Збор твораў (Колас, 1928—1929)/II/Як Янка забагацеў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прапаў чалавек Як Янка забагацеў
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1929 год
Ігрышча
Іншыя публікацыі гэтага твора: Як Янка забагацеў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯК ЯНКА ЗАБАГАЦЕЎ

Ходзіць Янка за сахою
Пры дарозе ў полі,
Конік мернаю ступою
Клыгае паволі,
Лезьве-ледзье цягне сошку
Замухрышка сівы.
Глянуў Янка на дарожку —
Божа літасьцівы!
Што за дзіва, за праява?
Ці то здань якая?
Пышны белы конь рухава
Горы прабягае,
Мчыцца птушкай лёгкакрылай,
Бураю нясецца.
Пышуць персі яго слай
Дол пад ім трасецца.
А сам коньнік так убраны,
Што аж сьлепіць вочы.
Хто такі ён, госьць нязваны?
Янка ведаць хоча.
Пад‘яжджае і гаворыць:
„Памажы бог Яну!“
Пазірае Янка, зорыць,
Кажа: „Дзякуй пану!“
Стаіць Янка, разглядае
Пышнае убраньне,
Ня стрымаўся і пытае:
— Куды едзеш, пане?
— Еду к богу, чалавеча! —
Янка ўтарапіўся.
— Як-то к богу? то-ж далеча!
Каб з пуці ня зьбіўся.
Згубіш збрую залатую,
Конь твой падаб'ецца. —
Янка думаў — пан жартуе
Ды з яго сьмяецца.
— Мы, як бачыш, духам-бурай
Даляцім да бога,
Бо я — ведаеш ты? — Юрай,
Проста мне дарога.
— Ці то можа быць?! — пытае…
— Юрай мой сьвяценькі! —
Моліць Янка і ўздыхае:
— Слухай, дарагенькі!
Запытай у бога, мілы,
Запытай-жа, родны,
Чаму бедны я, пахілы,
Голы і галодны?
І малюся штодня богу
І жыву, як трэба,
Ня пускаю я ў дарогу
Жабрака бяз хлеба…

ЮРАЙ

Добра, добра, запытаю,
Аб табе я далажу,
А назад як завітаю,
Ўсё да слова раскажу.

ЯНКА

Шчыра дзякую за гэта я раней,
А каб яно было вярней
Ды з памяці часамі ня сышло!
Для памяці пакінь сваё сядло!
На каня без сядла
Юрай як зірне,
Дык, была — ня была,
Ўспомніць пра мяне,
А як вернешся сам,
Я з падзякай аддам.

ЮРАЙ

На сядло, каб быў спакойны,
Хоць ня верыць няпрыстойна.
Вернеш мне, як я прыеду.

Так сказаў і зьнік бяз сьледу.
А назаўтра, ў тую-ж пору,
Скача зноў конь белы
Цераз рэчкі, лес і горы
Вольны, дужы, сьмелы.
Пад‘яжджае божы Юрай
І каня спыняе,
Ды на Янку нейк спахмура
Погляды раняе.
Янка зноў на прывітаньне,
Ідучы загонам,
Як і ў першае спатканьне,
Дзякуе з паклонам.

ЯНКА

Сьвяты Юрай! ці пытаўся
Пра мяне ты ў бога,
Чаму бедным Янка стаўся,
Хоць працуе многа?

ЮРАЙ

Пытаць я пытаў…

ЯНКА

І што бог сказаў?

ЮРАЙ

І ня ведаю, брацішку,
Гаварыць табе ці не?
Дай хіба падумаць крышку…
А бог вось што сказаў мне:
„Таму Янка і галее,
Што па праўдзе жыць умее.
Калі-ж хоча быць багаты,
Скінуць зраб‘е сваё, латы,
Няхай круціць і шальмуе
Ды аб праўдзе ня сумуе“.

ЯНКА

Залатыя словы,
Хоць, сказаць, ня новы,
Шчыра дзякуй!..
Но, каняка!

ЮРАЙ

Стой, дабродзей!
А сядло дзе?

ЯНКА

Сядло, кажаш?

ЮРАЙ

Ну, але.

ЯНКА

Скуль мне ведаць аб сядле?

ЮРАЙ

Кінь свае ты жарты, Янка:
Мне цяпер не да таго!

ЯНКА

Хай заб‘е мяне маланка,
Калі бачыў я яго!

ЮРАЙ

Што клянешся, чалавеча?
Ну, нашто-ж у вочы лгаць?
Быў я ўчора тут пад вечар?

ЯНКА

Быў.

ЮРАЙ

Прасіў ты запытаць,
Чаму бедна ты жывеш?

ЯНКА

Але-ж.

ЮРАЙ

Не казаў, каб я пакінуў,
Ну, для памяці сядла?

ЯНКА

Знаць ня знаю, каб я згінуў,
Не даехаў да сяла!
І навошта мне сядзёлка,
Сам ты, Юрай пасудзі?
Дзе-ж яно тут? то-ж ня голка!
Пашукай яго, найдзі!

