Дзяўчынка, галубка мая!
Кінь весела вочкам ка мне,
Табой зачарованы я,
Любуюся ў яве і ў сьне.
Дзяўчынка, галубка, хадзі
Ка мне, бо цябе я люблю,
Сагрэю на белай грудзі,
Уцехай каханьня прысплю.
Дзяўчынка, галубка, тады
Забудземся сьвету, людзей,
Забудземся гора, бяды,
Нядолі забудзем сваей.
Дзяўчынка, галубка, сьлязой
Як скропім павеку сваю,
Я вытру, пацешу, як свой,
І песьню табе запяю.
Дзяўчынка, галубка, ня дам
З цябе жарты строіць жыцьцю:
Дзяліць буду я папалам
Нядолю і долю тваю.
Дзяўчынка, галубка, мой друг,
Спаўём мы ціхое гняздко,
Дзе створым душу адну з дзьвюх,
І думы і сэрца адно.
Дзяўчынка, галубка, мы так
Па хвалях жыцьця паплывём,
З каханьнем за знамя, за знак,
На зайздрасьць цярпеньню, ўрагом.
А толькі, галубка мая,
Мяне сірату пажалей:
Любі, як цябе люблю я,
Мілуй і цалуй агнісьцей.
|