапці абувалі, з торбамі пушчалі, ды ў сібірскія катаргі вывозілі. Гэта называецца — баранілі!

МІКІТА

А што вы, новасьпечаныя рэспубліканцы, хэ-хэ-хэ! беларусы ці як там… што вы маніцёся бараніць, бо дагэтуль, меджду протчым, вы яшчэ нічога не ўбаранілі.

ЯНКА

Мы баронім саміх сябе ад вашай навалы.

МІКІТА

А, меджду протчым, нічога ня выходзіць: вашы сходкі ці там зьезды раскідаюцца, а саміх на казённы хлеб садзяць. Хэ-хэ-хэ! раскідаюць, — во, і ўсё тут.

ЯНКА

Але, раскідаюць, але! Толькі-ж думак нашых і сам люцыпар не раскідае, — бо мы служым вялікай ідэі вызваленьня.

МІКІТА

Усё гэта глупства. Меджду протчым, ідэя — вельмі скупая пані: ні шэлега сваім слугам ня плаціць, хоча, каб на яе ўсе дарма працавалі. А ў мяне, хэ-хэ-хэ! пане профэсар, душа рэальная: хто мне лепей плаціць, таму і служу і кіхаць хачу на ўсякія ідэі. Мая лінія жыцьця вельмі простая.

ЯНКА

Памыляецеся, пане рэгістратар. Ваша лінія ня простая — а крывабокая, — цямняцкая ваша лінія, і ўжо вядзе вас туды, адкуль не варочаюцца.

МІКІТА

(стукаючы кулаком па стале)

Меджду протчым… меджду протчым… вы мяне абражаеце. Я не цямняк, пане… пане дырэктар беларускай басоты.

ЯНКА

Выбачайце, я крыху пагарачыўся. (Выходзіць у свой пакой).

ЗЬЯВА

ІV

МІКІТА — ГАНУЛЯ

ГАНУЛЯ

(увайшоўшы пры апошніх словах Мікітавых)

Ты ізноў з ім павадзіўся?

МІКІТА

Меджду протчым, я з ім ня вадзіўся, а толькі аб політыцы паспрачаўся.

ГАНУЛЯ

(накрывае стол)

Гэтымі сваімі спрэчкамі людзям толькі кроў псуеш.

МІКІТА

Псуюць і яны мне. Не магу-ж я, меджду протчым, мамаша, набраць у губу вады і маўчаць, калі ён бэсьціць мае жыцьцёвыя погляды. Меджду протчым, абавязак мой — паказаць гэтым новым завадзілам іхняе належнае месца. Хай знаюць, што і мы тое-сёе ў політыцы кемім. Апрача таго, здаецца, што ад нашага кватаранта бальшавіцкім духам пахне, а мне ад гэтага паху ў носе круціць.

ГАНУЛЯ

А калі бальшавік, дык што? Бальшавік таксама чалавек.

МІКІТА

Можа чалавек, а можа і не, бо з нашымі рангамі і клясамі абходзіцца зусім не пачалавецку. (Пауза). Меджду протчым, мамаша, я папрашу вас… я гэтага хачу… З-паміж іншых гасьцей будуць у мяне сягоньня: адна мадам, поп, спраўнік і пан. Вось, калі хто з іх зьвернецца да вас з якім словам, то вы старайцеся адказваць у нос і меней ужывайце простых выразаў. Калі з мадамай зойдзе гутарка, то не кажэце — панечка, а мадам-сіньёра, калі з папом, то — ня бацюшка, а ацец духоўны, калі з спраўнікам, то — ня пан спраўнік, а ваша родзіе, а калі з панам, то — ня проста пане, а — ясьне пане грабя. Усё гэта тутэйшыя грата-пэрсоны, меджду протчым, людзі аднальковага са мной сьветагляду і амаль што не аднальковых рангаў, так што хачу я, каб яны ведалі, што і радня мая ня ніжэй стаіць ад іхняй радні.

ГАНУЛЯ

Ну і госьці! Адкуль ты іх выкапаў? Яны-ж уперад у нас ня бывалі.

МІКІТА

Ня бывалі… ня бывалі… Меджду протчым, уперад была іншая політычна-экономічная сытуацыя, пры якой ня ўсюды яны маглі пабываць, а цяперака, як з большага рангі і клясы абшліфаваліся, вось яны, гэтыя мае госьці, і складаюць нам першым візыту.

ГАНУЛЯ

А хай-бы ляпей не складалі, а то скачы перад імі няма ведама як!

МІКІТА

Вы толькі, меджду протчым, мамаша, адказвайце, як я вас вучыў, а ўсялякіх іншых цэрамоній буду я сам даглядаць. Ага, яшчэ адно: як будзеце вітацца, то адну нагу на зад адцягвайце — рабеце рэваранс. А важней за ўсё, старайцеся як найгусьцей у нос.

ГАНУЛЯ

(махнуўшы рукой)

У нос, дык у нос!

(Уваходзіць ЯНКА).

ЗЬЯВА V

МІКІТА — ГАНУЛЯ — ЯНКА

ЯНКА

(увайшоўшы, да Ганулі)

Вось я ўспомніў, цётачка, адну сваю справу і мушу прасіць вашай у гэтым помачы. Надовечы я атрымаў ліст з вёскі ад сваёй быўшай вучаніцы, у якім піша яна, што з бацькамі сваімі прыедзе ка мне у госьці. А гэта можа здарыцца нават сягоньня. Усё было-б добра, але бяда ў тым, што яны тут ня маюць нікога знаёмага, дык ня будзе ім дзе…

ГАНУЛЯ

… Пераначаваць. Ну, гэта не бяда! Можна будзе і ў нас. Ложкаў, праўда, лішніх няма, дык во тут на падлозе што-небудзь падмосьцім і перасьпяць ноч.

МІКІТА

Яно так, меджду протчым, але у мяне сягоньня важныя госьці будуць, дык можа вашым гасьцём гэта будзе не па нутру?

ЯНКА

Я пастараюся, каб яны вам і вашым важным гасьцём не заміналі.

ЗЬЯВА

МІКІТА — ГАНУЛЯ — ЯНКА — НАСТА

НАСТА

(высоўваючы галаву з правых дзьвярэй)

Ці можна?

МІКІТА

Калі ласка! Меджду протчым, просім, просім!

НАСТА

(уваходзіць)

Добры вечар! Як жывы-здаровы?

МІКІТА

Дазвольце пазнаёміць: мамзэль Наста Пабягунская — настаўнік Янка Здольнік, меджду протчым, гэта той… хэ-хэ-хэ!.. беларус, аб якім я ўжо вам успамінаў… хэ-хэ-хэ! Ня улюбецеся толькі.

НАСТА

(да Янкі)

Вельмі цікава з вамі пазнаёміцца! Нам такіх як найболей патрэбна.

ЯНКА

Дзякую за гонар! (На бок). А для нас і ня цікава і не патрэбна такое знаёмства.

НАСТА

Ці ня можна ад гэтых паноў дзе на хвіліну мне схавацца?

(Паказвае на мігі, што мусіць папудравацца і паправіць валасы).

ГАНУЛЯ

Можна, можна! Пойдзем са мною ў другі пакой. (Вышлі).

ЗЬЯВА VІІ

МІКІТА — ЯНКА

ЯНКА

Праўдзівая Пабягунская. Хто яна такая?

МІКІТА

Так сабе — надта мілая і сымпатычная, меджду протчым, мамзэль. На ўсе бакі вядзе шырокае знаёмства. Мае заўсёды аб усім і аб усіх з пэўных крыніц пэўныя весткі, любіць заўсёды і ўсюды, дзе трэба і ня трэба, уткнуць свае тры грошы. Меджду протчым, павінен вам сказаць, што яна першая ды, мабыць, апошняя слабасьць майго сэрца. Колькі раз рабіў ужо ёй асьведчыны, каб, значыцца, аддала мне сваю руку, але штось ня клеіцца. Кажа, як будзеце асэсарам, тады выйду, а за рэгістратара, кажа, не хачу. І хоць ты ёй з пальца высьсі тое асэсарства, а падавай і ўсё тут. Але я надзеі ня трачу. Зьменяцца політычныя сытуацыі, атрымаю ад начальства асэсарскую рангу, і мамзэль Наста будзе маёй, бо асоба, як бачыце, спрытная.

ЯНКА

Спрытная, спрытная! Але і пры зьмененых сытуацыях каб вы толькі з сваім асэсарствам і з гэтай мамзэляй ня вылецелі ў трубу. (Вышаў у свой пакой).

МІКІТА

Зайздрасьць яго так і разьбірае, меджду протчым.

(Дастае з шуфляды ў стале чыноўніцкія адзнакі і перад люстрам прымяркоўвае іх. Уваходзяць НАСТА і ГАНУЛЯ).

ЗЬЯВА VІІІ

МІКІТА — НАСТА — ГАНУЛЯ

НАСТА

Аей, што я бачу?! Бяз усякае цэрамоніі нашаму дзявоцкаму стану конкурэнцыю робіце: — як кокетка, фліртуеце з люстэркам. А яшчэ калежскі рэгістратар!

МІКІТА

Але і мамзэль Наста, меджду протчым, сягоньня падфуфырылася, як на баль-маскараду ў Белую залю.

НАСТА

На баль, як на баль, а з гасьцямі спаткацца прыдзецца, дык чаму-ж крыху і не паднядзеліцца?

МІКІТА

А так, так! На тое-ж сягоньня мае імяніны.

НАСТА

Ды я не аб імянінных гасьцёх.

МІКІТА

Аб якіх-жа гасьцёх яшчэ, меджду протчым?

НАСТА

Які-ж вы недагадлівы!

МІКІТА

Ах, ужо ведаю-вы аб немцах!?

НАСТА

Няўжо-ж аб кім? Я з пэўных крыніц маю пэўныя весткі, што яны яшчэ сягоньня будуць у Менску.

МІКІТА

О, ліханька! Каб хаця не ўваліліся на імяніны, а то сапсуюць усю абедню. А так, меджду протчым, хай сабе ідуць, гэта мне пад руку — буду зноў засядаць у губарнатарскай канцылярыі.

НАСТА

Ого! так адразу. А я чула ад пэўнай асобы, што немцы як прыходзяць, то першым чынам направа і налева хапаюць усіх на работы — капаць акопы, а гэта не губарнатарская канцылярыя.

МІКІТА

Хэ-хэ-хэ! Я ўжо ведаў аб гэтым і загадзя забарыкадаваўся. Глядзеце! (Зьнімае з сьцяны і надзяе пажарніцкую куртку і каску)

НАСТА

І што гэта значыць?

МІКІТА

А тое, што немцы пажарнікаў на работы не бяруць. Ну, вось я і падумаў аб гэтым раней і ўпісаўся ў Менскую пажарную дружыну. (Чуваць зьлева званок). Ай, госьці ідуць! Меджду протчым, мамаша, завесьце чым-небудзь вокны, можа-коўдрамі… а я пабягу спаткаць.

(Выбягае. ГАНУЛЯ завешвае вокны. НАСТА круціцца каля люстра. Уваходзяць ГОСЬЦІ ў парваных верхніх вопратках, якія МІКІТА зьнімае і выносіць у другі пакой. ПОП апускае падоткнутыя полы сутаны. Пасьля прывітаньня ГОСЬЦІ рассаджваюцца і крытычным вокам аглядаюць кватэру).

ЗЬЯВА ІX

МІКІТА — НАСТА — ГАНУЛЯ — ДАМА — ПОП — СПРАЎНІК — ПАН

МІКІТА

(як госьці ўвайшлі і разьдзеліся, надскакваючы)

Міласьці прашу! Прашу пакорна! Маю гонар пазнаёміць меджду протчым, мая мамаша, а гэта — мамзэль Наста Пабягунская.

ДАМА

(углядаючыся пільна цераз акуляры з ручкай на Мікіту)

Што гэта ў вас, мусье, за такі орыгінальны ўбор? Напамінае сабой форму а ля кум пажарны.

МІКІТА

(глянуўшы на сябе)

Мадам-сеньёра, вы згадалі. Гэта… Як яно… гэта… меджду протчым, прынёс мне мой прыдворны кравец для меркі, а я так захапіўся найясьнейшымі гасьцямі (ГОСЬЦІ ківаюць галовамі), што і забыўся зьняць. Меджду протчым, я заказаў сабе гэты віц-мундзір з пэўнай мэтай… Прыходзяць немцы, пачнуцца балі, рауты, маскарады, а ў мяне во і гатоў маскарадны касьцюм. Але, выбачайце, найясьнейшыя госьці, — пайду ўжо скіну, меджду протчым.

(Выходзіць і варочаецца ў чыноўніцкай форме з усімі адзнакамі).

ДАМА

(ізноў узіраючыся на Мікіту)

Ах, мусье! але вы фарсун: у вас мундзір са шліфамі.

МІКІТА

А гэта зроблена спэцыяльна для маіх, меджду протчым, найславутнейшых гасьцей: хацеў прыняць іх, як і калісь прымаў розных дастойных асоб.

СПРАЎНІК

Тады дазвольце і я свой мундзір удастойню.

(Дастае з кішэні пагоны і прышпільвае. ДАМА памагае. Чуваць званок. ГАНУЛЯ выходзіць і прыводзіць з сабой АЛЕНКУ і ГАРОШКУ, які, уваходзячы ў хату, выбівае аб пазногаць попел з люлькі).

ЗЬЯВА X

ТЫЯ-Ж — АЛЕНКА — ГАРОШКА

АЛЕНКА

(узіраючыся ў пісульку)

Ці тут жыве дзядзька… як яго?! дзядзька Мікіта Зносак?

МІКІТА

І ня дзядзька, і ня Мікіта, і ня Зносак, а тут жыве, меджду протчым, колежскі рэгістратар Нікіцій Зносілов.

АЛЕНКА

Я… Я ня ведаю…

МІКІТА

А калі ня ведаеце, то чаго улезьлі ў чужую хату, меджду протчым.

АЛЕНКА

Бачыце, мы з таткам шукаем нашага настаўніка Здольніка.

ГАНУЛЯ

Ах, так-бы адразу і сказалі, дзеткі! Ён тут. Зараз паклічу, (Стукае ў Янкавы дзьверы). Пане настаўнік! Да вас госьці прышлі.

ЗЬЯВА

ТЫЯ-Ж — ЯНКА

ЯНКА

(увайшоўшы і вітаючыся)

Вось мілыя, дарагія госьцікі! А я ўсё разважаў, ці прыедзеце сягоньня, ці не. (Да ГАНУЛІ). Гэта, цётачка, тыя самыя падарожнікі, аб якіх я вам успамінаў: мая найздальнейшая вучаніца Аленка, а гэта бацька яе, Лявон Гарошка — найлепшы гаспадар з усяго сяла.

ГАНУЛЯ

(прыпамінаючы)

Лявон Гарошка… Лявон Гарошка… Як-жа гэта так? Ці вы ня з Дуброўкі?

ГАРОШКА

Але, мая мілая, з Дуброўкі!

ГАНУЛЯ

Ну, цяпер успомніла! Гэта-ж мы блізкія сваякі: твой дзед і мая бабка былі родныя брат і сястра. Але чаго-ж мы стаім? Сядайце, мае даражэнькія! Пане настаўнік, папрасеце, каб селі.

(Сядаюць воддаль ад іншых ГАСЬЦЕЙ).

МІКІТА

(адыходзіць ад сваіх гасьцей, да Ганулі, на бок)

Меджду протчым, мамаша, выехалі з гэтым сваяцтвам, як з козамі на торг! Перад маімі гасьцямі ўсю мне рэпутацыю папсавалі. Хаця ня ўздумайце яшчэ за стол іх садзіць.

(Чуваць з двух бакоў званок. ГАНУЛЯ меціцца ісьці адчыняць, але заклапочана тым, у якія дзьверы ўперад пайсьці).

НАСТА

(падбегшы да Ганулі)

Вы, мадам, ідзеце адчыняць тыя дзьверы, а я адчыню гэныя. (Выходзяць)

МІКІТА

Каго там яшчэ нялёгкае нясе?!

(Уваходзяць адначасова з абаіх дзьвярэй УСХОДНІ ВУЧОНЫ і ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ, разглядаючыся: УСХОДНІ — праз падзорную палявую трубу, ЗАХОДНІ — праз бінокль, не заўважыўшы спачатку адзін аднаго).

ЗЬЯВА XІІ

ТЫЯ-Ж — УСХОДНІ ВУЧОНЫ — ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

МІКІТА

(да гасьцей, як увайшлі вучоныя)

Гэта адны з маіх добрых знаёмых, меджду протчым, паны вучоныя. Сустрэў іх надовечы на Губарнатарскай вуліцы, дзе шукалі праўдзівых тыпаў беларускіх. Я сказаў, што адзін такі тып кватаруе ў мяне, — вось, відаць, і прышлі паглядзець. Паміж іншым, адзін з іх Усходні вучоны, а другі — Заходні.

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

(стукнуўшыся з Заходнім)

Чорт подзеры!

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

Пся крэв!

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

Ізьвініце, судар!

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

Пшэпрашам пана!

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

І вы зьдзесь?

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

І пан ту?

(Абодва кланяюцца адзін аднаму і прысутным).

МІКІТА

(вітаючыся з вучоным)

Добра трапілі, меджду протчым, паны вучоныя. Вось той хэ-хэ-хэ! беларус, аб якім я вам казаў. (Да ЯНКІ). Пане настаўнік, гэта — паны вучоныя, якія вельмі цікавяцца вашым, хэ-хэ-хэ! беларускім пытаньнем.

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

Так вы это і есьць настояшчый белорус?

ЯНКА

Але, пане вучоны! дый не адзін. (Паказваючы на АЛЕНКУ, ГАРОШКУ, ГАНУЛЮ). Во яшчэ адзін беларус і дзьве беларускі.

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

(паказваючы на іншых)

А це тожа белорусы?

ЯНКА

А так, так! Вы згадалі: яны самдзеле тожа-беларусы, з пароды рэнэгатаў і дэгэнэратаў.

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

Паньске імен і назьвіско?

ЯНКА

Янка Здольнік, пане вучоны.

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

(запісваючы ў нататкі, голасна)

Януш Здольніцкі. Незаводне тып Всходнё-Крэсовэго поляка з немалон дозон крві познаньско-гуральскей. Людносьць абэцне розкшэвя сень на две галэньзі родовэ: племен бялорусінув і племен тэж-бялорусінув з походзэня рэнэгатув і дэгэнэратув. Мова ойчыста — огульно-польска, незвычайне удосконалёна, ено з велькон домешкон незрозумялых слув.


УСХОДНІ ВУЧОНЫ

(таксама запісваючы ўперамежку з Заходнім вучоным)

Іоан Здольніков. Ісьцінно-русскій ціп Северо-Западной Обласьці і безусловно з прымесью монгольско-фінской крові. Народносьць ныне распадается на две родовыя ветві: племя — белорусы і племя — тожэ-белорусы, ісходзяшчэе от ренегатов і дзегенератов. Родной язык — обшчэрусскій, веліколепно усовершенствованный, но с большой прымесью непонятных слов.

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

А тэраз пан бэндзе ласкав поінформоваць, як на белорускім нажэчу бжмі назва ойчызны вашэй?

ЯНКА

Беларусь, пане вучоны.

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

(запісваючы)

Пшы баданю бялорусіна высьветлёно надзвычайнон особлівосьць, а мяновіце: вбрэв гісторычным, еографічным, этнографічным, лінгвістычным і дыплёматычным баданём і розправом вшэхпольскім, ойчызнэн свон бялорусіні называён Бялорусь.

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

(запісваючы ўперамежку з Заходнім вучоным)

Пры опросе белоруса выясьнено необыкновенную особенносьць, а іменно: вопрэкі історычэскім, географічэскім, этнографічэскім, лінгвісьцічэскім і дзіпломацічэскім всероссійскім ісследованіям і трудам, — оцечество своё белорусы почэму-то называют Белоруссія.

(ВУЧОНЫЯ канчаюць пісаць адначасова, бяруцца за падзорныя трубы, азіраюцца. Пауза).

МІКІТА

Што, мусьі вучоныя, сэанс ужо ўвесь, меджду протчым?

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

Весьма вам благодарен! Моі научныя ісследования на сегодняшній дзень окончэны. Чэсьць імею кланяцься!

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

Незьмерне пану вдзенчны естэм. Мое баданя навукова на дзень дзісейшы сон закончонэ. Мам гонар пожэгнаць пана!

(ВУЧОНЫЯ Выходзяць, кожны праз другія дзьверы, якімі быў увайшоўшы. МІКІТА, кланяючыся, праводзіць іх да дзьвярэй, далей — ГАНУЛЯ і НАСTА, якія хутка варочаюцца назад).

ЗЬЯВА XІІІ

ТЫЯ-Ж (бяз вучоных)

ЯНКА

(да праходзячага міма яго Мікіты)

У вас сягоньня, пане рэгістратар, праўдзівы арыстократычны баль, не забыліся нават і аб інтэрмэдыі.

