Збор твораў (Колас, 1928—1929)/II/Ігрышча

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Як Янка забагацеў Ігрышча
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1929 год
Па дзядзькох
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ігрышча (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІГРЫШЧА

I

У карчомцы грук вялікі,
Гоман шумны, малады…
Ну й музыкі-ж, дык музыкі!
Скуль прыйшлі яны сюды?
Як засыплюць, як заграюць,
Мо-б і хворы ня ўтрываў!
А скрыпач ды як уярыць —
Проста чорт ім кіраваў!
Як шалёны, смык лятае,
Скрыпка-ж голасна зьвініць,
Ну дзівота: як жывая,
От, здаецца, гаманіць:

„Тупай, тупай, весяліся,
Прапіў грошы, ня журыся.
Няма грошай, што парадзіць,
Калі нам нідзе ня вадзіць!“

А другая скрыпка тонка
Як заграе, як утне
Дробна-дробненька ды звонка,
Ну, аж скуру шаргане:

„Ці-лі-лі, ці-лі-лі!
Усе веселы былі,
Выпівалі і скакалі,
Ракам ганачку шукалі.
Не валяйся, брат, пад плотам
З адным лапцем, з другім ботам!
Эй, Сымон, Сымон, Сымон!
Не валіся на загон!“

І басэтля бяз упынку
Ўсё раве і ўсё раве,
Пеклам робіць вечарынку,
Аддаецца ў галаве:

„І ня далей, як у дзень,
Ты маўчала, як той пень,
А цяпер ты — дубам дуб.
Тупу-тупу! тупу-туп!
Гух, як басам зараву,
Дык аж струны перарву.
Ты паслухай, Апанас,
Што за голас, што за бас!“

Рэпіць дудка, не даецца,
Адатне ды зноў пачне.
Як зальлецца, як зальлецца,
Проста сэрца страсяне:

„Не дарую,
Не дарую,
Бо нашто ты
Браў старую?
І старую
І рудую…
Засярдую,
Засярдую!“

Хлопцы ног не шкадавалі.
„Гэй, Паўлюк! вярні-валі!“
І кружыліся, ляталі,
Нібы тыя матылі.
А дзяўчата — макаў цьвецік,
Шчокi ружамі цьвітуць.
Аддасi ты ўсё на сьвеце,
Як чарамі аплятуць.
А як пойдуць яны ў скокі —
Кроў гарыць, ну, любата!
І хоць сам скакаць ня дока,
Але дол таўчэ пята.
Кончаць танцы, адпачынуць,
Пот музыкі абатруць.
Хлопцы-ж проста ў сьнезе стынуць,
Потым зноў у скокі пруць.

II

У карчму зімовым часам
Валам ціснуўся народ,
Забаўляўся самапасам
Дні і ночы напралёт.
Моладзь ладзіла ігрышча,
Людзі сталыя — банкет,
А другі няшчасны шкет
Проста так сабе пасьвішча.
Ды затое-ж якіх толькі
Не нагледзішся тут штук!
Тут і вальсы, тут і полькі,
Гоман, жарты, сьмех і гук,
Асабліва ў часе скокаў,
Ну, як, прыкладам, цяпер,
Калі ўвесь натоўп галёкаў
На свой лад, на свой манер.
Ды, сказаць, было і трудна
Лад, спакой тут захаваць:
Як пачнуць музыкі граць,
Загізуе і марудны!
Ды ня дзіва, што старога
Падбіваў чорт Базыля.
— А паслухай ты, нябога:
Жарнеш, га, мы „каваля?“ —
І пад бок штурхець Кандрата!
— А што думаў ты? давай!.. —
І Кандрат устаў заўзята.
— Гэй, музыкі, залівай!
На хвілінку ўсё замерла
Ад басэтлі да дуды:
Што скакаць ім так прыперла
У старэчыя гады?!
— Грайце, хлопцы! — Базыль крыкнуў.
— Каваля! — гукнуў Кандрат
Ды адразу як падбрыкнуў,
Расьсьмяшыў усіх дзяўчат.
Стаў Кандрат з Базылём
Пасярод карчомкі.
Валасамі-гальлём,
Нібы тым памялом,
Страсянулі ёмка.

To адзін, то другі
Плячуком ускіне.
Рукі іх — лук тугі,
Постаці іх ногі
У належным чыне.

Тупнуў першы Базыль
Ды падаўся ўправа,
Заламаў на бок брыль
І мільгнуў, як матыль,
Спрытна і рухава.

І Кандрат яму ў лад
Зачынае хвацка,
Аж халат, рад ня рад,
Ідзе ўперад, назад,
Як і шапка-пляцка.

І пашлі гаварыць
Ногі, як віхура.
Скуль у іх тая прыць!
Ну, здаецца, гарыць
На іх сама скура!

