ГЭТА КРЫК, ШТО ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ
Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор,
Ці запеў салавей, ці загагала гусь, —
Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор,
Сваю матку-зямлю — Беларусь.
Хоць гарыста яна, камяніста яна,
Вераб‘ю па калена, што сею, расьце,
Дый люблю-ж я яе, шкода хаткі, гумна:
О, такіх няма, мусіць, нідзе!
З саламянай страхой мая хатка, гумно;
Непачэсна, што праўда, віднеюць яны,
Дый на іх-жа сваёй клаў рукой бервяно
І зямлю раўнаваў пад зьвяны!
З саламянай страхой мая хатка, тачок!
Многа чутак наводзяць і дум на душу;
Я у сьне бачу іх, помню кожны разок,
І у сэрцы, як веру, нашу.
Хатка сьведкай была, як пазнаў божы сьвет;
З хаткі бегаў да школы вучыцца чытаць;
Пры лучыне ня раз гаварыў казкі дзед;
У двор з хаткі хадзіў зарабляць.
У тачок збожжа, сена я клаў кожны год;
У ім першы раз Зосі сказаў, што люблю…
У ім з дзеткамі посьле зьбіраў умалот,
І цяпер пры ім лазьню таплю.
А хоць гора зазнаў, зьнікла доля навек,
Зося парыць зямлю, у сьвет дзеці пайшлі, —
Тут-жа неяк прывык да ўсяго чалавек,
Прырос неяк, як корч да зямлі!..
Тут усякая рэч як гавора з табой:
І крывая бярозка, і столетні дуб,
Сьнег халоднай зімой, траўка летняй парой,
І асьвер і абцінены зруб…
А бурлівы ручай і зялёненькі сад! —
Хоць, брат, сэрца аддай і душу хоць аддай!..
Сам садочак садзіў гадкоў дваццаць назад,
А цяпер-жа вялікі, як гай!
З садам гэтым я зжыўся, як з хаткай сваей;
Знаю, колькі з яго маю яблык і сьліў;
Ночак шмат скаратаў у ім з Зосяй даўней,
Шмат чаго у ім я перасьніў!
Ой, бывала, як сонейка блісьне вясной,
То-ж-то рай, далібог! — захліпаецца дух, —
Як на ўсе на лады, на садок увесь той
Засьвяргоча рой птушак-пяюх!
Тут кукуе зязюля, ці шмат пражыву;
Там чырыкае шпак, там пяе салавей;
Тут крычаць вераб‘і і клююць крапіву;
А на ўсё сонца грэе цяплей і цяплей!..
Цяпер глянь, браце, вокам на поле, на луг,
На сівец-сенажаць, на вузкія шнуры,
Дзе сьвістала каса, барабаніў дзе плуг,
Дзе з зары працаваў да зары:
Тут даўгі-даўгі шнур зелянее з аўсом;
Бліжэй гоні адны, на іх — бульба у шар,
А там далей даўгі шнур віднее з жытцом;
А там голы, як бубен, папар.
Пасяродку аўсу галавісты лянок
Зелянее, інакш адбівае сабой;
Там вусаты ячмень, а там далей на бок
Ад ячменю — дзірванчык з лазой.
Ды і што гаварыць! — дзе я толькі гляджу,
Бачу родненькі край, сваю матку-зямлю;
Тут і людзі… ат… што!.. аб іх посьле скажу…
Долі іх надта-ж я ня люблю!..
А вот як ня любіць гэта поле і бор,
І зялёны садок і крыклівую гусь!..
А што часам тут страшна заенча віхор,
Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!
|