Збор твораў (Купала, 1925—1932)/III/Раскіданае гняздо
Раскіданае гняздо Трагедыя Аўтар: Янка Купала 1927 год |
Тутэйшыя → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Раскіданае гняздо. |
РАСКІДАНАЕ ГНЯЗДО
ДРАМА Ў 5-ці АКТАХ
АСОБЫ:
ЛЯВОН ЗЯБЛІК, пажылы гаспадар. кульгавы, гадоў пад 50. |
МАРЫЛЯ, яго жонка, нараклівая, замучаная жыцьцём, худая кабеціна, гадоў 58. |
СЫМОН 24 гадоў. | Дзеці Зяблікаў. |
ЗОСЬКА 18 гадоў. | |
ДАНІЛКА 14 гадоў. | |
АЛЕНКА 8 гадоў. | |
ЮРКА 7 гадоў. | |
СТАРАЦ, гадоў пад 70. | |
ПАНІЧ, гадоў 23. | |
НЕЗНАЁМЫ, гадоў 35. | |
Двое дворных людзей. |
Рэч дзеецца ў 1905г. Першы акт у хаце Зяблікаў, а рэшта чатыры — на руіне тэй-жа самай хаты. |
Акт першы
[правіць]АКТ ПЕРШЫ
Час каля Купальля. Паўдня. Хата Зябліка.
ЗЬЯВА I
МАРЫЛЯ — ДАНІЛКА — СТАРАЦ
СТАРАЦ
Так, так, пані гаспадыня! Заўсёды бяда бяду вядзе, але ніколі ня трэба здавацца. Ліха перамелецца, і ўсё добра будзе. Калісь і мяне ціскалі няшчасьці з усіх бакоў, а цяпер… Э! Што казаць? — Жыву сабе і гора ніякага ня знаю. Торбачкі за плечы, кій сукаваты ў рукі і хаджу сабе, як ні ў чым нябывала, па дарожках-пуцявінках. Так, так, пані гаспадыня!
МАРЫЛЯ
(гаворыць з трудом)
Гэта-ж толькі падумаць, дзедка. Мала ўсялякага безгалоўя, а тут на табе, яшчэ гэта хвароба. Лета не за гарою, скора касьба пачнецца, жніво, работы гібель, а ты ляжы тут прыкаванай да ложка, як пакутніца якая. Ляпей хай-бы ўжо сьмертачка прышла на маю галаву няшчасную, дык хаця-б хаты не завальвала. Ня так я вясну спатыкала і праводзіла, як мне сёлета прышлося, ох, ня так, як і сам знаеш! (Кашляе). А гэты суд у майго з дваром… То-ж не давядзі ты божанька. Гаспадарку ўсю змарнавалі, да няма нічога дайшлі, і сягоньня ўжо ня ведаеш чалавек, дзе заўтра сонейка прыдзецца сустрэнуць. Ох, божа ты наш справядлівы, за якія грахі цяжкія караеш ты нашу сямейку! Ах, як-жа цяжанька! Падай мне вады, Данілка. (ДАНІЛКА падае).
ДАНІЛКА
Праўду мамка кажа. Страшэнна нягодна жыць на сьвеце. Вось хоць-бы і мне такая бяда зрабілася: скрыпку старую, што была ў мяне раней, татка са злосьці паламаў, а цяпер і рабі што хочаш. Пакуль-жа я новую такую змайструю… Ну, але затое калі і зраблю, дык вот-жа. зайграю — цэлы сьвет дзіву дасца!
СТАРАЦ
А дзе-ж гаспадар ваш, пані гаспадыня?
ДАНІЛКА
Тата пайшоў у двор прасіцца, каб яшчэ трохі пачакалі і не выкідалі нас адгэтуль.
МАРЫЛЯ
Так, так. Сягоньня зышоў час наш выехаць, а мой нічога яшчэ сабе не прыстараўся.
СТАРАЦ
Дрэнна, вельмі дрэнна, калі так выходзіць. Свайго ня меўшы, — трэба легчы спаць ня еўшы.
ДАНІЛКА
Вось табе дык добра, дзедка: з аднэй хаты выкінуць, дык у другую пойдзеш.
МАРЫЛЯ
Усё-ж да апошняга часу думалі, што за намі зямлю прызнаюць, тым часам наадварот выйшла.
СТАРАЦ
Так, так, пані гаспадыня. Чалавек страляе, а чорт кулю носіць.
МАРЫЛЯ
Мой-жа чалавек — каб вы, дзедка, бачылі: за апошні час як набраў сабе нечага ў галаву, дык проста з розуму зыходзіць. Учарнеў, асунуўся, азыс, толькі таўпехаецца з кута ў кут, як сам ня свой. Баюся, дзедка, вельмі баюся, каб з ім, барані божа, чаго благога ня сталася.
ЗЬЯВА II
ТЫЯ-Ж І СЫМОН
СЫМОН
Ці тата яшчэ не вярнуўся?
МАРЫЛЯ і ДАНІЛКА
Не, нямашака яшчэ.
СЫМОН
А дзедка ўсё госьціць у нас!
СТАРАЦ
Але, сынку мой. З мамкай тваёй загаварыліся аб справах вашых хатніх. Як уважаю, то ня лёганькі будзеце мець сёлетні гадок.
СЫМОН
Э! Нічога, дзядочак. Пакуль будзе хоць якая малая магчымасьць, то не дадзімся жыўцом ваўку ў зубы. Паглядзіш!
СТАРАЦ
Сьмела, сынку мой, варожыш. Можа і не дасіся ваўку ў зубы, але жыцьцё бярэ ў свае лапы, ох, як бярэ! Не такія яшчэ дужыя і сьмелыя здаюцца на яго ласку і няласку. Так, так, сынку мой! Адвага наша — адно, а жыцьцё — другое, і найбольш верх бярэ гэта апошняе.
СЫМОН
А мы з татам не папусьцімся, дык што-ж з намі гэта жыцьцё зробіць?
СТАРАЦ
Тата ўжо нядуж твой.
СЫМОН
Ну, то ў мяне сілы хопіць — за яго, за сябе, за ўсіх нас.
СТАРАЦ
Дай божа, дай божа, каб табе гэтай сілачкі ставала да канца жыцьця. Бяда толькі, што сіла людзкая не заўсёды на дабро ідзе.
СЫМОН
Я і ня думаю з сваёй сілай у цемнякі ці разбойнікі пайсьці.
СТАРАЦ
Не кажу табе гэтага, сынку мой, але моладасьць сваё права мае. Я сам быў маладым!
МАРЫЛЯ
Нічога яму, дзедка, не ўгаворыш. Не такой падатлівай натуры ён у мяне ўдаўся. Хоць галавой наложыць, а свайго мусіць дапяць.
ДАНІЛКА
Сымонка, ты па мне пайшоў: і я хоць галавой налажу, а скрыпачку такі зраблю сабе новую!
СЫМОН
Які я ўжо ўдаўся, такі і буду, а свайго ў крыўду не папушчу, хоць-бы там сьвет да гары нагамі перакуліўся. Бяда — часу няма болей гаварыць аб гэтым. Пайду, можа тату сустрэ — ну. Карціць мяне даведацца, што там яму ў дварэ сказалі.
ЗЬЯВА III
МАРЫЛЯ — ДАНІЛКА — СТАРАЦ
СТАРАЦ
Ох, маці, маці! Высака твой сынок падымацца хоча, але каб нізка часам не зваліўся.
МАРЫЛЯ
Цяжанька мне з ім якую радачку даць. Змалку дзён такі: як толькі нарадзіўся, дык і то сябе паказаў — грудзей ня прыняў, так, без малака, качаўся. Я тады ў двор за мамку засталася.
СТАРАЦ
Гартаўнейшы і вышаў ён затое. А ў дварэ, кажуць перамены цяпер вялікія пайшлі.
МАРЫЛЯ
Але, дзедка, — перамены. Як вярнуўся малады паніч недзе з далёкага краю, з навук, дык усё пайшло ўверх дном — усіх чыншавікоў сталі чысьціць. Не чакае, пакуль суды пакончацца, а наперад за ўсіх заставы кладзе і высяляе; з намі таксама вышла.
СТАРАЦ
Ведаю, ведаю, пані гаспадыня! Старыя парадкі раскідаюць па сьвеце, а новых, лепшых, нешта ня відаць і ня відаць.
ДАНІЛКА
Як уважаю, то мусіць толькі я адзін новым парадкам на сваёй новай скрыпцы зайграю.
ЗЬЯВА IV
ТЫЯ-Ж І ЗОСЬКА
ЗОСЬКА
Аа! Дзядочак к нам на госьці прыплёўся.
СТАРАЦ
Так, так, мая дачушка! Прыплёўся божым словам вас пахваліць; зараз далей паплятуся з тым самым.
ЗОСЬКА
Добра, што я дзедку тут застала, — маю просьбу да цябе.
СТАРАЦ
Слухаю, мая дачушка, слухаю. Хэ-хэ-хэ! Думаў, што я толькі ўсё мушу прасіць, ажно, як бачу, то і ў мяне прасіць нечага хочуць. Хэ-хэ-хэ! Яшчэ распанею з гэткага гонару.
ЗОСЬКА
Дзедка заўсёды жартуе з мяне, а я толькі буду прасіць таго, чаго ўсе людзі цябе вечна просяць.
ДАНІЛКА
Ну, значыць прапала дзедава панства!
ЗОСЬКА
На, вось табе, дзедачка, кветак трошкі, а ты памаліся… здаровейка…
СТАРАЦ
За чыё, мая дачушка: за татава, матчына, а можа?..
ЗОСЬКА
Памаліся, дзедка, за здароўе нашага паніча.
СТАРАЦ
Добра, дзетачка! Я за ўсіх малюся, за каго толькі просяць — і за жывых і за нябожчыкаў. Толькі вось, што я з тваімі гэтымі кветкамі рабіць буду?
ЗОСЬКА
Як будзеш, дзедка, у цэркаўцы, дык на абразок іх павесь.
ДАНІЛКА
Або к сваёй торбачцы прышпілі, каб харашэй выглядала.
СТАРАЦ
Праўда, сынку мой. Як прыгажэй будзе выглядаць, то можа і кідаць болей будуць.
ЗОСЬКА
Абы толькі не каменьнем, дзедка.
СТАРАЦ
Хэ-хэ-хэ. Усяк бывае, дзеткі мае, усяк! Хто хлебам, хто каменем, а кожны нечым ды кіне. (Зьбіраецца выходзіць).
МАРЫЛЯ
Ужо, дзедка, выходзіць ад нас?
СТАРАЦ
Ужо, пані гаспадыня, ужо! Не сядзіцца мне доўга на адным месцы. І так па капельцы ўсюды гора назьбіраеш чалавечага, ажно несьці цяжанька, а што-ж бы было, каб даўжэй заседжваўся ў ваднэй хаце? Хэ-хэ-хэ! Шчасьліва аставацца! Слава хрысту!
УСЕ
Слава! Слава! І на векі вякоў.
ЗЬЯВА V
МАРЫЛЯ — ЗОСЬКА — ДАНІЛКА
ЗОСЬКА
Мамачка, бачыце, якія прыгожанькія кветачкі?
МАРЫЛЯ
Бачу, бачу, хоць як праз сетку: туман нейкі ў вачох стаіць. Але дзе ты гэта лётаеш? Упыну на цябе нямашака і ніякага.
ЗОСЬКА
Не сядзіцца мне, мамачка, у хаце: тут неяк так душна, дык я ўзяла і пабегла на сенажаць. Там хадзіла сабе каля рэчкі і кветачкі для цябе вось гэтыя рвала; ты-ж іх калісь, як здарова была, так любіла!.. Ах, мамачка, як цяпер хораша на сенажаці! Травіца зелянеецца, кветачкі цьвітуць, ой, як прыгожа цьвітуць! А вольхі над рэчкай так лісточкамі шалясьцяць, так шапацяць, як быццам штосьці дужа цікавае хочуць табе расказаць! Мамка, мамка! Ты, здаецца, заснула? Ці чуеш, што я табе кажу?
МАРЫЛЯ
Чую, міленькая, чую, хоць у вушох шуміць, як у млыне якім.
ЗОСЬКА
Сонейка яснае сьвеціць і грэе, ах, як сонейка грэе і сьвеціць! А птушачкі пяюць аж заліваюцца! Так цёпла, так прыгожа на сьвеце! Мамка, а як табе?
МАРЫЛЯ
Мне, дзеткі, халодна і жудка.
ЗОСЬКА
Не гаварэце так, мамка, а то і мне робіцца халодна і жудка ад тваіх слоў… Ага! Нарвала, значыцца, я табе кветачак, падышла к рэчцы, нагнулася і гляджуся ў вадзіцу, як у люстэрку, якраз я другая там адсьвечваюся. Заглядзелася гэтак, аж нехта хапель мяне ў пояс! Я ў крык, вырывацца, гляджу, — аж гэта паніч з двара. І так стаў абымаць мяне і цалаваць! Я стузянулася раз, другі і вырвалася. Але які ён прыгожанькі, каб мамка бачыла!
МАРЫЛЯ
Ведама, паніч! (У бок). Сваймі грудзьмі, што і яе, выкарміла, а ён… (да ЗОСЬКІ). Не займайся вельмі з ім, дачушка.
ЗОСЬКА
Я-ж нічога, мамачка. (Пауза). Ах, каб ведала, мамка, які я сон сягоньня сьніла?! Хочаш, дык я раскажу.
ДАНІЛКА
Раскажы, Зоська, раскажы! Бо і я-ж люблю вельмі сны сьніць. Толькі пачакай — я малых паклічу, хай і яны паслухаюць.
ЗЬЯВА VI
ТЫЯ-Ж І АЛЕНКА З ЮРКАМ
ДАНІЛКА
(да Аленкі і Юркі)
Ну, садзецеся, малыя! Толькі ціха будзьце! Зоська сон будзе расказваць. (АЛЕНКА і ЮРКА садзяцца на зямлі каля матчынага ложка). Ну, пачынай, Зоська! Мы гатовы!
ЗОСЬКА
Здаецца, прышоў да нас у хату нехта такі нязвычайны — на галаве месяц, у руцэ сонца трымае: прышоў ён і кажа: „Годзе вам тут сядзець, годзе гібець, хадзеце за мной!“ Мы спачатку, здаецца, перапужаліся, а пасьля нічога. Ён так добра на нас паглядзеў, аж быццам у вачох яго сьлёзы засьвяціліся. Сабраліся мы ўсе — ты, тата, я, Сымон, Данілка і малыя ды пайшлі гэтак за ім, кінуўшы і хату і гаспадарку ўсю сваю. Як толькі мы вышлі — ён і кажа: ,што-б там перад вамі ці за вамі ні рабілася — не аглядайцеся назад, а йдзеце за мной усё наперад, усё наперад!“ ішлі мы гэтак ішлі, ажно бачым — нейкае кругом нас страшэннае балота: гадзіны, вужакі, сьліўні так і капашаць, як у гаршку якім…
ДАНІЛКА
Ай-я-я! Вужакі і сьліўні?!
ЗОСЬКА
Але нас крануць баяцца: ён усё іх сонцам адстрашвае, — толькі сыкаюць і выкручваюцца. Мінулі мы гэта балота вужачае, ідзём, — ажно ўвайшлі мы ў цёмны-цямнюсенькі, дзікі лес. Вецер у галінах трашчыць і сьвішча, зьвяр‘ё ўсялякае вые, зубамі ляскоча, на нас кідаецца…
ДАНІЛКА
Божухна! Зьвяр‘ё ўсялякае! Вось жудасьць! Я, мусіць памёр-бы там са страху.
ЗОСЬКА
Але крануць ня сьмеюць — ён і іх, як вужак, усё сонцам адганяе. Перайшлі мы гэты зьвярыны лес, ідзём — ажно усходзім на вялікае — вялікае поле пяшчанае — віхор толькі арэ ды барануе, ды толькі дзе-ні-дзе на полі гэтым тырчаць пасохшыя вольхі, вербы, асіны. Па гэтым дзярэўі — з аднаго на другое — пералятаюць птушкі нейкія чорныя, такія страшныя, — жудасна і сказаць! Да нас падлятаюць, распускаюць кіпцюры, разьзяўляюць глюгі, — здаецца, разьдзерці і глынуць нас хочуць.
ДАНІЛКА
Ах, як страшна! Балазе, што хоць мяне ня глынулі.
ЗОСЬКА
Але нічога: яго — нашага павадыра — і сонца баяцца. Мінулі гэта поле птушынае, ідзём. Нарэшце затрымаліся ў тым месцы, дзе вясёлка спускалася. Тут ён ізноў так кажа: — „Ідзеце за мной сьледам па гэтай шматкалёрнай дарожцы!“ Мы ўзьдзівіліся, але што ты зробіш? — пайшлі. І падымаемся што раз выжэй, выжэй, мінулі хмары, воблакі, аж да самых зорак забраліся, а там, па млечнай пуціне, з зоркі на зорку пераскакваючы, цягнемся далей; а зоркі хоць сьвецяцца, але не пякуцца: як па кветачках гэтых ступаем па іх…
ДАНІЛКА
А ў ногі не калоліся гэныя зоркі?
ЗОСЬКА
І прышлі мы ў нейкую харошую краіну, якой я ў жыцьці ня бачыла, ня чула і ня сьніла. Зіхацістыя кветкі скрозь рассыпаны, як тыя зоркі, што мы ішлі па іх: сады нейкія нянаскія так цьвітуць, так цьвітуць, куды прыгажэй, як нашы вішні ды яблыні! На гэтых садох калышуцца птушкі райскія — пер‘е іх, як брылянтамі ўсыпана і дыямэнтамі; а пяюць яны — мільён салавейкаў нашых так не патрапіць. У садох па далінках рэчкі бягуць, а вадзіца так пераліваецца, як-бы сонна ў тых шкелках, што мы бачылі пры ліхтарох у цэркаўцы!.. Ідзём гэтым садам-раем, ды ідзём, ажно калі паглядзім!.. Стаіць палац відам ня віданы, слыхам ня слыханы; увесь зіхаціць, як-бы з самага сонца быў зроблены: сьцены залатыя-залатыя, а страха бліскучымі маланкамі пакрыта. Увайшлі мы ў гэны палац, азіраемся навокал, і што-ж? — На самым пачэсным месцы сядзіць сьвяты спас, а каля яго матка боская, сьвяты Юр‘я, Міколка і Ільля!
ДАНІЛКА
Нават Ільля і Мікола! Вось дык дзіва!
ЗОСЬКА
І шмат, шмат, усялякіх сьвятых меншых і большых! Падышлі мы к спасу, а ён, добранькі, і кажа: — „Годзе вам на зямлі пакутаваць, прышла ўжо пара са мной вам разам панаваць! Сьвяты Пётра, — тут паказваў ён на гэнага, што нас вёў, — будзе над вамі апеку мець на векі вечныя“… (Пауза).
ДАНІЛКА
Ну, а далей што было?
ЗОСЬКА
Нічога! Тут я прабудзілася.
ДАНІЛКА
Шкода, што мы там не асталіся. Там-бы можа і скрыпку памаглі скарэй зрабіць.
ЗОСЬКА
Мамка, ці ты ўсё чула? Ну, як патвойму: добры сон, ці не?
