Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Па межах родных/Над Нёманам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мой край Над Нёманам
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Над Сьвіслачай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Над Нёманам (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАД НЁМАНАМ

Ціха і плаўна ў даль коцяцца воды
Вольнага Нёмана, ў цёмнаю даль,
Толькі у часе глухой непагоды
З берагу Нёман ня выйдзе амаль.

Вербы і вольхі калышуцца глуха,
Сінія хвалі шумяць і бурляць.
Чуткай душою ў такі час паслухай, —
Здаецца, там гэтакі голас чуваць:

„Гэй, ня дзівуйся, мой дружа нядбалы,
Што я сягоньня так злосна шумлю:
Грудзі здавілі мне хмары навалай,
Пошасьць уелася ў матку-зямлю.

„Сумна мне, сумна, што ўсё тут іначай
Некалі бераг мой бачыў і знаў;
Іншы меў выгляд — ня гэткі жабрачы,
Іншы я плыт на плячох сваіх гнаў.

„Край, дзе жыцьцё я сваё пачынаю,
Шмат весялей прыглядаўся на сьвет,
Песьні і казкі інакшыя баяў,
Шчасьце цьвіло ў ім, як макавы цьвет.

„Буйным жыцьцём усё чыста кіпела,
Слава далёка за мора ішла,
Ворага кожны за плечы браў сьмела,
Цемра чужынцаў ня страшнай была.

„Панам быў дома і слаўным за домам
Мой, патаптаны сягоньня, народ;
Змог ён ня толькі знаць штукі з заломам, —
Роднаму слову ўмеў кніжны даць ход.

„З вольнай дружынаю князь на пасадзе
Вольнаму люду законы пісаў;
Слухалі князя, а князь што ня ўладзіў —
Слухаў, што веча яму звон казаў.

„Чую, ах чую цяпер яшчэ ясна
Той неўгамонны, расходзісты звон…
Сьціх, занямеў, аглушылі напрасна;
Ці адазьвецца калі болей ён?..

Так, так, мой дружа, іначай бывала, —
Не называўся забытым мой край;
„Поўнач“ ня раз у ім схову шукала,
„Захад“ знаў сілу яго неўнарай.

„Га, а цяперака што гаварыці?..
Ўсе мае скарбы намарна ідуць:
Жыта учора вывозілі віці,
Родныя хвойкі сягоньня плывуць.

Людзі чужыя змагаюць мне грудзі
З новым парадкам, з адменным жыцьцём —
Роднага-ж краю тутэйшыя людзі
Ў скуру чужацкую лезуць жыўцом.

„Я іх ня ваблю сваёю ўжо, красай:
Вецер інакшы ім дзьме ў галаве, —
Вісла адным усьміхаецца ласа,
Тыя заплюшчыўшысь пруцца к Няве.

„Скора сын бацьку, а бацька сыночка
Не распазнаюць адзін аднаго;
Дзеці чужацкія корме ўжо дочка,
Маці працуе на злыдня свайго.

„Так грамадзяне свабоднага краю
Ёрмы узьдзелі, у рабства пашлі,
Прадзедаў слава лазой зарастае,
Памяць мінуўшчыны дрэме ў зямлі.

„Рынкам жывога тавару няслава
Край ўвесь зрабіла, загнала на ўбой,
Дзе ўжо лет сотні Масква і Варшава
Торг гругановы вядуць між сабой.

„Га! ты ня слухаеш, бачу, ўжо болей.
Ой, чалавеча, зьмярцьвелы у сьне!..
Доўга йшчэ будзеш глухім ты, саколе?..
Камень і вольха перш поймуць мяне!..“
...............

Гэтакі ў часе глухой непагоды
Чуецца ў Нёмнавай гутарцы жаль.
Сьціхне, і плаўна зноў коцяцца воды
Вольнага Нёману ў цёмную даль.