Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Сваім і чужым/Ужо днее

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З песень безьзямельнага Ужо днее
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Роднае слова
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ужо днее.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УЖО ДНЕЕ

З-над сонных вод Нёмна, з-пад хвой Белавежы,
Суседзі, суседкі, вітаю я вас!
Блудзіла я доўга па рытвах, па межах,
Аж сьцежку-дарожку знашла во хоць раз.

Хоць, пэўна, вы знаеце, хто я такая,
Якім правам тут перад вамі стаю,
Дзе дом мой, народ мой — з якога я краю, —
Паслухайце смутную повесьць маю.

З канца у канец, дзе загнанае слова
Зьвініць беларуса, — ўладаньне маё;

Шмат сотняў таму лет у хаце вясковай
Ўзяла і праводжу сваё я жыцьцё.

З-пад гэтай хаціны па выдмах нязнаных
Ганялі, чаго ня згубіла, шукаць.
Глядзеце: во рукі і ногі у ранах,
А раны на сэрцы — каму-ж іх паняць?!

Па грудах, каменьнях хадзіла я босай,
Крывёю чырвонай дабрыла зямлю;
На шаты мае паглядалі з‘укоса
І песьню з насьмешкай віталі маю!

З балотам мяшалі, пагардай плявалі
Ўсе тыя, што вырасьлі нават са мной!
З маім людам згінуць навек мне казалі,
І страшна было мне так жыць сіратой!..

За сошкай, за коскай, з сярпом і з сякерай
Я шла-валаклася, дзе шоў мой народ;
Заплатай было, што ён часам мне верыў
І думкі снаваў аба мне з году ў год.

Шлі векі. Магіла лягла пры магіле, —
Вада змыла наспы, крыжы пагнілі;
Гаротнасьцяй зможаны, ў крыўдзе, ў бясьсільлі
Там прадзедаў косьці бяз часу ляглі.

Шлі векі. Хрэст брала народнай сьлязою;
Між віхраў і бураў, і холаду зім
З людзкой неразлучны ўзяла шлюб бядою,
І тузаюць мной, як народам маім.

Здушылі мне голас на родных на нівах;
Крыж цяжкі упадку з народам нясла,
І думаў чужынец, што ўжо я няжыва.
Ня верце! Жыву, як ад векаў жыла!

Я ўсё, колькі сілы, змагала, ўставала!
Я жыва! Народ мой са мною, пры мне!
Я ўсё перанесла і вышла я з хвалай,
Я сільна, я вечна ў сваёй старане!

Прашло засьляпленьне, мінае трывога;
На небе ўжо новая відна зара.
Шырок прада мною гасьцінец-дарога.
Ужо днее! ўжо днее! — к сваім мне пара!