Яшчэ і сонца ня ўзышло
Людзей на днеўны труд будзіць, —
Тру-гу, тру-гу! на ўсё сяло
Труба пастырская гудзіць.
Тру-гу, тру-гу! ўставай,
Хто жыў, адзін, другі,
Вароты адчыняй,
Скаціну выганяй!
Тру-гі, тру-гі, тру-гі!
Ўстае сяло на трубны гук,
Сьпяшыць к жывёліне сваей,
І вот раздаўся рык і грук
Кароў, авечак і сьвіней.
Тру-гу, тру-гу! ідзі
На поле, на лагі,
Скацінка, і глядзі,
Тэй тая не бадзі!
Тру-гі, тру-гі, тру-гі!
Ідзе ўсё войска на папар;
Прышло, скланіла галаву,
І дружна, дружна мал і стар
Скубець вільготную траву.
Тру-гу, тру-гу! дзяры
Травіцу з-пад нагі,
Даждаўшыся пары,
Нап‘ешся ты вады.
Тру-гі, тру-гі, тру-гі!
Скубець скаціна, а пастыр
Пасе, пільнуе ад ваўка,
Снуе вакол, удоўж і ўшыр,
То цёлку злае, то быка.
Тру-гу, тру-гу! з трубы
На сьвет шырок, даўгі
Мкне адгалос грубы,
Аж стогне лес, дубы.
Тру-гі, тру-гі, тру-гі!
І вось наеўся ды ідзе
Рагаты сыты полк у хлеў,
Пастух за ім у грамадзе,
Але пастух ці сыт, ці еў?
Тру-гу, тру-гу! й ня сьніў…
Пастыр — слуга слугі,
Свой полк кармі-пасі,
Сам посьле пад‘ясі!
Тру-гі, тру-гі, тру-гі!
|