МАРЫЛЯ
Чаму ня чула. Добры сон, вельмі добры сон! Бог яшчэ на нас, як відаць, не забыўся, а я думала…
ЗОСЬКА
Вось і тата ідзе!
ЗЬЯВА VII
МАРЫЛЯ — ЗОСЬКА — ДАНІЛКА — ЛЯВОН
ЛЯВОН
Ну, што? Як маці?
ЗОСЬКА
Нічога! Мамка сягоньня як-бы весялей трохі.
МАРЫЛЯ
(закашляўшыся)
Абач, і ты ўжо прышоў! Што-ж там чуў?
ЛЯВОН
Што чуў, што чуў? Старую песьню: не адпускаецца. Сягоньня высяляць будуць: ужо хурманкі ў іх наладжаны.
МАРЫЛЯ
Такі сягоньня! А я і з ложка не магу зысьці. Як-жа гэта будзе?
ЛЯВОН
(з горыччу)
Нічога! Вынесуць, як княгіню якую. Не бядуй па гэтым.
ЗОСЬКА
А як-жа будзе з пасевамі? Няўжо нам і пажаць не дадуць?
ДАНІЛКА
Вось дурная! Як жаць ня будзеш, дык менш работы будзе, а то ўжо і так па самыя вушы мне гэта гаспадарка дадзела: цягам рабі ды рабі!
МАРЫЛЯ
Куды-ж мы дзенемся?
ЛЯВОН
Нікуды! У чыстае поле!..
МАРЫЛЯ
Можа да каго з суседзяў можна было-б перабрацца да часу. Не прасіўся?
ЛЯВОН
Прасіўся і маліўся. У вадных няма месца, другія баяцца: „адвячаць“ яшчэ, кажуць, будзем з судом і законам ня жарты.
ЗОСЬКА
Дык як будзе, татка?
ЛЯВОН
Так будзе, як будзе! Ты, Сымон і Данілка служыць пойдзеце, а я з маткай вашай і з меншымі жабраваць пайду. Вось што будзе!
ДАНІЛКА
І я пайду жабраваць. Не хачу служыць.
ЗОСЬКА
(глуха)
Служыць пойдзем!..
МАРЫЛЯ
У жабраніну ісьці!.. Божа, божа!
ЛЯВОН
(як-бы сам да сябе)
Служыць і жабраваць! Ха-ха-ха! Зяблікі служыць і жабраваць! Бацькі і дзяды жылі на гэтым куску зямелькі. Вечна думалі жыць. Чынш плацілі, талаку рабілі ў двор, як паншчыну якую; пасеку карчавалі, будаваліся… вечна думалі жыць, а цяпер! Цяпер сын і ўнукі служыць і жабраваць… гаспадарскія сын і ўнукі. Ха-ха-ха!
МАРЫЛЯ
Я казала, што нічога ня выйдзе. Ці з багатым беднаму судзіцца? Пакуль з багатага пух, то з беднага дух. Цэлыя вёскі такіх, як мы, з хат у поле вывозілі ад пасеваў ад усяго дабра.
ЛЯВОН
А чаму стараверы выйгралі, хоць пазьней за бацькавага дзеда ў Баркох пасяліліся? Чаму?
МАРЫЛЯ
Бо, відаць, для іх права другое.
ЛЯВОН
Ня ўсё роўна людзі?
МАРЫЛЯ
(кашляючы)
Усё роўна, ды, мусіць, ня ўсё роўна. Але каб ня слухаў гэтага свайго адвоката Клепатоўскага, то калі-б і выгналі, дык хоць гаспадарка засталася-б, а так…
ЛЯВОН
А так прапала, ня вернеш! Нашто дарма сабе і другім сэрца ад‘ядаць.
МАРЫЛЯ
Жартачкі! Пяць гадоў судзіліся. Апошнюю карову і коніка сёлета прадаў. Апошнюю кароўку!
ЗОСЬКА
І маю цялушачку, што мамка аддала мне гадаваць сабе на пасаг калісь…
ЛЯВОН
Што ўспамінаць, чаго ня вернеш! Кожын па часе мае розум. Я толькі хацеў праўды шукаць. Ха-ха-ха! Здурэў і праўды шукаў! (Водзячы вачыма па хаце пасьля некаторае паузы, панура, тужліва). Дзедава хата састарэлася, як і ён, нябожчык, трэ‘ было новую ставіць… З бацькам цягалі бярвеньне… падарваўся стары, памёр… тады сам адзін мусіў кончыць… Цяжка было аднаму, але неяк даў рады, толькі нагу прыпсаваў, і хадзіць, няма як роўна. (Глянуўшы ў акно). З дзедам садок садзілі… Знаўся нябожчык, як хадзіць каля дрэўцаў… сам умеў прышчапляць. Садок вырас. З бацькам ужо кожнага спаса мелі што сьвяньціць… З зямелькай зжыўся, як з роднай маткай… Кожны каменьчык на полі і кожны кусьцік на сенажаці змалку ўжо знаў, як сваіх пяць пальцаў на руцэ… На гэтых гонейках пасьціў скаціну… араў, сеяў, касіў. А тут!.. Суд — вон выганяюць! Кінуць тую хату, скуль бацьку і матку на магілкі вывез, кінуць тое поле, дзе кожную скібіну потам крывавым скрапіў. Эх, эх! І я гэта маю дарма ўступіць, адрачыся? Чалавек з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэва: сьсячы дрэўца — засохне, адбяры ў чалавека зямлю — згіне.
ДАНІЛКА
Дык хай-бы татка купіў ад двара.
ЛЯВОН
Купіў, купіў! А закон пазваляе такім, як мы, купляць? А чынш плацячы, я ня выкупіў гэту зямлю? Ды што ты знаеш…
МАРЫЛЯ
(як-бы праз сон)
А цяпер — на бадзяньне, на вечныя мукі, зьдзекі, на бадзяньне вечнае!..
ЗОСЬКА
Служыць ісьці ў чужую хату, да чужых людзей. У няволю ісьці!
ЛЯВОН
(глуха)
Чым я вінен? чым я вінен? Што любіў гэту зямлю, гэту родную нашу!.. За тое вінен я? За тое любіў яе, каб яна мсьцілася нада мной, над намі і ў сьвет гнала… Ха-ха-ха! Зямля гоніць тых ад сябе, што з веку ў век сьвеньцяць яе сваёй крывёй гарачай і потам салоным! і за што? за што? (Зьвесіў галаву і няўзнак уцірае сьлёзы).
ЗОСЬКА
Не марыкуйце вельмі, татачка! Кіньце вельмі бядаваць!? Ня згінем на сьвеце… Што-ж рабіць? Неяк-жа ды будзем жыць. Не маркоцьцеся, татачка. Я сягоньня сон добры сьніла.
ЗЬЯВА VIII
ТЫЯ-Ж І СЫМОН
СЫМОН
(убягаючы)
Тата! Чаго сядзіш? Дворныя сохі гародніну і пшаніцу заворваюць!
ЛЯВОН
Няхай заворваюць! Іх зямля — іх права.
МАРЫЛЯ
(кашляючы)
Дайце мне вадзіцы! Душна мне! (ЗОСЬКА падае вады, падтрымлівае матку — тая п‘е).
СЫМОН
Калі іх зямля, то няхай зьядуць яе, але дабро наша — мы сеялі!
ЛЯВОН
(наругаючыся)
Мы сеялі, а людзі жнуць, ну дык што-ж табе з гэтага прыбудзе што ці адбудзе? Га?
СЫМОН
Тата сваймі судамі гаспадарку ўсю прасудзіў, а цяпер апошняе двару на зьдзек аддаў!
ЛЯВОН
Ня я аддаў, а зямля сама сябе аддала ім на зьдзек, Я, ты, пяты, дзесяты штосьці ёй не ўгадзіў, ну, дык і чураецца сваіх дзяцей.
СЫМОН
Але нашае працы яна ня чураецца. І мы затое павінны бараніць яе ўсёй сваёй сілай.
ЛЯВОН
(насьмешліва)
Ха-ха-ха! Будзе бараніць тэй сілай зямлю ад людзей, што тая-ж зямля і тыя людзі даўно гэту сілу забралі ад яго! Разумненькі — няма чаго сказаць!
СЫМОН
У таткі забралі, але ў мяне яшчэ не пасьпелі, і ў мяне хопіць моцы ў крыўду ня дацца, я і ня дамся! (Хапае з-за лавы тапор і хоча бегчы, бацька адбірае).
ЛЯВОН
Ані мне важся чапаць іх! А не, то сваёй-жа рукой заб‘ю цябе гэтым тапаром!
СЫМОН
Я свайго толькі буду бараніць!
ЛЯВОН
Тапаром?
СЫМОН
Хоць-бы і сваёй галавой! Хто-ж мне забароніць? (Тузаюцца).
ЗОСЬКА
Кінь, Сымонка! Ня йдзі проці волі бацькі! Што ты там адзін зробіш? Мамку хворую толькі перапужалі,
ДАНІЛКА
І мяне напалохалі. Пакіньце! Што вы малыя дзеці — гэтак тузацца?
ЛЯВОН
(да Сымона)
Пушчай, разбойнік, тапор. (Вырывае).
СЫМОН
Эх, тата, тата! А што нас чакае, як мы гэтак будзем папускацца?!
ЛЯВОН
Трэба праўды шукаць не тапаром, а розумам. Дзед твой ня меў розуму, я ня маю, але ты яго мей, каб з часам цябе і тваіх дзяцей не ганялі гэтак, як сягоньня.
ЗЬЯВА IX
ТЫЯ-Ж І АЛЕНКА З ЮРКАМ
АЛЕНКА і ЮРКА
Тата, тата! Нейкія людзі страху з нашае хаты зьдзіраюць!
ЛЯВОН
Няхай зьдзіраюць! Ня вашае дзела!
ЗОСЬКА
Я пайду, папрашу іх, можа…
ЛЯВОН
(з сілай)
Ня трэба! Ня йдзі! Годзе ўжо бацька твой сьпіны нагнуўся і парогаў наабіваў. Я сам вінен і за ўсіх вас адвет панясу перад людзьмі і перад богам. Трэ‘ было мне ў сваім часе выехаць з гэтае хаты і не чакаць, пакуль аж прыдуць выкідаць. А цяпер… сам сабе яму выкапаў сваймі рукамі! (Пасьля некаторае паузы). Так, так, сам сабе яму глыбокую выкапаў… Бяз часу прыходзіцца ў яе лезьці. Згіненьне якоесь прыступае і душыць мяне з усіх старон… У вачох цёмна робіцца… думкі туманяцца… Штосьці горла сьціскае, дыхнуць не дае. Гара нейкая навалілася на плечы і цісьне мяне, як каменем усяго прыгнятае, а зьвяр‘ё нейкае абсядае і на косьці мае трухлявыя ласіцца. (Як памешаны). Дзе я? Што я? Цёмна, страшна кругом!.. (Чуваць трэск над хатай, сыпецца пясок). Во, Во! З неба пясок сыпецца, а можа гэта зоркі нашы валяцца, што павядуць нас па сьвеце з кіем жабрачым? (Прыглядаючыся трывожна). Не! Не! гэта ня зоркі, а жывы пясок, што я на хату цягаў на сваіх плячох… О, мой пясочак, залаты пясочак! Я цябе цягаў на вышкі, угару, а ты мяне ўнізе на векі вечныя засыпеш. Сыпся! буйным градам сыпся!.. (Як-бы збудзіўшыся). Але што я гэта гавару? Што я маруджу? Трэба ісьці хутчэй, каб выгадней прыгатавацца ў вялікую вандроўку! (Трэск і відаць праз адчыненае вакно, як валяцца салома і канцы паленьня з страхі. АЛЕНКА і ЮРКА туляцца з страху да ЗОСЬКІ). Вы тут пасядзеце, а я пайду і мігам прыладжу ўсё к дарозе. Трэба мякчэй намасьціць для маці калёсы, бо яны-ж не дагадаюцца. На чужой павозцы ваша маці выедзе сягоньня, як пані з свае хаты! (Абмахнуўшы рукавом сьлёзы; выходзячы). Ня выходзьце з хаты, пакуль я не вярнуся.
ЗЬЯВА X
ТЫЯ-Ж БЕЗ ЛЯВОНА
ДАНІЛКА
Які гэты тата сягоньня нейкі як ня пры сваім розуме.
СЫМОН
Я думаю! Гэта-ж ня жартачкі! — ад усяго адпрэччылі, і рук няма за што зацяць. Кожны з розуму зойдзе.
МАРЫЛЯ
(як-бы праз сон)
Вады мне дайце! (ЗОСЬКА падае. Пауза).
ЗОСЬКА
І што мы будзем рабіць?
СЫМОН
Зараз тата вернецца, дык нешта будзем рабіць. Добра, што хоць вы ў мяне тапор адабралі, а то забіў-бы каго, і ў вастрозе прышлося-б гніць.
ЗОСЬКА
Не рабі гэтага, братачка! Тата стары, мамка хворая, гэтыя — малыя яшчэ, дык што яны ўсе пачнуць без цябе і мяне? А так, пойдзем служыць, будзем як-колечы памагаць ім з апошняга.
СЫМОН
Але! Трэба памагаць. Трэба пачынаць новае жыцьцё, І я яго пачну. Яшчэ мы знойдзем зямлі ў сваёй старане і яшчэ мы хату адбудуем на сваім загоне! Я добра прыглядзеўся, як людзі жывуць, і добра надумаўся, як трэба жыць. Гэта праўду сказаў, што трэба розумам ваяваць, а не тапаром. І я розумам буду ваяваць і другіх вучыць да гэтае вайны. Годзе крыўды, годзе няпраўды! (Вялікі трэск над хатай).
ЗОСЬКА
(спужаная)
Ах! Каб хаця нас без пары хатка не пахавала?
СЫМОН
Ня бойся! Гэта толькі з крокваў закот зьдзіраюць. Пакуль нас адгэтуль ня выпрасяць — столі чапаць ня будуць. Ды тата-ж на дварэ: бачыць, што там робіцца…
ДАНІЛКА
А я ўсё такі пайду адгэтуль на кожны выпадак. Каб іх паляруш! Іскрыпку не даюць спакойна рабіць. Пойдзем, малыя. (Забірае АЛЕНКУ і ЮРКУ і выходзіць).
ЗЬЯВА XI
МАРЫЛЯ — СЫМОН — ЗОСЬКА
МАРЫЛЯ
Памажэце мне з хаты выйсьці, а то страшна!..
СЫМОН
Зараз, мамка, зараз!
ЗОСЬКА
І мне неяк жудка! Ды яшчэ гэты тата недзе задлякаўся!
СЫМОН
А на мяне, ведаеш, з кожнай мінутаю нейкая рызыка находзіць. Здаецца, нічога на сьвеце цяпер не баюся. Хоць-бы зямля тут расступілася, дык ня спужаўся-б і ў вапраметную скочыў! Дый праўда. Падумай, сястрыца, чаго нам баяцца? Зямлю ад нас адабралі, хату нашую раскідаюць, астаёмся мы, як пасьля пажару, — толькі ў вопратках. Дык што-ж мы такія значым на сьвеце і што нас за жыцьцё чакае? Без зямлі, без свае хаты чалавек, што шалёны сабака — адна цана: ні яму прыстаньня, ні яму скарынкі хлеба, ні яму добрага слова!.. Будуць зьдзеквацца, ганяць, пакуль ня ўгоняць у якую процьму, з якое і выхаду павек сабе ня знойдзе. А так — раз канец усяму! (Трэск). Што-ж? Вярніся, хатка. Хутчэй вярніся! Забівай усіх, на сьмерць усіх забівай! Досыць бадзякаў і бяз нас на белым сьвеце: галодных, паднявольных па вёсках, а п‘ян і жулікаў па гарадох! Вярніся, хатка!.. Абымі нас сваймі дзераўлянымі рукамі, як абымае перад ястрабам сваіх дзетак крыламі галубка. Прытулі нас, хатка, і сагрэй! Бачыш, як цёмна і страшна! Ха-ха-ха! Хата ня валіцца. Дзерава больш жалее нас, як людзі жывыя, як з сэрцам і душою людзі!
ЗОСЬКА
Сымонка! Не гавары так, братка! Мне страшна робіцца ад твае гэткае гутаркі. А тут тата не варочаецца… Каб скарэй гэта ўсё скончылася. Неспакойна мне, каб хаця з ім што кепскае не прылучылася?
ЗЬЯВА XII
ТЫЯ-Ж І ДВОЕ ДВОРНЫХ ЛЮДЗЕЙ
АДЗІН з людзей
(баронячыся)
Чаго сядзіцё? Бацька павесіўся!
ЗОСЬКА
(кінуўшыся з хаты)
Ах, божа мой, божа! Такі даканалі старога!
МАРЫЛЯ
Сымонка, памажы мне! (СЫМОН сядзіць на адным месцы і злорадасна пазірае. Людзі падходзяць браць ложак).
СЫМОН
Толькі паважцеся што-колечы крануць з хаты!!!
ЗАСЛОНА
Акт другі
[правіць]
АКТ ДРУГІ
Час каля Купальля. Паўдня. Хата Зябліка.
ЗЬЯВА I
МАРЫЛЯ — ДАНІЛКА — ДЗЕЦІ
ДАНІЛКА
Ну ўжо, мамка, усё гатова! Давёў у парадак хату, як ляпей быць ня можа, нават божаньку павесіў, каб было перад кім маліцца. А цяпер мушу за сваю работу брацца. (Садзіцца воддаль і майструе скрыпку).
МАРЫЛЬКА
Эх, дажыліся, божухна, божухна! Ня вісіць твой абразок у хатачцы на пачэсным куточку, а тут — на гэтым дзераве, сярод гэтае руіны. Як сірата, вісіць твой абразок тутака. Дождж яго будзе мыць, сонейка паліць, вецер хістаць, як тэй бярозкай у полі хістаць. Патапталі, божухна, вярбу! тваю сьвянцоную, пакрышылі тваю сьвечку грамнічную. А мы, служкі твае верныя, сядзім тут, як пагарэльцы на папялішчы, і сонейка твайго яснага за сьлязьмі ня бачым. Ох, ох! Людзі твайго сонейка ня бачаць, праўданькі твае ня бачаць, голасу твайго ня чуюць. Асьвяці ты, божа, душу маю грэшную, не пакінь майго ўдовінага сіроцтва, — пашлі мне сілачкі гэтых малых выхаваць! Укрый іх ад галоднае і халоднае сьмерці і ад благіх людзей укрый іх, божа!
ДАНІЛКА
Мамка, мамачка, не галасеце гэтак, а то аж мне на сьлёзы зьбіраецца, як пагляджу я на цябе!.. Шкода таты, ведама, што шкода, але што-ж ты зробіш? Дык не бядуйце, мамка! Я незадоўга ўжо йскрыпку сваю скончу і так тады зайграю, так зайграю, што ўжо нікому з нас так галасіць не захочацца! А цяпер ляпей будзем аб чым іншым гутарку вясьці. Мне як вельмі сумна зробіцца, што йскрыпка не ўдаецца, дык я тады сам з сабою гутару і гутару… Ну, што-ж бы такое? Э! Трудна неяк і да розуму, прыйсьці. Ага! Вось скажэце мне, мамка, чаму гэта так доўга тату не хавалі? Усё ніяк дагэтуль не сабраўся папытацца цябе аб гэтым.