МІКІТА

А гэта, меджду протчым, што за такая страва?

ЯНКА

Ня страва, мой пане, а такая маленькая комэдыя ў вялікай трагікомэдыі.

АЛЕНКА

Мне — як мне, а татку — адно цыбук звоніць аб зубы: ці-то са страху, ці-то з вялікай пашаны да вучоных.

МІКІТА

Не разумею. (Ідзе да сваіх гасьцей).

ЯНКА

(да Аленкі і Гарошкі)

Як-жа вам спадабаліся гэтыя, не пры людзёх кажучы, вучоныя?

ГАРОШКА

Ня пры мне пісаны гэтыя вашыя вучоныя — вот і ўсё тут!

ДАМА

(да Мікіты)

Вы, мусье рэгістратар, зрабілі нам сягоньня папраўдзе мілую неспадзеўку гэнымі дзьвюма пэрсонамі, якія толькі што вышлі. Тут у Менску так трудна спаткаць праўдзівага вучонага.

МІКІТА

Та-а-к, гэта важныя вучоныя. Але мы не такіх яшчэ пабачым, як будзе ў нас у Менску, меджду протчым, унівэрсытэт.

ПОП

Понеже есьць в Мінске духовная семінарыя, то воісьціну ізлішне обрэтаць універсіцет, гдзе будзет провозглашацься греховное сьветское учэніе.

СПРАЎНІК

Памойму, таксама унівэрсытэт непатрэбен, бо завядуцца студэнты, а з імі заўсёды столькі для поліцыі клопату. (Пауза).

МІКІТА

(да Ганулі)

Меджду протчым, мамаша, ці не далі-б чаго закусіць нам, бо салавей аднымі песьнямі сыт ня бывае.

(ГАНУЛЯ падае закускі. ГОСЬЦІ садзяцца за стол. ПОП у цэнтры)

ГАНУЛЯ

(падаўшы закуску да Янкі, Аленкі і Гарошкі).

Калі ласка, прашу за стол.

ГАРОШКА

(хрысьцячыся)

Што вы, свацейка?! Я — і такія важныя асобы… яшчэ з лаўкі звалюся з перапуду. Не, не!

ЯНКА

(да Ганулі)

Мы пяройдзем у мой пакой, каб вам не замінаць.

ГАНУЛЯ


О, не! Павінны сягоньня тут сядзець. Як-ні-як Мікіткавы імяніны. Калі ня хочаце да ўсіх, то я вам сюды падам закускі.

ГАРОШКА

І гэтага, свацейка, ня трэба. Калі пазволіш, то ў мяне ёсьць сёе-тое ў торбе, вот мы і закусім.

ГАНУЛЯ

Рабіце, што хочаце, а толькі з хаты ня пушчу!

(Ідзе да ГАСЬЦЕЙ. ГАРОШКА дастае з торбы сваю закуску і раскладае на століку).

МІКІТА

(да Ганулі на бок).

Меджду протчым, мамаша, я вас прасіў не запрашаць іх, а вы ўсё сваё правіце. (Да ГАСЬЦЕЙ). Цяпер, найясьнейшыя госьці, калі ўсе мы ўжо ўселіся, можна пачынаць. (Падымаючы чарку). За здароўе дастойных, меджду протчым, гасьцей!

ГАЛАСЫ

О, не! не! За здароўе імяніньніка! Віват! Ура!

МІКІТА

Дзякую, пакорна дзякую! Толькі я мушу ў вас, меджду протчым, мадамы і мусь, папрасіць прабачэньня за скромную, вельмі скромную вячэру. Сучаснае рэволюцыйнае забурэньне, выклікаўшае часовы ўпадак рангаў і клясаў, падкасіла і экономічныя падваліны дабрабыту рускай інтэлігенцыі, так што, калі і скромная вячэра, то не па маёй пэрсональнай віне.

ДАМА

Не вячэра скромная, а вы самі, мусье Зносілов, вельмі скромны. Цяпер такую закуску можна спаткаць толькі ў надта высокіх асоб.

ПОП

В нынешнія времена дажэ его прэосвяшчэнство воззавідовало-бы сіім блюдам.

ПАН

Ой, часы, часы! Весялей жылі нашы бацькі.

СПРАЎНІК

Ды што — бацькі? Я сам як жыў! Фю-фю!

ДАМА

(дапіваючы чарку)

Але напітак ваш, мусье Зносілов, цудоўны — нічым амброзія.

МІКІТА

Мадам-сіньёра, вы згадалі! Так яно і ёсьць: самая натуральная амброзія знамянітай тутэйшай фірмы — а ля самагонка, дастаўленая мне з вінных складаў „Піліп і Ко“.

ГАНУЛЯ

(да дамы)

Панечка… Мадама музей! Калі ласка, вось гэты далікатны кусочак яшчэ!..

ДАМА

Мэрсі, мэрсі, мадам!

МІКІТА

(да Ганулі на бок)

Меджду протчым, мамаша, не мадам музей, а мадам-сіньёра… Ці-ж гэта так цяжка? Ды ў нос, у нос! (да ГАСЬЦЕЙ). А цяпер, высокашанаваныя госьці, падымем тост за нашых наймілейшых мадамаў і мамзэляў.

ГАЛАСЫ

Хай жывуць! Хай цьвітуць нашы кветкі, наша асалода! Віват! Ура!

ПОП

Разверзіся врата адовы і сам анціхрыст со своім сонмом сьвятой Русью завладоша, ежэлі созерцаць всё творымое ныне.

СПРАЎНІК

Ні поліцыі, ні поліцмайстраў!..

ПАН

Ні маёнткаў, ні бравароў!

ДАМА

Ні раутаў, ні журфіксаў!

МІКІТА

Ні рангаў, ні клясаў, меджду протчым!

НАСТА

А, памойму, што-небудзь ды ёсьць. Ёсьць, напрыклад, свабода: што хачу, тое раблю. Узяць хоць-бы тое: хто калі да рэволюцыі ў Менску лузаў семячкі? — ніхто! А цяпер усе і ўсюды — і дома, і на вуліцы, і нават у тэатры лузай сабе ды лузай, шапку на вушы нацягнуўшы…

ГАНУЛЯ

(да папа)

Бацюшка духавы, сьвяты ўгоднік! Калі ласка, яшчэ вось гэты таўсьцейшы кусочак.

ПОП

Благодарствую, матушка, благодарствую!

МІКІТА

(да Ганулі на бок)

Меджду протчым, мамаша, не сьвяты ўгоднік, а ацец духоўны… (Да ГАСЬЦЕЙ). Цяпер я, высокія госьці мае, прапаную тоста…

НАСТА

Не, не! Я цяпер тоста прапаную. За немцаў. Хай жывуць немцы!

ГАЛАСЫ

Хай жывуць! Віват! Ура!

(Няпрыемная пауза. Усе пераглядаюцца паміж сабой).

ДАМА

Можа дарагія гаспадары дазволяць нам устаць?

ГАНУЛЯ

Калі ласка! Выбачайце толькі за недахватку ў ядзе.

ГАЛАСЫ

Сыты!.. вельмі сыты!.. дзякуем!.. дзякуем!..

(Выходзяць з-за стала і расьсядаюцца).

ПОП

Не время-лі подумаць нам і о ложэ в очаге домашнем.

МІКІТА

І зусім яшчэ ня час, меджду протчым, няйясьнейшыя госьці, вось адсунем стол і…

ДАМА

…Патанцуем, мусье Зносілов?

МІКІТА

Мадам-сіньёра, вы згадалі.

ДАМА

А вы, мусье рэгістратар, мае слабасьці адгадалі. Я ўміраю бяз танцаў.

МІКІТА

Ах, як я рад! Мусьі, згодны на гэта?

ГАЛАСЫ

Згодны! Згодны!

ДАМА

А як з музыкай?

НАСТА

А грамафон нашто?

МІКІТА

О, не, не! Толькі не грамафон. Вельмі ён крычыць, а я чалавек асьцярожны, меджду протчым.

ГАНУЛЯ

Дык на балалайцы, сынок, сыграй: голас у ёй ціхі.

МІКІТА

Калі-ж я сам хачу патанцаваць. Можа папрасіць каго?

ГАНУЛЯ

Я папрашу нашага дзядзьку-беларуса — ён умее.

НАСТА

Не, мадам, я лепей папрашу, і ён не адкажа. Я з пэўных крыніц ведаю, што беларусы падатлівы народ. (Бярэ балалайку і падходзіць да Янкі). Сябра беларус, пайграйце нам.

ЯНКА

З ахвотай. Хоць раз паскачаце і вы пад маю дудку.

(Грае вальца. Пачынаецца танец: МІКІТА — з ДАМАЙ, СПРАЎНІК — з НАСТАЙ, ПАН — з ГАНУЛЯЙ, ПОП, ГАРОШКА і АЛЕНКА не танцуюць. Вальц з фігурамі, бяз шаржу, крыху пануры).

ДАМА

(як скончылі танец, да Мікіты)

Вы, мусье рэгістратар, праўдзівы артысты ў вальцы. Я ачаравана вашымі віртуознымі „па“.

МІКІТА

Мадам-сіньёра, вы цераз лад ка мне міласьцівы. Калі і выходзіць у мяне такое-сякое, меджду протчым, „па“, то мушу быць удзячным нашаму з Юраўскай вуліцы танц-клясісту Грачаніну. У яго я скончыў курс гэтых навук.

ДАМА

Я заўважыла адразу, што вы прайшлі добрую адукацыю. (Пауза).

СПРАЎНІК

Выражаючыся на сучасны лад, бяру сабе слова і ўношу пропозыцыю пакінуць спрэчкі і без рэзолюцыі пайсьці дамоў.

МІКІТА

Я протэстую, меджду протчым!

ДАМА

Мусье Зносілов, наша большасьць.

МІКІТА

Паддаюся, толькі-ж ня большасьці, а вашаму аднаму голасу, мадам-сіньёра.

Шаблон:АОЦ

МІКІТА

(перад выходам гасьцей)

Мадамы і мусьі! мы з мамашай, меджду протчым, вас нямножка правядзём. (Вышлі).

ЗЬЯВА XІV

ЯНКА—АЛЕНКА—ГАРОШКА

АЛЕНКА

(пырснуўшы сьмехам)

Ха-ха-ха! Ну і панскае ігрышча, дык ігрышча! Ха-ха-ха!

ГАРОШКА

(выняўшы люльку з зубоў)

Цьфу! Няма на іх доўгай пугі.

ЯНКА

Але дзядзька густа іх сваёй піпкай падкурваў. Бачыў, як насамі круцілі ды кіхалі.

ГАРОШКА

А як іначай з гэткімі? — куралём іх, куралём! Шкада толькі, што маці гэтага імяніньніка ў гэтакую кампанію ўпуталася.

АЛЕНКА

(З удаваным смуткам)

Не ляжыць у таткі сэрца да іх, ой, не ляжыць!

ЯНКА

Цікава, да каго-ж у цябе, Аленка, сэрца ляжыць?

АЛЕНКА

Вы ўжо аб гэтым павінны ведаць з майго лісту.

ЯНКА

А так: да навукі і навучаньня.

АЛЕНКА

Але-ж! Вучыцца і навучаць, навучаць і вучыцца. Вось да чаго маё сэрца ляжыць.

ЯНКА

Ня была-б то мая найздальнейшая вучаніца.

АЛЕНКА

Ды яшчэ, як вы казалі, — беларускага роду. Ха-ха-ха! Перахваліце, пане настаўнік. Але ведаеце што… як…

ЯНКА

Не, ня ведаю.

АЛЕНКА

Няможна перабіваць, пане настаўнік, калі іншы хто гавора.

ЯНКА

Ого! Мы нават сур‘ёзнымі зрабіліся.

АЛЕНКА

Дык вось што. Як выехалі вы з Дуброўкі, я ў шапку ня спала і паехала ў Вільню!

ЯНКА

Аж у Вільню!

ГАРОШКА

А так, аж у Вільню, пане настаўнік.

АЛЕНКА

Там праслухала настаўніцкія курсы, і цяпер я — ваш таварыш: я таксама настаўнік!

ЯНКА

(жартаўліва)

Вельмі прыемна пазнаёміцца з новым конкурэнтам у маёй профэсіі.

АЛЕНКА

А цяпер я хачу вучыцца на курсістку, потым на доктара…

ЯНКА

А далей?

АЛЕНКА

Далей… ня ведаю. Але дзеля гэтай мэты мяне татка і ў Менск да вас прытарабаніў.

ЯНКА

Адно трохі ня ў час.

АЛЕНКА

Ня ў час?

ЯНКА

Так! Гэтыя новыя окупанты ды іншыя згрызоты не даюць табе спакойна працаваць у Менску. На маю думку, найлепей, пакуль што, ехаць на вёску і там прывучаць да навукі людзей і самой ад іх вучыцца. Бо я таксама выяжджаю на вёску.

АЛЕНКА

І вы? Ну што-ж? на вёску, дык на вёску! Нават хоць у пекла, калі вы параіце…

ЯНКА

О, там вельмі горача! Значыцца, згода?

АЛЕНКА

(падаючы руку)

Згода!

ЯНКА

Не адкладаючы справы ў доўгі мех, лахі пад пахі, ды яшчэ заўтра — марш на сьвежае паветра!

АЛЕНКА

Але і кніжак з сабой набяром?

ЯНКА

Абавязкова!

АЛЕНКА

(як-бы саромячыся, спускаючы вочы, сьціха)

Але толькі — беларускіх, дзядзька настаўнік!

ЯНКА

Аб іншых і рэчы быць ня можа. (Кароткая пауза).

ГАРОШКА

(да Аленкі)

А ты, сарока, калі ўжо адсакатала сваё, аддала-б настаўніку тое, што прывезла.

АЛЕНКА

Калі я саромлюся.

ЯНКА

Мабыць нешта надта брыдкое.

АЛЕНКА

І зусім ня брыдкое, а, нават, як цётка Агата казала, дужа прыгожае. Самі гэта скажаце. (Дастае з торбы прыгожа вышытую кашулю і саматканы ўзорысты пояс і падае ЯНКУ, сур‘ёзна кажучы). Прымеце, калі ласка, дзядзька настаўнік, гэту драбніцу ад сваёй шчыра вам удзячнай і адданай вучаніцы. З нашага лёну гэта кашуля і з нашай воўны гэты пояс. А сама я ўласнымі рукамі ад шчырага сэрца для вас выткала і вышыла.

ГАРОШКА

(падаючы новую, дзераўляную, памастацку зробленую лыжку)

А ад мяне прымеце вось гэта… З сваёй яблыні й сваімі рукамі зрабіў.

ЯНКА

(расчулены)

Дзякую, ад усёй душы дзякую! Ня ведаю, чым і заслужыў на гэткую ласку? (Уваходзіць МІКІТА і ГАНУЛЯ).

ЗЬЯВА XV

ТЫЯ-Ж — МІКІТА — ГАНУЛЯ

МІКІТА

(вясёлы, пасьвіствае і напявае)

Радуйся, вселенная! Абвяшчаю ўсім, усім, усім: немцы окупавалі, меджду протчым, Менск!..

ЯНКА

Ну і чорт з імі!

МІКІТА

І зусім ня чорт, пане, хэ-хэ-хэ! беларус. (Напявае).

Немцы едуць, нашы йдуць,
Немцы нашых падвязуць.

(Убачыўшы Мікітавы падарункі).

Меджду протчым, што гэта ў вас, пане профэсар?

ЯНКА

Праўдзівая кашуля, праўдзівы пояс і праўдзівая лыжка.

ГАНУЛЯ

Якія-ж прыгожыя!

МІКІТА

Як уважаю, то і вы сягоньня імяніньнік.

ЯНКА

А праўда, імяніньнік, толькі з іншай плянэты.

(Званок. ГАНУЛЯ выходзіць і варочаецца, а з ёю СЬПІЧЫНІ).

ЗЬЯВА XVІ

ТЫЯ-Ж — СЬПІЧЫНІ

МІКІТА

(уніжліва вітаючыся)

Маё найніжэйшае ўшанаваньне, мусье профэсару! А я думаў, што сягоньня ўжо ня прыдзеце.

СЬПІЧЫНІ

Справы затрымалі. Але мы затое пазьней пазаймаемся.

ЯНКА

(да Ганулі, на бок)

А гэта што яшчэ за такі позны госьць?

ГАНУЛЯ

Гэта ня госьць, а нейкі важны дырэктар. Вучыць Мікітку панямецку гергетаць. Хто ён родам — напэўна ня ведаю. Але сам ён кажа, што ён немец, людзі кажуць, што італьлянец, мне здаецца, што ён проста, як і мы, тутэйшы.

МІКІТА

(да Ганулі)

Меджду протчым, мамаша, апаражнеце стол, бо нам трэба хутчэй вучыцца „урокаў“.

(ГАНУЛЯ прыбірае стол, пасьля ладзіць для ГАРОШКАЎ пасьцель на падлозе. Ходзіць у іншыя пакоі).

ЯНКА

(да Аленкі і Гарошкі)

А мы, пакуль яны будуць вучыцца сваіх „урокаў“, пойдзем у мой пакой. (Выходзяць).

ЗЬЯВА XVІІ

МІКІТА — СЬПІЧЫНІ — ГАНУЛЯ

МІКІТА

(паклаўшы на стол некалькі тоўстых слоўнікаў)

Меджду протчым, я гатоў, мусье профэсар.

СЬПІЧЫНІ

Можам прыступіць, мусье рэгістратар. Учора мы з большага прайшлі аддзел прывітаньняў, сягоньня павінны іх паўтарыць болей стала. Як вы прывітаеце, спаткаўшы немца?

МІКІТА

Гута моргэн, гэр гэрманіш!

СЬПІЧЫНІ

Добра! А цяпер, як вы прывітаеце, спаткаўшы немку?

МІКІТА

Гута тахт, балабоста прусіш!

СЬПІЧЫНІ

І зусім не балабоста, а фраў. Паўтарэце: фрау, фрау, фрау!

МІКІТА

Фраву, фраву, фру, фруву… Фраву-ву…

СЬПІЧЫНІ

Добра! А як вы прывітаеце, спаткаўшы вось такое… (паказвае) малое немчанё?

МІКІТА

Шабас гут, гэр кіндар фатэрлянд, меджду протчым!

СЬПІЧЫНІ

Ой, куды вы заехалі, куды вы заехалі? Толькі ня шабас а… (Далёкі стук у дзьверы зьлева. СЬПІЧЫНІ, ускочыўшы). Нехта ці нешта, здаецца, як-бы недзе стукае?

МІКІТА

А праўда, меджду протчым, стукае. Можа ўжо гэр гэрманіш?

СЬПІЧЫНІ

Усякі стук мяне нэрвуе: не магу спакойна выкладаць лекцый. Пакуль што, маю гонар выйсьці. Заўтра пачнем прывітаньні навыварат. (Хапае шапку і зьнікае ў дзьвярох справа).

МІКІТА

(усьлед Сьпічыні)

Да мілага спатканьня. (Да ГАНУЛІ). Меджду протчым, мамаша, мабыць, папраўдзе немец стукае, бо далікатна. Ідзеце адчынеце дзьверы і крыху прытрымайце яго, пакуль я пераадзенуся, бо, чаго добрага, прышоў на работу хапаць.

(Выходзяць абое, пауза).

МІКІТА

(варочаецца пераадзеты папажарніцку з каскай на галаве, з тапаром пры поясе і з жалезякамі, што лазіць па слупох, пры нагах. Становіцца ў позу і напявае).

Гусар на саблю опіраясь,
В глубокой горэсьці стаял…

(Уваходзяць ГАНУЛЯ і НЕМЕЦ у вайсковай форме).

ЗЬЯВА XVІІІ

МІКІТА — НЕМЕЦ — ГАНУЛЯ

МІКІТА

(бяручы „пад казырок“ і нізка кланяючыся).

Гута моргэн, гэр гэрманіш. (На бок). Абач, абач, і немцы адзяюцца ў форму а-ля-кум пажарны, гэта — каб не хапалі, мабыць, іх саміх на работу.

НЕМЕЦ

Ці няможна ў вас папрасіць у гэту манерку трохі вады?

МІКІТА

(на бок)

На якую-ж халеру пацеў я столькі над шпрэхэндэйчам, калі яны панашаму лепей ад нас саміх шпрэхаюць? — Але, мабыць, гэта мне здаецца, або ён удае, што ўмее патутэйшаму. (Да НЕМЦА). Зіхэнзіш… Заразіш… (На бок). Зірну ў слоўнікі, як яму адказаць. (Шастае слоўнікамі). Можна… можна… колькі… колькі… хочаце… хочаце… вады… вады… Няма гэтага. Каб іх пярун спаліў такія слоўнікі! (Да НЕМЦА). Кіндэр Фравуву, меджду протчым, фатэрлянд, гэр гэрманіш… (Падказвае на мігі, што ўльле яму вады).

