Былі два браты,
Два разбойнікі;
Шмат рабілі зла
Неспакойнікі.
Як пойдуць гуляць,
Расхахоляцца,
Задрыжаць усе,
Ўся ваколіца.
Ні прайсьці нідзе,
Ні праехаці;
Б‘юць паклоны ім
Людзі нехаця.
Сіла — воля іх
Ня ўнімаецца,
Гонар — слава іх
Разрастаецца.
Так жывуць сабе
Два разбойнікі,
Разгульным жыцьцём
Неспакойнікі.
Дый ня вечна ўсё
Ў нас пад зорамі:
Закруціла штось
Непакорамі.
Хоць іх сэрца — сталь
Недаступнае,
Хоць душа — скала
Непадкупная,
Вочкі, грудзі — чар
Напаткаліся;
У ваднэй удвух
Закахаліся.
Зажылі браты,
Два разбойнікі,
Ўжо другім жыцьцём
Неспакойнікі.
Хараствы касы,
Іх занадзілі;
Між сабой, як стой,
Не паладзілі.
Ня дубы скрыпяць
Сукам, лісьцямі, —
Два байцы-сьмяльцы
Ненавісьцямі.
І пашлі ім так
Дні няшчасныя,
Пачалі з сабой
Бойку страшную.
Б‘юцца, б‘юцца ўдвух,
Два разбойнікі,
За красу-касу
Неспакойнікі.
Зоркі — сьведкі ім
Прыглядаюцца,
Шумам цёмны бор
Падзіўляецца.
Дзень ужо мінуў,
Вечарэецца,
Барацьба ўсё іх
Паланеецца.
Чуць на ўсход другі
Занімалася,
Два браты з жыцьцём
Разьвіталіся.
Доўгі спалі час
Два разбойнікі
У сваёй крыві,
Неспакойнікі.
Нават тая іх
Двух забылася,
За якую так
Яны біліся.
Пакуль неяк раз
Аднаногія
Шлі мясьцінай тэй
Два убогія.
Рыюць яму-глыб
Непацешныя,
Аддаюць зямлі
Косьці грэшныя.
Дзе сягоньня сьпяць
Два разбойнікі,
Там курган стаіць,
Кругом хвойнікі.
Той курган расьце
Відавідаю, —
Хто ідзе тудой,
Ветку кідае.
Хто ідзе падчас
Каля поўначы,
Страха ўбача там, —
Моліць помачы.
Так ляжаць браты,
Два разбойнікі,
І па сьмерці ўсё
Неспакойнікі.
|