Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/Замковая гара

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Памяці Т. Шаўчэнкі Замковая гара
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Кругаварот
Іншыя публікацыі гэтага твора: Замкавая гара (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАМКОВАЯ ГАРА

(з Віленскіх абразоў)

Над Вільлёй ракой,
Па гары крутой
Туман сьцелецца;
Ні-то лом-ламок,
Ні-то дом-дамок
Там віднеецца.

Слаўны Гэдымін,
Князь Літвы — літвін,
Душа чынная,
Многа лет таму,
Ў гэтым жыў даму,
Жыў з дружынаю.

Горда мур глядзеў
На зямлю, як леў,
Сьцяной крэпкаю;
Не аднэй бітвы
Тут сыны Літвы
Былі сьведкаю.

Сышоў век, другі,
І князі, багі,
Ўсё Літоўскія,
Уцяклі з зямлі,
І дзянькі пашлі
Нетакоўскія.

Як катух ля кур,
Дрэмле пусткай мур,
Цэгла валіцца;
Нават гнёзды віць
Птушка не ляціць, —
Знаць, пужаецца.

Адно йдуць сюды
З гарадзкой нуды
Адказеліцца
Бедната і „знаць“ —
Віды аглядаць,
Што ў ног сьцелюцца.

Ды, як згасьне дзень,
Ночкі ляжа цень
Над дамочкамі,
Людзкіх шэптаў тут
Повен кожны кут
Пад кусточкамі.

А сівою мглой
Па гары крутой
Туман сьцелецца;
Ні-то лом-ламок,
Ні то дом-дамок
Там віднеецца.