Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Пераклады з польскае мовы/З Конрада Вальленрода

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чараўнік З Конрада Вальленрода
Верш
Аўтар: Адам Міцкевіч
1926 год
Арыгінальная назва: Konrad Wallenrod. Wstęp
Пераклад: Янка Купала
Трох Будрысаў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сто лет мінала крыжацкай навале… (Міцкевіч/Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З КОНРАДА ВАЛЬЛЕНРОДА

Сто лет мінала Крыжацкай навале,
Як кроў з паўночных смактала паганаў.
Прусы ўжо шыі ў аковы згіналі
Або ўцякалі з радзімых палянаў;
Немец за ўцёкшым пускаўся ўдагонкі,
Нішчыў да самай літоўскай старонкі.

Літвінаў дзеліць ад ворагаў Нёман:
З аднаго боку льсьняць стрэхі сьвятыняў,
І лесу — схову багоў — чуваць гоман;
З другога — ўбіты на ўзгорку пустыні
Крыж, знак нямецкі, рад к небу сягнуці,
Грозна пільнуе літоўскіх загонаў,
Як-бы ўсю чыста зямлю Палямона
Хацеў-бы зьверху здушыць, загарнуці,

Гэтта літоўскай сям‘я маладзежы
Ў шапках бабровых, у сьвітках мядзьвежых,
З лукам праз плечы, з страламі пры боку
Снуе і сочыць за немцам здалёку;
А там — няскратна; ў збраеньні каваным
Немец сядзіць на кані асядланым,
К землям уставіў нязабраным вочы,
Стрэльбу набіў і ружанцам ляскоча,

Пільнуюць тыя і гэтыя броду.
Так Нёман, з даўнай гасьціннасьці рупны,
Сялібы лучачы братніх народаў,
Стаўся граніцай для ўсіх недаступнай,
І той мог толькі прайсьці яе сьмела,
Каму на волі жыцьцё надаела.
Адно галінка літоўскага хмелю,
Наджана топалю прускага красай,
Пнецца па вербах і цінавым зельлі,
К любаму пнецца, як з даўнага часу:
Сьлед кіне ў рэчцы вяночкам нявілым,
І на чужыне ўжо лучыцца з мілым.
Ды салавейкі пад Коўняй з дубровы
Са сваякамі гары запушчанскай
Свае літоўскія баюць размовы,
Дзеляцца спольна і дружбай і ласкай,
Як-бы граніцы ня знаючы новай.

А людзі?.. Людзі ўпіліся бітвою;
Даўная Прусаў з Літвою зажыласьць
Пашла ў няпамяць; падчас толькі міласьць
І людзей годзіць… Я знаў людзей двое…

Гэй, Нёман! Хутка к тваім сумным водам
Рынуць навалы нясьці зьніштажэньне,
І ў бераг, з вечных галоцячы ценяў,
Тапор чужынца бязьлітасна ўесца;
Стрэл салавейкаў разгоне ў гародах.
Што быту лепшага выснуюць сплёты
Парве ўсё чыста нянавісьць народаў,
Парве ўсё чыста… Каханкаў-жа сэрцы
Злучацца ў песьнях ізноў Вайдэлёты.