Глянуў Янка навакола
Ды гаворыць сьціха:
„Бадай яго было гола!
Вось ня ведаў ліха!
Тут з цярпеньня выйдзе ўсякі,
Вось-жа скула села!
Дасца мне сядзёлка ў знакі,
Каб яно згарэла!

ЮРАЙ

Янка, Янка! што віляеш?
Каго за нос водзіш?
Ці мяне за дурня маеш?
Што ты плот гародзіш?
Ты араў тут? —
Зноў пытае
З самага пачатку.
Янка ўсё на вус матае,
Адказвае гладка.
А як толькі аб сядзёлку
Гутарка кранецца,
Кленчыць Янка на падолку,
Божыцца, клянецца
Жонкай, дзецьмі, сваёй скурай,
Што сядла ня бачыў.
Як ні біўся, Янкі Юрай
Не пераіначыў.
Праз дзянькі тры ці чатыры
Ідзе Янка ў краму,
Хваліць там сядло бяз меры
Крамніку Абраму.

ЯНКА

Вось, Абраме, штучку маю —
Сто рублеў за вочы!
— Ну, ну, Янка? — той пытае,
Да тых штук ахвочы.

ЯНКА

Эх, сядло ёсьць! каб ты згледзеў,
Каб ты знаў, Абраме,
Ты-б дагэтуль і ня ўседзеў
Ў гэтай бруднай краме.
Адно золата — страмёны,
Срэбра так і грае,
Само ўсё, як ёсьць, чырвона —
Вочы адбірае! —
Так Абрама падбухторыў —
Знаць, гандляр харошы,
Што той нават i ня спорыў,
Лічыць Янку грошы.
А назаўтра ранічкою
Па сядло йдзе тое.

ЯНКА

Што ты, Абрам, бог з табою!
Дзе сядло? Якое?
Стаў там Янка сярод хаты,
Вырачыўшы вочы.
Строіць дурня так зацята,
І не зарагоча!

АБРАМ

Кінь ты жарты, чалавеча,
Бо тут жарты не дарэчы.
Аддай грошы ці сядло,
Каб падобраму было.

ЯНКА

Ты, Абрам, ня выпіў часам?
Не сасьніў таго сядла?

АБРАМ

Ой, на жарты Янка ласы!
І нашто гэта гула?

ЯНКА

<poem>Ты па праўдзе ці жартуеш?
Што ты выдумаў, Абрам?

АБРАМ

Слухай, Янка! што бунтуеш?
Ты-ж сядлом набіўся сам!
За вочы прадаў
І грошы ўзяў.

ЯНКА

О, ўжо грошы! от шалудзька,
Што ка мне ён мае?
Брэша, падла, як той цюцька,
І не падсявае!

АБРАМ

Янка, Янка! ой ня раю
Жартаваць са мною.

ЯНКА

Што табе тут? я пытаю.
Абрам! што з табою?

АБРАМ

Аддай мне сядло ці грошы!
Уй, мужык, хамула!

ЯНКА

А ня хочаш ты атосы?
Скула табе, скула!

АБРАМ

Ах, круцель, лайдак, зладзюга,
Ліха тваёй долі!
Калі-ж гэтак, няхай пуга
У панскай стадолі
Гэтай праўды запытае, —
Пойдзем, Янка, к пану! —
І да Янкі падлятае.

ЯНКА

Нават і ня ўстану:
Як-жа я адзеты? брыдка —
Як ісьці да пана?
Хоць-бы ў жонкі была сьвітка
Ці кусок рызмана.

АБРАМ

А, спалохаўся, дабродзей?
На кажух мой, злодзей,
Пакажу табе я права!
Хай-жа Янка не сярдуе.

ЯНКА

О, цяпер другая справа!
Ў кажусе, чаму-ж? пайду я.
Як судзіцца, дык судзіцца!
Што-ж, Абрам, зьбірайся!
Годзі нам ужо сварыцца,
Ды глядзі — ня кайся.
Апрануўся Янка
У кажух Абрамаў,
Ды ідуць да ганку
Праз панскую браму.

АБРАМ

Ой, паночку! дай, пан, раду,
Бо няма з ім змогі:
Розак трэба Янку, гаду,
І суд панскі строгі.
І пачаў вярнуць на Янку
За сядло, за абяцанку,
Лаяць яго, клесьці.
Янка наш стаяў на ганку,
Слухаў гэтую чытанку,
Не ўстаяў на месцы.

ЯНКА

Што пан слухае пустое?
Ня вер, пане, гаду:
Дзе мне ўзяць сядло такое?
З роду я ня краду.
І людзей-бы пан спытаўся —
Гэта-ж быць ня можа!
І чаго ён прывязаўся?
Божа ты мой, божа!
Звар‘яцеў Абрам і годзе!
Сам круцель ён, сам ён злодзей,
Каб з яго выперла дух!
Ён гатоў сказаць, дабродзей,
Што на мне яго кажух!

АБРАМ

Ну, а чый-жа?

ЯНКА

А што, пане?
Вось і вер Абраму!

ПАН

Вон, Абраме! вон, галгане!
І прагнаў за браму.

ЯНКА

Вось дай божа пану панства —
Змучыў гад пракляты.

Як пачаў жыць ашуканствам,
Янка стаў багаты.

1911 г.