MАPЫЛЯ
Не хавалі, бо так трэба было, сьледзтва рабілі. Закон, бачыш, такі ёсьць: як хто сам праз сябе памрэ, дык датуль няможна хаваць, пакуль ня дойдуць, як і праз што ён душой загавеў.
ДАНІЛКА
Ага! Ведаю цяпер. Значыцца, як і я памру, дык ня будуць датуль хаваць, пакуль не даведаюцца ў мяне, нашто я памёр. А-а-а скажэце мне, мамка, нашто гэта людзі родзяцца, каб пасьля ўміраць? Бо-ж, я думаю, невялікі цымус ляжаць засыпанаму зямлёй.
MАPЫЛЯ
Гэтак ужо богам устроена на сьвеце. Нічога не парадзіш.
ДАНІЛКА
Несамавітае, як так, гэтае устройства. А ці праўда, мамка, што ёсьць такая старонка, праз каторую плывуць крыніцы з жывой вадою? Кажуць, калі напіцца тае вадзіцы жыватворнае, дык чалавек ніколі ня ўмрэ.
MАPЫЛЯ
Можа і ёсьць. Хто-ж яго ведае! Але яшчэ тае крыніцы ніхто ня бачыў і ня піў з яе, бо каб хто-небудзь піў, то хоць адзін чалавек жыў-бы і жыў на сьвеце больш, як усе людзі жывуць, а так няма: усе як ёсьць рана-позна ўміралі, уміраюць і ўміраць будуць. Такая ўжо воля боская.
ДАНІЛКА
Але ўсё такі жывая вада ёсьць, як сабе, мамка, хочаш! Бо і нашто-ж бы ўсе так аб ёй гаварылі? Як я вырасту такі вялікі і дужы, як наш Сымонка, тады пайду з сваёй іскрыпачкай шукаць гэнае крыніцы, а як знайду — сам нап‘юся і вас усіх пачастую, і будзем мы жыць і жыць, аж пакуль не памром!
МАРЫЛЯ
Ну, і дагаварыўся! (Паўза).
ДАНІЛКА
Растлумачце мне, мамка, нашто людзі хаты будуюць, а пасьля іх самі-ж раскідаюць?
МАРЫЛЯ
Будаваць то самі будуюць, а раскідаюць ня людзі, а іхняя нядоля горкая раскідае.
ДАНІЛКА
Цікавасьць, што гэта такая за паня — горкая нядоля? Для яе мушу пашукаць такое вады, ад каторае яна, як вып'е, дык адразу памрэ. Але, папраўдзе кажучы, калі так нядоля раскідае тое, што людзі будуюць, дык нашто-ж зусім будаваць? Гэта-ж, даліпаначкі, мне шмат лепей і выгадней вось цяперака на гэтым ламацьці бяз сьцен і страхі, як было ў хаце! Калі сядзеў я ў хаце і майстраваў сваю йскрыпачку, то мне здавалася, што я сяджу ў нейкай клетцы, адкуль і вырвацца трудна будзе ў сьвет. А тут — аніводнае загарадкі! Ляці сабе, куды хочаш, як птушка, і ўсё такое. А гэтая вялікая страха, зьлепленая з неба, куды прыгажэйшая, як была наша саламяная. (Пауза). Ну, вось адна дошчачка як-бы і гатова, цяпер будзем рабіць другую. Што-ж гэта я хацеў яшчэ папытацца? Ага! Успомніў! Скажэце, мамка, ці далёка гэта канец сьвету? Кажуць, міль сто пэўна будзе ад нас, калі ня болей?
МАРЫЛЯ
Канец сьвету там, дзе канец шчасьцю людзкому.
ДАНІЛКА
Э-э! Мамка так гаворыш, што і сам пісар не разьбярэ.
ЗЬЯВА II
ТЫЯ-Ж і СЫМОН
МАРЫЛЯ
(да Сымона, глуха)
Ужо ты вярнуўся? Пахавалі? Можа на могі…
СЫМОН
(садзячыся, панура)
А як-жа!.. Пахавалі, толькі не на могілках… не пазволілі! За магілкавым плотам пахавалі. Тут, паміж жывымі, ня было яму месца — ня стала яму прыстанішча і паміж нябожчыкамі. Самагуб!.. А спытайцеся, хто яго давёў да гэтага самагубства?!
МАРЫЛЯ
Нічога, дзеткі, не парадзіш. Грэшнай сьмерцю памёр — мусіць пакутаваць.
СЫМОН
Пакутаваць! пакутаваць! Гэта вечная пакута толькі чалавека на зьвера перарабляе, дзічэць прыходзіцца, як цемняку якому. Што яна, гэта пакута, са мной зрабіла?! Я сам сябе не пазнаю. Калі кідаў сягоньня на бацькаў труп зямлю, то мне здавалася, што гэтым жвірам чырвоным засыпаю самога сябе, сваё шчасьце, свае леты маладыя; засыпаю бога, людзей, цэлы сьвет; здавалася, усё чыста хаваю на векі вечныя ў сьцюдзёнай магіле:
МАРЫЛЯ
Нічога, сынку! гэта пяройдзе, гэта толькі жаль вялікі праз цябе гаворыць. Ведай, што яшчэ ня ўсё і ня ўсіх ты пахаваў: засталіся ў цябе я, браткі і сястрычкі твае — імі і з імі ты мусіш жыць, і павінен жыць. Цяжанька цяпер табе, — ды і каму з нас сягоньня тут лёганька, але што чыніць? Памучымся які месяц-другі, прыдаўлены сваім сіроцтвам і адзіноцтвам; месяц-другі будзеш снаваць, як тапельнік між жывымі, не знаходзячы сабе прыстанішча, а там, за які гадок, як зацьвітуць на вясну першыя кветкі над бацькавай вечнай пасьцеляй, — зацьвітуць краскі і ў цябе на душы і на сэрцы, сьветлыя краскі ціхага спакою і журбы сьвятой. Будзеш далей жыць і шукаць шчасьця на сьвеце.
СЫМОН
Кветкі! шчасьце! Паганыя ногі патопчуць кветкі на бацькавай магіле, як і яго самога ў зямлю затапталі; а шчасьце, — каб як глыбока захаваў у сабе, — то табе яго збэсьцяць, бяз ніякае літасьці збэсьцяць! Нячыстымі рукамі будуць капацца ў душы, пакуль ня вырвуць з яе гэтага шчасьця і ня кінуць яго пад ногі і не раздушаць. (Пауза).
МАРЫЛЯ
Усё-ж такі, як-бы там сабе ні было, а нам трэба думаць, як далей жыць. Паняволі мусім сабе даваць якую раду. Гэтага, сынок, мала, што ты загадаў перацягнуць сюды ламацьцё з поля. Грызьці яго ня будзем.
СЫМОН
Што-ж, мамка ізноў да таго мяркуе, каб ішоў туды да іх ласкі прасіць?
МАРЫЛЯ
А хоць-бы і так, то што-ж там вельмі такое?
СЫМОН
Я ўжо мамцы ад першага дня казаў і цяпер тое кажу: не пайду туды і вы ўсе ня пойдзеце. Аднаго кроку ў той бок ня дам, і адгэтуль не саступлю. Магіла татава стала веквечнай перагародкай паміж імі і намі, і ня зьністожыць яе сіле чалавечай! Гора таму, хто першы пераступіць гэты насып магільны над сваім родным, працягне рукі к ім і пойдзе з імі! Нядоўга будзе хадня побач з імі. Бо яны, калі сэрца ня вырвуць і душы ня збэсьцяць зусім, то хоць вочы асьлепляць і пусьцяць блуднымі сьцежкамі на вечнае бадзяньне, на вечны зьдзек і паніжэньне. А свае на такога будуць тыкаць пальцамі і шаптаць асьцярожна: „адступнік, душапрадавец! Бацькаву магілу перажаргаў, каб у іх зладзейскія рукі лізаць!“
МАРЫЛЯ
Але ты бяз іх не абыйдзешся. Рана-позна мусім ісьці к ім… па работу, па хлеб…
СЫМОН
Дык што-ж, калі я з мусу і пайду, як слуга іх, як нявольнік, але не па сваёй добрай волі — як іх падлыжнік і завушнік? Праца мая, нявольніка, дол толькі ім глыбейшы выкапае, а хлеб, сьпечаны нявольніка рукамі, ядам абернецца ў зубах іх. Але цяпер… цяпер ніяк к ім не пайду, хіба вяроўкамі пацягнуць, калі ёсьць на сьвеце такія вяроўкі моцныя. Там, над бацькавай магілай, зарок сабе даў жывым ня зысьці з гэтага месца, з гэтага нашага разграбленага гнязда, дзе татавы ногі расу сьцюдзёную тапталі, а вочы яго шукалі на небе зоркі свайго шчасьця. І ня зыйду, і ня ўступлю, хай б‘юць, рэжуць, катуюць!..
ДАНІЛКА
Э! часам і без вяроўкі ў пятлю лезуць, як ліха прыпрэ.
МАРЫЛЯ
Супакойся, Сымонка! Пакіньма цяпер аб гэтым гаварыць. Можа есьці хочаш? Ёсьць трохі печанай бульбы. (Дастае кійком з папялішча бульбу).
СЫМОН
(ядучы)
Зьем, чаму ня зьем? Ад самага раньня нічога ў губе ня меў. А работы шмат было: сам мусіў яму выкапаць — ніхто не хацеў памагчы, бо, кажуць, для вісельніка страшна дол капаць. Ну, няхай ім будзе страшна. Але я ведаю — ня страх тут быў прычынай, а тое, што мы ня маем чым заплаціць і чым пачаставаць, ня маем за што даць ім гарэлкі, накарміць салам… Не хацелі, і ня трэба! Бяз іх сядзем за жалобным сталом. Ха ха-ха! Няма чаго сказаць — багаты стол: бульба і вада, вада і бульба!.. Памінкі па родным бацьку, па гаспадару з гаспадароў! Памінкі на раскіданай хаце, на здратаваных пасевах па сумленным жыхару, па шчырым сяўцу! Што-ж? да касьбы і жніва трэба ладзіцца, да вялікае касьбы і жніва! (Кідае бульбу са злосьцю). Яда ў горла ня лезе — колам становіцца.
ДАНІЛКА
А ты вазьмі ды вадой прагані, або дай, я табе ў плечы пастукаю. Мне як засядзе кусок у горле, дык мамка як стукне, — глядзіш, кусочак і паляцеў куды трэба.
МАРЫЛЯ
(да Сымона)
Дзе Зося? Чаму яна з табой разам ня прышла?
СЫМОН
Дзе Зося? дзе Зося? У яе пытайся, а не ў мяне, куды яна прападае? Пайшла з магілак раней за мяне, дык павінна была і раней прыйсьці.
МАРЫЛЯ
Каб хаця не заблудзіла дзе? Чаму ты адну яе пусьціў? Далёка тут да няшчасьця.
СЫМОН
Да няшчасьця мо‘ і недалёка: заблудзіць — не заблудзіць, калі сама гэтага не зажадае. Але яна ўжо запраўды блудзіць ад першага дня бацькавае сьмерці. Мамка хвора і даверчыва, дык ня бачыш нічога і ня чуеш, а я ўсё бачу і чую. Паляцела перш ад мяне з магілак, каб у двор заляцецца — на панічовы гібкі стан падзівіцца і, як сучка, каля ног яго паласіцца.
МАРЫЛЯ
Скуль ты гэта ўзяў, каб Зося… Зоська… мая дачушка?..
СЫМОН
Так, так, Зоська, твая дачушка, а мая сястрычка родная ў двор да паніча бегае, уся аколіца аб гэтым як у бубен б‘е. Я ўсё ня верыў, пакуль сам не пераканаўся: заўчора ўсю ноч там прападала. Я відзеў, але маўчаў, бо яшчэ тата быў не пахаваны, не хацеў пры нябожчыку аб гэтым новым нашым няшчасьці казаць і калатню падымаць.
МАРЫЛЯ
(жаласьліва)
Зоська… мая Зосечка… Вушам ня верыцца. Прыпамінаю: у той дзень, як выкідалі, яна прыбегла і казала, што там, ля рэчкі… Ці-ж быць можа?.. Зоська… Зоська…
СЫМОН
Хэ-хэ-хэ! Крамная скура, размасьленыя вочы, лісьлівае сьлінявае зюзюканьне, бяссорамныя ў кутку пацалункі — вось вам і палонка, у каторую простая дзяўчына валіцца, зрэнкі заплюшчыўшы. Без вялікіх коштаў і торгу мае сабе бясчэльны самалюбнік удаволь сьвежага і здаровага тавару ў нашай цёмнай прастоце. А плаціць за гэты тавар разьбітым шчасьцем, апаганенай славай і паскуднымі хваробамі… Зоська… Зоська… Ці-ж яна ў іх першая або апошняя?..
ДАНІЛКА
Ты, мусіць, яшчэ не адпусьціўся на іх за тое, што яны адбілі ў цябе тваю Кастусю Дударышку, якую, пасьля таго, як бусел прынёс ёй малое, дык і яны прагналі, і ты прагнаў.
ЗЬЯВА III
ТЫЯ І ЗОСЬКА
ЗОСЬКА
СЫМОН
Прышла такі нанач! Што-ж гэта табе зрабілася?
ЗОСЬКА
Чаму ты так гаворыш, братка? Ці-ж я калі-небудзь начавала дзе іначай, апрача свае хаткі, або цяпер не начую кожную ноч на гэтым ламацьці?
СЫМОН
А заўчора, дзе ўсю ноч прападала? Думаеш ня ведаю!
ЗОСЬКА
Нічога ты, браток, ня ведаеш, ох, як нічога! Мне так сумна і страшна зрабілася, што тата ляжаў тут непадалёк не пахаваны і такі жудасны з гэтай вяроўкай на шыі, што я ня выцерпела і, як учадзеўшы, у поле пабегла. І нідзе не начавала, нідзе, усю ночку на полі блудзіла. Нічога благога не рабіла, каб я так шчасьцейка свайго не аглядала!
МАРЫЛЯ
Не кляніся, дачушка! Нашто?.. Ня трэба!
СЫМОН
А чаму сягоньня ў пару ня прышла з магілак? Чаму?
ЗОСЬКА
Сягоньня?.. з магілак?.. Так сабе!.. Зайшлася на мінутку да цёткі, што служыць з дзядзькам у дварэ… Такая нейкая нуда ў дарозе агарнула, што не магла стрымацца і зайшлася… Ды вось нам яна — цётка — пазычыла трохі сала і хлеба. Кажа: „У вас сягоньня памінкі па тату, дык хоць павячэрайце на здаровейка“. (Дастае прынесенае і аддае матцы). У цёткі пазычыла… Не хацелася мне спачатку браць, але пасьля так шкода вас усіх тут зрабілася, што ўзяла і пазычыла…
СЫМОН
Ведаю, у якой цёткі была ты з пазыкай, ведаю! Але чым ты аддаваць будзеш гэта пазычанае? Трэба-ж — яшчэ выдумала цётку нейкую? Сказала-б ужо проста, што была ў дзядзькі, у маладзенькага ды прыгожанькага, папраўдзе ласага да ўсялякіх пазык. Як табе ня грэх і ня стыдна? Яшчэ над бацькавай дамавінай пясок не завяў, а дачка пабягушкамі займаецца. Забылася, што ён, нябожчык, казаў табе перад апошняй сваёй мінутай. Я прыпомню, калі маеш такую кароткую памяць. Бацька казаў: „не паніжайся перад дужым дачасьнікам, бо ён табе за тваё паніжэньне перад ім вочы заплюе паскуднай сьлінай, а душу і сэрца тваё зьмяшае з балотам атопкаў сваіх!“ Забылася гэтых слоў, не дачакаўшыся першага маладзіка, пасьля скананьня таго, хто іх табе сказаў. Эх, Зоська! Зоська! (Шыбка выходзіць, ЗОСЬКА садзіцца, закрыўшы вочы рукамі).
ЗЬЯВА IV
МАРЫЛЯ — ЗОСЬКА — ДАНІЛКА — ДЗЕЦІ
ДАНІЛКА
І што гэты Сымон думае з сваёй рызыкай? Ужо аж мяне пачынае злосьць на яго разьбіраць. Нацяпаў-нацяпаў языком, а каб хто папытаўся — нашто? Вярхнік толькі мой да йскрыпкі сапсаваўся, і вышла з яго ні богу сьвечка, ні чорту качарга. Пойдзем, малыя, шукаць новай дошчачкі! (Забірае АЛЕНКУ і ЮРКУ і выходзіць).
ЗЬЯВА V
МАРЫЛЯ — ЗОСЯ
МАРЫЛЯ
(як-бы сама да сябе)
Такое было з яго мілае дзіцянётка. Ведама — панскае, што і казаць… Любіла яго, усё роўна як сваё роднае… Тады ўжо, пры грудзёх, панічоўская кроў іграла ў целе яго вутленькім… Чуць толькі стаў ручкі ў кулачок складваць, шчыпецца, бывала, моцна шчыпецца. А як сталі зубкі выразацца — кусаўся; Як угрызе, то аж кроў выскачыць з грудзей. Маленькі яшчэ — а такі ўжо дасьціпны быў. І ці даўно было гэта, здаецца, як пры мне качаўся, а цяпер глядзі — хоць куды мужчына! (Да ЗОСЬКІ). Ці праўда, Зоська, што Сымон казаў? — ці праўда, што ты да яго ў двор…
ЗОСЬКА
Мамачка! Нашто табе гэта канечна ведаць? Ці-ж ня ўсё роўна будзе? Калі гэта праўда — я згінула, калі гэта і няпраўда — я не ўваскрэсла… На небе маленькая зорка ўсьмяхаецца да вялікага месяца, а на зямлі вутлая калінка хінецца да крэпкага явара, а я —што?
МАРЫЛЯ
Але ты ня ведаеш, што цябе чакае, як будзеш так хінуцца к яму, як калінка да явара? Сябе згубіш і нас вечным сорамам абняславіш. Ён паласіцца, папесьціцца і кіне, як кідаюць зношаную вопратку на сьметнік. Толькі я ня веру, што Сымон казаў, і ніколі не паверу. Ты супакой мяне, дзеткі, і скажы, што гэта няпраўда. Я цябе выхавала, сваім малаком выкарміла, і ты лгаць мне ня маеш права.
ЗОСЬКА
(змагаючыся з сабою)
Ня мучце мяне, мамка! Я й так сама змучылася за гэтыя два тыдні ад сьмерці таты. Штосьці такое страшна дзіўное творыцца каля мяне і са мной, чаго я сваім бедным розумам і адгадаць не магу. Мамачка, ня пытайцеся ляпей: я лгаць ня буду, але ты сама ведаеш, ня ўсю і праўду можна казаць.
МАРЫЛЯ
Роднай матцы можна!
