Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Бацькаўшчыне/Новагоднія жаданьні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хрыстос васкрос!.. Новагоднія жаданьні
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Мая малітва
Іншыя публікацыі гэтага твора: Навагоднія жаданьні.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НОВАГОДНІЯ ЖАДАНЬНІ

Як ідзе Новы Год, на ўсім сьвеце народ
Да жычэньня сабе штосьці мае;
Дык і ты, як усе, спаткай году прыход,
Беларусаў сямейка худая.

Кожны год, што мінаў, штосьці нам не дадаў,
Аж сабраўся так доўг не маленькі.
Хай-жа Новы наш Год, што прышоў, завітаў,
Зьверне ўсё нам, як ёсьць, да капейкі!

Хай ня будзе круцель, дасьць нам просьценькі цэль
К лепшай долі, і волі, і славе;
Мы ня зналі жыцьця, ні вясёлых нядзель, —
Хай Год Новы ўсё гэта паправе!

Сваркі, звадкі ня раз былі згубай для нас,
Разлучалі са шчасьцем, з свабодай…
Хай-жа з Новым Гадком новы бліжыцца час,
Брацтва, роўнасьць, супольнасьць і згода!

Во жычэньні усе, Новы Год, да цябе;
Іх ня вельмі і многа, здаецца.
Так і песьня пяе, так, людцы вы мае,
Знаю, ў думках усім вам снуецца!

1908 г.