НЕМЕЦ

(падышоўшы блізка да Мікіты і прыглядаючыся да формы)

О-о! Што я бачу? Рыхтык рускі генэрал. (На бок). Але хоча дурня клеіць, каб выкруціцца ад палону. (Бяручы „пад казырок“). Ваша прэвасхадзіцельства! Я вас павінен, як верны нямецкі салдат, забраць у палон, бо вы рускі генэрал.

МІКІТА

(перапужаны)

Аяяй! Оеей! Куды-ж я падзенуся? Во, меджду протчым, папаўся, як мурза ў студню. Оеей! Оеей! Як-жа яму вытлумачыць, што я не генэрал, а калежскі рэгістратар? Пашукаю яшчэ ратунку ў слоўніках. (Шастае слоўнікам). Генэрал… генэрал… пажарная каманда… Оеей! Оеей! Мая ты босая каманда. Няма ў слоўніку. Дзе той Сьпічыні? Які яго нячысьцік выкруціў у гэтую небясьпечную для мяне хвіліну? Оеей! Оеей! Што ён нарабіў мне гэты гэр профэсар з сваёй навукай? Оеей! Оеей!

НЕМЕЦ

Я чакаю, ваша прэвасхадзіцельства!

МІКІТА

Рыхтык, рэхт, меджду протчым, шабас гут, фрау… фатэрлянд… Зараз, зараз! Аяяй! Аяяй! А ратунку аднекуль, а збаўленьня аднекуль. Забярэ ў палон, у нямецкі палон, і жыві там, як хочаш.

ГАНУЛЯ

(ломячы рукі, да немца)

А мой-жа паночак, а мой жа немчык! Не бяры ў мяне апошняга Мікітку.

МІКІТА

Оей! Оей! Што будзе, то будзе, папрабую загаварыць з ім панашаму, можа зразумее. Мусье немец! Ясны пане немец! Я не генэрал, а толькі пажарная каманда… Пажарнік Менскай, меджду протчым, пажарнай дружыны, — дакумант маю на гэта з пячацьцю. Бачыце, я толькі кум пажарны. Каб я з гэтага месца ня зышоў, калі я генэрал!

НЕМЕЦ

Не магу паверыць, ваша прэвасхадзіцельства! Заўсёды генэралы кажуць, што яны не генэралы, калі іхна генэральства пачынае ім самім бокам вылазіць. А дзеля гэтага — прашу ў палон!

МІКІТА

Оей! Оей! І зразумеў, і не паверыў. Гвалтам робіць генэралам. Чаму-ж ты скрозь дна не правалілася, мая ты пажарная каманда? Аяей! Аяей!

ГАНУЛЯ

(ходзячы на хаце і ломячы рукі)

Матачкі мае родныя, бацячкі мае хрышчоныя! Што гэта робіцца? Садом і Гамора! (Стукае ў Янкавы дзьверы). Пане настаўнік! Дзядзька беларус! Ратуйце! Немец Мікітку ў палон цягне!

(Уваходзяць ЯНКА, АЛЕНКА, ГАРОШКА).

ЗЬЯВА XІX

ТЫЯ-Ж — ЯНКА — АЛЕНКА — ГАРОШКА

МІКІТА

(стаўшы перад немцам на калені)

Оей! гэр гэрманіш, кіндар фатэрлянд! балабостачка мой ненаглядны! Ня губі маёй маладосьці — не бяры ў палон! Больш ніколі ня буду генэралам.

ЯНКА

(чуўшы гэту гутарку)

У чым справа?

МІКІТА

Оей! Оей! Мусье немец зрабіў мяне, меджду протчым, генэралам і хоча ў палон цягнуць, а я не хачу быць генэралам і не хачу ў палон цягнуцца. Оей! Оей! Пане настаўнік, бацька беларус! выбаўляй з ягіпецкай няволі!

ЯНКА

(адвёўшы на бок Мікіту)

Дайце яму тры рублі і адчэпіцца.

МІКІТА

Дам дзесяць, а толькі ратуйце, меджду протчым! (Мацае па кішэні). Ой, грошы засталіся ў рэгістратарскіх „меджду протчым“. Пазычце мне да заўтра. (ЯНКА дае яму грошы, МІКІТА падыходзіць да НЕМЦА, становіцца на адно калена і падае грошы). Вось вам, ясьне мусье немец, гэр гэрманіш, пакуль што контрыбуцыя, заўтра дам энэксыю, а там, калі ня хопіць, жонак, дзяцей залажу, меджду протчым, мамашу, толькі дайце перадышку, не цягнеце ў палон!

НЕМЕЦ

(хаваючы грошы)

Загаварылі-б адразу гэткім языком, ваша прэвасхадзіцельства…

(Бярэ „пад казырок“ і выходзіць)

ЗЬЯВА XX

ТЫЯ-Ж БЯЗ НЕМЦА

МІКІТА

(зрываючы з сябе і кідаючы па чарзе аб зямлю часткі пажарніцкага ўбору)

К чорту пажарніцкую каманду! К чорту пажарніцкую кар‘еру! (Пускаючы аб зямлю кнігамі). І нямецкае шпрэхэн к чорту! нямецкая губарнатарская канцэлярыя к чорту! Ад заўтрашняга дня займуся свабоднай професыяй — буду на Койданаўскай вуліцы гандляваць нямецкімі рублямі.

(ГАНУЛЯ падбірае параскіданае, АЛЕНКА штохвіля пырскае сьмехам, ЯНКА насьмешліва ківае галавой, ГАРОШКА пыхкае мацней люлькай і плюе).

ЗАСЛОНА

Дзея другая

[правіць]

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Позьняя восень. Сьцюдзёна. Пад-вечар. Месца дзеі — кусок катадральнага пляцу, называнага іначай мянчанамі „Брахалка“, бліжэй ад Койданаўскай вуліцы, з відам насупроць — вежа з гадзіньнікам. Па пляцы колькі дрэў бяз лісьцяў, некалькі садовых лавак. Праз усю дзею праходзяць то сюды, то туды рознага калібру грамадзяне, грамадзянкі і йграе напераменку лера і шарманка. Пры падняцьці заслоны першым праходзіць справа ўлева лернік з лерай, а пасьля шарманшчык з шарманкай. Некалькі быўшых ПАНЯЎ, стоячы радам, прадаюць усялякія хатнія манаткі. Непадалёк ад ПАНЯЎ такі самы тавар прадае ГАНУЛЯ.

ЗЬЯВА І

ГАНУЛЯ — МІКІТА

МІКІТА

(у выцьвіўшым чыноўніцкім асеньнім пальце з настаўленым каўняром, з парасонам уваходзіць справа; да Ганулі).

Меджду протчым, мамаша, прадалі што-небудзь, ці не?

ГАНУЛЯ

А ні на іголачку. Як хто зачараваў. (Паказваючы на ПАНЯЎ). У тых таксама ніхто нічога ня купіў.

МІКІТА

Нешчасьлівым для гандлю і мне сягонешні дзень выпаў. Каб хто хоць на сьмех запытаўся аб марках. „Рускія“ кажуць — давай, а нямецкія, кажуць, меджду протчым, немцу прадай. А дзе тут таго немца зловіш, калі — па чутках — амаль ня ўсе ўжо з гораду вышлі. (Да праходзячага грамадзяніна). На хвіліначку, пане мусье! Хачу вам нешта запрапанаваць. (Грамадзянін затрымоўваецца). Можа з ласкі сваёй купіце ў мяне маркі?

(Грамадзянін іронічна і падазронна зьмерыў яго вачыма ды пайшоў).

ГАНУЛЯ

(да праходзячай грамадзянкі)

Панечка, купеце у мяне пацеркі, а можа дамскі нэсэсэр, а можа во гэта? — усё за паўцаны аддам, усё за паўцаны. (Грамадзянка паглядзела-паглядзела тавар і пайшла. ГАНУЛЯ да МІКІТЫ). Вось так усе яны: паглядзіць і пойдзе, паглядзіць і пойдзе.

МІКІТА

Меджду протчым, мамаша, я вам не адзін раз казаў і яшчэ кажу: у вас няма зусім гандлярскай жылкі, у вас не хапае нават чуткай кемкасьці ў гандлёва-прамысловых справах, дзе вымагаецца ад прадаўца пэўнай веды ў пазнаваньні душы купляючага і яго грамадзянскага і соцыяльнага становішча. І вось, напрыклад, меджду протчым, вы толькі што запрашалі: „купеце, за паўцаны аддам, за паўцаны“. Разумеецца, кожны падумае, што ў вас зусім дрэнны тавар, якога і за паўцаны ня варта купляць. Таксама паміж купляючымі трэба выдзяляць іхнія рангі і клясы — абавязкова; а вы, як, напрыклад, толькі што, не разгледзеўшыся дакладна, хто які йдзе, кажаце проста з моста: панечка, меджду протчым! А памойму, зусім ня панечка, а самае меншае — мадама, а можа нават і мадам-сіньёра.

ГАНУЛЯ

Ды якая там яна мадама? Проста нейкая… нейкая…

МІКІТА

А хоць-бы нават, меджду протчым, і такая нейкая. Усё роўна. У гандлёва-прамысловых адносінах мы павінны рабіць від, што яна і не такая, і ня нейкая. Для нас адно важна: каб тавар куплялі, каб тавар не залежваўся. (Пауза). Меджду протчым, мамаша, я ўважаю, што, апрача ўсяго іншага, сягоньня у дабавак нейкі выключны дзень, і вам ніякай гандлёвай „зьдзелкі“, бадай, ня ўдасца ўжо правесьці. Дзеля гэтага йдзеце з таварам дамоў і шыкуйце вячэру, а я застануся яшчэ тут. Думаю, што мне ўдасца злавіць, меджду протчым, якога немца і ўсучыць яму ягоныя маркі.

ГАНУЛЯ

(складваючы манаткі)

Толькі пільнуйся, сынок, каб ён ня ўздумаў цягнуць цябе ў палон і пры адступленьні, як тады — пры наступленьні.

МІКІТА

Не бядуйце, меджду протчым, мамаша — я заўсёды знайду выхад з найгоршага крытычнага становішча. Ды я-ж прасіў вас, мамаша, не ўспамінаць мне аб гэтай трагедыі майго жыцьця. (ГАНУЛЯ маніцца выходзіць). Ага! Калі спаткаеце профасара гэр Сьпічыні, то напомніце яму, што я ўжо яго чакаю на практычную лекцыю аратарскага мастацтва, вось толькі схаджу на мінутку на Койданаўскую вуліцу паслухаць, як там стаіць курс на валюту.

(Пайшоў. ГАНУЛЯ, а за ёй ПАНІ з манаткамі шнурам выходзяць. Па хвілі ўваходзяць ЯНКА і АЛЕНКА).

ЗЬЯВА II

ЯНКА — АЛЕНКА

АЛЕНКА

Здаецца, мы ўгаварыліся тут пачакаць на татку?

ЯНКА

А так — тутака. Пакуль прыдзе, можам хвіліну пасядзець.

АЛЕНКА

(сеўшы на лаўку, пасьля паузы)

Як вы заўсёды, дзядзька настаўнік, мудра вельмі разважаеце, ажно мяне часам страх бярэ! Вось, напрыклад, ідучы сюды сказалі вы, што мы павінны дабівацца, каб быць ня толькі гаспадарамі самі над сабой, але і над сваёй воляй.

ЯНКА

А як іначай, Аленка. Якімі-б раскошамі матэрыяльнымі нас ні надзялялі, ніколі яшчэ ня будзем шчасьлівы, пакуль чужая воля будзе гаспадаром над нашай воляй. Каб гэтага ня было, мы павінны растаптаць, зьніштожыць доўгавечную ману, якая вучыць, што мы ня ёсьць мы, што мы нейкае нешта, якое абы накарміў, як быдлё, дык і сыта будзе. Мы павінны душу нашу народную выявіць у сваім „я“, у сваёй самабытнасьці і сьмела сягнуць па сваё неадымнае права самім распараджацца гэтым сваім „я“.

АЛЕНКА

Але цярністы шлях мусіць прайсьці душа народная, пакуль збавіць гэта сваё „я“ ад чужой няволі.

ЯНКА

(ня слухаючы)

Зірні, Аленка, на Менск! Тут калісь, — як сказана ў нашай песьні аб паходзе Ігара, — продкаў нашых галовы снапамі на таку слаліся, душу ім ад цела веялі, а чырвоныя берагі Нямігі ня зернем былі пасеяны, а касьцямі гэных-жа продкаў нашых. З гэтага бачым, што яны за нешта змагаліся, калі пад сьценамі роднага гнязда косьці свае пасеялі… А ўміралі, відаць, з славай, бо ў песьні іхняе ўміраньне засталося вечна жыць. А ці-ж увекавечыць песьня змаганьне і ўміраньне патомкаў? Не! Бо мы змагаемся і ўміраем за чужое.

АЛЕНКА

Шмат хто і з нас ужо змагаецца і ўмірае не за чужое, а за сваё, а песьня аб іх ужо не забудзе.

ЯНКА

Гэта адзінкі, мілая Аленка. А душа агульна-грамадзкая яшчэ дрэме.

АЛЕНКА

Скіне сваю дрымоту і душа. Абы толькі гэтыя адзінкі, што ўжо змагаюцца, больш ясных паходняў распалілі і асьвяцілі сьцежкі ўсе для паўстаючай грамады.

ЯНКА

Што-ж, можа і праўда твая, Аленка. Мы як-бы пачынаем ужо адплюшчваць вочы і паўставаць проці тэй паганай маны, што мы ня ёсьць мы. Але яшчэ хістаемся то ўправа, то ўлева. Яшчэ ясна азначанай мэты ня можам сабе ўявіць. А мэта ў нас адна: Калісь амэрыканцы, змагаючыся з Англіяй за сваю незалежнасьць, напісалі на сваім сьцягу несьмяротныя словы: „Амэрыка для амэрыканцаў“. І гэта памагло: сягоньня Амэрыка вольная. Павінны пайсьці і мы па яе сьлядох і напісаць агністымі рунамі на сваім сьцягу: „Беларусь“…

(Уваходзіць МІКІТА)

ЗЬЯВА III

ЯНКА — АЛЕНКА — МІКІТА

МІКІТА

(да Янкі, падышоўшы да яго пры апошніх словах і не пазнаўшы)

Пане мусье, можа патрабуеце маркі? (Пазнаўшы). Ах, гэта вы, меджду протчым, пане профэсар!

ЯНКА

Во, неспадзяванае спатканьне! Як маецеся, пане рэгістратар?

МІКІТА

Дзякую, меджду протчым. Так сабе. Нічога сабе. Што-ж вы тут парабляеце?

АЛЕНКА

Мы прыехалі татку з палону вызваляць. Бачыце, немцы яго ў абоз пагналі, дык мы, баючыся, каб яго ў Нямеччыну не загналі, паехалі ўсьлед на падмогу. То-ж у мяне адзін татка на цэлым сьвеце, павінна ратаваць!

МІКІТА

Так, так! Было-б няважна, каб зьвезьлі з хаты апошняга, меджду протчым, бацьку.

ЯНКА

А што вы тут парабляеце, пане рэгістратар: маркі людзям раздаяце?

МІКІТА

Меджду протчым, не раздаю, а прадаю, а гэта вялікія дзьве розьніцы. Але, як уважаю, то вы яшчэ ня ведаеце, што я для стварэньня сабе новай кар‘еры пакінуў чыноўніцтва і перайшоў на свабодную профэсію.

ЯНКА

Што-ж гэта? павашаму — гандаль на Койданаўскай біржы валютай — свабодная профэсія?

МІКІТА

А чаму-ж бы ня так? Памойму зусім свабодная. Вось хоць-бы судзіць з таго, што калі я перайшоў на яе, то пачуўся, як птушка тая, зусім свабодным. Меджду протчым, змалку дзён мяне цягнула да свабоды і гандлю.

ЯНКА

Хіба да свабоднага гандлю сумленьнем і гонарам.

МІКІТА

Меджду протчым, дзядзька беларус, вы мяне абражаеце.

ЯНКА

Выбачайце, пане рэгістратар, — можа я крыху і памыліўся.

МІКІТА

Меджду протчым, ня крыху, а зусім памыліўся. Але мяне зласьлівыя гутаркі зайздросных людзей мала абходзяць. На зло ім, незадоўга пераходжу яшчэ на адну свабодную профэсію.

ЯНКА

Цікава — якую?

МІКІТА

Буду аратарам.

ЯНКА

Вы — аратарам? Ха-ха-ха! Ха-ха-ха!

МІКІТА

Меджду протчым, нічога тут сьмешнага. Не сягоньня — заўтра прыходзіць новая ўлада, а з ёй такая політычная сытуацыя, пры якой здольны аратар будзе магчы купацца, як сыр у масьле.

ЯНКА

Але-ж вы, пане рэгістратар, звар‘яцелі. Вашы дзікія — не скажу чорнасотніцкія — пераконаньні і новая політычная сытуацыя!? Гэта-ж як узьлезеце на вышкі араторыць, то новая сытуацыя такога пытлю задасьць, што і сваіх не пазнаеце. О, не! Гэта свабодная профэсія не для вашага рэгістратарскага сьветагляду.

МІКІТА

Не разумею, прычым тут мой, меджду протчым, сьветагляд? Можна мець сьветагляд адзін, думаць другое, гаварыць трэцяе, а рабіць чацьвертае, як навучае мой профэсар гэр Сьпічыні. І я пастанавіў у сваёй аратарскай профэсіі моцна прытрымлівацца гэтай мудрасьці.

ЯНКА

Баюся, што гэта мудрасьць дасьць вам чэк на свабоднае месца ў Менскім астрозе.

МІКІТА

Меджду протчым, такіх невясёлых рэзультатаў і быць ня можа. Аратар, маючы кожны раз на пагатове адшліфаваны практыкай язык, заўсёды патрапіць выпутацца з бяды.

АЛЕНКА

А чаму-б вам, пане Нікіці, замест коўзацца па сьлізкіх і небясьпечных для вашай асобы пуцявінах, не заняцца чым-небудзь болей рэальным і грунтоўным. Напрыклад, вы болей прынесьлі-б для сябе і для грамадзянства карысьці, каб узяліся… ну хоць-бы…

ЯНКА

{{Цэнтар|(перабіваючы)

… на Камароўцы козы пасьвіць? І чаму-б, самдзеле, ня так? А профэсія чыстая і, разумеецца, свабодная.

МІКІТА

Меджду протчым, мусье беларус, такая свободная профэсія ня вяжацца з маёй рангай колежскага рэгістратара.


ЯНКА

А шкада, вельмі шкада! Лепей быць добрым пастухом, чымся недапечаным рэгістратарам ці аратарам.

(Уваходзіць ГАРОШКА)

ЗЬЯВА ІV

ЯНКА — АЛЕНКА — МІКІТА — ГАРОШКА

ГАРОШКА

(уваходзіць з пугай, пыхкаючы люльку)

Во добра, што застаў вас! Я ўжо ўсё сваё зрабіў і можам ехаць дамоў. (Пабачыўшы Мікіту). І вы тут, ды яшчэ з парасонам?

МІКІТА

Як бачыце! Меджду протчым, што вы тут, дабрадзею, робіце з пугай: пасьвіце каго?

ГАРОШКА

А так! Зьбіраўся пасьвіць тутэйшых чынадралаў, але ня ўсьпеў, — прышлося выганяць з Менску абскубандаў.

АЛЕНКА

Не обскубанды, тата, але окупанты.

МІКІТА

І вы, мабыць, яшчэ адно пераблуталі: здаецца, немцы хацелі вас выганяць, пагнаўшы ў абоз…

ЯНКА

Дзядзька Гарошка зусім не пераблутаў. Усё роўна на яго вышла: окупанты ўцяклі, а ён застаўся.

АЛЕНКА

(зірнуўшы ў бок)

А гэта што за такія пілігрымы брыдуць сюды?

МІКІТА

(зірнуўшы)

Гэта, здаецца, мае быўшыя імянінныя госьці.

(Уваходзяць шнурам з катомкамі за плячыма і з кіямі ў руках: ДАМА, ПОП, СПРАЎНІК і ПАН)

ЗЬЯВА V

ТЫЯ-Ж — ДАМА — ПОП — СПРАЎНІК — ПАН

МІКІТА

(вітаючыся, надскакваючы)

Каго я бачу, меджду протчым. Якое мілае, неспадзяванае спатканьне! Ці не мядзьведзь здох? Цалую ручкі мадам-сіньёры! Айцу духоўнаму маё сыноўняе ўпакарэньне! Вашародзіе, прымеце пакорны прывет! Маё найніжэйшае ўшанаваньне, ясьне пане грабя! Сядайце, калі ласка, сядайце!