ЗОСЬКА
А калі я ўжо ня ведаю, дзе праўда, а дзе мана. Усё перамяшалася ў маёй няшчаснай галаве. Нейкі туман сіні-сіні кругом мяне разаслаўся, і я, здаецца, плаваю па ім, так ціха-ціха плаваю, як тыя гусі белыя на возеры, або вобалакі сівыя пад небам далёкім! І штосьці мяне кудысь цягне, бярэ за рукі, абымае ўпол і выносіць з сабой так лёгка-лёганька, як ціхі вецер тую пярынку галубіную над гаем зялёным!
МАРЫЛЯ
Ты заўсёды была такая нейкая, што і сама я не магу разабраць — якая. Змалку дзён трудна было з табою да ладу прыйсьці. Усяе тае і гутаркі ў цябе было, што з лесам, з ветрам ды з крыніцай. Нешта нялюдзкае сядзіць у табе.
ЗОСЬКА
Ці-ж я вінавата, што я такая?
МАРЫЛЯ
Ты ў гэтым можа сама і не вінавата, але затое вінавата ў тым, што Сымон казаў. Ён бачыў цябе з ім заўчора ўночы.
ЗОСЬКА
Няпраўда, мамачка! Няпраўда! Я там ня была, — гэта можа толькі цень мой быў там. Але — пэўна цень! Я часам бачу, як цень мой адлучыцца ад мяне і пойдзе сабе недзе далёка-далёка! Праз высокія горы йдзе, над быстрымі рэчкамі і шчырымі барамі плыве, а пасьля ізноў ка мне вернецца і ходзіць за мною сьледам, як-бы сочыць мяне. Тады на мяне страх нападае. Ох, баюся я гэтага свайго ценю, як відма якога з таго сьвету, баюся!
МАРЫЛЯ
Дык гэта цень твой там быў?..
ЗОСЬКА
Цень, мамачка! цень! Я сама ня была там. Каго я там ня бачыла?
МАРЫЛЯ
(устаўшы)
Ня веру я табе! Ты вечна толькі штось нязвычайнае выдумляеш, каб толькі мазгі каму завясьці і аплуціць. Але вось што: прысягні, што гэта няпраўда, што ты сама туды не хадзіла! Прысягні! Іначай і мяне з розуму зьвядзеш, як сама ўжо, відаць, сходзіш.
ЗОСЬКА
(устаючы)
Прысягну, мамачка! На што хочаш прысягну, што гэта цень мой быў. На што хочаш прысягну! Руку дам праз сваю галаву.
МАРЫЛЯ
Ня трэба мне твае галавы. (Паказваючы на абраз). Вось, перад богам прысягай! Перад яго абразом. (ЗОСЬКА змагаецца з сабой). Ну, чаго чакаеш? Станавіся на калені і прысягай!
ЗОСЬКА
Мамка, я баюся! Страх нейкі ўсю мяне праймае.
МАРЫЛЯ
Складай пальцы на крыж і прысягай! Іначай, я асьляплю цябе, каб да сьмерці туды сьцежкі не знайшла!
ЗОСЬКА
Мамка, мамачка! Ня губеце мяне! Я не магу!.. Я ня ведаю, каторае з нас цень мой, а каторае я сама?
МАРЫЛЯ
А калі я табе вочы выкалю, тады даведаешся? Га! Даведаешся тады?
ЗОСЬКА
(прасьвятлеўшы)
Мамачка! Ён, сам — цень мой — ідзе! Удваіх з ім будзем прысягаць!
МАРЫЛЯ
Што са мною? Што з ёй? Што за благі дух яе папутаў? Развалена хата, закопаны бацька, а яна? (Глуха). Зоська! Зосечка!..
ЗОСЬКА
(як-бы ў экстазе)
Мама! Мамачка! Ясны месяц да залатой зоркі плыве, зялёны явар да калінкі свае хіліцца, а ён — цень мой — з далёкіх краёў да мяне прыбывае, дарагія падаркі прыносіць: гарачае сэрца, задумную душу, бязьмежнае мілаваньне!
МАРЫЛЯ
Што з табою, Зоська?.. Зосечка!..
(Уваходзіць ПАНІЧ)
ЗЬЯВА VI
МАРЫЛЯ — ЗОСЬКА — ПАНІЧ
ЗОСЬКА
Паніч, панічок к нам прышоў!
ПАНІЧ
(пакручваючы палачкай)
Ці Сымон дома?
МАРЫЛЯ
Дома, панічок! Ён толькі недзе вышаў; зараз вернецца.
ЗОСЬКА
Садзецеся, панічок. Я… мы так рады, што ты… вы прышлі, так рады… Садзецеся.
ПАНІЧ
Не ўважай, Зоська, маю час і пастаяць. (Пауза). Што гэты Сымон ваш думае? Чаму ён ня выносіцца адгэтуль і вам не дае якога-небудзь прыстанішча?
ЗОСЬКА
Мы скора, панічок, выедзем. Ня гневайцеся!
МАРЫЛЯ
Вельмі ён заеўся; я — маці яго — і то не магу нічога зрабіць з ім. Бяда, панічок, з дзяцьмі, бяда!
ЗОСЬКА
Сымону жаль па тату адойдзе, і мы пойдзем. Ня будзем тут векаваць і дакучаць панічу. Пэўна, што ня будзем.
ПАНІЧ
Праз бацькава і яго ўпорства хату толькі напрасна прышлося раскідаць.
ЗОСЬКА
Нічога, панічок. Шкода толькі, што тата павесіўся, а мамку прышлося хворую выносіць.
ПАНІЧ
Як-жа цяпер здароўе Лявоніхі?
МАРЫЛЯ
Дзякую, панічу, за пытаньне! З тыдзень яшчэ не магла пасьля таго хадзіць, а цяпер як-колечы валачу ногі; каб толькі скарэй куды-небудзь далей звалачыся!
ПАНІЧ
(садзячыся на ўслончыку)
Ну, а як Зоська гадуецца?
ЗОСЬКА
Як, панічок, бачыце! Жыву апошнія часы на сьвеце і сьвету ня бачу. Адна мая радасьць, адно маё шчасьце, калі з та… калі ўночы сны цудоўныя бачу, калі думкамі плыву к та… к свайму месячыку яснаму. Так цяпер, панічок, жыву я і чакаю… толькі ночкі чакаю!..
МАРЫЛЯ
(у старану)
Скажу яму, усё чыста скажу! Можа ён маё сумленьне заспакоіць. (Да ПАНІЧА, змагаючыся з сабою). Скажэце, панічок, скажэце, сакалочак… не загневайцеся на мяне!.. (Валіцца к яго нагам). Ня губеце яе, панічок! Яна яшчэ дзіцянё і нічога ня знае… Ня губеце! Мейце ласку над маткай! Можа-ж і вам калі дзетак бог пашле… Ня губеце! Я яе гэтымі самымі грудзьмі карміла, што і цябе!.. Зжальцеся над беднай удавой! Ці праўда, што яна к вам… што яна?
ЗОСЬКА
Мамка нічога ня ведае… Я аб нічым ёй не казала… Даруйце ёй, панічок!
ПАНІЧ
(устаючы)
Што? што Лявоніха хочаш ад мяне? Я нічога не разумею! Я-ж не магу пазволіць ізноў тут хату ставіць, калі мне гэту сялібу трэба прылучыць да двара. Раз выкінулі вас, то і ўсё тут. А калі захочаце служыць у мяне, то я ў дварэ дам хату.
МАРЫЛЯ
Я не аб гэта. Я… я малю цябе: ня зводзь яе, мае Зоські! Табе, панічок, нічога ня станецца, а яна згіне, прападзе за няма што!
ПАНІЧ
Якая Зоська згіне? Што ты выдумала?
ЗОСЬКА
Я, мамачка, ня згіну, а калі і згіну, то мой цень астанецца і будзе жыць на сьвеце да сканчэньня вякоў. Так! Цень будзе жыць, калі я згіну.
МАРЫЛЯ
Чуеце, панічок, што яна кажа? Гэта ты яе ачараваў. Гэта ты мне дачку выдзіраеш! Ляпей сэрца ў мяне, яе маткі, выдзеры і зрабі з яго сьвечку сабе, але дачкі не вырывай у няшчаснай удавы!
ЗОСЬКА
(падходзячы к матцы, абымае і цалуе ў галаву)
Зязюлька мая падстрэленая! Усё роўна тады ці сяды рассыплюцца твае дзеткі па беламу сьвету, і будуць каршуны кляваць цела іх і хлёптаць кроў цёплую, а шумны вецер паразьмятае перайка і чорным пясочкам костачкі іх прысыпе. Толькі ты, зязюлька, гэтага саколіка цяпер не кляні — ён нічога нявінен; я ляпей за цябе ведаю.
МАРЫЛЯ
(пасоўваючыся з услончыка к нагам паніча)
Панічок! я цябе дзіцянём пры сваіх грудзёх выпесьціла, выняньчыла!.. Я-ж цябе магла ўтапіць, задушыць, але ты жывеш і цьвіцеш. Не забівай-жа ты мяне і адваражы, вярні мне маю Зоську! І ў цябе матка была…
ПАНІЧ
Позна ўжо, цётка!
МАРЫЛЯ
О, чаму ляпей ня плыла атрута з маім малаком у той час, калі…
ЗЬЯВА VII
ТЫЯ-ж І СЫМОН
СЫМОН
Эгэ! Шчырая малітва, відаць, адбываецца перад панічом.
ЗОСЬКА
Гэта мамка так сабе! Прасілі паніча, каб пазволіў яшчэ час які тут пасядзець.
СЫМОН
А ты прасіла, каб ён табе пазволіў там, у яго ночкі праседжваць.
ПАНІЧ
Ты, мой міленькі, азьвярэў і ня помніш сам, што кажаш. Ведай тое: што кіўну я толькі пальцам, і ты зараз-жа зазвоніш ланцугамі за напад на маіх людзей з тапаром, калі ягамосьця з хаты выпрошвалі.
СЫМОН
Ведаю, ведаю! Але пакуль гэта мая сястрычка не абрыдне панічу, то ён на яе брата і на матку ня кіўне пальцам.
ЗОСЬКА
Братачка! Нашто ты сваю сястру так у балота топчаш? Яшчэ і паміма цябе яе людзі натопчуцца! Кінь дакучаць панічу і мне: гэтым бядзе не паможаш!
СЫМОН
Ха-ха-ха! Можа на калені скажаш стаць і маліцца перад ім? (Да ПАНІЧА). Чаго, паніч, прышоў сюды? Ці-ж табе мала, што яна туды, пад твой палац бегае? Ці-ж табе гэтага мала?
ПАНІЧ
Я прышоў табе сказаць: дакуль вы будзеце сядзець на маім полі?
СЫМОН
Я не на панічовым сяджу, а на сваім, і ніхто мяне згэтуль ня згоніць!
ПАНІЧ
А закон нашто?
СЫМОН
Я і чакаю закону: суд будзе, і праўда верх возьме.
ПАНІЧ
Каб за табой праўда была, то не сядзеў-бы гэтак пад голым небам.
СЫМОН
Нашто-ж нас да гэтага давёў? Нашто хату раскідаў?
ПАНІЧ
Бо з майго лесу была пабудавана.
СЫМОН
А хто будаваў гэтай вось сякерай? (Трасе сякерай).
ЗОСЬКА
Братачка! Адна сякера пабудавала, а другая раскідала, — пры чым-жа тут паніч? Ён яе ніколі і ў рукі не бярэ. (Уваходзіць ДАНІЛКА).
ЗЬЯВА VIII
ТЫЯ-Ж І ДАНІЛКА
ДАНІЛКА
(у старану)
А бач! І панічок прышоў к нам у госьці! Толькі чым мы яго пачастуем? (Да ПАНІЧА). Пахвалёны Езус, панічу! А я маю да цябе важны інтэрас: пазыч ты мне жыл на струны і конскага хваста на смык, бо іскрыпку сваю зараз такі змайструю, а іграць ня будзе як. Пазыч, панічок! Як разбагацеюся, тады аддам.
СЫМОН
Ты-б ляпей сабе вяроўкі на пятлю папрасіў — гэтага скарэй у людзей дастанеш.
ПАНІЧ
Табе-б з ахвотай яе пазычыў…
СЫМОН
(панура)
Так, як і бацьку.
ЗОСЬКА
Панічок, ня крыўдуйце на яго! Ён не такі нягодны, як хоча паказацца. Ён з часам пераменіцца і будзе табе служыць, ох, як верна служыць! Тваё полейка араць, тваіх конікаў даглядаць, тваіх дзетак вазіць. А мы з мамкай дабрыцо будзем жаць, для цябе, панічок, жаць! Дык ня крыўдуйце на яго!
ПАНІЧ
Я ня ведаю, хто тут пан — я ці ён?
СЫМОН
Ніхто!
ДАНІЛКА
Ты, Сымонка, як я віджу, толькі вадзішся з панічом, а не пагаворыш, як на гаспадара прыстала, аб важнейшых справах. Тату сягоньня пахаваў, а крыжа і не паставіў. Папрасі ў паніча дзерава на крыж.
ПАНІЧ
На гэта ў мяне лесу хопіць. Можаце колькі хочучы з майго дзерава ставіць крыжоў. Бяз просьбы — пазваляю.
СЫМОН
За многа ласкі!.. Я сам стану крыжам на бацькавай магіле і буду вечна сьцерагчы, каб твае плугі не разрылі яе, як тапары твае сьцены гэтыя!
ПАНІЧ
Вар‘ят! Ці-ж не твае рукі гэта рабілі і робяць? Падумай толькі! (Шыбка выходзіць, пасьвістываючы).
ДАНІЛКА
(у сьлед яму)
А па жылы і хвост я прыду да паніча. Скажы толькі сабакі прывязаць!
ЗЬЯВА IX
ТЫЯ-Ж БЕЗ ПАНІЧА
ЗОСЬКА
(да Сымона)
Ты ўгнявіў яго, Сымонка! Пазволь — я пабягу і перапрашу. (Меціцца бегчы).
СЫМОН
Толькі краніся ў той бок!.. (ЗОСЬКА з плачам апускаецца на зямлю. СЫМОН, кінуўшы тапор, садзіцца на ўслончыку і апускае галаву на далоні. ДАНІЛКА выпірае рукавом вочы).
Паволі апускаецца
ЗАСЛОНА
Акт трэці
[правіць]АКТ ТРЭЦІ
ЗЬЯВА I
МАРЫЛЯ (адна)
МАРЫЛЯ
(сядзіць і шые торбу)
Ох! охо! Ня судзіла долячка скарыстаць з свайго дабрыца, як усе добрыя людзі карыстаюць! Падумаць толькі! Добры быў лянок; палола яго, рвала, слала, а як улежаўся — сушыла, мяла, удваіх з Зоськай нітачку па нітачцы вывелі… па грамніцах кросны паставіла… колькі сьценак наткала… На кашулі сабе, нябожчыку і дзеткам ткала. Звалілася бяда, і ўсё пайшло марна: заместа кашуль — торбы шыю. Эх! эх! Сабе і дзецям — жабрацкія торбы. (Задумваецца).
ЗЬЯВА II
МАРЫЛЯ — ЗОСЬКА — ДЗЕЦІ
ЗОСЬКА
А ты ўсё шыеш, мамка?! Кіньце!.. Жудка мне становіцца ад гэтага твайго шыцьця. Мне здаецца, што ты нам усім жывым яшчэ сьмяротныя сарочкі шыеш. Кіньце, мамка, гэту сваю няшчасную работу! (Садзіцца і ўе вянок, каля яе — ДЗЕЦІ).
МАРЫЛЯ
Гэ! мая родненькая! А хто будзе шыць? Ты, можа? Што-ж мяне, цябе (паказваючы на ДЗЯЦЕЙ), іх, усіх нас чакае? Што? А пашыць трэба шмат, ох, як шмат гэтых сховаў на крошкі ад людзкога стала! Старац, які ў нас быў тады — помніш? — казаў, што чым больш на жабраку торбаў, тым лепш такога дораць. Няпраўда, можа, скажаш? Га?
ЗОСЬКА
Мы яшчэ не жабракі, мамка!
МАРЫЛЯ
Але не сягоньня, то заўтра, пазаўтра будзем імі. Такая ўжо, відаць, нашага брата доля, і нам ня мінуць гэтага. Падумай толькі! Сымон разьюшыўся і думаць ня хоча, каб даваць якую раду ў гэтым бяспрыпыньні — усё суду нейкага чакае. А ты, а ты толькі яшчэ смалы падліваеш у гэты агонь, адкуль усе нашы няшчасьці ідуць.
ЗОСЬКА
Мамка! Я толькі хачу гэта няшчасьце на шчасьце зьмяніць.
МАРЫЛЯ
І ўсё што раз большую пропасьць капаеш між імі і намі, у якую ніхто іншы, а ты, усе мы ўвалімся і ня вылезем ніколі, як з вечнага балота. Эх! эх! Абое вы, дзеткі, пропасьць гэту самі сабе капаеце, абое: Сымон — сваёй дзікай заўзятасьцю, а ты — сваёй шалёнай прыхільнасьцю. Бацькі вашы іначай жылі!
ЗОСЬКА
Але, але, мамачка, — іначай!.. Затое-ж вось і торбачкі ты гэтыя шыеш ды на мяне з Сымонам наракаеш.
МАРЫЛЯ
(ня слухаючы)
Губіце вы сябе, мяне, гэтых малых. Моцны мой божа! Адно зьверам глядзіць на ўсё і волі нікому ніякае не дае, а другое няславу на ўсю радню ўводзіць.
ЗОСЬКА
Мамачка! Што ты да мяне маеш? Я ратаваць усіх вас хачу, хоць мо‘ і гіну сама. Ды пачым я знаю, што са мною творыцца? Можа нехта нейкія чары неразгаданыя над намі ўсімі завесіў і мяне, пасьля таты, выбраў сабе за першую ахвяру? Пачым я знаю? Ня думайце, мамачка, што я такая, як табе і Сымону здаецца. Але што-ж? У вас свая праўда, у мяне свая. Жыцьцё свае кросны жалобныя тчэ і будзе ткаць, пакуль яму самі людзі не дадуць асновы з вечнай праўды і братняга мілаваньня, а ўтоку — з вечнай шчасьлівасьці і радасьці.
МАРЫЛЯ
Э! пачала ўжо плот гарадзіць, каб за ім з сваім бяссорамствам схавацца! Сказала-б адразу, што прадалася ў злыдневы рукі самахоць — і ўсё тут табе! Але не! Трэба яшчэ ўсялякай брахнёй мазгі другім марочыць. Маткі, мая родненькая, не ашукаеш.
ЗОСЬКА
Ты, мамка, сама сябе ашукваеш, гэтак думаючы. Усе людзі самі сябе ашукваюць, а ім здаецца, што хто другі таму прычынай. Але кіньма лепей, мамка, гэту спрэчку!.. Гляньце — якое прыгожае неба на захадзе! Там на гэтым небе мы калісь жыць будзем. І ня будзе там ні такое хаты разваленае, ні людзей такіх нягодных: будзе там адзін вялікі дом для ўсіх чыста, а ў ім будуць жыць і іншыя людзі, як тут на зямлі, — будуць усе паміж сабой браткі ды сястрыцы родныя. Праўда, мамка!
МАРЫЛЯ
Але пакуль табе прыдзе пара туды ісьці, я цябе і твайго гэтага пракляну сваім матчыным словам.
