Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Бацькаўшчыне/Хрыстос васкрос!..

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вялікдзень Хрыстос васкрос!..
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Новагоднія жаданьні
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хрыстос васкрос!..

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ХРЫСТОС ВАСКРОС!..

Хрыстос васкрос!.. Усюды радасьць,
Усё глядзіць сьмялей, сьвятлей;
Вялікі мучальнік, здаецца,
Абняў ўсіх ласкаю сваей.

Хрыстос васкрос!.. Неугамонна
Плыве па нівах, пушчах клік,
Плыве адна сьвятая думка
З канца ў канец, як сьвет вялік.

Хрыстос васкрос! — пяе сялянін
З сваёй убогаю раднёй,
Забыўшы песьні аб прадвесьні,
Забыўшы ўсё усёй душой.

Хрыстос васкрос! — пяе сіротка,
Слуга, таптаная людзьмі;
Пяе ў чужыне падарожны,
Забыты бліжнімі сваймі.

Хрыстос васкрос! — пяюць і тыя,
Хрыста згубіўшыя сыны,
Што ў ціхамоўку ладзяць сеткі
Для нашай беднай стараны,

Хрыстос васкрос!.. К табе, о, божа,
І я ў дзень гэты думку шлю:
Хай Беларусь, мая старонка,
Ўваскрэсьне к лепшаму жыцьцю!

1908 г.