Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Для яе/З недацьветаў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Па захадзе… З недацьветаў
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Ці ты чуеш?..
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зь недацьветаў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З НЕДАЦЬВЕТАЎ

Зелянелі лагі,
Зацьвіталі сады, —
З маладою сваёй
Я спаткаўся тады.

Вецер косы яе
Расплятаў, спавіваў,
Прыпадаў да грудзей,
Калыхаў, напяваў…

Абняліся мы з ёй,
Божым сном паплылі
Ў даль да сонца ўдваіх
Па зялёнай зямлі,

Па квяцістым пуці,
Паласой залатой,
Ў даль да сонца ўдваіх
За адно з яснатой…

Пад агністай зарой,
Над сівым курганом
Заручаліся з ёй
Туманом і агнём…

Аж нязьменная ноч
Наплыла, апляла,
Непраходнай сьцяной
Паміж намі лягла:

Маладую маю
Разлучылі са мной…
..........
Так расстаўся навек
Я з сваёю вясной.