Друг мой неадчэпны,
Саха ты крывая,
Хоць корміш сьвет цэлы,
Сама-ж век худая.
Вяровак, жалеза,
А дрэва найболей
Пайшло, каб пажытак
З цябе быў у полі.
От разьні-нарогі,
Паліцу ўзьнімай-роль
Мне выкаваў ў кузьні
З жалеза каваль Сроль.
Палічнік, прыполак,
Падсошнік-крывуля
Прыладжаны мною
З дубочка-сынулі.
На пласе з бярозы,
Ў рагач увязанай
Падвоямі туга,
Нарогі ўзагнаны.
Рагач-жа яловы —
Ў ём мыліца ўбіта —
З ярмом змацаваны
Прызьмом з дубцоў вітым.
Ў ярмо і кульбакі
Капаныя ўткнёны,
А так-жа й занозы
На ўсе дзьве староны.
Такіх вось прыладаў
Сабраць сасе трэба,
Каб здатнай была ўжо
Дабыці нам хлеба.
Як гэта ўсё ўмелай
Рукой і здаровай
Прывёў да парадку,
І сошка гатова.
Валоў запрагаеш,
Кульбакі прымерыш
І — валь баразною!
К сабе Бур, к сабе Рыж!
К сабе Бур, к сабе Рыж
Ідзі, сошка, ёмка,
Мы-ж гора забудзьма,
Запейма а громка.
Запейма, як дужы,
Каб сьвет аж затросься,
На ўсе каб староны,
Як гром гул разьнёсься…
Ты, сошка, худая,
Я пан твой — араты,
Век бедны, галодны,
Хоць пан наш багаты.
|