ЗОСЬКА
(сашчэпліваючы рукі)
Мамачка! Што хочаце рабеце са мною, толькі яго не чапайце: ён богу душой вінен, як і я ні ў чым благім ня вінна. Усё гэта няпраўда.
МАРЫЛЯ
А чаму прысягаць не хацела? Га?
ЗОСЬКА
Бо… бо я ня ведала і ня ведаю, што праўда, а што няпраўда, і што грэх, а што ня грэх!
МАРЫЛЯ
То ён чаму сказаў: „позна, цётка!“
ЗОСЬКА
Бо і ён таксама нічога ня ведае.
(Уходзіць СЫМОН і ДАНІЛКА, нясуць з сабой па куску дрэва на крыж, кладуць пасярод сцэны).
ЗЬЯВА III
ТЫЯ-Ж І СЫМОН — ДАНІЛКА
ДАНІЛКА
(кінуўшы палена)
Бяда мне з гэтым Сымонам! У мяне свае работы гібель, а тут памагай яшчэ яму крыж рабіць. (Садзіцца і возіцца з іскрыпкай).
СЫМОН
Тую рабіну сьсек, на каторай бацька… Ёмкі будзе крыж. З большага абчасалі і запілавалі з Данілкам, засталося толькі трохі абгладзіць, і ўсё будзе гатова. Ці ня бачылі дзе струга?
ЗОСЬКА
(устаючы)
Я недзе, братка, яго бачыла. Зараз знайду! (Находзіць струг і аддае Сымону). Можа што памагчы табе?
СЫМОН
Нічога ня трэба! Бачу, што часу ня маеш: вяночак пляцеш, завіваеш. Дык пляці, завівай, як добрыя людзі адны другім вяровачкі плятуць, завіваюць!
ЗОСЬКА
Мамка проці мяне, брат проці мяне, а хто-ж за мяне заступіцца?
ДАНІЛКА
Вось дык пайшла ў нас сягоньня работа! Зоська вянок уе, Сымон крыж робіць, мамка торбачкі шые, а я іскрыпачку раблю. Дзівецеся, людзі!
МАРЫЛЯ
(да Сымона)
Пад вечар, як вас усіх тут ня было, прыходзіў ізноў той і казаў, каб дарма ня йшлі яму наперакор. Хату ў дварэ дае і цябе з Зоськай бярэ на службу.
СЫМОН
(горача)
Нічога ня трэба, нічога! Раз сказаў, каб мне аб гэтым і не ўспаміналі. Ласка іх да парога, толькі да парога. У вочы лісам сьцелецца, а як зышоў з воч, дык і з памяці проч! Ня трэба! Сам усяму рады дам! Адбудую хату нанова, гаспадарку нанова завяду. Жыцьцё пачнем новае. Вось толькі крыж паставіць і разбору дзела дачакацца! Ня там, у іх, а тут наша месца. Ніхто нас адгэтуль ня згоніць і ня выстрашыць, каб хоць самога люцыпара на помач выклікаў. Спакой вякоў усё гэта наша было, ёсьць і будзе. Мы ня прыблуды якія. Мы ня маем права і кроку даць адгэтуль у тую старану. Хай яны к нам ідуць, а ня мы к ім!
ДАНІЛКА
Ня вытрываеш — пойдзеш!
СЫМОН
Так! Але! Можа і праўда, можа нават і пабягу. (Загадліва). Але як і з чым?..
МАРЫЛЯ
Пакуль ты свайго дапнеш, што мы есьці будзем? Ні сам ня йдзеш нікуды ў заработкі, ні другім не пазваляеш. На мяне, матку тваю, і на гэтых малых ня маеш бога ў сэрцы. Эх! Сымон, Сымон! Губіш ты сябе і нас усіх.
СЫМОН
Ня бойся, мамка! Ня згублю! А калі згінем мы, то цэлы сьвет аб гэтым даведаецца, і праўда наверх выйдзе. Адно гора, што вы мне ўва ўсім пярэчыце: ты сваім заўсёдным нараканьнем, а яна, Зоська, сваёй к таму ліпкасьцю ўпапярок дарогі мне становіцеся і топчаце тое, што я хачу сеяць.
ЗОСЬКА
Эх, мой ты братачка родны! Горды, непакорны чалавек з цябе вышаў! Птушкаю-арлом быць-бы табе і лётаць па паднябесьсі, як лётае вецер гэты вольны! Толькі-ж бяда — крыльле ня дадзена табе, саколе ты мой зоркавокі. Не кажы, браток, што я тапчу тое, што ты сееш. Хто ведае — можа ты горай сваёй гордасьцю топчаш тое, што сею я сваім сэрцам дзявоцкім? Хто ведае?
СЫМОН
(панура)
Бацькаўская магіла і крыж гэты ведае!
ЗОСЬКА
Непераменны ты, братка! Спапяліць гэта гордасьць табе душу і сэрца, у попел аберне. А злосьць людзкая апаганіць тваю добрую славу, і нічога ты не дакажаш сваім праціўленьнем цэламу сьвету! Не сягоньня, то заўтра пойдзеш па таей сьцежцы-дарожцы, па якой усе людзі ідуць. Уломяць цябе, апусьцішся і загінеш.
СЫМОН
Але сам я самахоць не загіну, мяне сіла большая загубіць, а ты па сваёй ахвоце сама сябе аддаеш на гэту загубу, на глум вечны!
ЗОСЬКА
Божа! Як-жа мне цяжанька тут жыць! (Садзіцца і ўе вянок. Пауза).
ДАНІЛКА
Крыж рабіць робіш, а на чым яго павязеш?
СЫМОН
Не бядуй па гэтым! Не пайду каня вымаліваць ні да суседзяў, ні там, да іх! На сваіх плячох павязу — яшчэ датрываюць, хопіць сілы. Як сам на сабе завалаку — болей радасьці спраўлю таму, хто будзе спаць пад гэтым крыжам, а сам буду ведаць тое, што нікому ня кланяўся, перад нікім не жабраваў.
ДАНІЛКА
А каму-ж гэта мамка торбы шые?
СЫМОН
Шые, бо ня мае чаго рабіць. Але як пашые, то я што да аднэй папалю!
МАРЫЛЯ
Пакуль ты, дзеткі, прыбярэшся паліць, то яны самі спарахнеюць на мне, на гэтых малых, а мо‘ і яшчэ на кім. Вось адна торбачка і гатова! (Падымае на руках, разглядае). Здаецца, добра будзе — ня мала і не вяліка, толькі яшчэ вяровачкі прывязаць. (Шукае і прывязвае).
СЫМОН
Эх, кіньце, мамка, дзяцініцца! Душу ў мяне хочаце вырваць без пары — больш нічога! Не дасьцё спакойна нават крыж гэты кончыць.
МАРЫЛЯ
Што, дзеткі? Я-ж нічога! А што запас бяды ня чыніць, то ты сам добра гэта ведаеш і разумееш.
СЫМОН
(да Данілкі)
Паглядзі, Данілка, якога сука крыж зьбіць, бо ўжо ўсё гатова — абгладзіў.
ДАНІЛКА
Вось зараз табе гэты кручок выдзеру: тата за яго — як віў путы — пяньку чапляў. (Падае крук СЫМОНУ, той абчэсвае і зьбівае крыж).
ЗОСЬКА
Калі-ж ты панясеш яго, Сымонка?
СЫМОН
Калі? Сягоньня! А нашто табе ведаць?
ЗОСЬКА
Так сабе, пытаюся. Але-ж гэта ўжо вечар на дварэ: поначы несьці будзе нягодна?
СЫМОН
Няпраўда! Поначы лепей з крыжам ісьці. Ніхто цябе ня чэпіць і не зьняважыць. Уночы, апоўначы панясу, але ня ўдзень, бо ўдзень яшчэ і крыж мне выдзеруць, як выдзерлі з сэрца і душы ўсё добрае і сьветлае. Уночы пайду з крыжам на магілкі, як відма якое з таго сьвtту, каб аж нябожчыкам жудка было! Адзін тата мяне мой пазнае і радасна выйдзе ка мне на спатканьне, — падзякуе за крыж і бласлаўленьне сваё дасьць мне на далейшую вытрываласьць, на далейшую барацьбу з нядоляй. Бо ён, тата ваш, інакшы, як усе нябожчыкі: ён ня лёг з імі ў адным месцы, а зусім асобна захаваўся ў сырой маці-зямельцы. І крыжык яму панясу я ўночы, а ня ўдзень, як гэта ўсім носяць і стаўляюць.
МАРЫЛЯ
Я з табой пайду, сынок! Яшчэ-ж ні разу я, грэшная, не змагла сьцягацца на яго магілку.
СЫМОН
Добра, мамка, панясем з табой! А ты, Зоська і Данілка, астаніцёся пільнаваць малых і хаты.
ДАНІЛКА
Каб ты мяне і гвалтам гнаў, то я не пайду уночы ды яшчэ з крыжам. Каб яшчэ ваўкі дзе зьелі або нябожчыкі напужалі.
ЗОСЬКА
(падходзячы да Сымона)
А ты пазволь мне, братка, ісьці туды разам з вамі! Як ты і мамка пойдзеце, мне будзе страшна аднэй тут сядзець: Мне здаецца, што нейкае няшчасьце мяне тут спаткае, як бяз вас астануся.
СЫМОН
Не адна будзеш! Малыя, Данілка разам будуць.
ЗОСЬКА
Яны спаць лягуць, а я, як цень, буду снаваць тут сама адна. Баюся я гэтага папялішча раскапанага. Мне тут зданьні ўсялякія здаюцца. Вазьмі мяне, братка, з сабою! (Да МАРЫЛІ). Мамачка, вазьмеце мяне — я несьці памагу крыж вам!
СЫМОН
Перастань лезьці ў вочы! Не твая работа крыжы насіць або за імі хадзіць. (Чуваць здалёк дажынкавую песьню: СЫМОН падымае крыж і стойма дзержыць яго пры сабе. Усе нейкую мінуту слухаюць песьню).
ЗОСЬКА
Ха! Дажынкавую песьню пяюць!
СЫМОН
Але! Дажынкі ў дварэ!
МАРЫЛЯ
Відаць, к сабе дамоў ідуць.
СЫМОН
Але! Але час і нам ужо ісьці!
МАРЫЛЯ
(закручваючы хустку)
Час, дзеткі! (СЫМОН узвальвае на плячо крыж і выходзіць, за ім МАРЫЛЯ; ЗОСЬКА памыкаецца таксама ісьці, але варочаецца і канчае плясьці вянок).
ЗЬЯВА IV
ЗОСЬКА — ДАНІЛКА — ДЗЕЦІ
ЗОСЬКА
Пайшлі! Не ўзялі мяне з сабой. Нават слаўца добрага не сказалі. А так хацела з імі ісьці, так хацела! Самі крыж панясьлі.
ДАНІЛКА
Э-э! нацешышся яшчэ, Зоська, з крыжа! Пачакай трохі. Мне ўжо хрыж пачынае балець, — мусіць, з працы каля гэтае іскрыпкі, будзе і табе тое самае!
ЗОСЬКА
Маўчы ты ўжо лепей, Данілка, аб гэтым! Лепей скажы вось, калі ты, урэцше, скончыш гэту іскрыпку сваю?
ДАНІЛКА
Тады, як ты зносіш вяночак, што цяпер пляцеш.
ЗОСЬКА
А скуль ты ведаеш, што я буду насіць?
ДАНІЛКА
Фі! Каб я ды ня ведаў? Я нават ведаю, калі ты яго зносіш, а, значыцца, тады і іскрыпачка гэта мая будзе ўжо гатова.
ЗОСЬКА
Калі-ж гэта патвойму будзе?
ДАНІЛКА
Тады, як ты сьцежкі ў двор ня ўбачыш!
ЗОСЬКА
Што-ж гэта я, значыцца, асьлепну?
ДАНІЛКА
Можа і асьлепнеш. Але ты і ўжо ня ўсё бачыш. Эх, Зоська! Шкода мне цябе. У мамкі і Сымонкі ласкі ня маеш, а і там, дзе ты думаеш ласку знайсьці, дабро цябе не чакае.
ЗОСЬКА
Чаму ты так гаворыш, Данілка?
ДАНІЛКА
(ня слухаючы)
Няхай сабе кажуць, што я дурнаваты, што я такі, што я гэткі, але я ўсё бачу і ўсё разумею. Не хачу толькі наверх вылазіць з сваім розумам, бо з ім цяперашнім сьветам далёка ня зойдзеш. Дурнаваты Данілка ці зусім дурны — малы клопат! А толькі, што менш яго чапаюць і дрэнчаць, як якога разумнага, то гэта напэўна магу сказаць, бо ня ведаюць, чым дасаліць яму, бо Данілка з усяго сьмяецца. А што-ж вы, разумныя? Хоць-бы ты, Сымон? Таўпехаецеся, як Марка па пекле, ці як мухі ў смале, і больш нічога. Кожны вас шчыпе, кожны вас ашуквае, кожны вас, як-то кажуць, б‘е і плакаць не дае. А каб вы былі дурныя, то хоць-бы вас і дрэнчылі, але затое ня так моцна, бо ня так-бы вас, дурных, баяліся, як баяцца цяпер вас, разумных.
ЗОСЬКА
Да чаго ты ўсё гэта чаўпеш?
ДАНІЛКА
А хоць-бы да таго, што твой паніч, як адбудзецца з намі суд, едзе кудысь за мора жаніцца.
ЗОСЬКА
Як гэта?.. Што ты кажаш?.. Паніч будзе жаніцца!.. Як гэта жаніцца?..
ДАНІЛКА
Як будзе жаніцца?.. Так, як і ўсе добрыя ці нядобрыя людзі жэняцца. Ужо-ж ня так, як…
ЗОСЬКА
(перабіваючы)
А што-ж мне з таго? Няхай жэніцца! Вялікая мне бяда! Ці-ж ён мой жаніх ці каханак?..
ДАНІЛКА
Дзеля каго-ж ты гэта ў вяночак убірацца сягоньня манішся? Ну, але мне спаць хочацца! (Да ДЗЯЦЕЙ). Пойдзем, малыя! Хто сьпіць, той не грашыць. Я сягоньня абраў новае лежа для спаньня: на маё шчасьце, забыліся будку сабачую раскідаць, дык на месца Лыскі нашага, я з вамі, малыя, пасялюся. (Хоча выходзіць).
ЗОСЬКА
(змагаючыся з сабой)
Данілка! Ці гэта праўда, што ты казаў? Ці гэта праўда?
ДАНІЛКА
(адвярнуўшыся)
Вось, на табе груцы з бобам! Дурны сказаў, а разумны і паверыў.
ЗОСЬКА
Дык гэта ты мне наманіў?
ДАНІЛКА
Ведама — наманіў! Ці-ж я ўжо такі, бяз усіх клёпак у галаве, каб разумным праўду гаварыць? Сьпі, сястрыца, спакойна.
(Выходзіць).
ЗЬЯВА V
ЗОСЬКА (адна)
ЗОСЬКА
Та-а-к! Пэўна, што гэта няпраўда. Але што са мной робіцца? Аб чым гэта я думаю? Так ці сяк, сон мой залаты павінен разьвеяцца; чары туманныя скончацца, і я, такая, як цяпер, скончуся. Заместа мяне будзе другая нейкая мара цягнуць далей лямку свае новае долі. Гарыстым і пяшчаным шляхам будзе яе цягнуць, як сібірнік тачку, пакуль аж сама сябе не дацягне туды, адкуль не варочаюцца… дзе тата… да магілак! Бр! Што я думаю? Як-жа гэта ночка заўсёды нейкай чорнай і страшнай птушкай кладзецца на мае думкі! Зьвядуць гэтыя чорныя птушкі няшчаснае жыцьцё маё ў цьму непраглядную! З сілы выбіваюся ў змаганьні з гэтым безгранічным сумам, што вакруг мяне сьцелецца і жудкімі вачамі глядзіць у мае маркотныя вочы. Ха! Уцяку ізноў адгэтуль і буду блукацца да самага белага дня там — дзе ён, дзе яго, свайго ненагляднага каралевіча, спаткаю. Буду далей сьніць пры ім дзіўдую повесьць свае моладасьці, чараўнічую казку свайго шчасьця; песьню буду пяяць набалелага сэрца і расплаканай душы! Пайду к яму ў вяночку гэтым. (Прымярае). Але! Як у кароне, зьяўлюся к яму і зьвешу галаву сваю гаротную на грудзі яго лебядзіныя. (Чуваць шорах). Што гэта? Нехта йдзе! Данілка, гэта ты? Божа! Як страшна! Такі-ж нехта прыбліжаецца! {{smaller|(Прытуляецца к дзераву).
ЗЬЯВА VI
ЗОСЬКА — НЕЗНАЁМЫ
НЕЗНАЁМЫ
(з вехай у руках)
Ня пужайся, сястра мая! Я свой чалавек, хоць і прыходжу ня званы, ня сланы.
ЗОСЬКА
(перапужаная)
Хто ты?.. Хто вы?..
НЕЗНАЁМЫ
Хто я? А ўжо-ж чалавек! А што болей трэба ведаць, калі толькі ня гэта?
ЗОСЬКА
Я тут адна!.. нікога нямашака дома. Дык чаго-ж вам трэба?.. Можа начаваць? Але, як бачыце, у нас няма як…
НЕЗНАЁМЫ
Мне нічога ня трэба, сястра мая/ Я ня з тых, што толькі прыходзяць, каб што ўзяць, а з тых, што з сабою нешта добрае прыносяць.
ЗОСЬКА
Але калі я вас баюся, чалавеча! Вы нейкі такі дзіўны!
НЕЗНАЁМЫ
Ня бойся, сястра! Я ліст адарваны з таго самага дзерава, што і вы, што і многія мільёны падобных. Вецер свабодны прынёс мяне сюды, на вашую руіну. Хацеў-бы з табой і з братам тваім аб важных справах пагаманіць.
ЗОСЬКА
Я-ж вам казала, што нікога няма дома, а я сама нічога ня ведаю.
НЕЗНАЁМЫ
І нічога, сястра, ведаць ня трэба, а што трэба — я скажу, а ты гэта брату перадай… Слухай, сястра! Склікаецца сход вялікі і ўсе браты і сёстры павінны на гэны сход зьявіцца.
ЗОСЬКА
Хто склікае?
НЕЗНАЁМЫ
Сам па сабе склікаецца. Ніхто ня ведае, ад каго наказ такі вышаў, а ўсе, дзе толькі кліч дабег, уздымаюцца і ідуць, як мурашкі, ідуць!
ЗОСЬКА
А калі хто ня пойдзе?
НЕЗНАЁМЫ
Хто самахоць ня пойдзе, над тым пракляцьце завісьне, бо на сходзе жыцьцё мільёнаў будзе важыцца, а ў такіх вялікіх справах і адзін чалавек можа сабой сюды ці туды перацягнуць.
ЗОСЬКА
То і я мушу ісьці на гэны сход?
НЕЗНАЁМЫ
Але, сястра. Толькі старцы і дзеці ад яго звольнены.
ЗОСЬКА
А куды ісьці?