(Прышоўшыя сядаюць)

ПОП

Ох, дзелеса — чудзеса! Прогрэшэнія нашы неісчысьлімыя. Навождзяху оне на себя возьмезьдзіе необозрымое.

МІКІТА

Куды-ж гэта, калі можна спытацца, мадам-сіньёра і мусье свае, меджду протчым, пэрсоны скіравалі?

СПРАЎНІК

Часова адступаць прышлося. Эвакуемся туды — на Захад, дзе сэрцу прытульней і грудзям дышыцца „вальготней“.

ДАМА

Часова перанашу сваю філянтропійную чыннасьць на тэрыторыю…

МІКІТА

(перабіваючы)

Быўшых нашых ворагаў — гэрманаў, мадам-сіньёра?

ДАМА

Мусье рэгістратар, вы згадалі!

ГАРОШКА

(да пана)

Значыцца, паны, даіцё лататы?

ПАН

А так, прыходзіцца, толькі хай там ваша вёска вельмі ў двор мой ня прэцца, бо як вярнуся…

МІКІТА

(перабіўшы)

І ўсё гэта праклятая, меджду протчым, рэволюцыя нарабіла.

ЯНКА

Што, кусаецца? Вы, пэўна-б, хацелі і з печкі зваліцца і патыліцы не адбіць? Рэволюцыя, мае паны, ня цётка — па галоўцы гэткіх сваіх прыяцеляў ня гладзіць.

ДАМА

Мусье беларус, вы, як я ўважаю, напоўнены павевамі новага часу і належыце, мабыць, да новай партыі стоікаў, якія не паддаюцца эвакуацыі і застаюцца на месцы?

ЯНКА

Паддаецца эвакуацыі ў сягонешні час толькі той, у каго або нячыстае сумленьне, або ён сядзеў тут збоку-прыпёку, не раўнуючы, як пустазельле на сялянскай градзе.

ДАМА

(да Мікіты)

А вы, мусье рэгістратар, калі прыняць пад увагу довады мусье беларуса, то пэўна заставацца тут ня будзеце і нашым шляхам пойдзеце?

МІКІТА

Мадам-сіньёра, вы не згадалі: я, меджду протчым, застаюся. Як істы рускі патрыот, я змушаны пакуль што стаяць тут на варце сваіх рангавых і руска-ісьцінных інтарэсаў. Хоць можа я гэтак рызыкую нават сваёй, меджду протчым, пэрсонай, але місію сваю мушу стойка выпаўняць.

ЯНКА

Мне здаецца, пане рэгістратар, што вы так запуталіся ў сваіх рангах, клясах і свабодных профэсіях, што ўжо ня здольны да ніякае місіі — нават да тэй сваёй роднай, ісьцінарускай місіі.

МІКІТА

Меджду протчым, не забывайце, пане беларус, што я найздальнейшы вучань акадэмікаў Скрынчанкі й Саланевіча. Апрача таго, нас бацька Пурышкевіч, быўшы ў Менску тут, замеціў і, ад‘яжджаючы, на гэту місію багаславіў. (Пауза).

ГАРОШКА

(да папа)

А вы, бацюшка, таксама за імі (махнуўшы пугай) туды — у прочкі?..

ПОП

Нет, чадо мое. Акі пастыр, я должэн остацься пры агнцах своіх, я только провожаю сірых сіх, дабы іх напутствоваць на пуць неведомый.

СПРАЎНІК

Але, панове, час нам ужо ў дарогу! Вораг ня сьпіць і ўжо блізка: можа адрэзаць нам усе ходы для адступленьня.

ГАЛАСЫ

А так! Праўда! Час!

МІКІТА

Пагасьцілі-б, мадам-сіньёра і мусьі, яшчэ хоць з хвіліну!..

(ДАМА, ПОП, СПРАЎНІК, ПАН — устаюць, раскланьваюцца і шнурам выходзяць у праціўны бок, з якога прышлі былі).

ПОП

(ідучы ўсьлед за адходзячымі, паказваючы на іх рукой)

Акі пціцы небесныя, отлетаюшчы на зімнее время в жаркія страны. Да храніт іх в странствіі мацер неопалімыя купіны і мацер крупіцкая!

{{Цэнтар|ЗЬЯВА VІ

МІКІТА — ЯНКА — АЛЕНКА — ГАРОШКА

МІКІТА

(як тыя вышлі)

Ах, забыўся запрапанаваць ім купіць у мяне маркі! Пэўна з „царскімі“ эвакуюцца.

ЯНКА

Ня турбуйцеся! Яны, як праўдзівыя патрыоты, з „царскімі“ не разлучаюцца.

МІКІТА

Вы, пане настаўнік, як я заўважыў, чагосьці не далюбліваеце нашай чыстай інтэлігенцыі.

ЯНКА

Для вас, як для рускага колежскага рэгістратара, яна можа й чыстая, але для мяне яна — „Варшавске сьмецьце, гразь Масквы“, як сказаў вешчы Шэўчэнка.

ГАРОШКА

(паказваючы пугай)

А во яшчэ два дапатопы!

(Уваходзяць ВУЧОНЫЯ — адзін з аднаго боку, другі з другога, разглядаючы праз свае падзорныя трубы).

ЗЬЯВА VІІ

ТЫЯ-Ж — УСХОДНІ ВУЧОНЫ — ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

Чорт подзеры!

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

Пся крэв!

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

Ізьвініце, судар!

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

Пшэпрашам пана!

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

І вы зьдзесь?

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

І пан ту?

(Кланяюцца адзін аднаму і прысутным).

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

(да Янкі)

Очэнь кстаці, что вы, господзін белорус, зьдзесь. Необходзімо почэрпнуць от вас сьведенія касацельно церрыторыальных данных обласьці, іменуемой вашым племенем — Белорусь.

ЯНКА

О, наша тэрыторыя, пане вучоны, вельмі вялікая — і вокам не дастаць! Уся Менская Брахалка, на якой вы, як бачу, гэтай тэрыторыі шукаеце, ды яшчэ далей.

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

А чы не можэце, пане бялорусін, поінформоваць венцэй шчэгулово о тэм вашым „далей“?

ЯНКА

З гэтага нічога ня выйдзе, пане вучоны. Бо абхапіць гэтае „далей“ закораткі вашы пяты.

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

Так, так! (Запісваючы ў нататнік). Пры опросе аборыгенов Северо-Западного края о процяжэніі занимаемой імі церрыторыі выясьнілось, что таковая включает в себе всю обласьць Мінской Брэхалкі да ешчо далей… На вопрос, как далеко распространяется оное „далей“, мой собеседнік із племені белоруссов об‘ясьніл на местном обшчэруском говорэ, что для посьціжэнія сего „далей“ у наукі вообшчэ і в частносьці у Западной наукі короткі пяткі.

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

Так, так! (Запісваючы ў нататнік уперамежку з УСХОДНІМ ВУЧОНЫМ). Подчас баданя тубыльцув, осядлых на Всходніх Крэсах польскіх, о розьмярах замешкалэго пшэз ніх тэрыторыуму зостало высьветлёным, іж данэ тэрыторыум вхланя в себе цалкем провінцыен Мінскей Брэхалкі і ешчэ далей… На запытане, як сень далеко распостшэня овэ „далей“, муй інформатор походзонцы од бялорусінув ожэкл в огульнопольскім мейсцовым нажэчу, іж для осёнгненьця онэго „далей“ наука наогул, а в шчэгульносьці наука Всходня посяда за крутке пенты.

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

(скончыўшы пісаць)

Благодару покорно!

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

(скончыўшы пісаць)

Дзенькуен упшэйме!

(Абодва раскланьваюцца і выходзяць — кожны ў праціўны бок, з якога прышоў быў).

ЗЬЯВА VІІІ

МІКІТА — ЯНКА — АЛЕНКА — ГАРОШКА

АЛЕНКА

На гэтых дык няма ніякага ўпынку! Шныраць і шныраць, як сьвіньні ў чужым агародзе.

МІКІТА

Мудрыя людзі — гэтыя вучоныя. Я заўсёды схіляю перад імі сваю, меджду протчым, галаву.

ЯНКА

Асабліва перад гэтымі вы павінны як найніжэй схіляць.

МІКІТА

Чаму так?

ЯНКА

Бо вы ад гэткіх вучоных чэрпаеце сабе ўдзяткадайны клёк для падтрыманьня сваіх рэгістратарскіх кар‘ераў у тутэйшым краі.

АЛЕНКА

Ці ня час ужо, дзядзька настаўнік, пакінуць гамонку ды йсьці ў заезд, а то чаго добрага Шая замкне браму?

ЯНКА

Ой, час, час! (Да ГАРОШКІ). А ці вы, дзядзька, пакупкі свае зрабілі?

ГАРОШКА

Дзе там! Дарма толькі вытаптаў з паў-Менску, — як у шабас, усе крамы пазачыняны. Паеду без табакі.

АЛЕНКА

(жартаўліва)

Якое няшчасьце! Гэта-ж як у таткі пачнецца вялікі табачны пост, дык задасьць ён усім нам табакі!

ГАРОШКА

(дабрадушна)

Табакі не табакі, а перцу калі-небудзь дастанеш ты ў мяне за свой доўгі язык.

ЯНКА

Хаця не пабецеся стары з малой за табаку. Мушу хутчэй вас адгэтуль весьці. (Да МІКІТА, адвітваючыся). Бывайце здаровы, пане рэгістратар! Жычу вам у новай аратарскай професіі дастукацца асэсарскай рангі.

МІКІТА

І вам таго самага, пане беларус, у вашай, меджду протчым, беларускай профэсіі.

(ЯНКА, АЛЕНКА і ГАРОШКА выходзяць. Па хвілі ўваходзіць СЬПІЧЫНІ).

ЗЬЯВА ІX

СЬПІЧЫНІ — МІКІТА

СЬПІЧЫНІ

Даруйце, мусье Зносілов, што змусіў вас крыху на сябе чакаць. Але апошнія дні так многа маю лекцыяў па аратарству, што папасьці ўсюды ў свой час няма аніякай змогі.

МІКІТА

Я вельмі рад, што ўсё-ж-такі вам, гэр профэсар, удалося ка мне папасьці. Бо выступаць, меджду протчым, з трыбуны без практычнай лекцыі неяк ні сёе ні тое.

СЬПІЧЫНІ

Цяпер ужо будзеце магчы выступаць хоць і заўтра. Можам пачынаць, мусье рэгістратар!

МІКІТА

Меджду протчым, я гатоў, мусье профэсар!

СЬПІЧЫНІ

Узлазьце на трыбуну, мусье рэгістратар. (МІКІТА становіцца на лаўцы). Так! Так! Цяпер зрабеце позу. Крыху ня так — прасьцей фігуру і вышэй галаву, вочы — у даль. Левую руку абапрыце на левы клуб. Так! Так! Правая рука застаецца свабоднай — гэта, каб у патрэбных момантах вашай араторыі, можна было, заціснуўшы кулак, патрасаць ёю над аўдыторыяй. Цяпер, калі зрабілі сабе аратарскую паставу, пачынайце прамову. Спачатку кажаце ціхім-ціхім голасам, пасьля штораз — мацней, а пад канец бухаеце грамабойным голасам і, разумеецца, на чым сьвет, патрасаеце кулакамі. Ну, цяпер пачынайце араторыю на тэму: „Пролетарыят і буржуазія“.

МІКІТА

Вельмі паважаныя, меджду протчым, мадамы, вельмі паважаныя, меджду протчым, мусьі! Да апошняга часу пролетарыят эксплёатаваў буржуазію. Буржуазія з усіх жыл выбівалася, каб здабыць сабе на чорны дзень якую жменю золата, або кусок якога маёнтку, а пролетарыят, меджду протчым, у гэты бок і пальцам ня ківаў; усёй работы яго было, што толькі, меджду протчым, працаваў, ды йшчэ за гэтую мізэрную працу цягнуў крывавую капейку з беднай буржуазіі. Буржуазія з кожным днём ад недастаткаў таўсьцела — казаў той — расла ня ўвышкі, а ў папярэчкі, меджду протчым, як той гарбуз, а пролетарыят ад роскашы цянеў — казаў той — рос не ўпапярэчкі, а ўвышкі, меджду протчым, як тая тычка. Дзеля таго (трасучы кулаком) далоў!.. далоў!..

СЬПІЧЫНІ

Затрымайцеся на мінутку. У сваёй араторыі вы пераблуталі лёгічныя тэрміны, і там, дзе павінна стаяць першае, у вас чамусьці другое, а дзе — другое, там стаіць першае. Ужо я вам казаў, што тэорыя аратарскага мастацтва ня любіць, каб выкідалася перад аўдыторыяй тое, што ў вас папраўдзе накіпела на вантробе. Можаце думаць усё, што толькі вам падабаецца, але гаварыць абавязаны толькі тое, што іншым падабаецца. Толькі такім чынам вы зробіце сабе на свабоднай аратарскай профэсіі яксьледную асэсарскую кар‘еру. Цяпер папробуйце сказаць араторыю на тэму: „Рэволюцыйная самадысцыпліна“.

МІКІТА

Ша… Шан… Ня так… Меджду протчым, мае панячкі і мае паночкі! Рэволюцыйная самадысцыпліна… рэволюцыйная самадысцыпліна… гэта такая, меджду протчым, дысцыпліна, што мае два канцы — то яна ўсіх б‘е, то яе ўсе б‘юць, бо контррэволюцыйная дысцыпліна ня сьпіць у шапку. З гэтае прычыны і рэволюцыйная самадысцыпліна ня мае права спаць, меджду протчым, у шапку, бо йначай прасьпіць усю сваю гаспадарку. Дзеля гэтага (трасучы кулакамі) далоў… далоў… І меджду протчым…

СЬПІЧЫНІ

Затрымайцеся. Гэта ў вас вышла нібы лепей. Цяпер выслухайце маленькія дзьве асьцярогі: першае — калі ўзыдзеце на трыбуну, то ёмка зачашэце сабе на галаве думку аб тым, пры якой політычнай сытуацыі выступаеце з араторыяй. Другое — найбліжэйшая політычная сытуацыя, пры якой першы раз прыдзецца выступаць вам публічна, апіраецца на пэўных пляцформах. Дзеля гэтага, перш чымся араторыць, вы павінны выбраць сабе стойкую пляцформу і тольку адну, а ня дзьве або тры, бо йначай можаце паскаўзнуцца і зваліцца з усіх трох разам.

МІКІТА

Меджду протчым, магу я зысьці ўжо, мусье профэсар, з трыбуны?

СЬПІЧЫНІ

Можаце ўжо зысьці, мусье рэгістратар, з трыбуны (Мікіта зыходзіць). Ахвяруем цяпер колькі хвілін на тэорытычнае асьвятленьне некаторых зьвязаных з аратарствам пытаньняў. Вось, напрыклад, як вы сабе разумееце мітынг?

МІКІТА

Мітынг, мусье профэсар, мітынг, меджду протчым, гэта нешта такое, што выдумалі ангельцы для тых, якія нічога ня хочуць рабіць, а толькі ходзяць і варон страляюць. Мітынг, меджду протчым, гэта тое самае, што пераліваньне з пустога ў парожняе. Мітынг — гэта тое з вушамі таварыства, дзе араторыць буду я, а слухаць будуць яны, і крычаць будуць: віват, рэгістратар Зносілов! — калі іх па шэрсьці пагладжу, і — далоў, рэгістратар Зносілов! — калі пагладжу іх проці шэрсьці, меджду протчым.

СЬПІЧЫНІ

Усё гэта як-бы так і як-бы ня так. Але да гэтага яшчэ вернемся. Цяпер мне адкажэце на адно пытаньне на сягоньня будзе годзе. Вы што-небудзь ведаеце аб Савецкім ладзе?

МІКІТА

Оей! Нават добра ведаю.

СЬПІЧЫНІ

Аб гэтым у вас павінен быць ясны, дужа ясны сьветагляд, адным словам — пад арэх.

МІКІТА

Савецкі лад… Савецкі лад, меджду протчым, Гэнрых Мотавіч… Савецкі лад… гэта… гэта такая чырвоная паводка… такая, меджду протчым, паводка, аб якой ня сьнілася ні фараону, ні Салямону… Савецкі лад гэта… гэта…

СЬПІЧЫНІ

(ускочыўшы з лаўкі)

Пардон! У мяне разбушаваліся нэрвы. Сюды машыруе нейкі немец. А я страшэнна ня люблю спатыкацца з ворагам, калі ён наступае і калі ён адступае.

МІКІТА

О так! Асабліва страшна з ім спатыкацца, меджду протчым, калі ён наступае.

СЬПІЧЫНІ

Маю гонар кланяцца! (Шпарка выходзіць. Уваходзіць НАСТА і НЕМЕЦ).

ЗЬЯВА Х

МІКІТА — НАСТА — НЕМЕЦ

МІКІТА

Наша найніжэйшае, меджду протчым, ушанаваньне, мамзэль Насьце!

НАСТА

Добры вечар! Добры вечар, мусье Нікіці!

МІКІТА

Што-ж гэта вы, мамзэль Наста, ня самі адны, а з гэрам немцам, як з нявіннай ахвярай свайго, меджду протчым, чарадзейскага сэрца?

НАСТА

Ужо даўно маё сэрца — не маё, а сядзіць у пастцы другога сэрца… (Усьмяхаючыся). Чыйго?.. Вы, мусье Нікіці, пэўна ведаеце. А немец? Як мне напэўна вядома з пэўных крыніц, то гэта апошні з роду Магіканаў, які, згодна з Берасьцейскай умовай, пакідае сягоньня нашы Менскія палестыны і махае свае крокі туды, адкуль прышоў.

МІКІТА

Але й палонных, як уважаю, па дарозе хапае. Ці гэта можа вы дабравольна, меджду протчым?

НАСТА

О, немцам цяпер не да чужых генэралаў. Яны цяпер заняты спэцыяльна хапаньнем сваіх-жа ўласных генэралаў. Бо, як чула я ад пэўных асоб, у іх таксама рэволюцыя. А вось гэтага — дык я толькі ахвяравалася правесьці да Брахалкі.

МІКІТА

А ці ня ведаеце, мамзэль Наста, можа яму на дарогу маркі патрэбны, бо я маю да праданьня?

НАСТА

Спытайцеся.

МІКІТА

(да немца)

Меджду протчым, гэр германіш, можа купіце германскія маркі?

НЕМЕЦ

(паказвае на мігі, што не разумее у чым рэч).

МІКІТА

(дастае портмонэ, а з яго грошы і на мігі паказвае немцу, каб купіў)

НЕМЕЦ

(тлумачыць на мігі, што яму грошы ня трэба, „бярэ пад казырок“ і выходзіць)

ЗЬЯВА XI

МІКІТА — НАСТА

МІКІТА

(палажыўшы, ня помнячы, портмонэ з грашыма на лаўку)

Ну і немец, меджду протчым! Сваіх-жа нямецкіх марак не хацеў купіць. Але што гэта — ці ён нямы, што ні слова не адказаў мне на запытаньне?

НАСТА

Не нямы, а толькі немец і панашаму не разумее.

МІКІТА

Гм! Цікава! А чаму той, што маніўся мяне ў палон, меджду протчым, узяць, як рэпу сек панашаму?

НАСТА

А гэта іншая рэч. У іх, як мне з пэўных крыніц вядома, ёсьць спэцы ад усялякіх языкоў, ну вы і нарваліся на гэткага спэца. (Пауза).

МІКІТА

(набок)

Страшэнна, меджду протчым, адпаведная хвіліна, каб паўтарыць мамзэль Насьце сваю адвечную пропозыцыю.

НАСТА

Аб чым гэта вы так задумаліся, мусье Нікіці?

МІКІТА

Ды ўсё аб тым самым, меджду протчым, хэрувімская мамзэль Наста: аб вас мае думы ўпалі ў глыбокую задуму.

НАСТА

І глупства робяць гэтыя вашы думы. Я-ж вам ужо цяперся забараніла думаць аба мне, пакуль ня зробіцеся асэсарам! Значыцца, і ня маеце права думаць.

МІКІТА

Не магу вытрываць, сэрафімская, меджду протчым, мамзэль Наста, аніяк не магу вытрываць! (Становіцца на лаўцы перад НАСТАЙ на калені, засланяючы з большага яе й сябе распушчаным парасонам). Мадоністая мамзэль Наста! Каханьне маё, меджду протчым, вульканічнае! Падаруйце-ж мне, нарэшце, сваю абымальную руку і сваё трапятлівае сэрца! Асэсарам буду я, вось пабачыце, што буду! Ужо я стаю на вялікай дарозе да славы, да славы знамянітага, меджду протчым, аратара. А там, як піць даць, атрымаю асэсарства. Меджду протчым, чырвоным асэсарам буду! Толькі прымеце мяне, жыватворнакрынічная мамзэль Наста, у пакорныя і вечныя слугі вашага, меджду протчым, сіньёрыстага сэрца.

