Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Нуда

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Працуй Нуда
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Ня рвіся к багатым
Іншыя публікацыі гэтага твора: Нуда (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НУДА

Будзь ты дуж, як вада,
Як жалеза цьвярды, —
Калі-ж нойдзе нуда,
Ты ня зможаш нуды!
Як благая напасьць,
Атуманіць сабой,
І спакою ня дасьць,
Аж заныеш душой.
Аж заплачаш душой,
Жаль ахопе такі!
І ня прыдзе спакой
Да магільнай даскі.
На сьвет будзеш глядзець
Ашалелым ваўком;
Песьні ўздумаеш пець, —
Адазьвешся выцьцём.
Стане пеклам жыцьцё,
Людзі — горш ад зьвярэй;
Думаць будзеш усё,
Як памерці скарэй.
Эй, дзянькі каратаць
Трудна з ёю, бяда! —
Ня дасьць ночкаю спаць
Усё гэта нуда!
Змуча, хоць ты вазьмі
І ня пі і ня еж;
Вочы зойдуць сьлязьмі,
І свой лёс праклянеш.
Адно шчасьце людзей,
Толькі змога тады, —
Калі працай сваей
Зваляць камень нуды;
Калі мысьль адна іх
У жыцьці павядзе:
Працаваць за траіх,
Каб ня дацца нудзе.