Было гэта, было гэта…
Ну было і квіта!
Жыў у вёсцы ў сваёй хаце
Мужычок Мікіта.
Меў ён жонку Міхалінку,
Меў дзяцей з сямёра,
Меў кароўку, меў кабылку,
І тачок з падпорай.
Сэрца меў ён залатое,
Быў з пакоры знаны,
Не бяз грэху, каб і ў чарку
Часам не заглянуў.
Вёў вайну ён век з бядою;
Мацавала гора;
Лыкне чарку, лёгка стане,
Па калені мора!
Жонка часам пачне лаяць, —
Сойдзе бабе з вока.
Адным словам, жыў Мікіта
Лёгка і нялёгка.
Проста, накас, скокам-бокам
Жылося, вялося,
Але, як кажуць, да часу
Жбан вадзіцу носе.
Над зямлёй засела восень,
Холадна, плаксіва;
Ліпа лісьце паскідала;
Зьвяла ўроду ніва.
Хмары неба абляпілі, —
Каб зірнула сонца! —
Золь, слата, што ня дай божа!
Б‘ецца у ваконца.
І старэйшым і малейшым
Стужа дакучае,
А ў Мікіты — каб паленца, —
Што рабіць? — ня знае.
Думаў доўга. Што тут думаць? —
Лес не за гарою…
За сякеру — ды ў бор панскі
Сыпе пехатою.
Ой, багата лесам-пушчай
Нашая старонка:
Ў само неба так і лезе
Сосна за сасонкай.
Дубы, вязы, елкі, хвойкі
Хто зьмера, хто зьліча?
А як шумам загамоняць,
Так к чамусь і клічуць.
К аднэй елцы і Мікіта
Падышоў з уцехай
І давай матаць сякерай,
Толькі стогне рэха.
Сячэ сьмела і ня дбае,
Што прышоў к чужому;
Знаў, што ў лесе хто ня злодзей, —
Не гаспадар дома.
З гукам рухнула дравіна,
Ажно бор затросься.
Стаў Мікіта сабірацца
Дамоў па калёсы.
Каля лесу на пляцоўцы,
Між кустоў калматых,
Падкасіўшыся стаяла
Лясьнікова хата.
Жыў лясьнік у гэтай хаце
Грышка Валівода,
Чалавек не самавіты,
Хоць і мужык родам.
Усім вёскам па суседзтву
Добра ў знакі даўся:
Праз яго там і ў вастрозе
Не адзін збадзяўся.
Зубы на яго тачыла
Бедакоў ня мала, —
Лясьніковая дасьціпнасьць
Косткай усім стала.
І цяпер вось, як на ліха,
Падслухаў Мікіту:
За стральбіну, і так вале
З мінаю сярдзітай.
„Ты што робіш гэта, злодзей,
Начною парою?“
Наш Мікіта неўспадзеўкі
Чуе над сабою.
„Што раблю я?.. Сяку дрэва!“
Кажа ён пакорна, —
Таго як-бы і ня кеме,
Што у пушчы дворнай.
„А хто-ж, гад, табе пазволіў
Панскі лес пустошыць?
За такую, шэльма, штуку
Мала і ўкакошыць.
Давай, чорт, сваю сякеру,
А то кепска будзе!“
Лясьнік лезе да Мікіты
І бярэ за грудзі.
Штось Мікіта зноў адцяўся,
Зноў лясьнік ня змоўчыў,
І давай абое драцца,
Поўны злосьці воўчай.
Хмурна неба: дожджу каплі,
Як сьлёзы ліюцца,
А Мікіта з Валіводай
Ня кідаюць, б‘юцца.
Раптам выстрал пакаціўся,
Як сказаці слова,
Далей ціха… адна пушча
Гамоне нанова.
Шуміць пушча, шуміць важна
На усе староны,
Быццам хоча заглушыці
Ўсе няшчасных стоны;
Быццам хоча сказаць сьвету
Дзерава лясное,
Як ідзе несправядліва
Ў нас жыцьцё людзкое;
Як на чорнай на зямліцы
Грэху ня ўбывае…
Ох, ты пушча! Праўду баіш,
Пушча няжывая.
Ніхто ўжо Мікіту болей
На сяле ня бачыў,
Дарма сем сіротак кліча,
Дарма ўдоўка плача.
Сьпіць гаротнік сном вячыстым;
Крыж уеўся ў грудзі.
Сьпі! К людзям ты ўжо ня прыдзеш —
К табе пойдуць людзі.
З часам праўда наверх вышла,
Што рэдка між намі,
І сягоньня Валівода
Звоніць ланцугамі.
Аб тым месцы ходзяць байкі,
Дзе Мікіта згінуў;
Страшна езьдзіць і праходзіць
Начною часінай.
............
Так прапала людзей двое
Праз дабро чужое;
І спытайся-ж, божа мілы,
За што, за якое?
|