Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Наша вёска/Жнеям

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зажынкі Жнеям
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Жніво
Іншыя публікацыі гэтага твора: Жнеям (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЖНЕЯМ

Красаваў, наліваўся
І дасьпеў шнур мужычы;
Час вам, жнейкі, на бітву!
Постаць кліча, ой кліча.

Сонца ўзыйдзе і зайдзе,
Ня кідае зямелькі,
Правядзе і спаткае
Ў поле, з поля вас, жнейкі.

Вышлі з хатак за вёску,
Гнуцца бедныя ў полі,
Толькі песьню чуваці
Іхняй долі-нядолі.

Жнеце, жнеце, галубкі,
Сваю радасьць і сьлёзы!
Трэба многа нажаці, —
Прыдзе зімка, марозы:

К тэй прытуліцца братка,
К тэй — маленькі сынулька,
А ўсё хлеба, ой хлеба
Дай, сястрыца, матулька!

Ходзяць хмары па небе
З нейкай дзіўнай трывогай;
Чутна жнейкіна песьня,
Нуды ў песьні тэй многа.

Хто зьлічыў тыя каплі,
Што нам неба прыносіць?
Хто прыслухаўся, людзі,
Аб чым жнейка галосіць?!.