Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Сваім і чужым/Папросту

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ (Падсякайце тое дрэва…) Папросту
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Вучыся…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Папросту.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАПРОСТУ

Простым мы словам з сьветам гаворым,
Песьні аб цяжкай творым нягодзе,
З думкамі рвёмся к сонцу і зорам.
Рвёмся к свабодзе.

Простая нашых прадзедаў слава,
Хоць апаганена мудрым чужынцам;
Шлі, ідзём далей ўлева ці ўправа —
Простым гасьцінцам.

Сьвет там выдумкі хітрыя знае —
Троны, кароны, вісельні, кулі, —
Выдумаць гэта мы ў сваім краі
Неяк мінулі.

Летась нягодна, сёлета горай
Проста жылося, проста жывецца,
Красьці-ж ня пойдзем, хоць у каморы
Кожны к нам прэцца.

Нас гадавалі віхры і ночкі,
Крыўдай паілі нас ад пялёнкі —
Толькі-ж папросту мы ня йшлі ў прочкі
З роднай старонкі.

Хочам папросту, каб лепш ручыла
Нашым хацінам, нашым прыплодам,
Каб стаць раўнёю славай і сілай
Іншым народам.

Проста жывём мы, як доля лучыць,
І крывадушыць не прабавалі…
Просім папросту: кіньце нас мучыць,
Ляхі, маскалі!