НАСТА

Хапун вас ня схопіць, мусье Нікіці, калі яшчэ крыху пачакаеце на мае рукі і на маё сэрца. Толькі тады з гэтага квасу будзе піва, калі я з пэўных крыніц напэўна даведаюся, што вы не рэгістратар толькі, а ўжо асэсар. А іншых залётаў, ды іншых каханьняў мой організм ня прымае. Пакіньце кленчыць на лаўцы, а так сабе на зямлі чакайце. Будзьце здаровы! Мушу зьбегаць у вадну пэўную крыніцу. (Выходзіць).

МІКІТА

(яшчэ кленчачы і працягнуўшы з парасонам рукі усьлед Насьці)

О, ранга мая асэсарская! О, кляса мая бонтонная, беспардонная!

ЗЬЯВА XІІ

МІКІТА — АБАРВАНЕЦ

АБАРВАНЕЦ

(увайшоўшы з таго боку, куды Наста вышла, да кленчачага з працягнутымі рукамі Мікіты).

Пажэртвуйце, таварыш, безработнаму!

МІКІТА

(зышоўшы з лаўкі, набок).

Пачынаецца! Падумаеш, таварыш?! (Да АБАРВАНЦА). Выбачайце, я не таварыш, а, меджду протчым, буржуаз, а як вам хіба ведама, — буржуазія нічым ня жэртвуе. (Сярдзіта адварачваецца набок).

АБАРВАНЕЦ

(патросшы кулаком, набок)

Пачакай! Заўтра ты ў мяне йначай запяеш! Заўтра ты ў мяне папросіш пажэртваваць. (Забірае пакінутае на лаўцы портмоне і выходзіць).

ЗЬЯВА XІІІ

МІКІТА

МІКІТА

(да праходзячай з чырвоным сьцягам групы грамадзян і грамадзянак).

Мо‘, шаноўныя мадамы і мусьі, патрабуеце купіць марак? (Мацаецца па кішэнях). Новенькія… Але новенькія… Дзе-ж яны? (Прыглядаецца на зямлю, на лаўку. Грамадзяне й грамадзянкі, пырснуўшы сьмехам, пайшлі). Сьцягнуў нехта! Апошнія грошыкі сьцягнуў, меджду протчым, і рускія і нямецкія. Заўтра ня будзе за што і рук зачапіць.

(Апускаецца з уздохам на лаўку, кладзе на паруччы рукі, зьвешвае на іх галаву і ўпадае ў глыбокую напаўсонную задуму. Пауза. Пачынаецца танец ЦЕНЯЎ пад музыку шарманкі. Пасьля некалькіх мінут раптоўна ўрываюцца зыкі вайсковай музыкі, граючай цэрэмоніяльны марш, і крыкі: Ура! Ура! Танцуючыя ЦЕНІ нікнуць. МІКІТА ўскаквае і пад тахт музыкі топчацца на адным месцы. Пасьля быстра выцягвае з кішэні чырвоную хустачку, прывязвае да парасону, становіцца на лаўку і, таксама машыруючы пад музыку на адным месцы, махае каля галавы парасонам з хусткай і крычыць).

Хай жывуць свабодныя профэсіі! Хай жывуць чырвоныя асэсарскія рангі!

ЗАСЛОНА

Дзея трэцяя

[правіць]

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

Той самы, што ў першай дзеі, Мікітавы пакой. У беспарадку накідана ўсякіх хатніх рэчаў, як-бы яны сабраны былі з некалькіх пакояў. Люстра, грамафона і мяккіх крэслаў няма. Шпалеры павыдзіраны і кускамі зьвісаюць к долу. Абразы і малюнкі, — тыя самыя, што ў першай дзеі, — перавернуты тварам да сьцяны. Па ўсіх свабодных мясцох расклеены па сьценах друкаваныя ўрадовыя пастановы, дэкрэты, лёзунгі, загалоўкі тагочасных газэт, плякаты. Вісіць балалайка.
Калі падымаецца заслона, ГАНУЛЯ, закасаўшы рукі, мые бялізну у начоўках, непадалёк сядзіць ГАРОШКА і пыхкае люльку.

ЗЬЯВА І

ГАНУЛЯ — ГАРОШКА

ГАРОШКА

Аб чым-жа, тое-гэта, хацеў я казаць?

ГАНУЛЯ

А нешта-нейкае аб высяленьні была ў цябе, сваток, гутарка напачатку.

ГАРОШКА

Ага, успомніў! Дык вось, як нашы гэткім чынам апошні суд з князем прайгралі, пачалося тое высяленьне. Але як, свацейка, пачалося!? Нашы ўсё роўна не хацелі пакідаць сваіх загаспадараных сяліб. Ну, што-ж? Нагналі гібель казакаў, сам нават спраўнік з Менску прыехаў. Тады ўсе мужчыны і ўсе кабеты, найболей старэйшыя, паклаліся ўпоперак вуліцы: „Хай высяляюць!“ — сказалі сабе гэтак: „Хай праз нашы галовы ўвойдуць у нашы родныя хаты!“ Ну, разумеецца, казакі не спалохаліся гэтага. Рынулі ўсёй гурмай на конях праз ляжачы народ, а за імі прыстаў на сваёй вараной тройцы. На капусту людзей зрэзалі і на кашу з зямлёй зьмяшалі. Бацька й маці мае таксама там засталіся.

ГАНУЛЯ

Мы наракаем, што цяпер цяжка жывецца, а як падумаеш, дык і ўперад не вялікі мёд быў.

ГАРОШКА

І чамярыца яго ведае, як гэта неяк хітра на сьвеце устроена! Паны былі польскія, законы — рускія; польскія лаюць рускіх, рускія лаюць польскіх, а як прыдзе што да чаго, каб нашага простага чалавека пакрыўдзіць, дык і польскія і рускія ў адну дудку граюць.

ГАНУЛЯ

Ды яно-ж гэтак, мой сваток. Каму па каму, а нам, казаў той, дык два камы.

ГАРОШКА

Наш настаўнік, Янка, дык той без ніякага нічога, як тапаром сячэ: „Пакуль, кажа, ня зробімся самі сабе гаспадарамі, датуль ніякага ладу ні складу ў нас ня будзе“. Гэты настаўнік добры і дужа разумны чалавек, але трохі галава яго нечым заведзена, бо мала што сам носіцца, як кот з салам, з усялякімі мудрымі думкамі, дык яшчэ, як на тое ліха, і маёй Аленцы ў галаве ўсё дагары нагамі перакуліў. І цяпер тая ужо, як папуга, паўтарае за ім: „Недачаканьне іх! — кажа, — будзем самі сабе гаспадарамі!“

ГАНУЛЯ

Звычайная рэч, мой сваток. Маладое піва заўсёды шуміць.

ГАРОШКА

Так яно, так. Але найчасьцей ад гэтага шуму нам, бацьком, галава баліць. Я табе йшчэ не казаў, мая свацейка, што ў мяне, апрача Аленкі, быў і сын — Юрка. Удалы дзяцюк быў, ах які ўдалы! і таксама шумеў, занадта ўжо шумеў. І што? Самахоць за німашто асіраціў мяне. Служыў тады ён у Маскве на нейкай фабрыцы. А там — помніш — у дзевяцьсот пятым годзе пайшлі забастоўкі ды іншыя непарадкі. Як людзі казалі, і мой Юрка не адстаў. Вылез на вуліцу і давай з іншымі на чым сьвет шумець і крычаць: „Зямлі і волі!“ Разумеецца, за такі крык жандармы і зьбяёдалі яго з гэтага сьвету. Кажу свайму настаўніку, што во да чаго шум і крык такі даводзіць, а ён сьмяецца. „Бо, кажа, твой Юрка за чужую зямлю і волю шумеў і крычаў, а не за сваю, дык нічога з гэтага і ня вышла“. (Уваходзіць ЯНКА і АЛЕНКА).

ЗЬЯВА

ГАНУЛЯ — ГАРОШКА — АЛЕНКА — ЯНКА

ЯНКА

(вітаючыся з Гануляй)

Як жывём, цётачка? Даўненька ўжо з вамі ня бачыліся!

ГАНУЛЯ

(пакінуўшы мыцьцё)

О, даўненька! Бадай, годзікі са два ўжо будзе.

ЯНКА

Ды з гакам, цётачка. (Да ГАРОШКІ). А дзядзька Гарошка прачакаўся мабыць на нас? Пэўна люлек з тузін змарнаваў за гэты час.

АЛЕНКА

Тузін — ня тузін, а штук з сем то пэўна-ж татка выпыкаў.

ГАРОШКА

Не табе іх лічыць, сарока! (Буркліва). Пайшлі і прапалі, а мне сядзі тут у чужой хаце і чакай на іх.

ГАНУЛЯ

Што ты, сваток? Якая-ж гэта чужая табе хата?

ЯНКА

Ну, ня бурчэце, дзядзька: у вельмі пільнай справе прышлося нам заседзецца крыху.

ГАРОШКА

Заседзецца, заседзецца! Як прышпілюць вам калі-небудзь хвост на гэтых пасядзінах, то прападзе вам ахвота і стаяць, ня толькі што сядзець. Тое-гэта, палякі на носе, кажуць, што ўжо Навінку забралі, — а яны швэндаюцца сабе!

АЛЕНКА

Трэба-ж было, татачка, прыгледзецца, як рыхтуюцца мянчукі спатыкаць новых окупантаў.

ГАРОШКА

Ну, і што там цікавага? Мала йшчэ вас гэтыя абскубанды паскубалі.

АЛЕНКА

Не абскубанды, тата, але окупанты, окупанты. (Пауза).

ЯНКА

(азіраючыся па пакоі, да Ганулі).

Але ваша хата, цётачка, надта неяк зьмянілася ад таго часу, як я выехаў ад вас: так выглядае тут усё, як-бы вы толькі-што з іншай кватэры перавезьліся.

ГАНУЛЯ

Бачыце, было тут у нас у Менску апошнім часам нейкае палатненьне, дык нас і ўпалатнілі ў адзін пакой, а іншыя — забралі. Той пакой, дзе жылі вы, аддалі нейкаму ў скураной жакетцы, — паміж іншым, ён сягоньня раніцай ужо выехаў ад нас; а з таго боку, дзе была мая спальня і Мікіткавы габінэт, абодва гэныя пакоі заняў нейкі іхні рэдактар, па прозьвішчы Гізульскі. Але, як відаць з усяго, то ён мусіць ня зусім іхні, бо нешта ня зьбіраецца выяжджаць, хоць іхнія амаль ужо ўсе выехалі. Мікітка кажа, што гэты Гізульскі душа, а не чалавек, — надта політычны і знае ўсялякія свабодныя профэсіі.

ЯНКА

Асабліва, мабыць, добра знаёмы з профэсіяй провокатарскага мастацтва?

ГАНУЛЯ

Хто яго разьбярэ, з якім і з чым ён там знаёмы.

ЯНКА

Мусіць, для гэтага політычнага чалавека вы, цётачка, і крэслы свае плюшавыя аддалі, каб мякчэй было яму сядзець, бо гэтых крэслаў штось ня бачу я тут?

ГАНУЛЯ

Ды не! Да яго йшчэ пераезду сюды нашы крэслы недзе ў іншае месца спалатнілі.

АЛЕНКА

І грамафон з люстрам таксама?

ГАНУЛЯ

Не, дзетка. Гэтыя рэчы Мікітка мой сёлета на тавараабмен прагандляваў. І вось з усяёй, казаў той, роскашы засталася толькі балалайка, але і тую запісалі на нейкі ўчот.

(Уваходзіць МІКІТА ў вынашанай і палатанай „зашчытнага“ колеру вопратцы, цягнучы за сабой каламажку, у якой: тры тоўстыя вялізныя портфэлі, а чацьверты — меншы; пад імі: колькі малых мяшэчкаў з продуктамі, два селядцы, зьвязаныя лыкам, тры воблы, нанізаныя на аборку, невялічкая стограмовая пляшка з газай, вялікае, быццам з-пад капялюша, пудалка з пудрай, некалькі сучкоў дроў, букетнік для кветак, тры чаркі).

ЗЬЯВА III

ГАНУЛЯ — ГАРОШКА — АЛЕНКА — ЯНКА — МІКІТА

МІКІТА

(уцягнуўшы каламажку, вітаючыся з Янкам)

Якое прыемнае, меджду протчым, спатканьне, таварыш профэсар! Колькі лет! Колькі зім!

ЯНКА

І ні колькі лет і ні колькі зім, а ўсяго восем месяцаў, пане рэгістратар, як мы бачыліся. Але, мабыць, цяжкія вашы справы, што так цяжка вам час плыве: месяцы ў цэлыя леты і зімы замяніліся?

МІКІТА

Так сабе, нічога сабе, меджду протчым, плыве.

ЯНКА

Дый што гэта з вамі? Ці ня ўпісаліся вы ў менскія свабодныя гэрцум-сролікі? — як тачнік які, тарабаніце гэту брычку з сабой.

ГАРОШКА

Мусіць яны пазайздросьцілі конскаму хлебу.

ГАНУЛЯ

Гэта Мікітка кожны дзень гэтак на службу езьдзіць.

МІКІТА

А так, пане профэсар. Пры сучасным політычным і экономічным становішчы Расійскай, меджду протчым, імпэрыі ня можна йначай. Цяпер так: калі конь можа цягаць павозку, то чалавек і пагатове. Натое-ж у нас і абсолютная свабода, каб усё жывое мела абсолютнае раўнапраўе.

ЯНКА

Раўнапраўе, то раўнапраўе, але-ж хіба яно вам не загадвае быць штодзень за нейкага саматужнага вазюра?

МІКІТА

О, не! Каламажку я цягаю з сабой толькі дабравольна і толькі для ўласнай выгады. Папершае: на службу і са службы важу патрэбныя сабе офіцыяльныя, меджду протчым, паперы; падругое: важу, але ўжо толькі са службы, усялякія пайкі, коопэрацыйны тавар і іншае; патрэцяе: вось пападаецца па дарозе якая-небудзь контрабанда, іначай кажучы — рэчы, якія ўвозіць у Менск забаронена: мука, крупы, бульба, сала, масла, цыбуля, рэдзька і гэтаму, меджду протчым, падобнае. Значыцца, выгандляваў цішком, каб ніхто ня бачыў, тое-сёе з гэтай контрабанды на якую-сякую панчоху ці шкарпэтку, палажыў сабе, меджду протчым, на воз і вязі сабе ў сваёй каламажцы. Ну, і ці-ж нявыгодна?

АЛЕНКА

(прабуючы падымаць паасобку портфалі ў каламажцы)

Ну і цяжкія-ж гэтыя торбы! Ці не каменьне ў іх напакавана?

МІКІТА

Не каменьне, меджду протчым, мамзэль, а наш хлеб штодзенны. (Дастаючы першы портфэль). У гэтым портфэльчыку ўсялякія асабістыя пасьведчаньні: на маю асобу, на маю кватэру, на ваду, на апал, на яду, на хадзьбу і гэтак далей, і яшчэ дакуманты на права ўставаць рана і не ўставаць рана, хадзіць на службу і не хадзіць на службу, насіць вопратку і не насіць вопратку, трымаць грошы і ня трымаць грошы, мець сабе жонак і дзяцей і ня мець сабе жонак і дзяцей, сьвістаць, меджду протчым, на…

ЯНКА

(перабіўшы)

А ў гэным другім лантуху?

МІКІТА

(дастаючы другі портфэль)

А ў гэтым, меджду протчым, портфэльчыку ўсялякія дэкрэты, законы, пастановы, загады, рэзолюцыі, інструкцыі аб раўнапраўі ўсіх расаў і падрасаў, усіх нацый і паднацый, усіх народаў і паднародаў, усіх моваў і падмоваў — у нашай ядынай і непадзельнай Літбеларускай рэспубліцы. (Дастаючы трэці портфэль). У гэтым толькі грошы — мая пэнсія за першыя дзесяць дзён гэтага ліпня месяца і за два тыдні наперад. (Дастаючы чацьверты апошні портфэль). А ў гэтым карапузіку важнейшыя дакуманты: профсаюзу, біржы працы, культасьветы, нашага № 157348 дамкому, у якім я паўнапраўны сакратар, і гэтак, меджду протчым, далей. (Дастаючы іншыя рэчы з каламажкі). Далей ідуць мае за месяц чэрвень, за першыя дзесяць дзён ліпня і за два тыдні наперад дармовыя, меджду протчым, пайкі: сем фунтаў адборнай атрубянай мукі, паўтара фунта з асьмушкай круп, два фунты з чвэрткай гароху, ня ведаю колькі газы, паўчвэрці фунта і два лоты солі, і да ўсяго гэтага яшчэ: селядцы, тараны, сем з паловай фунтаў дроў, пудэлачка, меджду протчым, пудры, а-ля-руж, падстаўка для кветак, тры чаркі, а болей, здаецца, нічога няма.

ЯНКА

Як уважаю, дойная каза вышла з вашай свабоднай профэсіі аратара: столькі грошай, ды яшчэ дармовыя пайкі!

МІКІТА

Бачыце, пане профэсар, як вам сказаць, меджду протчым, я ўжо махнуў рукой на ўсе свабодныя профэсіі: штосьці мне яны не шанцуюць.

ГАНУЛЯ

Не шанцуюць, бо не за сваё бярэшся. Гэта-ж, трэба вам ведаць, чуць не наклікаў на сваю галаву безгалоўя. Як толькі немцы вышлі, то ён ужо на другі дзень палез на Трэку недзе на вышкі і давай, на чым сьвет, падбухторываць людзей. Спачатку ўсе зьдзівіўшыся глядзелі, сьмяяліся, а пасьля давай шпурляць у яго чым хто папала. Сьцягнулі гвалтам з вышак і нямаведама куды-б зацягнулі. Але на шчасьце заступілася мамзэль Наста і сяк-так выпутала з гэтай бяды.

МІКІТА

Меджду протчым, мамаша, вы крыху ня ў тых колерах адмалявалі ўсю гэту трагічную гісторыю. Уся бяда была ў тым, што я не ўгадаў, на якую, меджду протчым, стануць пляцформу, дзеля гэтага пасьлізнуўся і быў змушаны прымусова зыйсьці з трыбуны. І гэтае, меджду протчым, здарэньне пераканала мяне, што кроў свабодных профэсій у маіх жылых яшчэ не цячэ і што маё праўдзівае прызваньне вось у гэтым (хлопаючы па портфэлях): паперы, паперы й паперы. Цяпер я, пане профэсар, маю шаснаццаць дзенных і восем вячэрніх, меджду протчым, пасадаў рэгістратара ў розных Менскіх Губэрскіх Саўхозах, Нархозах, Комхозах, Домхозах і іншых аддзелах, пад‘аддзелах і напаўпададдзелах, дзе, меджду протчым, сяджу сабе і сяджу сабе, пішу сабе і пішу сабе. На маю пільную працу нават начальства, меджду протчым, зьвярнула ўвагу і да маёй рангі рэгістратара дабавіла ганаровую падрангу, якая панашаму завецца „Совбур“. Бяда толькі, меджду протчым, што вось новая, па ліку трэцяя, політычная сытуацыя спыняе на няведамы час гэту маю рэгістратарска-совбурскую кар‘еру.

(Уваходзяць з дваіх праціўных дзьвярэй ВУЧОНЫЯ).

ЗЬЯВА ІV

ТЫЯ-Ж — ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ — УСХОДНІ ВУЧОНЫ

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

(стукнуўшыся з Усходнім)

Пся крэв!

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

Чорт подзеры!

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

Пшэпрашам пана!

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

Ізьвініце, судар!

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

І пан ту?

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

І вы зьдзесь?

(Кланяюцца самі сабе і прысутным).

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

(да Янкі)

Бардзо на часе, жэ пан обэцным ест. Для взбогацэня нашэй ведзы польскей потшэбнэ сон ешчэ нектурэ шчэгулы о нібы вашым краю. Можэ шановны пан поінформуе цось о пшыродзе так званэй по вашэму Бялай Русі і цось о тэм, яке собе закрэсьляце граніцэ політычнэ.

ЯНКА

Прырода наша, пане вучоны, прыродная. Маем поле і лес, горы і даліны, рэчкі і вазёры, нават мора мелі называлася Пінскае, — але окупанты зьмяшалі яго з гразёй, дык засталося толькі Пінскае балота. А граніц політычных ня маем, бо і політыкі сваёй ня маем — на чужой політыцы пакуль што езьдзім.

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

(запісваючы ў нататнік)

Прырода в Русском Северо-Западном крае веліка і обільна, — есть суша і водныя басейны, даже морэ собственное імелось, но благодара врэдным клімацічэскім веяніям с Запада поіменованное морэ утонуло в Пінском болоце. Что касается поліцічэскіх граніц обласьці, то оне в представленіі зьдзешніх обшча-русскіх людзей очень туманны. Всё-жэ прымечается стремленіе расшырыць эці граніцы на Запад.

