Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Мая хатка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зіма Мая хатка
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Саха
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мая хатка (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЯ ХАТКА

І старая, і крывая
Хатачка мая, —
Уся зьлеплена, як будка,
З аднаго гнільля.

На страсе, як на балоце,
Зрос зялёны мох;
Каты, часам і сабакі
Лазяць па вуглох.

Па дзьве шыбы у ваконцы
І тыя з лучын,
Адны нізенькія дзьверцы,
Ганачак адзін.

І ў сярэдзіне у хатцы
Бедна, хоць ты плач:
Непачэсна выглядае,
Бо я-ж не багач.

Яе сьцен не склютавана,
Няма ў ёй сьвятліц,
З друзу выбіта падлога,
Столь яе з драніц.

Як увойдзеш, — пры парозе
З гліны печ стаіць, —
На ўсю хату, як вураднік,
З-пад ілба глядзіць;

А пад печкай — маіх курак
Хаткі-катухі,
Там, як трэба мне ўставаці,
Пяюць пятухі.

Напроць печы з дзьвюх пліт жорны,
Ля жарон — палок;
Над палком тарчыць пад бэлькай
Коска і брусок.

На куце пад абразамі
Стол стаіць, як пан;
Дзьве пры ім таўстыя лаўкі
І адзін тапчан.

Дык во, знайце-ж маю хатку,
Родную маю! —
У ёй цэлы век жыву я, —
Ем, працую, сплю.

Хоць старая, хоць крывая,
З аднаго гнільля, —
Не аддам яе нікому,
Бо яна мая!
Бо яна мая!