Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Маладым на вясельлі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сватаная Маладым на вясельлі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Аўтарцы „Скрыпкі Беларускай“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Маладым на вясельлі (Ужо зьвязалі рукі вам…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЛАДЫМ НА ВЯСЕЛЬЛІ

Ужо зьвязалі рукі вам
Прад аўтаром навекі,
„Сама“ ўжо — жонка, мужам — „сам“,
Ня трэба вам апекі.

Каб хлопец — маці кіне ўчыць —
К „самой“ не падсукаўся;
„Самога“ бацька ня збурчыць,
Каб па сялу ня шляўся.

Вы самі будзеце ўжо знаць,
Што годна, што ня годна,
Адно другога пільнаваць
Лепш маткі, бацькі родных.

Як, што там далей будзе у вас
Ня нам тут раздумляці!
Вясельле ў вас, а ў гэты час
Мы хочам пагуляці.

Гарэлку п‘ём мы як ваду,
Ядзём сыр, масла, сала,
Загналі ў кут нуду-бяду,
Чуй!.. музыка зайграла.

Уседзіць трудна за сталом,
Аж ходзяць — так здаецца —
І ногі й плечы хадыром,
І сэрца б‘ецца, б‘ецца.

Хутчэй, хутчэй яду набок!
Набок сталы і лавы!
Гульнём, дзяўчынка, мой дружок!
Часьцей такіх забаваў!

І шчасьце — дым, і праўда — дым,
А клёк — гульня, пахмельле.
Гукнём мы „дзякуй“ маладым,
Што ўстроілі вясельле.

Разгул такі гады-ў-рады
Пацешыць прылятае…
А гэта што? Хмур малады,
І плача маладая?

Чашы каменьне ў сто сякер,
Ня выстругаеш крэсел;
Я плакаў некалі… цяпер
Глядзі, — няма сьлёз — весел!

І ты, злучона пара, пей,
А я вот павіншую:
Мець спор вам з любасьці сваей,
Мець долю не благую!

Мець клеці поўныя з дабром,
Мець міласьць, згоду ў хатцы,
Й так жыўшы, жыўшы удваём,
Унукаў дачакацца!