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

(запісваючы ўперамежку з Усходнім)

Пшырода на Польскіх Крэсах Всходніх надзвычай буйна і богата; эгзыстуе лёнд і водозьбёры; край тэн посядал навэт можэ, але, завдзенчаёнц шкодлівым вплывом зэ Всходу, можэ тэ пшэісточыло сень в Піньске блото. Цо сень тычы граніц політычных краю, то взглендэм іх у месцовэй людносьці вшэхпольскей пшэдставене бардзо не яснэ. Еднак, спостшэга сень донжэне розшэжыць овэ граніцэ на Всхуд.

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

Ешчо одзін маленькій вопрос: Вашы землякі не собіраются в будушчэм прыобрэсьці себе морэ вместо утонувшего, чтобы со временем пробіць себе куда-нібудзь окошко — в Европу ілі Азію?

ЯНКА

Нам і бяз мора, пане вучоны, хапае дзе тапіцца, як павее пошасьцяй праз усходнія ці заходня „акошкі“.

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

(запісваючы)

О Дарданелах, о Індзійскіх морях какіх і какіх лібо окошках не помышляют і помышляць не желают, бо, по іх жэ словам, і без того імеют гдзе топіться, когда повеет сквозьнякамі із Запада.

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

(запісваючы ўперамежку з Усходнім)

О розшэжэню своіх граніц од можа до можа не мажон і мажыць собе не жычон, поневаж, як самі твердзон, маён гдзе топіць сень і без можа, гды повеён пшэцёнгі зэ Всходу.

УСХОДНІ ВУЧОНЫ

(скончыўшы пісаць)

Благодару вас!

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ

(скончыўшы пісаць)

Дзенькуен пану!

(ВУЧОНЫЯ кланяюцца і выходзяць кожны ў праціўныя дзьверы, якімі прышоў быў).

ЗЬЯВА V

ГАНУЛЯ — ГАРОШКА — АЛЕНКА — ЯНКА — МІКІТА

ЯНКА

(да Мікіты)

Ну і дурыгаловы гэтыя вашы вучоныя!

МІКІТА

Усё гэта, меджду протчым, тутэйшыя людзі: адзін дзякавы сын, а другі — арганіставы.

АЛЕНКА

Хоць яны і вучоныя і тутэйшыя, а ўсё-ж такі надта сьмешныя.

МІКІТА

Для асоб з глухой вёскі, мамзэль, можа яны і сьмешныя, але для Менскай рускай, меджду протчым, інтэлігенцыі яны зусім сур‘ёзныя вучоныя.

ЯНКА

Такія сур‘ёзныя, пане совбур, як і сягонешні выгляд вашай хаты, асабліва гэтыя хвасты ад шпалераў ды абразы задам наперад.

МІКІТА

Гэта, пане профэсар, ёсьць вынік майго апошняга, меджду протчым, службовага становішча і апошняй політычнай сытуацыі, якая ўтварылася ў Расійскай, меджду протчым, імпэрыі. Усё гэта вымагала тое-сëе зьмяніць і ў хатніх абставінах, каб такім спосабам надаць болей, меджду протчым, дэмократычнасьці і прастаты.

ЯНКА

Лёгкі і танны спосаб у вас дапасоўвацца да сытуацыі.

МІКІТА

Надта лёгкі і танны. Глядзеце. (Пераварачвае абразы). Раз, два! і гатова.

ЯНКА

Цікава толькі, як гэта вы з сваім апошнім саўбураўскім становішчам дапасуецеся да самай навейшай політычнай сытуацыі, што круціцца ўжо каля Пярэспы?

МІКІТА

Аб гэтым, я таксама, меджду протчым, не забыўся. Мой профэсар гэр Сьпічыні працуе са мной у даным кірунку ўжо некалькі часу і памагае мне расьцярэбліваць дарогу да будучай маёй кар‘еры ў губарнатарскай канцылярыі. Бяру ў яго лекцыі таго „языка“, з якім прыходзіць новая сытуацыя.

ЯНКА

Глядзеце толькі, каб гэты гэр Сьпічыні вам ня ўставіў і тут сьпіц, як і перад нямецкай сытуацыяй.

МІКІТА

Меджду протчым, гэр Сьпічыні таму ня вінен, што напладзілі сабе людзі языкоў, як тая трусіха трусянят, і мне, меджду протчым, як ідуць немцы — вучыся панямецку, як ідуць палякі — вучыся папольску, а як будуць ісьці нейкія іншыя — вучыся панейкаму паіншаму. І гэр Сьпічыні тут ня пры чым. Эх, каб я быў, меджду протчым, царом! Завёў-бы я ад Азіі да Аўстраліі, ад Афрыкі да Амэрыкі і ад Смаленску да Бэрліну адзін непадзельны рускі язык, і жыў-бы сабе тады прыпяваючы. А то круці галавой над языкамі, як баран які над студняй.

ЯНКА

Бачыў бог, што ня даў сьвіньні рог, а рэгістратару панаваньня. Але чаму-б вам, колежскій рэгістратар Нікіцій Зносілов, ня стацца тым, чым вы самдзеле ёсьць: Мікіта Зносак — і мілагучна і патутэйшаму, ды языкоў ня трэба мяняць, як цыган коні?

МІКІТА

Як гэта разумець, меджду протчым?

ЯНКА

А надта проста: стаць на свой тутэйшы грунт, на той грунт, на якім узрасьлі вашы бацькі, дзяды.

МІКІТА

Меджду протчым, вы напамыкаеце, сябра беларус, каб я стаў не на свой, а на ваш — беларускі, хэ-хэ-хэ! грунт.

ЯНКА

А хоць-бы й так.

МІКІТА

Меджду протчым, пане настаўнік, яшчэ я ня ўпаў з сваім гонарам так нізка, каб лезьці ў вашу, выбачайце, мужыцкую беларускую кампанію. Вы можа параіце мне яшчэ і вашага Тарашкевіча граматыку зубрыць?

ЯНКА

А чаму-ж бы не?

МІКІТА

Ха-ха-ха! Ха-ха-ха! І жартаўнік-жа вы, дзядзька беларус, нязвычайны вы жартаўнік! Ха-ха ха! Ня маючы што рабіць, інтэрнацыянальная інтэлігенцыя выдумала гэты нейкі нацыянальны беларускі язык, а вы хацелі-б заставіць нас, руска-ісьціную тутэйшую, меджду протчым, інтэлігенцыю сушыць над ім свае апошнія мазгі. Ха-ха-ха! Вось дык дадумаліся! Ха-ха-ха! Меджду протчым, пане беларус, мне ваш (з націскам) „дэмократычны“ язык непатрэбен, калі я маю свой, меджду протчым, мацярынскі рускі язык.

ЯНКА

О так, так! Для вашага гонару падавай вам мацярынскі язык цароў, Мураўёвых-вешацеляў, Распуцінаў, Азэфаў і ўсея кампаніі падобных ім, а на свой, папраўдзе для вас родны, як вы кажаце, язык, вам напляваць. Эх русацяп, вы русацяп! Але годзе аб гэтым! Калісь вы, пане рэгістратар, апомніцеся, але каб ня было запозна. (Да ГАНУЛІ). Цяпер я да вас, цётачка, толькі ня з спрэчкай, а з просьбай: ці ня можна будзе ў вас мне з маёй кампаніяй пераначаваць? Шукаць іншага месца для начлегу неяк ня хочацца.

ГАНУЛЯ

А начуйце, мае дзеткі, начуйце, колькі хочаце! Гэны пакой, дзе вы кватаравалі, свабодны, дык і лезьце пакуль што туды.

ЯНКА

Шчыра дзякую! (Выходзіць з АЛЕНКАЙ і ГАРОШКАЙ. Уваходзіць СЬПІЧЫНІ).

ЗЬЯВА

ГАНУЛЯ — МІКІТА — СЬПІЧЫНІ

МІКІТА

Вельмі паважанаму профэсару маё шчырае, меджду протчым, прывітаньне! Як гэта міла з вашага боку, што нават і ў гэтакі трывожны крыху час вы не забываецеся аб маёй адукацыі!

СЬПІЧЫНІ

Я толькі выпаўняю сваю місію, як і вы, мусье Зносілов, сваю місію. А ўзяўся за гуж — не кажы, што ня дуж.

МІКІТА

(выкладаючы слоўнікі)

Зусім справядліва, мусье профэсар. Мы з вамі высока трымаем свае сьцягі: вы сьцяг, меджду протчым, навучаньня, а я сьцяг, меджду протчым, вартаваньня. І наша патомства калісь занатуе, меджду протчым, нашы іменьні на залатой дошцы. Меджду протчым, мамаша, можа пакініце на хвіліну гэты пакой, пакуль у нас будуць цягнуцца лекцыі. (ГАНУЛЯ выходзіць).

ЗЬЯВА VІІ

МІКІТА — СЬПІЧЫНІ

СЬПІЧЫНІ

Можам прыступіць, мусье рэгістратар!

МІКІТА

Я ўжо гатоў, мусье профэсар!

СЬПІЧЫНІ

Мы ўжо з вамі прайшлі прывітаньні звычайныя і ўчора пачалі так званыя прывітаньні шыварат-навыварат. Паўторым тое, што пачалі. Як будзе: сабачая твая кроў?

МІКІТА

Пся крэў, затрацона душа.

СЬПІЧЫНІ

Як будзе: згінь ты прападзі, нячыстая сіла?

МІКІТА

Ідзь пан до сту д‘яблув за Буг.

СЬПІЧЫНІ

Вельмі добра, дужа добра! Самае важнае, што не забыліся „за Буг“. А цяпер, як будзе: ня лезь, бо дастанеш поўху?

МІКІТА

Нех се пан не наставя, бо достанеш по пыску і ўтонеш в Немідзэ.

СЬПІЧЫНІ

Віншую, віншую! Зусім добра. Поступ у навуцы вялікі. Папрабуем затое з іншай бочкі. Перакулеце на наш манер такі зварот: ешчэ Польска не згінэла.

МІКІТА

Яшчэ Польшча ня згінула, але зьбіраецца згінуць.

СЬПІЧЫНІ

А цяпер ператлумачце: Двадзесьце пеньць.

(Уваходзіць НАСТА).

ЗЬЯВА VІІІ

МІКІТА — СЬПІЧЫНІ — НАСТА

НАСТА

Можаце віншавацца, панове! З пэўных крыніц я напэўна даведалася, што ўжо „нашы“ занялі Менск.

СЬПІЧЫНІ

Як гэта, мамзэль, — нашы?

НАСТА

Ну, палякі, калі вам гэта, пане профэсар, лепей падабаецца.

СЬПІЧЫНІ

Выбачайце, мусье Зносілов, але мы на сягоньня лекцыю спынім. Мушу йсьці пільнаваць хаты. Маю гонар кланяцца!

(Хоча йсьці).

МІКІТА

А як-жа, мусье профэсар, з гэтым „двадзесьце пеньць“?

СЬПІЧЫНІ

Заўтра, мусье рэгістратар, пройдзем на практычнай лекцыі. (Выходзіць).

МІКІТА

(крычыць)

Меджду протчым, мамаша! Дзядзька беларус! Палякі ў Менску!

(Уваходзяць ЯНКА і ГАНУЛЯ).

ЗЬЯВА ІX

МІКІТА — НАСТА — ЯНКА — ГАНУЛЯ

ЯНКА

Што? у Менску пажар?

МІКІТА

Не пажар, дзядзька беларус, а палякі, палякі! Разумееце?

ЯНКА

Ну, гэта ўсё роўна.

МІКІТА

Вам, чалавеку бяз рангаў і клясаў у прошлым, і без надзеі на асэсарства ў будучым, пэўна, што ўсё роўна, але для мяне, меджду протчым… Гэ-гэ! А цяпер далоў совбурскую форму! (Хоча скідаць куртку). Ах, пардон! Я забыўся, што мамзэль Наста тут. Але вось гэта можна і цяпер паслаць, меджду протчым, к чорту.

(Пачынае кідаць аб зямлю портфэлі, апрача портфэлю з грашыма).

ЯНКА

Ці не пасьпяшыліся, пане рэгістратар, пляваць у карытца, — каб ня прышлося напіцца.

МІКІТА

(пакінуўшы кідаць портфэлі).

Чаму, меджду протчым?

ЯНКА

А як ізноў унеспадзеўкі тыцне ў Менск ваша совбурскае начальства? Што тады вы бяз гэтых торбаў запяяце?

МІКІТА

А праўда, меджду протчым, праўда, — я крыху зарапартаваўся. Быўшае, цяперашняе і будучае начальства заўсёды і ўсюды трэба шанаваць і мець навоку, калі ня хочаш папсаваць свае паперы. Меджду протчым, мамаша, схавайце гэтыя портфэлі — можа дзе пад комін, ці куды іх падсунеце. Пакіньце толькі портфэль з маёй пэнсіяй. (ГАНУЛЯ па аднаму носіць портфэлі). А я папрашу пардону ў гасьцей і на хвіліну адлучуся зьмяніць свой знадворны выгляд, згодна з самай навейшай, меджду протчым, політычнай сытуацыяй.

{{АРЦ|(Дастае з скрынкі вопратку і выходзіць. Колькі хвілін ЯНКА і НАСТА застаюцца на сцэне моўчкі, ня ведаючы, што з сабой рабіць).

МІКІТА

(уваходзіць пераадзеты ў сваю чыноўніцкую форму з усімі адзнакамі, акручваючыся на пяце)

Ну, як, шаноўныя, меджду протчым, мамзэлі і мусьі? Той самы ды ня той самы! Ці-ж не мэтаморфоза?

НАСТА

Я захоплена вашай, мусье Нікіці, метаморфозай!

ЯНКА

Перакуліцца з нічога ў нішто — не вялікая мэтаморфоза.

МІКІТА

(як-бы не пачуўшы, да Ганулі).

Меджду протчым, мамаша, трэба хутчэй залю прывесьці да чалавечага падабенства. Выносьце першым чынам начоўкі з бялізнай, а я, меджду протчым, вытарабаню каламажку. Ага! Кідайце сюды ў павозку бялізну, а наверх стаўляйце начоўкі — гэтак за адным замахам усё выцягнем. (Паклаўшы бялізну і начоўкі з вадой на каламажку, вывозяць: ГАНУЛЯ цягне, а МІКІТА падпіхае. Праз хвілю варочаюцца). А цяпер займемся адсабураваць сьценкі. Вы, меджду протчым, мамаша, прышпільвайце чым-небудзь адвіснутыя матузы ад шпалераў, а я адкулю на добры бок абразы.

(ГАНУЛЯ Падшпільвае шпалеры, МІКІТА пераварачвае абразы, НАСТА ім памагае. Праз нейкую хвіліну ўваходзяць: ДАМА, ПОП, СПРАЎНІК, ПАН).

ЗЬЯВА Х

МІКІТА — НАСТА — ЯНКА — ГАНУЛЯ — ДАМА — ПОП — СПРАЎНІК — ПАН

ПОП

Мір очагу сему!

МІКІТА

(усьцешыўшыся, вітаецца).

Ах! Каго я, меджду протчым, бачу? Мадам-сіньёра! — цалую ручкі. Ацец духоўны! — даўно чакаю вашага благаслаўленьня. Вашаму родзію пакорны прывет і падчыненьне! Ясьне пану грабю нізка кланяюся! Ах! Якімі-такімі шляхамі пазволілі сабе прыбыць сюды, меджду протчым, доўга чаканыя госьці? (ГОСЬЦІ ўсім кланяюцца, сядаюць, — ПОП бліжэй да вакна).

СПРАЎНІК

Разам з новай окупацыйнай уладай прымашыравалі ў Менск.

ДАМА

І лічылі сваім абавязкам, мусье рэгістратар, злажыць вам першаму сваю першую па прыезьдзе сюды візыту.

ПАН

Ваша гасьціннасьць у тыя, цяжкія для нашага стану, часы абавязвала мяне як найхутчэй прывітаць вас ад сябе і ад маіх…

ПОП

Душа мая возрадавалася пры созерцаніі, како агнцы сіі возврацяшэся в стадо свое. І прышэд я с німі дабы однім веселіем возвеселіціся з вамі, чадо мое, рэгістратор!

МІКІТА

Бяда мая! чым-жа я буду гасьцей высокадастойных прымаць? Меджду протчым, мамаша, ці там ня знойдзецца чаго пайковага закусіць?

ГАЛАСЫ

Ня трэба! Ня трэба! Дзякуем!

СПРАЎНІК

Мы ужо пасьпелі ня толькі закусіць, але й выпіць крыху. Ацец духоўны таксама пасьпеў пагасьціць у нас.

ПОП

Трапеза была обільная, яствы упітацельныя: амэрыканскае сала…

СПРАЎНІК

Амэрыканскі кумпяк…

ПАН

Амэрыканская булка…

ДАМА

Амэрыканскае какао…

ЯНКА

(набок)

Амэрыканскія фігі.

МІКІТА

Мінуўшая політычная, меджду протчым, сытуацыя нічога падобнага нам у пайкох не давала.

СПРАЎНІК

Затое цяперашняя усё дасьць.

ЯНКА

(на бок)

Нават узяткі.

МІКІТА

Але пакуль-што-якое, мне ад сэрца, меджду протчым, хацелася-б дастойна пачаставаць і павесяліць высокіх парсон.

ДАМА

А ведаеце, мусье Зносілов, — бяду гэту можна лёгка паправіць. У мяне зьявілася цудоўная ідэя: той вечар у вас на імянінах, перад выхадам немцаў, такое мілае ўражаньне пакінуў, што я вельмі была-б шчасьлівай, каб сягоньня яго паўтарыць.

МІКІТА

Мадам-сіньёра, я ўвесь да вашых, меджду протчым, услугаў! Значыцца, пачынаем ад пачастунку. Меджду протчым, мамаша, чым хата багата.

ДАМА

О не, мусье рэгістратар, — вы не згадалі! Дзякуючы таму, што мы ўжо частаваліся, паўторым сягоньня толькі другую частку програмы таго вечару.

МІКІТА

Танцы, меджду протчым?

ДАМА

Мусье, цяпер вы згадалі! (Да прысутных). Я думаю, што шаноўнае таварыства са мною згодна?

ГАЛАСЫ

Згодны! згодны!

ДАМА

А цяпер, мусье Зносілов, дазвольце накруціць грамафон.

МІКІТА

Грамафон… грамафон… меджду протчым, грамафон, мадам-сіньëра, у… у рэпарацыі.

ДАМА

Тады дазвольце мне балалайку. (МІКІТА падае). Я папрашу гэтага мусье (паказвае на ЯНКУ), каб сыграў на балалайцы. (Падыходзіць і падае ЯНКУ балалайку). Мусье беларус, не адмоўцеся, сыграйце нам вальца!

ЯНКА

Магу сыграць. Калі тут кампанія ваша ўладзіла танцкляс для окупантаў, дзе кожны з іх заходзіць і танцуе сваё „Гоцаца“, дык чаму-ж бы мне ў гэтым танцклясе і не пайграць.

ДАМА

Вельмі прыемна з вашага боку!

(ЯНКА грае вальца. Танцуюць тры пары ў тым самым парадку, што ў першым акце. ПОП таксама не танцуе. У пачатку танцаў уваходзяць АЛЕНКА і ГАРОШКА).

ЗЬЯВА

ТЫЯ-Ж — АЛЕНКА — ГАРОШКА

ПОП

(пільна угледзеўшыся ў акно, потым да танцуючых)

Чады моі, остановіцесь! В сію обіцель градзе большэвік.

ТАНЦУЮЧЫЯ

(пакінуўшы танцаваць)

Як?… што?.. адкуль?..

(Паміж Мікітавымі гасьцямі перапуд і бегатня).

МІКІТА

(зірнуўшы ў акно)

А такі-ж градзе і да нас… Ой-ей!.. і з аружжам у руках! А казалі, што іх ужо няма. Ой-ей!.. ой-ей!.. Мамзэль Наста, якія ж гэта няпэўныя вашы пэўныя крыніцы!

ГАЛАСЫ

Трэба хавацца! Хутчэй! Хавацца!

МІКІТА

Мамзэль Наста, перакульвайце задам наперад абразы (НАСТА пераварачвае абразы). Мадам-сіньёра, хавайцеся сюды! Ваша родзіе, сюды! а вы, пане пан, во сюды! Ацец духоўны, меджду протчым…

ПОП

Не суеціцеся обо мне, сын мой! Моі облачэнія зашчытой мне от всякіх зол земных.

МІКІТА

Меджду протчым, мамаша, я залезу сюды, а вы станьце так, каб мяне засланіць. Вось так! Ну, цяпер можа йсьці.