НЕЗНАЁМЫ
Сумленьне і жаданьне сабе і другім шчасьця дарогу табе пакажа. У гэтым вяночку ідзі! Толькі трэба ісьці не азірацца, — бо хто азірнецца — у слуп сьпячы заменіцца, якога і пяруны пасьля з месца ня зрушаць.
ЗОСЬКА
Та-а-к! Я пайду, я мушу куды-небудзь ісьці адгэтуль; тут так страшна, так страшна!
НЕЗНАЁМЫ
Ідзі, сястра! і брата за сабою вядзі, а я тымчасам да іншых пайду кліч клікаць.
ЗОСЬКА
Я скажу Сымону. Толькі, мусіць, суд наш пакуль не адбудзецца, ён ня пойдзе на ніякі сход, пэўна, што ня пойдзе.
НЕЗНАЁМЫ
Але пасьля суду хай прыходзіць. Дый яшчэ буду я ў вас.
ЗЬЯВА VII
ЗОСЬКА (адна)
ЗОСЬКА
(садзіцца на зямлі)
Які нязвычайны чалавек! Казаў — яшчэ будзе ў нас. Але хаця-б толькі ня ўночы? А то так яго слухаць страшна, хоць за адно і хочацца слухаць. Штосьці нявысказанае цягне і к яму і на гэны сход нябывалы… Нязвычайны чалавек! Ня знай, ня ведай — сястрой мяне называў! Чаму ён мяне так называў? Ха! Трэба ўцякаць адгэтуль, а то яшчэ хто другі такі прыдзе і жудасьці ўсялякае з сабою нанясе. Пайду! Пайду к яму, к свайму месяцу сьвятлянаму, абаўюся каля яго, як хмель каля дубочка, і забудуся хоць на час на свае думкі трывожныя, на самую сябе бяспрыпынную. Як ручэйку кужалю — распушчу касу сваю дзявоцкую па плячох сваіх белых… ён любіць мяне такую! (распускае касу). А цяпер палажу на галаву вяночак з васількоў, бо ён казаў, што мае вочы, як васількі, дык няхай-жа васількі на валасох маіх красуюцца! (Кладзе на галаву вянок). Цяпер, якраз, буду русалка. Бо такі-ж русалкай ён мяне сваёй заве, ды пэўне я калісь і буду ёю. Бо люблю гэта царства русалчына! Там яны сабе то, як рыбкі, у вадзіцы плюскаюцца, то ў лес выходзяць і на галінках калышуцца, як тыя кветкі, званочкі ўлетку на сенажаці. Шчасьлівыя яны, гэтыя русалачкі, шчасьця нашага дзявочага насьледнічкі! Шчасьлівыя і спакойныя! А тут мучся, дзяўчына, ня ведаючы, як і што з сабой чыніць! Але пара йсьці ўжо! Ён, залаценькі, даўно пэўна чакае мяне. Так! Даўно месячык свае зоркі чакае, а яна ўсё толькі здалёк яму ўсьмяхаецца. (Устае і памалу, з распушчанымі валасамі, ідзе, пасьля зьдзіўлена адступае назад). Ён сам ідзе ка мне, ён сам! Ах, якое шчасьце! (Уходзіць ПАНІЧ; ЗОСЬКА часіну любуецца ім, а пасьля вісьне ў яго на шыі).
ЗАСЛОНА.
Акт чацьверты
[правіць]
АКТ ЧАЦЬВЕРТЫ
ЗЬЯВА I
МАРЫЛЯ — АЛЕНКА — ЮРКА
МАРЫЛЯ
Ціха, дзеткі, ціха! Зараз абагрэемся і павячэраем. (Кідае гальлё). А бульбачку сюды сыпце! (ДЗЕЦІ высыпаюць). Кажаце — халодна? Ну, дык зараз агоньчык вам распалю. (Распальвае). Цяпер садзецеся, дзеткі і грэйцеся, а бульбінкі на агоньчык, на жарок кідайце, каб скарэй пякліся! Ня бойцеся, яшчэ не замерзьнеце і з голаду не памрацё, пакуль я тут жыву! Але пакуль што ня так вельмі халодна. Во як прыдзе канец восені! ды зіма з сьнегам загуляе, тады — рэч іншая! Ну і тады нічога, дзеткі, нічога! Мінае лета, міне восень, зіма, а там і вясна прыдзе. Цёпленька будзе, сонейка будзе грэць, траўка зелянець, птушачкі пяяць, садочкі цьвісьці… А цяпер грэйцеся, дзеткі, грэйцеся! Каб толькі Сымонка наш скарэй з суду вярнуўся.
ЗЬЯВА II
ТЫЯ-Ж І ДАНІЛКА
ДАНІЛКА
(падыходзячы к агню)
А! як добра, што мамка разлажылі агоньчык і бульбачку пячыцё, бо мне, праўду кажучы, дрыжыкі па целе так іскачуць, не раўнуючы, як смык па йскрыпцы, а тут (паказвае на жывот) кішка з кішкой у такія між сабой кулачкі йдуць, што хоць ты вурадніка кліч разбараняць іх! (Садзіцца і грэецца). А-та-та! Як цёпленька! Страшэнна ня люблю сьцюжы! Так, здаецца, на гэты час закапаўся-б дзе ў бярлог, як мядзьведзь, і праспаў-бы да самае вясны, бяда толькі, што на скуры мядзьведжая шэрсьць ня вырасла!.. Мамка, чаму я не мядзьведзь?
МАРЫЛЯ
Бо ты дурненькая варона! Сам ня ведаеш, што чаўпеш.
ДАНІЛКА
Э-э! Каб я быў хоць варонай!.. Ужо-б даўно са сваёй скрыпачкай паляцеў адгэтуль куды-колечы ў цяплейшую хату, Але што з пустога ў парожняе пераліваць! Мо‘ я трохі і мядзьведзь і варона, але ўсё роўна толькі — Данілка: на льва ці на сакала трудна пры цяперашніх варунках выкіравацца. Скончу іскрыпачку — ужо нямнога засталося каля яе работы — і пачну сабе іграць. Каму — вясельле, каму — хрэсьбіны, а каму… Бяда толькі, што няможна іграць на хаўтурох, а то такога з „Лазара“ завёў-бы, што хоць упрысядкі Ядзі!
МАРЫЛЯ
Ну, і дагаварыўся! Ці-ж пад „Лазара“ ідуць у прысядкі?
ДАНІЛКА
А чаму-ж не пайсьці? Я сам першы пусьціўся-б. Мне калі музыка зайграе, дык і ў сярэдзіне ўсё йграе, а ногі так і чэшуцца да падскакваньня.
МАРЫЛЯ
У цябе ўсё нялюдзкае. Толькі-б і скакаў там, дзе іншыя плачуць.
ДАНІЛКА
Э! Бо скакаць ня ўмеюць, дык і плачуць; як мокрыя вароны, сноўдаюцца, або як блёкату аб‘еўшыся… Ну хоць-бы так, як наша Зоська.
МАРЫЛЯ
А што — Зоська? Дзе ты яе бачыў?
ДАНІЛКА
Дзе бачыў? Я з двара ішоў, а яна ў той бок цягнулася, распусьціўшы валасы, як русалка якая.
МАРЫЛЯ
Няшчасная дзяўчына! Дарэшты губіць яна сама сябе гэтай гульнёй непатрэбнай. Не кажы хаця аб гэтым Сымону.
ДАНІЛКА
Камэдыя — хто ня ведае, а хто і ведае, дык усё роўна — камэдыя. Чаго гэты Сымон хоча ад іх? Там зусім добрыя людзі жывуць. Вось хоць-бы я… Пайшоў сягоньня да іх у пазыкі: прашу, каб далі жылаў ці кішак на струны і хваста на смык. Ну, яны мне так усё гэта і пазычылі, але толькі на струны дроту далі, бо, кажуць, што ў іх кішкі і жылы ўсе выйшлі і няма ў запасе. Не кажэце толькі, мамка, Сымону, што я ў гэтыя пазыкі хадзіў туды, а то яшчэ з хаты вон выганіць.
ЗЬЯВА III
ТЫЯ-Ж і СЫМОН
СЫМОН
Ці няма чаго зьесьці?
МАРЫЛЯ
Зараз бульба сьпячэцца. Ну што? Як?
СЫМОН
Усё прапала: мы прайгралі! Не даказалі сьведкі, свае людзі не даказалі нашае даўнасьці на гэту зямлю. Усе сьведкі праз некага былі падкуплены і споены. Дванаццаць чалавек прысягнула крыва, і суд ня мог уважыць нашага прашэньня: пацьвярдзілі першы прыгавор і прысудзілі выносіцца адгэтуль. Аканчальную пастанову выдалі… далей няма куды падаваць.
МАРЫЛЯ
Ну, і што-ж мы цяпер будзем рабіць? Якую ты цяпер увосень раду знойдзеш?
СЫМОН
Якую раду? Якую раду? Ужо-ж, як і ня раз гэта казаў: не злажу сваіх рук, як да малітвы, і не пайду к ім прасіцца ў закутнікі! Будку якую да часу скідаю і будзем сядзець тут да вясны, а да вясны шмат чаго можа перамяніцца на сьвеце.
МАРЫЛЯ
Проці закону хочаш ісьці — большай бяды сабе наклікаць?
СЫМОН
Ня проці закону, а проці нашых згубіцеляў — крывапрысяжных сьведак і проці тых, што гэтых сьведак падкупілі іх-жа крывавымі медзякамі. Вось такім проці хачу ісьці!
ДАНІЛКА
І-і! Адзін дурань грошы бярэ, а другі дурань дае — на тое гандаль.
СЫМОН
(са злосьцю)
А ты — трэці дурань — ідзі гутарку вясьці са сваёй іскрыначкай, а ня тут! (ДАНІЛКА адыходзіць ў старану).
МАРЫЛЯ
Што адзін зробіш проці ўсіх? Ня йдуць, мой сынок, рэчкі ўгару і ня круціцца крыльле ў ветраку проці ветру. Не такой дарогай ішоў ты і хочаш далей ісьці, ох, не такой. З самага пачатку я прачувала, што нічога з гэтага твайго упорства ня выйдзе, і што-ж, ці не мая праўда? А трэ‘ было пакарыцца! Давалі хату, службу давалі, добра можна было прыстроіцца, хоць-бы гэтыя малыя мелі які-такі прыпынак — цёплы начлег і лыжку гарачае стравы. Ты гэтага не захацеў — усё суду нейкага чакаў. Вось табе і суд!.. Хочаш будку нейкую паставіць?.. Ну, паставіш, і што з таго? Таксама прыдуць раскідаюць і выведуць сьцюжаю ў чыстае поле на пацеху ваўком галодным.
СЫМОН
Хай раскідаюць, хай выводзяць! Ізноў вярнуся, ізноў тут сяду і буду вясны чакаць.
МАРЫЛЯ
Пакуль так дачакаеш вясны, — мароз табе і нам усім зубы выесьць, у ледзякі аберне.
СЫМОН
Дык і што-ж там такое? Абернемся ў слупы замарожаныя, у камяні няскратныя абернемся, а сэрцы тады нашы з сэрцам зямлі зрастуцца, і ніхто не паважыцца крануць нас, бо той, хто кране, сам у крыгу лёду абернецца, і ніякае сонца не растопіць ужо гэтае крыгі!
МАРЫЛЯ
Ты сягоньня як ня пры сваім розуме, Сымоне! Як у гарачцы брэдню нейкую страшную вядзеш. Паслухай ляпей, дзеткі, мяне, я-ж цябе гадавала, — пакарыся ты ім, — яшчэ ня позна!
СЫМОН
Ха-ха-ха! Пакарыся! А ці ведаеш, мамка, што гэта значыць ім пакарыцца? ці хоць дагадваешся? Гэта, мамачка, значыць: прадаць, утапіць сябе, цябе, нас усіх у няволю ім на векі-вечныя — запрапасьціцца ў вечнае рабства, з якога выхаду ніколі ня знойдзем ні мы, ні тыя, што пасьля нас гэта рабства ў спадчыну атрымаюць. Ці ведаеш, мамка, гэта?
МАРЫЛЯ
Нічога я, дзеткі, ня ведаю, але як праз сон дагадваюся, чаго ты хочаш. На сваю і нашу нядолечку такі ты ўдаўся. Не здарма з гэтага людзі старыя нічога добрага не варажылі ні табе, ні бацьком тваім, ох, не здарма! (Пауза). Апомніся, сынок! Падумай, адпусьціся, выкінь гордасьць з сэрца і паслухай маткі! Ведай, што матка родная да зрады дзяцей сваіх не давядзе. Ня хочаш сам к ім ісьці — я пайду, мне старой усё ўвойдзе. Яны не адмовяць нашай просьбе, ды на Зоську ласку маюць.
СЫМОН
О, каб іх зямля не насіла з гэтакай іхняй ласкай! (Уваходзіць незнаёмы з вехай).
ЗЬЯВА IV
ТЫЯ-Ж І НЕЗНАЁМЫ
ДАНІЛКА
(утаропіўшыся, у бок)
А гэта хто яшчэ такі за прарок з вехай?
НЕЗНАЁМЫ
Тыдні тры таму назад я ў вас быў, добрыя людзі, толькі дома ўсіх не застаў — адна сястра была… Цяпер ізноў прыходжу з тым самым.
СЫМОН
А! гэта вы, мусіць, той самы, аб якім Зоська гаварыла? На нейкі сход людзей склікаеце?
НЕЗНАЁМЫ
Але, але! На вялікі сход! Пара ўжо і табе, браце мой, з свайго гнязда зьнімацца!
МАРЫЛЯ
Наша гняздо раскідана.
НЕЗНАЁМЫ
Суд твой, мне казалі, сягоньня кончыўся, цяпер ты вольны, як птушка, — нішто цябе ня вяжа.
МАРЫЛЯ
Як то — нішто ня вяжа? А я — маці яго, а малыя гэтыя, якіх павінен памагчы мне гадаваць і ў людзі вывесьці?..
НЕЗНАЁМЫ
(ня слухаючы)
Годзе нацягаліся твае дзяды і прадзеды ношкі непасільнай! Выбіла гадзіна, і ты мусіш, як арол магучы, распусьціць сваё крыльле і ляцець туды, куды ўсе цяпер зьлятаюцца. Кончылася чалавечае вечнае начаваньне, і сьвітаньне агністае пачынаецца на зямлі ад краю да краю, ад мора да мора!
ДАНІЛКА
(у бок)
Што ён чаўпе? Памойму вечарэе, а паягонаму — сьвітае. Ці сьляпы, ці ён ня бачыць?
НЕЗНАЁМЫ
На крыжох магільных гараць сьвечкі грамнічныя, а на курганох адзірванелых вехі смалістыя палаюць і шляхі асьвечваюць для ўсіх тых, што йдуць на гэна зборышча вялікае. Гора таму, хто будзе спаць у гэты час трывожны!
СЫМОН
Трудна зразумець вас, чалавеча! Скажэце-ж мне хоць: нашто гэта зборышча склікаецца?
МАРЫЛЯ
Але, нашто? Можа зямлю будуць даваць?
НЕЗНАЁМЫ
Смока выганяць!
УСЕ
Смока?! Якога? (ДЗЕЦІ са страхам туляцца да МАРЫЛІ).
НЕЗНАЁМЫ
Ня чулі?.. Ды дзе вам пачуць? Вы ўсе ў гэтых ламох капашыцёся, як чэрві, прыдаўленыя каменем, і сьвету белага ня бачыце і нічога слухаць ня ўмееце.
ДАНІЛКА
(у бок)
Ну, я то пэўне-б аб гэтым ведаў, але, мусіць, гэта брахня?
НЕЗНАЁМЫ
Ад даўнага часу пасяліўся на нашай зямлі ў заварожаным балоце страшны смок-упыр…
УСЕ
Аж нават упыр!
НЕЗНАЁМЫ
Але, але, добрыя людзі! І вось праз гэтага смока-упыра пайшлі на цэлы сьвет усялякія беды і няшчасьці.
МАРЫЛЯ
Няўжо-ж гэта і нас праз яго гэтакае гора спаткала?
СЫМОН
Мамка, не перапыняйце гутаркі!
НЕЗНАЁМЫ
Пошасьці ўсялякія сее жменяй сваёй каршуновай — гэта, каб сіла народная не ўзьвялічылася і яго не змагла, а туманы чорныя ў вочы ўсім пускае, каб людзі ня бачылі яго. По-начы з хаты ў хату заходзіць і кроў з сэрцаў цёплую смокча, а ў душу яду свайго падлівае, каб яна прасьветласьці ніколі ніякае ня бачыла. Дзе толькі яго хоць цень прашмыгнецца — там ненавісьць страшная між братамі і сёстрамі, як вужака, разгнежджваецца, нявінная кроў на зямлю льлецца, а путы жалезныя бразгаюць на руках чалавечых, як званы на ўсяночную. Катнія жаданьні ў думках людзкіх расплоджвае, і на самае сонца кладзе жалобную пакрывальню. Удоў і сірот у рабства голаду і холаду заганяе, а бацьком і маткам бяз часу дзетак назаўсёды ад грудзей вырывае, — гэта ўсё, каб хвалу сваю смочую ўзьвялічваць. Вось які ён — гэты смок-упыр!
ДАНІЛКА
А скажэце, дзядзька: ці ты бачыў яго?
НЕЗНАЁМЫ
Ніхто ня бачыў!
МАРЫЛЯ
Дык як-жа гэта?
НЕЗНАЁМЫ
А вельмі проста: усе дагэтуль думалі, што гэта ня смока работа, а так бог даў.
СЫМОН
А як-жа гэта будзе сход выганяць яго, калі ніхто і ня бачыў?
НЕЗНАЁМЫ
Як усе чыста браты і сёстры на сход прыдуць, тады ўсе і ўбачаць яго, бо, каб убачыць яго, — трэба ўсе вочы ў адно месца сабраць.
ДАНІЛКА
А ён не паесьць за гэтакую штуку ўсіх?
НЕЗНАЁМЫ
Ён толькі зьесьць таго, у каго да канца ня хопіць адвагі глядзець яму сьмела у вочы.
ДАНІЛКА
Ну, як так, то я на гэны сход не пайду!
МАРЫЛЯ
Дык, значыцца, і Сымона майго хочаце звабіць туды?
НЕЗНАЁМЫ
Я нікога, маці, ня ваблю! Я толькі кліч клікаю і разношу гэтую весьць усім чыста ад хаты да хаты. А хто яшчэ ня згінуў зусім і не запрапасьціўся з душою ў смокавых лапах, — той сам пойдзе, і ніякая сіла яго ня стрымае.
СЫМОН
Я не пайду, хоць мяне ўжо і цягне туды. Я павінен тут астацца, каб рукамі і зубамі трымацца гэтай спадчыны бацькавай, бо як згублю яе — месца мне нацэлым сьвеце ня будзе.
НЕЗНАЁМЫ
Што-ж, браце мой? Думаеш, што гэта лаціна зямлі скрозь дна праваліцца? Так ты думаеш?
СЫМОН
Не праваліцца; але як зыйду — мяне назад сюды ня пусьцяць.
НЕЗНАЁМЫ
Ня бойся! Без тваіх рук нідзе не абыйдуцца.