Ну, і шум быў тут, шум, —
Не давядзі божа!
Пляскаў сват, пляскаў кум.
Падняў шурум бурум
3 радасьці Амброжы:

Узабраўся на стол,
Лапцямі тупоча,
Крышыць, ломіць, бы вол,
Полы горне ў прыпол —
Танцаваць сам хоча!

Людзі сталых гадоў
Проста лезьлі з скуры
І на сотні ладоў
Выхвалялі дзядоў,
Здольнасьць іх натуры.

А яны, скакуны,
Поўныя запалу,
Як блазны-буяны,
Рэпяць — пот льле буйны,
Здабываюць хвалу.

То назад, то ўпярод…
Скончаць—пачынаюць…
Б‘юць далонямі ў бот,
Ды ў адзін той заход
Яшчэ й выцінаюць:

„Ой, ты, куме, мой кумок!
Бадай табе трасца ў бок!
А бадай ты не даждаў:
Дзе ты ўночы прападаў?
Ці ня быў ты у Цацэлі
Або ў Тэклі ці ў Марцэлі,
Або можа у Югалі?
Дзе чарты цябе ганялі?
— Ой, кума! нашто той глум, —
Джургануў чупрыну кум, —
Такіх краль нідзе няма,
Як ты, мілая кума.
Да цябе я бег, сьпяшаўся,
Ды мой лапаць разьвязаўся.
Не зьвязаў-бы я абору,
Ды мне бог паслаў Тадору.
Ой, Тадора! ой, кума!
Задушыла-б вас чума!
Ці-ж ня глум над нашым братам —
Узвадзіць паклёп дарма?“

— Малайцы, Базыль з Кандратам! —
Загрымела ўся карчма

III

Але ў самы разгар скокаў
Шусь у карчму з кіем поп!
Ня спускаў ён „стада“ з вока,
Настаўляў яго на троп.
А за ім сінкліт царкоўны:
Дзяк і стараста, званар…
Строгі бацька быў духоўны,
Ня любіў чартоўскіх чар!
Асабліва ў дні сьвятыя,
Калі забаўкі пустыя
І рознае дрэнства
Не даюць папу даходу
І становяць перашкоду
Ў справе набажэнства.
У карчомцы людна, густа,
А ў той божай цэркве пуста —
Поп ды дзяк той, дылда.
І твайго там „алілуя“
Ніхто нават не пачуе, —
Ці ж папу ня крыўда?
Поп прышоў сюды, каб словам
Чортаў сьверб ахаладзіць
І ўдзябці дурным галовам,
Як на сьвеце трэба жыць.
Ён ня раз ужо з амбону
Бічаваў парафіян,
Непаслушных хрысьціян.
Даставалася Лявону
І Пятрусю і Сымону
За чартоўскі чмут, туман,
Бо яны ўсе — конаводы,
Звадыяшы,
І ня зварыш з імі кашы
З-за іх гэтай новай моды.
Адшчапенцы, недаверкі
І расколы!
Іх заўсюды у царкве гола,
Грош ня кінуць у талерку!
Не паставяць богу сьвечкі,
А на скокі,
На грышча яны докі,
Шалудзівыя авечкі!
Эх, Лявон, Лявон, Лявон!
Пудбухторшчык першы ён.
А Лявон быў шыт ня лыкам,
Не спалохаўся папа:
Падышоў, маргнуў музыкам —
— А ну, хлопцы! гопа-па!
Барабан забіў трывогу,
Бубен дробна забрашчаў
Ім басэтля на падмогу.
Смык заядла запішчаў
Ды як грымнулі, загралі —
Скура шорхнула ва ўсіх,
і старыя ня ўтрывалі,
Як-бы чорт задрэнчыў іх:
Сівы Тодар на заслоні
Стаў плячыма вырабляць,
Янка пляскае ў далоні,
Ногі-ж просяцца гуляць.
Поп, вайшоўшы з-за парога,
Адчыніў быў грозна рот,
Дый застыў ён так, нябога
І папаў у пераплёт.
А музыкі не змаўкаюць,
Задаюць ды задаюць,
Аж чарты цябе бяруць
І на скокі падбіваюць.
А Лявон адно гукае:
— Выцінай, бубні, раві!
— Ойча! — дзяк папа штаўхае: —
Не ўстаю—благаславі! —
Поп стаіць, што раз дабрэе,
Шапка споўзвае са лба,
І рука сама дурэе
Каля правага клуба.
У куток ён кій стаўляе,
Барадою сьцеляпнуў
Ды хламіду распраўляе,
Потым голаву прыгнуў
Ды як рынецца з разгону
Біць абцасам аб абцас.
І ігрышча ён з амбону
Годзі лаяць на той раз.

1912 г.