(Пауза досыць доўгая. ЯНКА іронічна ўсьміхаецца, АЛЕНКА пырскае здушаным сьмехам, ГАРОШКА пыхкае люльку і плюе. НАСТА порыцца каля абразоў. Уваходзіць ЧЫРВОНААРМЕЕЦ з абломкам стрэльбы).

ЗЬЯВА XІІ

ТЫЯ-Ж — ЧЫРВОНААРМЕЕЦ

ЧЫРВОНААРМЕЕЦ

Ці ня можна ў вас, таварышы, перасядзець, пакуль сьцямнее? Бо я адстаў ад сваёй часьці і толькі ўночы змагу выбрацца з гораду, каб дагнаць сваіх.

МІКІТА

(вылазячы з укрыцьця, да Чырвонаармейца)

А, папаўся, меджду прочтым, нарэшце! Складай аружжа! Вывешывай белы флаг! Здавайся ў палон, меджду протчым!

ЧЫРВОНААРМЕЕЦ

(палажыў на бок абломак стрэльбы і паглядае, не разумеючы, у чым справа).

СПРАЎНІК

(вылезшы з іншымі з укрыцьця)

Зусім справядліва! Забірайце яго ў палон!

ДАМА

Ах, мусьі! У вас, як бачу, пачынаюцца вайсковыя змаганьні. Дазвольце мне быць сястрой міласэрдзя.

СПРАЎНІК

Наколькі я разумею стратэгію, то, здаецца, справа абыйдзецца без крывяпраліцьця.

МІКІТА

(да Чырвонаармейца)

Абвяшчаю вас сваім палонным! Без майго, меджду протчым, дазволу ня маеце права даць і кроку.

ПАН

Надта ўсё добра складаецца для вас, пане рэгістратар. Як зьявіцеся з гэтым палонным да новае ўлады, то ваш прэсьціж адразу падымецца ў яе вачох на сто процантаў.

СПРАЎНІК

І вы павінны зараз ісьці са сваёй здабычай у штаб окупацыйных войск. Там вы пачуецеся, як вольны з вольным.

ПАН

І як роўны з роўным.

МІКІТА

Значыцца, ужо йду. Мадам-сіньёра і мусьі, ці таксама, меджду протчым?..

ГАЛАСЫ

Ідзем… Усе ідзем!.. Ідзем!..

МІКІТА

(да Чырвонаармейца)

Шагам марш у палон! Пачакайце! (Да сваёй кампаніі). А трофэі таксама забраць?

ГАЛАСЫ

Забіраць! Забіраць!

(ДАМА, ПОП, СПРАЎНІК, ПАН, МІКІТА, акружыўшы ЧЫРВОНААРМЕЙЦА, выходзяць маршавым крокам).

МІКІТА

(з абломкам стрэльбы на рамі, напявае)

Оруж‘ем на солнце сверкая,
Под звукі ліхіх трубачэй,
По уліцам пыль подымая
Проходзіл полк гусар усачэй…

ЗАСЛОНА

Дзея трэцяя

[правіць]

ДЗЕЯ ЧАЦЬВЕРТАЯ

Час пасьля паўдня. Мікітавы пакой выглядае з большага — як у першай дзеі, разумеецца, без грамафона, люстра і мяккіх крэслаў, некаторыя рэчы спакаваны як у дарогу. Зрэдка далятаюць далёкія гарматныя выстралы.

ЗЬЯВА І

ГАНУЛЯ, пасьля — ЯНКА — АЛЕНКА

ГАНУЛЯ

(сядзіць на спакаваных вузлох і робіць панчоху)

ЯНКА

(уваходзіць з Аленкай)

Дзень добры, цëтачка! Што вы так задумаліся?

ГАНУЛЯ

Ах, гэта вы, пане настаўнік! І Аленка з вамі… Як я рада, што вы не забыліся нас у гэтыя трывожныя мінуты.

ЯНКА

Ці-ж пяршыня для Менску гэтыя трывожныя мінуты? Час было-б, цëтачка, і прывыкнуць да іх.

ГАНУЛЯ

Ды яно-ж так. Але сваім чынам дадзела ўсё гэта, ах, як дадзела!

ЯНКА

Э! ліха перамелецца і мука будзе. (Пауза). А мы вось з Аленкай сумысьля зайшліся, цётачка, да вас, каб пахваліцца перад вамі сваім шчасьцем.

ГАНУЛЯ

Нязвычайныя вы людзі, калі яшчэ можаце сягоньня хваліцца шчасьцем.

АЛЕНКА

А такі-ж нязвычайныя, цëтачка.

ЯНКА

І маем чым пахваліцца. Дык слухайце ўважліва, цëтачка, рыхтуйцеся віншаваць: Я, настаўнік, Янка Здольнік…

АЛЕНКА

(перабіраючы)

І я, настаўніца Аленка Гарошчышка…

ЯНКА

Узялі ды паміж сабой пажаніліся. Цяпер яна мая жонка назаўсёды.

АЛЕНКА

І ён таксама — мой муж, але ці назаўсёды — яшчэ паваражу.

ГАНУЛЯ

А мае-ж вы міленькія! Пашлі вам долечка ўсяго найшчасьлівейшага. І павянчаліся ўжо?

ЯНКА

А як думалі, цëтачка? Абавязкова павянчаліся, ды яшчэ як урачыста. Зялёны бор шлюб нам даваў, зоркі дружкамі былі, а расіца срабрыстая шлюбныя персьцені сьвянціла.

АЛЕНКА

А праўда, праўда, цётачка! Шлюб наш быў гэткі ўрачысты.

ГАНУЛЯ

Ну, і пайшлі плот гарадзіць, каб вы цяміліся, мае-ж вы шлюбоўнікі! А вясельле таксама было? Чаму-ж мяне не паклікалі?

ЯНКА

Вясельле, цëтачка, адлажылі пакуль што да таго часу, калі апошні окупант ад нас выйдзе, бо пры іх нявесела на вясельлі.

ГАНУЛЯ

Ці не задоўга прыдзецца чакаць на гэта?

АЛЕНКА

Ды праўду кажучы, доўга ці коратка — гэта ня важна. Але ў нас, цётачка, важнейшая бяда.

ГАНУЛЯ

А што-ж такое?

АЛЕНКА

Татку-ж майго йзноў у абоз пагналі. Але так пагналі, што і сьлед згінуў. Ужо тут, у Менску, мы даведаліся, што перш адны гналі, пасьля — другія, потым — зноў тыя самыя, потым — зноў другія, а там далей і няведама, хто гоніць і куды гоніць.

ГАНУЛЯ

Ганяюць людзі людзей бяз-дай-прычыны ды ганяюць. А каму гэта патрэбна, дык яны пэўна й самі ня ведаюць.

АЛЕНКА

Як татку, бывала, бяруць у абоз, дык ён заўсёды і кажа, што едзе окупантаў вывозіць. Але, бедны, возіць, возіць, ды ніяк вывезьці ня можа.

ГАНУЛЯ

Усё роўна, як той дзед з бабай рэпку сваю — цягнулі-цягнулі, ды ніяк не маглі выцягнуць. Але затое татка твой хоць сьвету пабачыць — пад старасьць будзе мець што ўнукам расказваць.

АЛЕНКА

(як-бы саромліва)

Ды ў яго яшчэ ўнукаў і няма.

ГАНУЛЯ

(усьміхаючыся)

Дык будуць, мае мілыя, будуць.

ЯНКА

Ой, нешта, мабыць, блазноцкае падумалі, цётачка, бо аж вочы спусьцілі.

ГАНУЛЯ

А бадай вы пакісьлі, мае дзеткі! І старую ў грэх вядзіцё. Давайце лепей аб чым іншым пагамонім. Во, якраз успомніла. Былі ж і сягоньня гэныя нібы вучоныя Мікіткавы. Аб вас, пане настаўнік, пыталіся. Хацелі, кажуць, даведацца, які магнэс болей вас да сябе цягне — усходні, ці заходні.

ЯНКА

Трэ‘ было, цётачка, сказаць, што ні той, ні сëй, а тутэйшы.

ГАНУЛЯ

Я так і падумала, але не сказала, бо пабаялася, што не патраплю вучоным павучонаму адказаць.

ЯНКА

А болей нічога ня пыталіся?

ГАНУЛЯ

Нічога, толькі паміж сабой тое-сëе павучонаму пагаманілі, праз свае падзіральнікі туты-сюды зірнулі ды пайшлі. Усходні вучоны сказаў, што пойдзе на Захад, а Заходні сказаў, што пойдзе на Ўсход.

ЯНКА

Ну, цяпер яны ня скора з сабой спаткаюцца.

ГАНУЛЯ

І я так падумала, але не пасьпела гэтага ім сказаць.

{{АРЦ|(Уваходзіць МІКІТА. На шапцы ў яго вялікі значок з белым арлом, брыль абабіты бляхай; фрэнч і галіфэ новыя, з цёмна-жоўтага сукна, боты жоўтыя. Уваходзіць з напоўненым вядром).

ЗЬЯВА ІІ

ГАНУЛЯ — ЯНКА — АЛЕНКА — МІКІТА

МІКІТА

(паставіўшы вядро)

А, меджду протчым, пан профэсар завітаў да нас. Маë ўшанаваньне! Як я рад, як я рад, што з вамі спаткаўся. Ах, і мамзэль Аленка тут!? Дзень добры, мамзэль, меджду протчым.

АЛЕНКА

Дзень добры, пане рэгістратар! (З удаваным смуткам). Толькі ж я не мамзэль, а ўжо мадама.

МІКІТА

Тым лепей, меджду протчым. Віншую!

ЯНКА

(паказваючы на вядро)

А гэта што ў вас за такая зацірка ў ражцы?

МІКІТА

Не зацірка, дзядзька беларус, не зацірка, а праўдзівая цэнтра-белсаюзаўская, меджду протчым, патака. Добрыя людзі адчынілі склад з ёю на Нізкім рынку і — бяры, хто хочаш і колькі хочаш. Можаце і вы набраць, меджду протчым.

ЯНКА

Дзякую за такія дары данайскія!

ГАНУЛЯ

А нашыя некаторыя мянчане, асабліва з Камароўкі і Пярэспы, гэткім спосабам апошнія гады і жывуць. Як толькі ўлада мяняецца, робяць сабе запас да новай перамены; мяняецца ўлада зноў — зноў робяць сабе запас да новай перамены, і гэтак ужо каторы год. А сёлета, апрача ўсяго іншага, дык яшчэ і дровы з Ваньковічава лесу самакатам коцяць і коцяць на вяроўках.

ЯНКА

Бачыў, бачыў. Такая праца йдзе, якраз як пры будове ягіпецкіх пірамідаў.

МІКІТА

Меджду протчым, такое ўмелае скарыстаньне перамен політычных сытуацый — надта лёгкі спосаб забясьпечыць сябе на чорны дзень.

ЯНКА

А вы гэта забясьпечаньне пачалі, як відаць, ад патакі?

МІКІТА

Ад большага чаго я не пасьпеў, бо, меджду протчым, апошні час заняты быў эвакуацыйнымі справамі, довадам чаго служаць вось гэтыя запакаваныя рэчы.

ЯНКА

Дык вы, пане рэгістратар, маніліся пакінуць усе свае руска-ісьціныя варты і ўцякаць з роднага гораду?

МІКІТА

А так, пане профэсар, маніўся, меджду протчым.

ЯНКА

Што-ж, можа, гэта акурат падходзячая была-б для вас профэсія. Езьдзі сабе са сваімі манаткамі ды езьдзі сабе, як гандляр з козамі з кірмашу на кірмаш, туды-сюды езьдзі сабе ды езьдзі. Але ўсё-ж-такі, чаму вы не паехалі?

МІКІТА

Вышла малая мітрэнга. Гэты, меджду протчым, рэдактар Гізульскі, што жыў да апошняга часу ў нашай кватэры, абяцаў мне вылатвіць „пшэпустку“ на выезд, але пад‘ашукаў. Сам як пан выехаў, а мяне бяз „пшэпусткі“ пакінуў. Дарма толькі на вакзал з рэчамі сьцягаўся.

АЛЕНКА

І вы гэта, пане рэгістратар, так да сэрца ўзялі, што ажно барада ў вас вырасла, бо дагэтуль, здаецца, вы не насілі яе?

МІКІТА

А гэта, меджду протчым, яна вырасла ў зьвязку з політычнымі хмарамі на нашым Менскім горызонце. Мамзэль Наста загадзя папярэдзіла мяне з пэўных крыніц, што пры новай політычнай сытуацыі будуць дабравольна браць маладых мусьі і дабравольна адпраўляць іх на Ўрангелеўскі фронт. Вось я, не зважаючы на тое — выеду ці ня выеду, і пастараўся не выглядаць маладым.

ЯНКА

Цяпер вам, пане рэгістратар, застаецца толькі прыдумываць новую свабодную профэсію, ці новую клясавую рангу.

МІКІТА

Ды я ўжо прыдумаў, меджду протчым, толькі вы мне павінны ў гэтым памагчы.

ЯНКА

З вялікай ахвотай, калі патраплю.

МІКІТА

Патрапіце — гэта ваша профэсія. Справа ў тым: я пастанавіў перайсьці ў вашу, меджду протчым, партыю.

ЯНКА

Ды я-ж беспартыйны.

МІКІТА

Ну, як вам сказаць? Наогул, меджду протчым, хачу перайсьці на ваш беларускі бок, ці як там. Адным словам, я надумаўся дабівацца беларускага асэсарства.

ЯНКА

О, так! зусім зразумела. Цяпер гэта наймаднейшая свабодная профэсія, і кожны жук і жаба хоча на беларушчыне рабіць сабе кар‘еру.

МІКІТА

(як-бы не зразумеўшы прытычкі)

Меджду протчым, пане профэсар, новая політычная сытуацыя і ўсё такое прымусілі мяне падумаць аб гэтай кар‘еры. Бо, як мне казала з пэўных крыніц мамзэль Наста, дык у вас заводзіцца нейкая, меджду протчым, Беларуская Рэспубліка. Ужо нават едзе і старшыня Беларускага Рэўкому Чарвякоў — толькі затрымаўся недзе за Менскам на папаску.

АЛЕНКА

А я чула, што і цётка Бадунова таксама едзе на белай кабыле з Смаленску.

МІКІТА

Ну, яна, меджду протчым, эсэр-беларус і ў рахунак ня йдзе: доўга тут не заседзіцца.

ЯНКА

Значыцца, вы цьвёрда пастанавілі дабівацца сабе гэтай новай кар‘еры? Баюся я толькі, каб вы ня вышлі на ёй, як залетась на аратарстве; пры тым ваша поўнае дагэтуль ігнораваньне гэтай справы й несьвядомасьць…

МІКІТА

(перабіваючы)

Вы, пане настаўнік, не жартуйце. Я ня зусім такі ўжо несьвядомы, меджду протчым, беларус, — нават з вашай літаратурай знаёмы.

ЯНКА

Цікава, цікава! Гэта для мяне неспадзеўка.

МІКІТА

Дык вось, паслухайце, меджду протчым:

Беларусь, мая старонка,
Куток цемнаты,
Жыве Шыла, Грыб, Мамонька, —
Будзеш жыць і ты, меджду протчым.

ЯНКА

На такім знаёмстве з нашай літаратурай далёка, пане рэгістратар, не заедзеце.

МІКІТА

Вось я й надумаўся зьвярнуцца, меджду протчым, з просьбай да вас, каб вы мне ў гэтым памаглі. Прасіў я свайго профэсара Сьпічыні, але ён адказаўся. Кажа, што ён толькі спэц адбеларушчываць, а да абеларушчываньня яго яшчэ змалку адвярнула.

ЯНКА

Вам простая дарога цяпер: запісацца на курсы беларусазнаўства.

МІКІТА

Паміж намі кажучы, меджду протчым, а дзеля ўсякага такога здарэньня з пару дзён хадзіў на такія курсы, але нічога ў галаву не палезла, асабліва надта трудная для майго рускага ўразуменьня ваша граматыка — гэтыя націскі, націскі…

ЯНКА

А так, пане рэгістратар, — у нашай граматыцы бяз націскаў ані з месца. Але ўсё-такі вам прыдзецца вярнуцца на гэныя курсы, бо я вам нічога не памагу — сягоньня яшчэ выяжджаю з Аленкай з Менску. Мабыць, і ня скора пабачымся.

МІКІТА

Шкада, вельмі шкада, а я думаў, меджду протчым…

ЯНКА

Ды тут нечага й думаць. Ня ўдасца вам гэта асэсарства, дадуць вам совбурства, а штосьці ды будеце мець, бо ці-ж вам ня ўсё роўна?

МІКІТА

Усё роўна, меджду протчым, і ня ўсё роўна. Беларускае асэсарства, апрача ўсякіх іншых плюсаў, мае ў сабе яшчэ адзін вельмі ласы плюсік — гэта тое, што і пабеларуску, як я пераканаўся, можна праводзіць у тутэйшую сярмяжную шацію вялікія руска-ісьціныя прынцыпы а ядынасьці, непадзельнасьці і самадзяржаўнасьці Расійскай, меджду протчым, імпэрыі.

ЯНКА

О, гэта ўжо провокатарскімі прынцыпамі запахла ад вас! Але сьцеражацеся, пане рэгістратар. Ідзе народ, беларускі сярмяжны народ ідзе, а ён вашаму руска-ісьцінаму рэгістратарству саб‘е рогі.

МІКІТА

Я асьцярожны, надта асьцярожны, і за мяне, сябра беларус, ня турбуйцеся. (Да ГАНУЛІ). Меджду протчым, мамаша, у вас не засталося польскіх марак? Дайце мне, — я зьбегаю чаго-небудзь куплю, бо пры новай сытуацыі і гэтыя грошы нічога варты ня будуць.

ГАНУЛЯ

(даючы грошы)

Купі, сынок, купі, толькі можа чаго з яды знойдзеш. Адно — ідзі асьцярожна, каб цябе ў палон не схапілі, або сам у якую нячыстую гісторыю ня ўпутаўся.

МІКІТА

(хаваючы грошы ў галіфэ і выходзячы)

Меджду протчым, я не з такіх, мамаша, каб упутацца. (Да ЯНКІ і АЛЕНКІ). З вамі яшчэ пабачуся — вярнуся хутка. (Выходзіць).

ЗЬЯВА III

ГАНУЛЯ — ЯНКА — АЛЕНКА

ГАНУЛЯ

Ох, неспакойная натура ён у мяне! Кажа — ня ўпутаюся, а ўчора ў такую кашу улез, ажно сорам казаць.

АЛЕНКА

А што такое?

ГАНУЛЯ

Ды як-жа! Пайшоў паглядзець на Захараўскую вуліцу, як там паны турбуюць жыдоўскія крамы й спальні. Вось адзін пан, — яго, здаецца, начальнік, — урэпіўся за Мікітку і даў яму цягаць чужыя рэчы ў свой панскі пакой у нейкай гасьцініцы, дык бедны Мікітка як не падарваўся, цягаючы футры ды спадніцы. Добра-ж, калі хто са знаёмых ня бачыў, а йначай пойдзе чутка, што і мой сын у грабежнікі ўпісаўся — а яшчэ чыноўнік, скажуць!

ЯНКА

Ці-ж ён і цяпер быў чыноўнікам?

ГАНУЛЯ

А так! Служыў у камісарыяце поліцыі нейкім там разношчыкам; нейкія „пшэпусткі“ іхнія ды іншыя дакумэнты разносіў.

ЯНКА

Ня высокае было яго чыноўніцтва, як гэтак.

ГАНУЛЯ

Ды яно-ж праўда! А ўсё віна ў тым, што мой Мікітка вучыўся, але, мабыць, — не давучыўся, і вышла з яго ні богу сьвечка, ні чорту качарга. Рэгістратар! А што цяперашнім часам рэгістратар? — Адно глупства!

ЯНКА

Так! Ваш рэгістратар быў вялікае нішто і застаўся вялікім нічым. Але, выбачайце, цëтачка! Пара нам і дамоў. Бывайце здаровы і шчасьлівы!

ГАНУЛЯ

(адвітваючыся)

Дзе там тое шчасьце пры маёй старасьці?!

АЛЕНКА

Як вам, цëтачка, будзе надта маркотна, прыяжджайце да нас на вёску, там сонца весялей сьвеціць, і людзі там лепшыя.

ГАНУЛЯ

Добра, дзеткі, прыеду да вас на вясельле.

(ЯНКА і АЛЕНКА выходзяць і спатыкаюць на парозе ў напоўбасяцкім абарваным адзеньні ДАМУ і СПРАЎНІКА, з якімі раскланьваюцца).

ЗЬЯВА ІV

ГАНУЛЯ — ДАМА — СПРАЎНІК

ДАМА

(вітаючыся з Гануляй)

Ах, мадам, да чаго мы дажыліся?!

СПРАЎНІК

Да чаго дажыліся?!

ГАНУЛЯ

Так! Ня важна, паночкі, як бачу, дажыліся: зусім скромна выглядаеце ў гэтым бядацкім адзеньні.