МАРЫЛЯ
Як сабе хочаце, добры чалавеча, а я Сымона свайго ад сябе нікуды не адпушчу! Хай лепей думае, як хлеба і начлегу дастаць на зіму.
НЕЗНАЁМЫ
Ня ўтрымаеш, маці, свайго сына, калі ў ім кроў разгарыцца і душу яго да сьвятла пацягне. Пойдзе, хоць-бы зямля перад ім расступалася. З запаленай паходняй пойдзе праз пяскі халодныя і праз лагі балотныя туды, адкуль я к вам з гэтай весьцю прыходжу. Голас патаемны, што дагэтуль драмаў у глыбіне грудзей, павядзе яго так лёгка, што і не агледзіцца, а крыўда, якую бацькі яго цярпелі і ён сягоньня цярпіць, падганяць будзе яго; можа нават будзе гнаць яго на вельмі і вельмі страшэнныя рэчы. Але нічога — пойдзе і возьме сваё! (Паўза). Што, Сымон? Час ня сьпіць! Там чакаюць цябе сотні, тысячы, міліёны такіх, як ты, і ты, ведаю, на іх даўно чакаеш, толькі стараешся гэта заглушыць у сабе. Час прачнуцца, Сымоне! Час!
СЫМОН
Кінуць матку, кінуць зямлю і пайсьці?! А ці знайду я там тое, што тут згублю? Ці знайду? Але штось цягне туды! Ачараваў ты мяне, чалавеча. На дзьве палавіны разрываюцца мае думкі і душа мая. Як-жа гэта неяк раптам прышло. Як-жа мне загадала страшную загадку — ні тут застацца, ні туды пайсьці?!
НЕЗНАЁМЫ
Час, Сымоне, час! Агляніся кругом сябе і ўспомні ўсё. Дагэтуль ніколі ты сьцежкі свае ня бачыў, бо вечна нязмытыя сьлёзы на вачох тваіх віселі, хоць чырвоная кроў з цябе капала на сьляды твае. Наганяў ты сабе мазалі непазбытыя, як араў і сеяў, а груганы пражорлівыя зярняты твае сьпелыя клявалі. Як нарадзіўся ты — штось думаў, штось рабіў, тварыў, а што? Нядолю сваю толькі з году ў год гадаваў і пашыраў панаваньне яе. Песень і казак чароўных шмат табе матка над калыскай тваёй напяяла; яны доўга ў душы тваёй жылі і радавалі цябе, а што з іх сягоньня засталося? Асьмяялі, аплявалі іх табе нязваныя госьці, мучыцелі твае — гора ды крыўда! Агляніся, Сымоне! Успомні, разваж усё! Успомні матку, сястру сваю ўспомні, га! і тую вяроўку, на якой бацька твой павесіўся! (Шыбка выходзіць).
ЗЬЯВА V
ТЫЯ-Ж БЕЗ НЕЗНАЁМАГА
СЫМОН
(як-бы збудзіўшыся)
Ах! Ён вышаў ужо! (Хоча бегчы за НЕЗНАЁМЫМ).
МАРЫЛЯ
(хапаючы за руку)
Сымонка! куды ты, дзеткі?
СЫМОН
Пусьцеце, мамка! Я хачу папытацца, у якім месцы той сход склікаецца?
МАРЫЛЯ
Ня трэба! Ня йдзі! Нашто ён табе? Я цябе прашу, дзеткі, астанься!
СЫМОН
Я толькі папытаюся, і вярнуся назад.
МАРЫЛЯ
Ня ведаеш дзе, і ня трэба! Нашто табе гэны сход страшны? Я ня пушчу на яго цябе! Ня пушчу!
СЫМОН
Мамка, пусьцеце, я толькі даведаюся і больш нічога!
МАРЫЛЯ
(віснучы Сымону на шыі)
Усё роўна — ня трэба! Там згуба твая і наша. Ах, божухна мой! Чаго яго гэтага шалёнага клікача прынясло сюды? Што яму трэба ад нас? Няшчасьце за няшчасьцем так і йдзе на бедную маю галаву! (Плача).
СЫМОН
Чаго плачаш! мамка? Яшчэ-ж нічога такога страшнага ня сталася. Ня плачце, мамка! Калі ўжо так хочаце, дык не пайду і пытацца нават.
МАРЫЛЯ
(апускаючыся на зямлю)
Дабіваеце мяне! З усіх старон дабіваюць! Жыцьцё, якое ёсьць, адбіраюць. Кара божая звалілася на ўвесь род наш. Ах, ты долечка мая няшчасная!
СЫМОН
А ўсё такі мушу даведацца, дзе гэны сход склікаецца, каб там і нямаведама што! І трэба-ж было мне не папытацца ў яго? Ці не сказаў ён толькі часам Зосі гэтага? (Да МАРЫЛІ). Мамка! дзе Зося?
МАРЫЛЯ
(відавочна манячы)
Бог яе ведае! Недзе вышла. Мусіць ці не пайшла ў грыбы.
ДАНІЛКА
Я-ж табе, мама, казаў! Зоська пайшла… (Глянуўшы на МАТКУ не дагаварвае).
СЫМОН
Куды пайшла?
ДАНІЛКА
А мусіць у грыбы, як мамка казала, я ня ведаю.
СЫМОН
Маніш! Добра ведаеш, а толькі ня хочаш казаць, кажы! а то…
МАРЫЛЯ
Нашто яна табе? Пайшла і прыдзе. Ці-ж першы раз.
СЫМОН
Першы, ці ня першы, а сягоньня я мушу ведаць, куды пайшла. (Прыступаючы да ДАНІЛКІ). Кажы, шэльма, а не — то біць буду!
ДАНІЛКА
Я-ж табе кажу, што ня ведаю. А біць мяне ня маеш права: на тое маці ёсьць.
СЫМОН
Яшчэ ён, жаба, будзе са мной абрыдацца! Калі пытаюся, то мусіш сказаць. Я старэйшы за цябе, і ніякі прыблуда, а брат твой.
ДАНІЛКА
Хоць ты і старэйшы, хоць ты і брат мой, а ўсё роўна, калі і ведаю, то не скажу! Што-ж ты са мной зробіш?
СЫМОН
Выбрашаш усё, аж міла будзе, як юху гаду спушчу!
МАРЫЛЯ
(да Сымона)
Кінь ты да яго чапіцца! Што з табой сягоньня зрабілася?
СЫМОН
Калі пытаюся, то няхай кажа! (да данілкі). Ну! Чуеш, ці не?
ДАНІЛКА
А як-жа! Чую! Нашто-ж у мяне вушы?
СЫМОН
Ну дык кажы! А не — то, як бачыш, душу з цябе выматаю.
ДАНІЛКА
Не скажу!
СЫМОН
Скажаш!
ДАНІЛКА
Хоць зарэж!
СЫМОН
(хапаючы сякеру)
Кажы, вужака! а то, як стой, на дробныя кусочкі іскрыпку пашчапаю!
ДАНІЛКА
І іскрыпкі ня дам шчапаць, і не скажу!
СЫМОН
Скажаш?
ДАНІЛКА
А братачка, а родненькі! Пасячы ляпей мяне самога на дробныя кусочкі, а йскрыпку не чапай! Богам цябе прашу!
МАРЫЛЯ
(адцягваючы Сымона)
Ці не ашалеў ты сягоньня!..
СЫМОН
Адчапіся, мамка! (Да ДАНІЛКІ, замахваючыся тапаром над іскрыпкай). Кажы!
ДАНІЛКА
(енчучы)
Сымонка, братачка! Не сячы! Ляпей мяне забі, зарэж, што хочаш зрабі са мной, а іскрыпачкі не чапай! Другой такой за ўсё жыцьцё не зраблю.
СЫМОН
Пасяку на дробныя шчэпкі! Кажы!..
ДАНІЛКА
Сячы па маёй шыі, а іскрыпачкі не чапай! Але ўжо скажу, скажу табе, дзе яна!..
МАРЫЛЯ
Давай мне сякеру! Давай сякеру! я сама табе скажу, дзе Зоська. (За сцэнай шум; чуваць ЗОСЬКІН голас: „Пусьцеце мяне… Я сама пайду. Пусьцеце“. Двое ДВОРНЫХ ЛЮДЗЕЙ уводзяць на сцэну ЗОСЬКУ з завязанымі назад рукамі).
ЗЬЯВА VI
ТЫЯ-Ж, ЗОСЬКА І ДВОРНЫЯ ЛЮДЗІ
АДЗІН З ДВОРНЫХ ЛЮДЗЕЙ
Хацела каля палацу павесіцца, дык сказалі зьвязаць і сюды прывесьці!
ЗОСЬКА
Нашто рукі зьвязалі? Мамачка, браточкі, зьмілуйцеся, разьвяжэце!! За што так пакаралі?!
(МАРЫЛЯ, СЫМОН, ДАНІЛКА застываюць у сваіх позах ні то зьдзіўленыя, ні то перапужаныя. ДЗЕЦІ падбягаюць і туляцца да ЗОСЬКІ. ДВОРНЫЯ ЛЮДЗІ выходзяць).
Паволі апускаецца
ЗАСЛОНА
Акт пяты
[правіць]АКТ ПЯТЫ
ЗЬЯВА I
МАРЫЛЯ — ДАНІЛКА — ДЗЕЦІ
ДАНІЛКА
Мамка, уцякайма адгэтуль, ато ўжо і мне трудна вытрываць: так тут холадна, цёмна, страшна!
МАРЫЛЯ
Як Сымон скажа, так і будзе, нічога я ў гэтым сваёй воляй парадзіць не магу.
ДАНІЛКА
Усё Сымон ды Сымон! Ці-ж без яго дык і абыйсьціся няможна. Я-ж нашто ў цябе?
МАРЫЛЯ
Нашто? Пішчэць толькі на йскрыпцы, ды і ўся з цябе тут рада і парада! Як цяпер во пішчыш ды пішчыш, хоць вушы затыкай.
ДАНІЛКА
А ўсё такі скажы, мамка, праўду: у гэтай іскрыпцы лепшы голас, як у тэй, што раней у мяне была?
МАРЫЛЯ
На тэй гудзеў, як авадзень, і на гэтай таксама выводзіш нейкае нешта паўтара людзкога. Знайшоў калі музыкай займацца! Жалоба па бацьку яшчэ не адышла, з Зоськай такое няшчасьце прылучылася, а ён — на табе! На йскрыпцы выігрывае.
ДАНІЛКА
Мамачка, я-ж нічога вясёлага і ня йграю, а ўсё такое, як сама чуеш, што і па нябожчыках ня грэх галасіць. Жалобная музыка, бачыш, у мяне выходзіць, а не якая іншая.
МАРЫЛЯ
І толькі больш жалю задаеш, ажно толькі сэрца на кускі разрываецца. Думак сваіх не магу ў парадак прывясьці.
ДАНІЛКА
А якія там думкі? Узяў пастанавіў раз кінуць гэта бяспрыпыннае прыпынішча, ну дык і што тут мазгі думкамі сушыць. Забраў свае манаткі, ды дай божанька ногі і здароўе!..
МАРЫЛЯ
У цябе ўсё проста з моста, а клёку ў галаве і за грош ня маеш. Ну, мы няхай сабе пойдзем — добра! А Сымон, Зоська? Як патвойму здаецца: вырачыся мы іх павінны? Што?
ДАНІЛКА
Няхай і яны з намі йдуць. Ці-ж ім хто не дае.
МАРЫЛЯ
А калі ня хочуць?
ДАНІЛКА
Дык іх аддзяліць трэба, калі ім кепска з намі жыць і калі цябе ня ўмеюць слухаць.
МАРЫЛЯ
Нашто іх аддзельваць! Яны самі даўно ўжо аддзяліліся ад нас, але толькі я — матка — ад іх не магу аддзяліцца і пакінуць іх тут бяз ніякага парадку і ладу. Ды што ты, дурненькі, разумееш у гэтым?
ДАНІЛКА
Я толькі тое разумею, што ўцякайма адгэтуль, мама, ды ўсё тут! Есьці няма чаго, хаты няма, скора зіма будзе, сьцюжа, сьнег, мароз… Бр! Аж цяпер усяго да костачак холадам пераймае, як шпількамі жалезнымі. Замерзьнем, мамка, запраўды замерзьнем. На ледзякі абернемся, як Сымон казаў. А я не хачу быць ледзяком, бо як тады буду я на йскрыпачцы сваёй іграць? То-ж пальцы напэўна зусім падубянеюць, ды йскрыпачку мароз пашчапае. А такая звонкая ўдалася, такая звонкая!
МАРЫЛЯ
Але-ж Сымон, Зоська!..
ДАНІЛКА
Як Сымон ня хоча з гэтым няшчасным папялішчам растацца, то і бог з ім! Без яго дамо сабе раду.
МАРЫЛЯ
То што-ж з таго? Але-ж ён і нас не адпускае?
ДАНІЛКА
Дык ціханька ўцячэм ад яго, сягоньня ўцячэм. Пакуль ён вернецца, то нашага і сьледу не застанецца. Гэтага свайго сходу, што той дурны з вехай начоўп яму, можа і бяз нас шукаць, аж надта можа! Усё-ж роўна мы яму шукаць не памагаем.
МАРЫЛЯ
Казаў-жа, што ўжо на сьлед напаў, і скора ўсё скончыцца. Неўзабаве ўсю гаспадарку да ладу прывядзе.
ДАНІЛКА
Чакай баба Пятра — будзеш сыр есьці! Яму ў галаве ўсё дагары нагамі перавярнулася, а мы слухаць мусім і чакаць нейкае злыбеды, апошняга канца свайго.
МАРЫЛЯ
Ну, а Зоська?
ДАНІЛКА
Я Зоську ўгавару, і яна пойдзе з намі. Даліпан, пойдзе. Я зайграю ёй тую музыку, што паніч высьвістваў, як у нас быў, — яна заслухаецца і пойдзе аж міла, куды я толькі з іскрыпачкай пайду.
МАРЫЛЯ
(глуха)
Куды-ж мы пойдзем? З чым? Па што?
ДАНІЛКА
(горача)
Самі з сабой пойдзем: ты з малымі, я з іскрыпачкай. У сьвет, мамачка, па хату і хлеб пойдзем. Я буду іграць, ты пяяць, а малыя сваім плачам памагаць нам будуць. І такую вандроўку пачнем, якая яшчэ нікому і ня сьнілася! Ад вёскі да вёскі пойдзем, ад двара да двара — аж у вялікі горад зойдзем, кажуць ёсьць такія гарады, ці месты, дзе дамы ўсе чыста, як печы — з цэглы мураваныя, а народу там шмат, шмат! Цэрквы там золатам пакрыты, а ў цэрквах вялікія і маленькія божанькі стаяць і вісяць. Дарагое каменьне з іх адзежак і каронаў так і капае на зямлю, буйна, як сьлёзы падчас, ці град з неба. А народ к ім, гэтым божанькам, ідзе і йдзе, як вада плыве. Ад усялякіх болесьцяй вылечваюцца, ад няшчасьцяў збаўляюцца, долю сабе лепшую вымаліваюць. Такія там, кажуць, мамачка, цуды творацца. (Цалуюучы рукі МАРЫЛІ). Дык уцякайма адгэтуль, мамачка! Там будзе нам усім хораша і весела. Уцякайма! Ды на што-ж ты, мамка, торбачкі шыла?!
ЗЬЯВА II
СТАРАЦ
Слава Хрысту, добрыя людзі!
УСЕ
Слава! Слава! І цяпер і на векі вякоў!
СТАРАЦ
Што гэта ў вас парабілася, пані гаспадыня? То-ж як вясной быў я ў вас, ня так гэта мясьціна выглядала!
ДАНІЛКА
Яна ўжо і тады таксама выглядала, толькі тады яшчэ ў кучы трымалася, а цяпер рассыпалася.
СТАРАЦ
Але, але, бачу! А дзе-ж яшчэ ваша сямейка? — было-ж болей.
ДАНІЛКА
І тады, дзедка, такая самая была наша сямейка, толькі як сядзела ў хаце, дык болей яе выглядала.
СТАРАЦ
Але, але, ведаю! Гняздо раскідалася і птушкі разьбегліся якая дзе-куды. Ведаю, ведаю! Сам я з такога гнязда.
МАРЫЛЯ
(падаючы хлеба кусок)
Сядайце, дзедка, і памалецеся за грэшную душачку Лявона.
СТАРАЦ
(зьдзіўлена)
Што, пані гаспадыня? Памёр твой чалавек?
ДАНІЛКА
Але, дзедка! Тата ня вытрываў, узяў ды павесіўся.
СТАРАЦ
Вечны супакой! Вечны супакой яго душачцы! (Моліцца).
МАРЫЛЯ
Адкуль-жа гэта, дзедку, бог прынёс да нас?
СТАРАЦ
З сьвету, пані гаспадыня! З далёкага сьвету валакуся. Хэ-хэ-хэ! З сьвету ў сьвет плятуся. І так кожны дзень і кожную ночку, калі дзе не начую.
ДАНІЛКА
Мусіць вялікі, дзедка, сьвет гэты? Ці канец яму ёсьць дзе, ці няма? Я ні ў каго не магу гэтага даведацца.
СТАРАЦ
Ох, вялікі сьвет, мой сынку! Куды я толькі ні хадзіў, нідзе канца яму не знашоў, ня бачыў і ня чуў. Можа дзе і ёсьць яму канец — ды пэўне, што ёсьць, бо адкуль-жа б ветры нам бог пасылаў, ды лета і зіму, цяпло і холад?
ДАНІЛКА
Мусіць, добра жыць на гэтым сьвеце вялікім? Я ўжо мамцы казаў, што добра.
СТАРАЦ
Там добра, дзе нас няма. Але мне ў маім, жабрачым палажэньні, усюды ня кепска. Што мне там, сынку, нягоднага можа быць? Ідзі сабе, куды вочы глядзяць, ані мяне хата свая затрымлівае, ані мяне радня зьвязвае, ані мяне зямелька свая к сабе цягне!.. Цэлы сьвет — хата мая, усе людзі — радня мая, уся зямелька — поле маё роднае. Усюды што-колечы ды сваё знаходжу: ці кусочак хлеба, ці куток цёплы для начлегу, ці толькі так добрае слова — і за гэта дзякую богу! іду сабе ды йду. Ні над чым не трасуся, нічога бараніць ня маю: усё багацьце са мною ў гэтых торбах — гэтыя акрайчыкі хлеба, ды часам які кусочак сыру, ці сала. І што болей трэба мне? Добра мне так. Смачна ем, спакойна сплю. Ведаю, што не акрадзе мяне злодзей, не аграбіць разбойнік. Усюды ласку маю — за душачкі жывыя і змарлыя маліцца просяць. Ведама, ня ўсе мяне ахвотна прымаюць і любяць мяне, але гэта найболей такія, дзе сабак многа і дворні ўсялякае, — туды-ж і заходзіць я не стараюся. А так — усюды добра на сьвеце, мой сынку, усюды!
МАРЫЛЯ
Мо‘ і праўду, дзедка, кажаш, што табе няцяжка жывецца на гэтым сьвеце, але ў нас тутака дужа дрэнна. Як пайшло ад вясны няшчасьце за няшчасьцем, дык і радачкі з нікуль ніякае нямашака.
