Трэба нам, трэба перш-на-перш хлеба,
Хлеба, каб стала на цэлінькі год,
Дроўцаў палена, конікам сена,
Капейку якую сабе на зварот.
Трэба нам, трэба, як сонца з неба,
Лепшы, даўжэйшы зямелькі шнурок,
Сытай скацінкі, новай хацінкі,
Каб красаваўся пры хатцы садок.
На сьвята скварку, часам і чарку,
Булкі і сыра гасьцей частаваць.
Цэлы адзетак, кніжак для дзетак,
Трэба нам школы па вёсках прыдбаць.
Роўнай дарогі, ботаў на ногі,
Мультану жонцы на лепшы каптан;
Жыць сьмела ў хатцы і не баяцца,
Каб не ганялі у воласьць, у стан.
Доктара трэба, шпіталь нам трэба,
Дарма лячыліся-б дзе бедакі,
З торбай-жа ў старасьць каб не цягацца,
Трэба устроіць прытулак такі.
Ой, многа, многа для вёскі ўбогай
Трэба ўчыніці, каб добра жыла, —
Ня плакаць толькі, ня раніць болькі,
Болькі, якую нядоля дала.
Працай ўсё зможам, новы быт зложым,
Гора затопчам сільнай нагой,
Зможам нядолю, зможам няволю,
Сьветач запалім шчасьця свайго!
Зьясьнеюць ночы, высахнуць вочы,
Зьлітыя горкай бядноты сьлязьмі;
Голад загіне, бяда пакіне!
Долю мець будзем, — эй! будзем людзьмі!
|