ДАМА і СПРАЎНІК

Занадта скромна!

ГАНУЛЯ

Што-ж гэта вам так прышлося абяднець?

ДАМА

Ды не абяднець, мадам! Гэта мы так сабе… з прычыны перамены політычнай сытуацыі.

СПРАЎНІК

Усё былое вялічча прышлося загнаць у казіны рог і дапасоўвацца да новага часу і новых людзей.

ГАНУЛЯ

А я думала… што-ж гэта я думала? Ага, што вы паехалі з тымі, як і з немцамі.

СПРАЎНІК

Пшэпустак усім не хапіла.

ДАМА

А я мела пшэпустку, але на адвітальным рауце неяк згубіла.

ГАНУЛЯ

І прышлося вам застацца!

ДАМА І СПРАЎНІК

Прышлося застацца.

ГАНУЛЯ

Бедныя-ж вы! Мой Мікіта таксама застаўся. А той пан, што быў з вамі, — паехаў?

СПРАЎНІК

Яму хапіла пшэпусткі.

ДАМА

Ён ня згубіў яе.

ГАНУЛЯ

Паехаў, а вас пакінуў, — не пакампанейску ён зрабіў.

СПРАЎНІК

Але я надта не бядую. Кажуць, сам Брусілаў ідзе побач з нашымі новымі гаспадарамі, дык не павінен-жа ён папусьціць у крыўду такіх вэтэранаў старой гвардыі, як я.

ДАМА

А я маю ўсе даныя на дармовую соцыяльную апеку. Апрача таго, бацюшка, які з намі ў вас гасьціў, абяцаў, калі што якое мяне прыцісьне, дык зробіць протэкцыю ў Прэображэнскі жаночы манастыр.

ГАНУЛЯ

Значыцца, бацюшка таксама ня выехаў?

ДАМА

Не, ня выехаў.

СПРАЎНІК

Толькі што пайшоў адбіраць у беларусаў ключы ад Юбілейнага дому.

ГАНУЛЯ

І чаго бацюшка палез у гэтую політыку. Пільнаваў-бы лепей ключоў ад архірэйскага дому.

(Уваходзіць МІКІТА — босы і бяз курткі, у руках кошык з пляшкамі і два рэвольвэры).

ЗЬЯВА V

ГАНУЛЯ — ДАМА — СПРАЎНІК — МІКІТА

ГАНУЛЯ

А мой-жа ты сыночак! Хто-ж цябе гэта абалваніў?

ДАМА

(прыглядаючыся праз лёрнэтку на Мікіту)

У вас, мусье рэгістратар, фасон касьцюму, як і ў мяне з іх родзіем, — а ля-басяк.

МІКІТА

(стаўляючы кошык з пакупкамі і кладучы на стале рэвольверы, вітаючыся з гасьцьмі)

Меджду протчым, мадам-сіньëра, цалую ручкі! Іх родзію чэсьць! Але, пардон, мадамы і мусь! Выбачайце за мой няштодзенны выгляд. Мяне толькі-што спаткала ў дарозе сьмешная прыгода. Калі бег я па гэтыя, меджду протчым, пакупкі, на Зыбіцкай вуліцы спаткалі мяне два, мабыць, апошнія ўцякаючыя паны, папрасілі мяне пастаяць, самі зьнялі куртачку, сказаўшы, што гэта з іхнага сукна, потым папрасілі пасядзець і таксама самі зьнялі боты, сказаўшы, што гэта з іхняй скуры.

ДАМА

А далей?

МІКІТА

А далей таксама хацелі тое-сëе, меджду протчым, зьнімаць, але пачалі падыходзіць людзі, дык падзякавалі і пайшлі.

ДАМА

Ах, якія-ж усё-такі яны джентльмены! Нават падзякавалі.

СПРАЎНІК

О, так, так! Пазнаць адразу пана па халявах.

ГАНУЛЯ

А грошы не адабралі?

МІКІТА

Меджду протчым, мамаша, не адабралі: бачыце, пакупкі прынёс. Гляньце!

ГАНУЛЯ

(зірнуўшы ў кошык)

А матачкі-ж мае! Гэта-ж гарэлка!..

МІКІТА

Але, меджду протчым, мамаша, — гарэлка. Бо гэта будзе самая цяпер даходная стацьця. Новая ўлада гарэлку забараняе, а што забаронена, тое смачна і дорага каштуе.

ГАНУЛЯ

(паказваючы на рэвольвэры)

А гэты качарэжкі на якое безгалоўе?

МІКІТА

Гэта таксама даходная стацьця, прытым яны мне нічога не каштуюць: па дарозе адзін мой знаёмы пёрся з імі недзе ў чыстае поле і са страху сунуў іх мне, меджду протчым, дарма.

ГАНУЛЯ

Гарэлка… пісталеты… зусім ня сэзонны тавар у гэты час.

МІКІТА

Меджду протчым, мамаша, пакіньце гэту справу на маю галаву, глядзеце вось лепей, ці ня снуе хто няпэўны каля вакон.

(Вымае з кошыка, то стаўляе назад бутэлькі).

ГАНУЛЯ

(углядаючыся ў акно, пасьля паузы)

Здаецца, ужо пачынаецца.

МІКІТА

(устрывожаны)

Што пачынаецца?

ГАНУЛЯ

Чагосьці прэцца сюды мамзэль Наста.

МІКІТА

Так-бы адразу, меджду протчым, і сказалі, а то толькі пужаеце…

(Убягае засопшыся НАСТА)

ЗЬЯВА

ГАНУЛЯ — МІКІТА — ДАМА — СПРАЎНІК — НАСТА

НАСТА

(вітаючыся)

Дзень добры! Дзень добры! Як маецеся? Смутную вам прыношу навіну. З пэўных крыніц я напэўна даведалася, што йдуць да вас трэсьці.

МІКІТА

Што вы кажаце, мамзэль Наста: трэсьці?

ГАНУЛЯ

Во няшчасьце на нашу хату.

МІКІТА і ГАНУЛЯ

(разам)

Што рабіць? Што тут рабіць? Райце, мамзэль Наста!

НАСТА

Вывешвайце хутчэй праз вакно чырвоны сьцяг. У падобных несамавітых сытуацыях такое вывешваньне часам памагае. Хутчэй вывешвайце! А я пабягу. Мушу яшчэ дапасьці там-сям — у пэўныя крыніцы.

(Вышла. МІКІТА чапляе чырвоную хустачку на канец парасона і вывешвае праз ваконную фортачку)

ЗЬЯВА VІІ

ГАНУЛЯ — МІКІТА — ДАМА — СПРАЎНІК

ГАНУЛЯ

(ломячы рукі)

Што тут рабіць? Што тут рабіць?

МІКІТА

Меджду протчым, мамаша, ня круцецеся бяз толку па хаце, а лепей глядзеце ў вакно, ці ня йдуць ужо.

ГАНУЛЯ

(гледзячы ў вакно)

Нікога ня відаць, толькі мамзэль Наста панеслася, як вецер.

МІКІТА

(перастаўляючы то туды, то сюды кошык з пляшкамі)

Лепей углядайцеся.

ГАНУЛЯ

Ідуць, ідуць! Не! Міма прайшлі.

МІКІТА

Папрабуйце праз другое вакно, меджду протчым, мамаша.

ГАНУЛЯ

(гледзячы ў другое вакно)

Ідуць, ідуць, мой сынок, ідуць!

МІКІТА

Можа йзноў міма, меджду протчым?

ГАНУЛЯ

Не, здаецца. Пачакай. (Прыглядаецца на браму). А мамачкі ж мае. Завярнуліся сюды да нас. (Пакінуўшы вакно). Куды-ж тут цяпер падзецца.

МІКІТА

Вось неспадзяваная неспадзеўка! Оей! Оей! Меджду протчым, мамаша, не ламеце рук, а бярэцеся хутчэй за работу. Адварачывайце назад абразы, а я пакупкі буду парадкаваць.

(ГАНУЛЯ адварачвае абразы. МІКІТА хапае то за кошык, то за рэвольвэры, ня ведаючы, што куды падзець. Стук у дзьверы).

МІКІТА

Оей! Оей! Ужо ломяцца. Меджду прочым, мадам-сіньёра і вашародзіе, сядзеце або стойце спакойна: вы мае госьці і вам волас з галавы не спадзе. (Мацнейшы стук у дзьверы.) Оей! Оей! Куды тут што падзець. (Совае рэвольвэры асадкамі ў адну і другую руку даме). Меджду протчым, мадам сіньёра, патрымайце пісталеты. Я растыцкаю куды-небудзь пляшкі. (Хапаецца зноў за бутэлькі. Трэск ламаных дзьвярэй). Меджду протчым, мамаша, кіньце абразы і прыце хутчэй па портфэлі, што летась схавалі.

(ГАНУЛЯ выбягае і пасьля па аднаму зносіць портфэлі. МІКІТА хапае ў дамы рэвольвэры ў абедзьве рукі за рулькі, сэкунду-другую бегае па хаце, пасьля меціцца бегчы з настаўленымі рэвольвэрамі ў дзьверы, але ўваходзяць і спатыкаюцца з ім на парозе: НАЧАЛЬНІК ПАТРУЛЯ, ДВУХ ПАТРУЛЬНЫХ, ГРАМАДЗЯНІН, у якога выразана кусок барады, і СЬПІЧЫНІ).

ЗЬЯВА VIII

ТЫЯ-ж — НАЧАЛЬНІК ПАТРУЛЯ — ДВУХ ПАТРУЛЬНЫХ — ГРАМАДЗЯНІН — СЬПІЧЫНІ

НАЧАЛЬНІК ПАТРУЛЯ

(спаткаўшы на парозе Мікіту з выстаўленымі рэвольвэрамі)

Стаць! Ні з месца! Рукі ўверх! (МІКІТА, адступіўшы колькі крокаў назад, выцягвае ўверх рукі). Гэта што ў вас у руках?

МІКІТА

(то апускаючы, то падымаючы пачарзе рукі і згодна з гэтым паварачваючы то ўправа, то ўлева галавой)

Гэта… Гэта… ваша чырвонае благародзіе… гэта… як яно… качарэжкі! даліпан, качарэжкі!

НАЧАЛЬНІК ПАТРУЛЯ

Качарэжкі! Ну, палажэце іх на стол. (МІКІТА кладзе. НАЧАЛЬНІК, прыгледзеўшыся да МІКІТЫ). Але мы, здаецца, з вамі знаёмы?

МІКІТА

(падазрона ўзіраючыся на Начальніка)

Калі вашай чырвонай міласьці падабаецца, то мы знаёмы; самдзеле знаёмы. Я надта рад з гэткага, меджду протчым, першага знаёмства.

НАЧАЛЬНІК

Помніце, як летась вялі мяне ў палон, а я ад вас спрытна ўцёк.

МІКІТА

А як-жа, помню, меджду протчым, помню! Хто ад каго не ўцякае? І вы, ваша таварыскае родзіе, уцяклі, меджду протчым.

НАЧАЛЬНІК

Ваша фамілія?

МІКІТА

Колежскі рэгістратар Нікіці Зносілов, меджду протчым.

НАЧАЛЬНІК

Скажэце мне: вы ўчора грабілі кватэру грамадзяніна Боршчыка на Архірэйскім завулку?

МІКІТА

Нічога падобнага, мусье таварыш. Я ня грабіў, — мяне меджду протчым, грабілі — фрэнчык формельны, боты жоўценькія зьнялі…

НАЧАЛЬНІК

Не загаварывайце зубоў, а кажэце праўду.

МІКІТА

Праўду кажу, ваша чырвонасьць, — даліпан я ня грабіў, меджду протчым.

СЬПІЧЫНІ

Пазвольце вам, гражданін рэгістратар, не паверыць: я сам, стоячы на скверы, каля вадакачкі, бачыў, як вы з іншымі цягалі рухомую маемасьць з кватэры таварышча Боршчыка.

МІКІТА

Э! Так-бы і сказалі, гэр Сьпічыні, што я цягаў. Але я ня грабіў. Усяго таго было, што я па загаду свайго, меджду протчым, начальніка насіў гэтыя рэчы яму ў гасьцініцу „Парыж“.

СЬПІЧЫНІ

Паложым, гэта таксама грабёж.

НАЧАЛЬНІК

І што далей было?

МІКІТА

Нічога. Там у нумары, куды я зносіў рэчы, сядзелі нейкія маладыя, меджду протчым, мусьі ў форме і нейкія маладыя, меджду протчым, мамзэлі бяз формы ды выпівалі пазнанскі лікер.

НАЧАЛЬНІК

І вы тых рэчаў к сабе ў хату не цягалі.

МІКІТА

Ані падвязачкі не прыцягнуў! Ага! Маю нават сьведку. Мамзэль Наста была ў тэй самай кампаніі, дзе выпівалі, і бачыла, што я начальнікавы рэчы ўсе там складаў.

НАЧАЛЬНІК

Мы ўсё-такі маленькія агледзіны зробім вашых рэчаў, каб часам памылкова не запуталіся між імі і чужыя. (Робяць з большага рэвізію. НАЧАЛЬНІК знаходзіць кошык з бутэлькамі). А гэта не награбленая гарэлка?

МІКІТА

(набок)

Оеей! Оеей! зусім прапаў і з костачкамі нават. (Да НАЧАЛЬНІКА). Гэта… гэта не гарэлка, а, меджду протчым, лікер пазнанскі, ваша таварыскасьць. На гандаль купіў, на свабодны гандаль, меджду протчым.

НАЧАЛЬНІК

Добры гандаль! (Падымаючы вядро з патакай). А гэты мёд таксама на гандаль?

МІКІТА

Гэта ня мёд, меджду протчым, і не на гандаль, а патака, якую сам з мамашай буду есьці.

НАЧАЛЬНІК

Награбленая?

МІКІТА

Меджду протчым… меджду протчым, так сабе ўзятая з агульна-даступных грамадзянскіх складаў, зусім так сабе.

НАЧАЛЬНІК

Добрае так сабе… Вашы дакумэнты!

МІКІТА

Якія — старыя, ці новыя? старыя во дзе — у гэтых портфэльчыках.

(Паказвае на прынесеныя к таму часу ГАНУЛЯЙ портфэлі).

НАЧАЛЬНІК

Старыя потым раскумекаем, — давайце новыя.

МІКІТА

(пакапаўшыся ў кішэнях і за пазухай, набок)

Оей! Оей! Польскі дакумэнт трэба паказваць. Каб я лепей скрозь дна праваліўся! (Дастаўшы дакумэнт з-за пазухі, да НАЧАЛЬНІКА). Во ён гэты, меджду протчым, дакумэнт. (Набок). Каб яго калядны пярун спаліў!

НАЧАЛЬНІК

(разглядаючы дакумэнт)

Польскі?

МІКІТА

Зусім польскі і з усіх бакоў польскі. (Набок). Каб яго за Буг вынесла, меджду протчым!

НАЧАЛЬНІК

Хто можа прачытаць?

СЬПІЧЫНІ

Пазвольце, таварыш, я прачытаю. (Чытае). „Оказіцель нінейшэго Нікіціуш Зносіловскі служы пшы Комісарыяце поліцыі мяста Мінска, яко доносіцель“.

МІКІТА

„Яко розносіцель“, Гэнрых Мотавіч!

СЬПІЧЫНІ

Паложым, ня „яко розносіцель“, а „яко доносіцель“, — чорнае на белым стаіць.

НАЧАЛЬНІК

Ператлумачце дакумэнт.

СЬПІЧЫНІ

„Паказчык гэтага, Нікіцій Зносілов, служыць у Менскім Камісарыяце поліцыі даношчыкам“.

МІКІТА

„Разношчыкам“, Гэнрых Мотавіч!

СЪПІЧЫНІ

Не „разношчыкам“, а „даношчыкам“, — чорнае па беламу стаіць, гражданін Зносілов.

МІКІТА

Вы, мусье профэсар, кепска прачыталі і кепска ператлумачылі.

СЪПІЧЫНІ

Паложым, я ніколі кепска ня чытаю і кепска ня тлумачу, глядзеце самі, гражданін рэгістратар!

МІКІТА

(чытаючы)

До… до… до… доносіцелем. Оей! Оей! Як-жа гэта вышла? я сам пісаў, сам рукою ўласнай пісаў, а начальства подпісь дало і не прачытала, мабыць. Гэнрых Мотавіч! Як-жа гэта вы мяне вучылі, меджду протчым?

СЪПІЧЫНІ

Паложым, пры чым тут мая навука, калі вы самі пераблуталі „до“ з „розам“. А можа вы й не пераблуталі?

МІКІТА

Увесь Менск ведае, што я служыў разношчыкам, а не даношчыкам.

НАЧАЛЬНІК

Ну, досыць! Пасьля разьбяром. (Да МІКІТЫ). Хто тут з вамі яшчэ знаходзіцца?

МІКІТА

(паказваючы)


Гэта, меджду протчым, мая мамаша, а гэта і гэна, як іх? — мае госьці.

НАЧАЛЬНІК

Вашы дакумэнты. (Прыглядзеўшыся). І вы, здаецца, мае старыя знаёмыя? Во цёплая кампанія. (ДАМА і СПРАЎНІК кланяюцца і аддаюць свае дакумэнты. НАЧАЛЬНІК да СЬПІЧЫНІ). Прачытайце.

СЬПІЧЫНІ

У гэтым напісана: „рэвіровы сюдмэго рэвіру мяста Міньска“.

НАЧАЛЬНІК

Што гэта знача?

СПРАЎНІК

„Акалодачны надзірацель сëмай часьці места Менску“, гаспадзін таварыш.

НАЧАЛЬНІК

(да Патрульнага)

Зрабеце рэвізію кішэняў гэтага грамадзяніна.

ПАТРУЛЬНЫ

(робіць рэвізію, знаходзіць у кішэнях спраўніка пагоны і падае іх Начальніку)

НАЧАЛЬНІК

(круцячы пагоны ў руках, да Спраўніка).

Што гэта?

СПРАЎНІК

Спраўніцкія пагоны, гаспадзін таварыш: памятка былога вялічча.

НАЧАЛЬНІК

(палажыўшы пагоны на стол, да Сьпічыні)

Чытайце другі дакумэнт.

СЬПІЧЫНІ

(чытае)

„Баронэса Шпацэрзон, ганаровы член Менскай дабрачыннасьці“.

НАЧАЛЬНІК

Шпацэрзон… Шпацэрзон… Ну, усё роўна, — пойдзе і яна. А цяпер, калі рэвізія скончана, прашу ўсіх ісьці са мной. (Да ГАНУЛІ). Вы, цётка, застаіцёся хаты пільнаваць.

МІКІТА

Оей! Оей! Што, і мне йсьці, мусье таварыш?

НАЧАЛЬНІК

А вы думалі як?

МІКІТА

Оей! Оей! Пакіньце мяне. Нашто я вам, меджду протчым, патрэбен? Вось у гэтых портфэлях зусім што іншае аба мне сказана. Зірнеце у гэтыя паперы, ваша таварыскасьць. Як прачытаеце, то ўсё роўна не забярыцё мяне, меджду протчым.

НАЧАЛЬНІК

Усё роўна не магу йначай. Гэтыя пісталеты, награбленая гарэлка, патака, цяганьне чужых рэчаў, служба даношчыкам, усё гэта таксама для нас добрыя паперы, хоць для вас, можа, і дрэнныя паперы.

МІКІТА

Дык пакажэце мне, меджду протчым, ваша чырвонае благородзіе, чэк на мой арышт.

НАЧАЛЬНІК

Чэк атрымаеце, як прыдзеце на месца. Ідзем! Прашу забіраць „вешчэственныя даказацельства“ (НАЧАЛЬНІК забірае рэвольвэры, адзін портфэль і пагоны. ДАМЕ, СПРАЎНІКУ, СЬПІЧЫНІ і ГРАМАДЗЯНІНУ дае несьці па пары бутэлек, МІКІЦЕ — патаку, ДВУМ ПАТРУЛЬНЫМ — па портфэлю). А цяпер — марш за мной!

МІКІТА

Оей! Оей! Ваша таварыская міласьць! Пакіньце мяне з мамашай. Меджду протчым, пайду памагаць вам забіраць Варшаву, толькі не забірайце мяне!

ГАНУЛЯ

Мае паночкі, мае галубочкі! Хаця ня зьмікіцьце майго Мікіткі. Хаця ня зьмікіцьце! (Апускаецца з ціхім плачам на спакаваныя манаткі. Усе, апрача яе, выходзяць. Пры апошніх Гануліных словах разлягаецца за вокнамі на вуліцы харавая песьня)

Ой ты, яблочко,
Куда коцішся?
Не туда попадзёш —
Не вароцішся…

Пасьля паўмінутнай паузы, пад нясьціхаючыя гукі песьні, паволі апускаецца

ЗАСЛОНА

Акопы. 31-VІІІ-22 г.