СТАРАЦ
Ведаю, пані гаспадыня, ведаю.
МАРЫЛЯ
Як бачыце — хату нашу раскідалі. Лявонка мой як табе ўжо Данілка казаў — не перажыў, вечны супакой, гэткае несправядлівасьці, і рукі без пары сам на сябе налажыў.
СТАРАЦ
Ведаю! Важны чалавек быў — гаспадарны і справядлівы быў. Колькі раз я ні заходзіў, заўсёды вока на мяне добрае меў. Вечнае яму спачываньне, і няхай зямелька для яго лёганькай будзе, а бог найвышэйшы пляму з яго душачкі здыме, што налажыў сам на яе з роспачы.
7
МАРЫЛЯ
Вечнае яму спачываньне! А Зоську нашу таксама зналі, дзедка? Такая дзяўчына была!
СТАРАЦ
Знаў, пані гаспадыня! Чаму ня знаў?.. Не адзін раз мяне і хлебам дарыла, і вадзічкі ў смагу давала. Апошні раз, як у вас быў, кветачак нават мне дала, — за панічова здароўе прасіла маліцца. Добрая дзяўчынка была. Хай бог міласэрны за тое долечку ёй шчасьлівую пашле!
МАРЫЛЯ
Ох, дзедка мой! Не на радасьць і на пацеху яна ў мяне гадавалася. Дасьціпная вельмі была, і нейкая як сама не пры сабе. А з вясны, як прышло нешта ёй у галаву, як стала ў двор бегаць, як стала, дык цяпер як-бы не пры сваім розуме засталася.
СТАРАЦ
Ведаю я гэта! ох, чаму ня ведаю? Моладасьць яе згубіла, ды каго яна ня згубіла!
МАРЫЛЯ
А Сымонка мой таксама ці з розуму зышоў, ці хто яго знае, што з ім робіцца. Хоць забі яго — саступіць адгэтуль ня хоча і нам нікому волі не дае, ня гледзячы на тое, што ўжо апошні суд за гэту зямлю адбыўся, і мы на ім прайгралі. Ды яшчэ другая бяда з маім Сымонам прылучылася: прышоў сюды нейкі шалёны чалавек і нагаварыў яму аб нейкім смоку і зборышчы, — ды цяпер по-начы ходзіць і зборышча гэтага шукае, не на дабро шукае! Ужо сталі яго і цемняком усе называць. Можа і сапраўды ў цемнякі запісаўся — хто яго ведае? Сама я ніяк і розуму ня прыстаўлю. Ці ня чулі вы, дзедка, чаго аб гэтым сходзе?
СТАРАЦ
І чуў і ня чуў, і нічога сам добра ня ведаю, ды хто яго ўсё разьбярэ, як сьледна. Цяпер такі на сьвеце між людзьмі несупакой расьце, што ня дай ты, божачка! Дык можа дзе і зьбіраецца гэна зборышча, але дзе — нічога я ня ведаю. Шмат чутак усялякіх, як і заўсёды, ходзіць паміж жывымі, шмат аб чым і добрага і благога гаманяць, але што з гэтага ўсяго гоману выйдзе — ніхто акуратна не згадае. Слабы сталі цяперашнія людзі: кепскія вочы маюць, каб усё, як належыцца, бачыць імі, кепскія вушы маюць, каб кожны шорах пачуць, і згадаць, адкуль вецер прыхільны вее, і кепскі розум маюць, каб ім раскумекаць усё чыста, дзе дабро іх чакае, а дзе зло. Так, так, пані гаспадыня! Слабы людзі. Нават якую маюць сілу, дык і тое ня хочуць выказаць. Нейкі сон і страх усіх аплутаў.
ДАНІЛКА
Праўда, дзедка! Мне тут вельмі страшна, але каб спаць хацелася тутака на холадзе, — дык гэтага не скажу.
СТАРАЦ
То чаго-ж сядзіцё на гэтай руіне, калі вам тут страшна? Чаго чакаеце?
ДАНІЛКА
А ўсё-ж чакаем, пакуль Сымон сход той знойдзе.
МАРЫЛЯ
Падзецца няма дзе!
СТАРАЦ
А дзе я падзяюся? Дзе пяты, дзесяты падзяецца такіх, як я, як многа іншых падобных мне?
ДАНІЛКА
Ну, месца гэтага то я яшчэ ўсё такі добра ня ведаю!
СТАРАЦ
Як пойдзеш, сынку мой, у сьвет, то даведаешся. Днём сонейка сьцежку пакажа, а ночкай — шлях млечны на небе. А ісьці будзе лёганька-лёганька, бо вецер будзе цябе падганяць. І так будзеш шукаць ды шукаць таго месца, аж пакуль ня знойдзеш вечнага спачываньня.
ДАНІЛКА
А як хмарна будзе ды з дарогі саб‘емся, — хто тады пакажа?
СТАРАЦ
Добрыя людзі, мой сынку, добрыя людзі. А ісьці вам трэба адгэтуль.
ДАНІЛКА
Ды я ўжо мамцы казаў аб гэтым самым, але ўсё ўпіраецца яшчэ.
СТАРАЦ
Нічога, пані гаспадыня, тут ня выседзіш. Скінь пыху з сэрца ды йдзі адгэтуль. Не спадзейся на помач сына — ён ужо далёка ад цябе з сваімі думкамі і ня скора к табе з імі вернецца. Сьцежкі вашы разышліся і зойдуцца толькі тады, як ён, пабываўшы на тым зборышчы, якога цяпер шукае, вернецца к табе славай акрыты. А цяпер не чакай на яго і думай сама аб сабе. Бачыш — якая гэтая асеньняя ночка страшная, а ты тут адна з сваймі малымі і гэтым няшчасным музыкай, што ігрой сваёй да сьлёз толькі даводзіць… Час, птушка-маці, зьнімацца з гэтага раскіданага гнязда, каб іншых сваіх дзетак убараніць ад благіх ястрабаў, ад якіх сілачкі ты ня мела ўбараніць свайго Сымонкі і Зоські! Скінь пыху з сэрца, набярыся адвагі, забірай гэтых з сабой і йдзі, ідзі, куды ногі панясуць, куды вочы твае глядзець будуць!
МАРЫЛЯ
Ды я ўжо з самае вясны торбачкі для ўсіх шыла, і шмат, шмат іх пашыла! Але Сымон, Зоська!.. Як-жа мне пайсьці бяз іх?
СТАРАЦ
Ня бойся, пані гаспадыня! Яны, калі ня знойдуць таго, чаго шукаюць, каб у тваю хату шчасьце прынясьці, то вернуцца к табе тым самым шляхам, якім ты ад іх адыйдзеш. Такі ўжо парадак на сьвеце паміж намі людзьмі.
ДАНІЛКА
Ну, і добры-ж гэты парадак: прыкладам, я пайду шукаць грыбоў у лес, а вярнуся адтуль толькі з галінай асінавай.
СТАРАЦ
(цягнучы далей)
Твой сын цяпер можа нават шукае таго, чаго і ня згубіў, але мусіць шукаць і павінен. Ганьба таму чалавеку, што рукі апусьціць, як перавяслы, і чакае, пакуль сама доля к яму прыдзе ў хату і папросіцца, каб прыняў яе з ласкі свае! Ганьба таму, хто, вочы на ўсё заплюшчыўшы, будзе ісьці ўцёртай здавён сьцежкай няпраўды, думаючы, што іначай быць ніколі ня можа, і што не ў яго волі зьмяніць стары парадак бяссумленнага жыцьця! Ганьба таму, хто, радзіўшыся ў ярме, валочыць яго пакорна, як вол стары, не парываючыся нават хоць на час выпрагчыся з гэтага ярма, паганячага пачуцьцё яго чалавечае! Ганьба таму! Нам старым іншая рэч: мы ня жывём, а толькі дажываем. Маладыя-ж мусяць нечага шукаць, нечага дабівацца.
МАРЫЛЯ
Дзедачка! Незразумелыя рэчы для майго жаноцкага розуму ты кажаш. Але ўсё-ж такі, як бачу, нездарма я торбачкі шыла, ох, нездарма!
СТАРАЦ
І сын твой калісь гэтага не разумеў, а можа і цяпер не разумее. Але прышла пара, выбіла такая шчасная, ці няшчасная, гадзіна, і прабудзілася ў яго думка вялікая, важная, што так далей быць ня можа, як ёсьць, што яго штосьці пацягнула к нечаму няведамаму, але сьветламу і радаснаму, ну, і перавярнуўся ўвесь стары лад у яго беднай галаве. Твае песьні і казкі, што пяяла і гаварыла яму калісь над калыскай, шмат у гэтым памаглі. Дык не пярэч-жа і далей свайму сыну ісьці тэй дарожкай, якую ён сам сабе абабраў і йдзе цяпер.
ДАНІЛКА
Ды мамка яму нічога не пярэчыць, але ён сам сабе пярэчыць і нам не дае ніякага ходу, каб як з гэтае пусткі на сьвет божы выбрацца.
ЗЬЯВА III
ТЫЯ-Ж І ЗОСЬКА
ЗОСЬКА
СТАРАЦ
Хто гэта такі?
МАРЫЛЯ
Ці-ж не пазналі? — Зоська наша!
СТАРАЦ
Божа! Божа! Што з яе сталася?
ДАНІЛКА
Толькі цень ды вянок з лісьця!
ЗОСЬКА
(разглядаючыся)
Хто тут? чаго вы назьбіраліся? Разлучыць мяне хочаце з ім? Га? Ха-ха-ха! Не на такую напалі. (Да СТАРЦА). А ты, сівы, чаго сюды прышоў? Можа весьці добрыя прыносіш ад майго таты, або ад майго міленькага? Ня бойся — кажы! Я ўсё ведаю!.. Даўней нічога ня ведала, а цяпер, ах, як ведаю!.. Тата мой у палацы засеў і пануе там: шмат слуг яму служыць, і скарбаў усялякіх шмат мае. Пасаг мне вялікі дасьць, ох, які вялікі! — сто, тысячу, мільён. А толькі, нашто ты, татачка, майго міленькага выгнаў з палацу, што аж за морам апынуўся? Пакінуў мяне мой ненаглядны, праз благіх людзей адрокся свае русалачкі з васільковымі вачамі. Ха-ха-ха! Але я сама к яму пайду. Праз быстрыя рэчкі, праз шчырыя бары, праз сухія пяскі паплыву к яму, як месяц па небе плыве! (Садзіцца і капаецца ў вогнішчы).
СТАРАЦ
Страшныя рэчы творацца ў вас, пані гаспадыня!
МАРЫЛЯ
Ад маладзіковае суботы ўжо яна такая! трэці тыдзень праходзіць.
ЗОСЬКА
А вы вон адгэтуль усе, вон! А-а! Ведаю! — На вясельле маё сабраліся! Не хачу я вас, груганоў чорных, — у мяне іншыя госьці будуць. (Да СТАРЦА). Праўда стары, — іншыя? Маўчыш! Ну, як сабе хочаш! А я скажу, хто ў мяне будзе: зоркі з неба залатыя зьбягуцца, месячык срыбны прыплыве, воблачкі сьветлыя зыйдуцца, і будуць яны ўсе гуляць на маім вясельлі так весела, так скочна! А вецер іграць маё вясельле будзе, зычна йграць будзе, як ён у лесе часам умее, як ён у вазяродах часам іграе! (Да ДАНІЛКІ). Пакажы мне зараз, маладзенькі музыка, як вецер іграе! (ДАНІЛКА іграе жаласьліва нудную мэлёдыю, ЗОСЬКА круціцца па сцэне і прыпявае).
Вецер іграе, зорачкі скачуць, |
УСЕ
(апрача Зоські)
Ах, пажар недзе!
МАРЫЛЯ
Як-бы з стараны двара агонь б‘е!
СТАРАЦ
(хрысьцячыся)
Скараньне божае валіцца на гэтую зямлю няшчасную! Тут вар‘ятка скача, а там з дымам штось ідзе.
ДЗЕЦІ
Нам страшна, мамка!
ДАНІЛКА
Уцякайма скарэй адгэтуль, а то яшчэ і наш дом загарыцца!
ЗОСЬКА
(перастаўшы круціцца)
А! Як відненьнка! А я думала, што ўжо ночка наступіла і мне трэба к майму саколіку зьбірацца. (Разглядаючы). Чаго-ж я дурная длякаюся? Гэта-ж ён тут! Тут мой каралевіч ненаглядны! (Паказываючы на дзерава, на каторым абраз вісіць). Во дзе ён! Во! Адзін, як сіротка, стаіць і чакае, пакуль я, яго зорка нябесная, к яму не падыйду. Ужо іду, ужо іду, маё сонейка мілае! (Падыходзіць і абыймае дзерава, прытуляючы твар свой к яму). Выбачай, саколік, што так позна прышла я к табе сягодня! Вялікую дарогу мусіла перабыць. Гадзіны на мяне сыкалі, ваўкі вылі, начніцы і совы пужалі, але прыцягнулася к табе. Ночка ўжо мінулася, і божы дзянёк, бачыш, кругом зьзяе. Прытулі-ж мяне к сабе, добры мой каралевічу! Сагрэй мае грудзі дзявочыя: яны вельмі азяблі — халодна ўжо, бачыш, становіцца на сьвеце! Не гані мяне ад сябе, як той мяне адагнаў і сам за мора ўцёк. Ты інакшы! Ты хоць і той, але ня той. У цябе, чую, сэрца б'ецца, а ў таго ў грудзёх нейкі камень хрусьцеў; у цябе вочкі, як зоркі, сьвецяцца, а ў таго, як галодныя вужакі паглядалі; твае ручкі абыймаюць, як матка дзіцянётка ў калысцы абыймае, а той, як залезнымі абдугамі, сьціскаў мяне; той гаварыў, то як крумкач над непахаванымі касьцямі крумкаў, а твой голас ліецца, як на жалейцы песьня вясною… Прытулі-ж мяне, саколе мой любы, і не выракайся болей каралеўны сваёй! (Апускаецца каля дзерава і, задумаўшыся, сядзіць пры ім).
СТАРАЦ
Пайду я ўжо ад вас, добрыя людзі. Вялікім горам і зьніштажэньнем кожны тут куток ваш напоўнен. Шчасьлівейшую долечку пашлі вам, божа! Бывайце здаровы! Слава хрысту!
ДАНІЛКА
(усхапіўшыся)
Дзедачка, забірайце і мяне з сабой! А то яшчэ раз як здарыцца гэткая ночка з пажарам, то я зусім памру ад страху.
СТАРАЦ
Як хочаш, сынку мой. Месца хопіць нам. Можаш ісьці.
МАРЫЛЯ
Не адходзьце, дзедка! Надумалася і я ўжо: пойдзем усе з табой. Сілачкі мае не хапае далей тут гібець.
СТАРАЦ
Добра, пані гаспадыня! Добра! І табе месца мала ня будзе.
МАРЫЛЯ
(да дзяцей)
Ну, дзеткі! Пара зьбірацца ў дарогу! Дзе толькі торбачкі? (Находзіць торбы і начэплівае іх ДЗЕЦЯМ, ДАНІЛКУ і сабе; СТАРАЦ памагае). Вось гэтыя меншанькія вам, малыя, а гэту, трохі большую, табе, Данілка.
ДАНІЛКА
(надзеўшы торбу)
Вось як лоўка цяпер будзе! У руках іскрыпачка, на плячох торбачкі — гуляй душа, колькі ўлезе!
СТАРАЦ
Што-ж? Нездарма людзі пацераў і малітваў змалку яшчэ вучацца. Каму-небудзь, ды пад старасьць прыгодзяцца. Аб торбах не павінны забывацца нават і тыя, што на пасадах сядзяць.
МАРЫЛЯ
Ну, гэтыя самыя большыя на мяне якраз падыйдуць! (Глянуўшы на ЗОСЬКУ). Папрабую і на яе надзець, а ну-ж з намі пойдзе. (Падходзіць да ЗОСЬКІ хоча надзець торбу). Зоська, пазволь, — надзену гэта на цябе, ды пойдзем разам!
ЗОСЬКА
(павёўшы мутнымі вачыма)
Што? Куды?
МАРЫЛЯ
Надзень, Зоська, гэтыя торбачкі! Надзень, дачушка мая. (Хоча сілай надзець).
ДАНІЛКА
Не спрачайся, Зоська, ды пойдзем! Я табе зайграю панічову музыку.
ЗОСЬКА
Што? на мяне торбы хочаце надзявяць! Га! А вы ведаеце, хто я такая? Ведаеце? Я каралеўна! Я — усяўладная пані гэтае зямлі ўсёй чыста! — гэтых загонаў, гэтых лугоў, гэтага лесу! Ха-ха-ха! А яны мяне ў торбы, як жабрачку, хочуць прыбраць! Я ў кароне, бачыце, хаджу. Сярпы мае сталёвыя дабро цэламу сьвету жнуць, а палотны мае шаўковыя цэлы сьвет адзяваюць, а яны ў торбы мяне хочуць прыбраць! Проч, бясстыднікі! (Зрывае торбы і кідае на вогнішча; сама апускаецца каля дзерава).
МАРЫЛЯ
Ня хочаш, і ня трэба! Не ў маёй ужо моцы з вамі вайну вясьці. А торбачка гэта хай астанецца тут: можа Сымону прыдасца.
СТАРАЦ
Што-ж, пані гаспадыня, — гатовы ўжо ўсе!
МАРЫЛЯ
Ужо, дзедка! Можам ісьці.
ДАНІЛКА
Уцякайма, дзедка, бо і я ўжо гатоў. А Зоська дагоніць нас: не чапайце толькі яе. Цяпер-жа можа запяем усе разам на адходнае.
СТАРАЦ
Сьвятую песьню хоць калі ня грэх запець.
МАРЫЛЯ
(да Зоські)
Зоська, як апомнішся, прыходзь з Сымонам да нас! (СТАРАЦ ідзе наперад, за ім — МАРЫЛЯ з ДЗЯЦЬМІ па бакох, а за МАРЫЛЯЙ — ДАНІЛКА. Усе пяюць „Лазара“, — ДАНІЛКА іграе; нейкую мінуту іх песьня чуваць за сцэнай, пасьля паволі замірае).
ЗЬЯВА IV
ЗОСЬКА (адна)
ЗОСЬКА
Ха-ха-ха! Там пажар, гэтыя, як пагарэльцы, з торбамі пайшлі.
ЗЬЯВА V
ЗОСЬКА І СЫМОН
СЫМОН
Пайшлі!.. Не пачакалі мяне яшчэ хоць трохі. А так ужо ўсё наладзіў. (Угледзіўшы ЗОСЬКУ). Адна Зоська асталася! (Да яе) Што-ж ты робіш тут адна? Пойдзем са мной!
ЗОСЬКА
(прыглядаючыся)
Гэта ты, Сымон?
СЫМОН
Я, Зоська! Уставай хутчэй, сястрыца, ды пойдзем, бо кожная мінута цяпер дорага!
ЗОСЬКА
Куды пойдзем? Па што?
СЫМОН
На вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!!!
ЗОСЬКА
(падымаючыся з зямлі)
Аа!.. (СЫМОН бярэ яе за руку і абое нікнуць у цемнаце)
ЗАСЛОНА
Акопы 4-IX—1913 г.